39. Плынь
39. Плынь
Некалі ў антычныя часы гаварылі, што ніхто два разы не ўваходзіць у такую самую раку. У гэтай філязофскай заўвазе сказана вельмі многа, і на яе тэму можна доўга разважаць. А так наогул — у чым тут справа? Па-першае, час не стаіць, а безупынна плыве, кожная мінулая сэкунда належыць ужо гісторыі. Па-другое, разам з часам усенька наўкола зьмяняецца, чаго мы не прыкмячаем у штодзённасьці, а толькі праз гады й эпохі. Гэта самы надзейны інтэлектуальны занятак у роздумах наконт будучыні польска-беларускага сужыцьця. Бо не бывала так, каб суседнія народы маглі на вякі вечныя заставацца ў несьціханай варожасьці ды ўзаемнай ізаляванасьці.
Палякаў і беларусаў прымусіць пайсьці насустрач адзін аднаму, перш за ўсё, самое жыцьцё. Беларусь уяўляе сабою найкарацейшы й цалкам цывілізаваны шлях на неабсяжны гаспадарчы ўсход, на Маскву, Урал і Сыбір (а там глядзіш, і Кітай зь Японіяй побач). Такая фантасмагорыя прышлых гадоў, рэальная аднак толькі пры той умове, калі Рэспубліка Беларусь умацуецца як самастойная дзяржава, а суседзі перастануць успрымаць яе як часовую зьяву на палітычнай мапе Эўропы. Пакуль што маем дачыненьне з адміністрацыяй і ўрадам у ёй тыпова каляніяльнымі, якія хварэюць з?за распаду Маскоўскай Імпэрыі, і ў выпадку спробаў аднаўленьня яе гатовыя стацца ейным пляцдармам, свайго роду Вандэяй (славутай у Францускую рэвалюцыю правінцыяй, якая дала апору каралеўскай контррэвалюцыі).
Разьвіцьцё падзеяў усё ж прадказвае прыход да ўлады ў Беларусі патрыятычна настроенага маладога пакаленьня, якое не дазволіць падзяліць краіну паміж суседзяў, не сустрэне яе лёс сумнавядомай постюгаслаўскай Босьніі й Герцагавіны, якую расьцягвалі Сэрбія й Харватыя. Тады Рэспубліцы Беларусь акажацца бліжэй у Эўропу цераз польскія порты на Балтыцы ды прысутнасьцю сваіх тавараў на гэтым рынку, які ўжо інтэгруецца паступова з Захадам. Выехаць у шырокі сьвет на плячах палякаў...? У гэтай стылістычнай фігуры зь іранічнай афарбоўкаю знаходзім зерне праўды: самая беларуская культура ў выразнай меры прабівалася са сваёй замкнутасьці часьцей менавіта праз варшаўскае пасярэдніцтва, у чым лёгка дашукацца абумоўленасьці гістарычнай мінуўшчынай.
Зьменіцца мэнталітэт беларуска-польскага суіснаваньня. Адыход пакаленьняў з душою, прастрэмленай адвечнымі крыўдамі на сябе — у выніку пражываньня значнай часткі польскага народу ў заходнебеларускай правінцыі — здыме з парадку дня „крэсавы” шавінізм як вялікую перашкоду ў ліквідацыі двухбаковай закамплексаванасьці. Адначасна з гэтым зацікаўленьне беларускай культурай набудзе болей аб’ектыўныя падставы, без аспэкту польскіх элемэнтаў у ёй, што так прыцягвалі, напрыклад, згаданых творцаў з Лодзі. Зьнікне тып паляка, які глядзіць на Беларусь як на колішнюю ўскраіну Польшчы. Тая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў канчаткова аддаліцца ў нябыт і стане далёкім сьведкам двухбаковай гісторыі.
Ускладніць пэрспэктывы можа нясьпеласьць саміх беларусаў дзеля абароны ўласнай незалежнасьці. Гэта самы праўдападобны варыянт няшчасьця, якое не павінна зьдзейсьніцца... Калі ж дойдзе да яго, значыцьме яно дэградацыю Беларускай Дзяржавы да ролі падрасейскай аўтаноміі ды ўзьнікненьне няўхільнага фактара працяглае барацьбы патомных за ейную поўную эмансіпацыю. Лепей, каб ня здарылася тая стагадовая ціхая вайна супроць дамінацыі Расеі, якая зруйнуе — духоўна найперш, але й матэрыяльна — край ды замарозіць вырастаньне нацыі ў сусьветную нармальнасьць. Ірляндзкая аналёгія тут прарочыць добраахвотную русыфікацыю, як добраахвотна англізаваліся самі ірляндцы пасьля адрыву ад Англіі, але й прынясе з сабою тое самаадрачэньне — гэтак жа шалёную нянавісьць беларусаў да расейцаў, выбухі тэрарыстычных бомбаў менчукоў у Маскве... Не дапусьці Божа мець рацыю ў гэтым прароцтве!
Эўропа спалоханая югаслаўскім крызысам, плебэйскай, а нават сялянскай вайною ў ёй, якая ў сваёй дзікасьці можа раўняцца з азэрбайджанска-армянскім народазабойчым канфліктам у Карабаху, ці зь менш крывавым азіяцтвам у Абхазіі. Значыць, усё магчымае. І гэта наганяе трывогу ў сэрца ды неспакой у розум. Што будзе зь Беларусяй, калі верх у ёй возьме дурань?!
Застаецца спадзявацца на памяркоўнасьць у самім нацыянальным характары беларусаў і на разбуялы ў палякаў інстынкт не пакідаць у бядзе слабога, якога аблуплівае моцны. Трэба быць наіўным, каб думаць, што расейскія валадары лёгка выпусьцяць з рук такую падатлівую ім здабычу, як Беларусь, і што адназначна заступіцца за ёю Польшча, для якой аднак заўсёды больш карысьці ад згоды з Масквою... Палітычныя прагнозы рэдка пацьвярджаюцца, але трэба іх мець, каб глыбей ацэньваць учарашняе, сёньняшняе ды тое, што наступіць заўтра й пасьлязаўтра. І, як ні дзіўна, пра ўсё вырашае культура, яе сіла ўзьдзеяньня на сьвядомасьць адзінкі й супольнасьці. Прысутнасьць беларускай культуры ў духоўнасьці паляка грунтоўней схіляе яго да Беларусі, таксама як і польскі кампанэнт у асобе беларуса вяжа яго безьліччу нітак сымпатыі з Польшчай. У рэзультаце фармуецца сяброўства, сужыцьцё, больш чалавечны лёс.