30. Эліты
30. Эліты
Паранаічнасьць сытуацыі Беларусі ў пэрыяд вырастаньня яе з этнічнасьці ў палітычнасьць геніяльна паказаў Янка Купала ў камэдыі Тутэйшыя. Ён насіўся зь ёю, відаць, заўсёды, а закончыў у жніўні 1922 году, маючы агляд здалёку гарачых падзеяў вайны й рэвалюцыі. Ужо ў Паўлінцы, створанай маладым Купалам, прагледжваюцца пасьлейшыя матывы ў Тутэйшых (хоць бы ў дзеючай асобе Быкоўскага). Гэта важная лектура для зразуменьня анатоміі адносінаў палякаў і расейцаў да беларусаў (можна дадаць і Дзьве душы Максіма Гарэцкага).
Такім чынам наша літаратура, як і кожная ў пару нацыянальна-мастацкай сьпеласьці, узяла таксама свой палітычны голас. Менавіта мастацкасьць слова, як ніякі іншы сродак экспрэсіі чалавека, праяўляе адчуваньне сынтэзу лёсу. Гэта заўважаецца ў дачыненьні да ўласнай творчасьці, да ўласнай культуры. Яе веліканы ў пачатковы пэрыяд дзяржаўнага будаўніцтва натуральным чынам выконвалі ролю лідэраў, пераважна з?за адсутнасьці прафэсійных палітыкаў: ля калыскі новае Польшчы ўзвышалася магутная постаць Ігнацы Падэрэўскага, вядомага піяніста, які прыняў на сябе функцыю першага ў яе гісторыі прэм’ер-міністра; на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны паклікалі яе гісторыка Аляксандра Грушэўскага; замежных інтарэсаў Летувы даглядаў паэт Оскар Мілаш, той францускамоўны, і гэтак далей. Усе тыя выдатныя людзі даволі хутка засталіся ў дурнях — як толькі надышла стабілізацыя. Зьявіліся сапраўдныя майстры інтрыгі й камбінацыяў, якія занялі месцы па-ідэалістычнаму натхнёных ідэолягаў. Старшынёю Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі стаў Антон Луцкевіч, глыбокі гісторык, публіцыст, дзеяч, але не палітык: у ніводнай акцыі ня змог дабіцца ўдачы.
Пры аналізе сьвежых элітаў устаючай з каленяў Беларусі чамусьці пакідаецца па?за ўвагаю іх канфэсійнае ды сацыяльна-культурнае паходжаньне. Крыстына Гамулка з Гданска нядаўна ўстанавіла, што непрапарцыянальна вялікі ўдзел у іх мелі асобы рыма-каталіцкага хрышчэньня, гадаваныя ў маладосьці на культурных палякаў (звыш паловы, калі ўдзельная вага гэтай канфэсіі ў краіне не перавышала дваццаці пяці працэнтаў). Зьява аказалася невыпадковай, надта трывалай — працягнулася ажно да канца ХХ стагодзьдзя; таксама ў пачатку постсавецкай Рэспублікі Беларусь амаль усё яе вярхоўнае кіраўніцтва, уключна з апазыцыйным, было каталіцкага паходжаньня. Тлумачэньне гэтага даволі простае: беларускасьці патрэбнае пачуцьцё адчужанасьці найперш у сутыкненьні з досыць набліжанай псыхалягічна й мэнтальна стыхіяй расейцаў, што ня так машынальна даецца праваслаўнаму. Па законе кантрасту атрымлівалася так, што адны былі надзвычай чуйнымі на праявы русыфікацыі, а другія — палянізацыі. Гэткі дуалізм недацэньваецца, а ён жа ў выразнай меры абумоўлівае барацьбу за выратаваньне душы беларускай, за некаляніяльную будучыню для гэтай зямлі. Трапна запрыкмеціў гэта Янка Купала, надзяліўшы аднаго зь герояў камэдыі Паўлінка ўлюбёным троеслоўцам вось-цо-да. Роўнага яму Якуба Коласа, вось, цяжка