Праблемы беларускага правапісу
Праблемы беларускага правапісу
У беларускай мове суіснуюць дзьве правапісныя нормы, якія ўмоўна называюцца: тарашкевіцай — ад прозьвішча аўтара першай Беларускай граматыкі для школ Браніслава Тарашкевіча, выдадзенай у 1918 годзе, і наркамаўкай — ад Савета Народных Камісараў БССР, які ў 1933 годзе прыняў пастанову Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапіса.
Пастанова Савета Народных Камісараў БССР датычыла напісаньня галосных і зычных гукаў, лексыкі іншамоўнага паходжаньня, уласных імёнаў, прозьвішчаў і геаграфічных назваў, а таксама ўстанаўлівала канчаткі ўскосных склонаў у розных часьцінах мовы.
Якія ж зьмены адбыліся ў параўнаньні з пастановамі Акадэмічнай Конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі з 1926 году?
У правапісе галосных рэкамэндавалася, між іншым: абмежаваць яканьне толькі да першага пераднаціскнога складу ды не адлюстроўваць яго ў часьціцы не й прыназоўніку без, калі яны стаяць асобна.
У правапісе зычных найбольшую шкоду прынесла пастанова, згодна зь якою выкідваўся ь (мяккі знак) з напісаньня паміж мяккімі зычнымі, напрыклад: свет замест сьвет; ь захоўваўся толькі ў тых словах, у якіх ён пішацца й перад цьвёрдымі зычнымі, напрыклад: пісьмо — у пісьме; ь ліквідаваўся таксама паміж падоўжанымі зычнымі: насенне замест насеньне, галлё замест гальлё, і гэтак далей. Гэтая пастанова прычынілася да зьмены беларускага вымаўленьня, якое, згодна правілу „чытай як пішацца”, станавілася больш цьвёрдым, не беларускім.
Шмат зьменаў рэформа 1933 году ўвяла ў напісаньне лексыкі іншамоўнага паходжаньня. Прапанавалася, між іншым: іншамоўнае э пасьля зычных перадаваць празь е, за выключэньнем выпадкаў пасьля д і т, напрыклад: методыка замест мэтодыка, але дэлегат, тэатр. Была адменена перадача эўрапейскага л у іншамоўных словах выключна праз л мяккае, у выніку чаго зьнешняя форма цэлага шэрагу запазычаных словаў наблізілася да адпаведных словаў расейскае мовы: блок, дыпламат, клуб, замест блёк, дыплямат, клюб. Згодна з новым правапісам іншамоўных словаў толькі пасьля д, т і зацьвярдзелых зычных трэба пісаць ы, а пасьля ўсіх апошніх — і, значыць, уводзілася напісаньне тыпу: сістэма, фізіка, універсітэт замест сыстэма, фізыка, унівэрсытэт. Іншамоўнае т і грэцкае фіта пачало перадавацца праз ф, а не праз т, напрыклад: арыфметыка, міф, кафедра, але метад, тэзіс.
Рэформа 1933 году выкідвала зь беларускае мовы каля 30 тыпова беларускіх асаблівасьцяў і мэханічна замяняла іх асаблівасьцямі чыста расейскімі, раней невядомымі беларускай мове. Зьмененыя прынцыпы правапісу прычыняюцца да скажэньня беларускага вымаўленьня.
Таму аддаем у рукі Шаноўнага Чытача кнігу ў клясычным варыянце правапісу.
Ніна Баршчэўская