каму вінаваціць у антыпалянізьме, затое аж густа ў яго ад крытычных выказваньняў у адрас Расеі (вядома, у перадсталінскі яшчэ час). Прыналежачы да прамаскоўскага веравызнаньня, перажываў ён супрацьлеглую, чым Янка Купала, індактрынацыю. Канец палянафільству паклала сама польская ўлада, не зрабіўшы адэкватных да новага становішча высноваў. Юзэф Пілсудскі прыйшоў у Беларусь з арэолам таго добрага духа, які дазволіць самой выказацца, чаго ёй трэба. Духоўны грунт дзеля гэтага быў падрыхтаваны немцамі, калі фэльдмаршал Гіндэнбург у 1916 годзе даў асобны загад аб раўнапраўнасьці мовы беларускай з польскай і нямецкай у тутэйшай акупацыі, гэта значыць, на Гарадзеншчыне й Віленшчыне (друкаваліся па-беларуску афіцыйныя дакумэнты, пашпарты, падручнікі для школаў, адміністрацыйныя адзнакі). У такой атмасфэры 12 лістапада 1919 году пачалася сэсія ўраду Беларусі, Рады Рэспублікі. Адзін зь яе лідэраў, Язэп Варонка, згадвае ў сваіх успамінах, што зьехалася ў той дзень у Менск мноства палітыкаў, у іх ліку й група дэлегатаў ад польскай меншасьці. Быў перавыбраны склад Прэзыдыюму Рады й Кабінэту Міністраў ды вынесены „энэргічны пратэcт супраць польскага гаспадараньня ў краі”.
На рэакцыю камандаваньня легіёнаў не давялося доўга чакаць: усе былі абвінавачаныя ў незаконным дзеяньні, большасьць актыўных удзельнікаў зьезду была арыштаваная й пасаджаная ў вязьніцу; рэшта ўцякла, пераважна ў Летуву. І, што знамянальнае, утвораная на гэтае месца марыянэтачная Найвышэйшая Рада Беларусі, апынуўшыся ў палітычнай пустцы, неўзабаве самараспусьцілася. Язэп Варонка кампэтэнтна піша ў эміграцыйнай брашуры Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: „Расхвалены праект арганізацыі беларускіх частак у польскай арміі, атрымаўшы высокую згоду Начальніка Рэчы Польскай Паспалітай і распаўсюджаны яшчэ ўвосень 1919 году, да студзеня 1920 году ня даў ніводнага салдата, ніводнага беларускага штыха”.
Арыентацыя на Польшчу канчаткова ўпала, а палянафілы кваліфікаваліся ў здраднікі справы.
Памылкі Варшавы выкарыстаў Ленін, якому — у адрозьненьне ад Пілсудскага — настолькі нескладана было манэўраваць, што меў ён у руках дыктатарскую ўладу й катэгарычна, шмат не тлумачачы, прымусіў бальшавіцкі цэнтар узяцца за будаваньне менавіта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Даходзіла да кур’ёзаў: у гэтай падсавецкай нацыянальнай дзяржаве, асьцярожна абмежаванай да шасьці паветаў Менскай губэрні, беларусы былі пазбаўленыя якіх-колечы ўплываў; пару зь іх, з камуністычнай арыентацыяй, амаль не расстралялі! Тым ня менш, тая каньюнктурная акцыя паступова набыла сур’ёзны характар — узьніклі нацыянальныя вайсковыя фарміраваньні, а з грамадзкага жыцьця была выведзеная расейшчына. У сярэдзіне дваццатых гадоў пераяжджалі ў Менск беларускія эміграцыйныя дзеячы ды займалі нямалаважныя дзяржаўныя пасады; узьнікаў сапраўдны Беларускі Дом, да якога былі далучаныя: Гомельшчына, Магілёўшчына, Віцебшчына. Апавешчаная ў 1918 годзе Беларусь усё ж ня зьнікла цалкам з палітычнае мапы.