40. Finita

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

40. Finita

Надышла пара на генэральныя высновы наконт беларуска-польскага й польска-беларускага сужыцьця на працягу амаль цэлай гісторыі абодвух народаў.

Самае непазбыўнае адчуваньне, дык гэта такое, што кожны народ найглыбей шчасьлівым бывае толькі ва ўмовах незалежнага існаваньня, калі ня вымушаны кланяцца чужому за ласку. Гэта аксіёма, праўда па?за ўсякай дыскусіяй. Зразумелі яе палякі, зразумелі — урэшце — і беларусы.

Паўтысячагадовае супольніцтва Польшчы й Беларусі дае багаты матэрыял дзеля роздумаў над складанасьцю — і нават рызыкай — гэтага, як і кожнага іншага, сужыцьця. Быць асобна можа абы-дурань, калі яму на тое дазваляюць. Але дзеля таго, каб быць не аднаму, а разам з кімсьці, патрэбная ўжо мудрасьць. Яна была ў польска-беларускія эпохі, і мы яе цяпер даволі лёгка знаходзім ды выяўляем на паверхню.

Найпершай умоваю даўгавечнага сяброўства зьяўляецца неабходнасьць ва ўзаемінах, патрэбнасьць аднаго аднаму. Гэтага аднак, аказваецца, далёка недастаткова, хоць бы й таму, што ніколі не здараюцца ідэальна роўныя патэнцыялы — матэрыяльныя й духоўныя. Значыць, большая маральная адказнасьць падае на мацнейшы бок. Знакаміта прасочваецца гэта ў факце зьнікненьня беларускай фэадальнай высокай культуры ў карысьць польскай. Ведаем, што не адбыўся тут крывавы прымус, але, хутчэй за ўсё, унівэрсальная загледжанасьць прасьцейшага ў больш разьвітага. Аналягічная асыміляцыя праходзіла на захадзе Рэчы Паспалітай, на Ўзмор’і ды ў Сылезіі, дзе спакваля разьлівалася моўная й мэнтальная нямеччына. Неабсяжная хваля росквіту кацілася на славянскі ўсход ад колішніх рымскіх правінцыяў Італіі, Галіі й Брытаніі, і нічога не магло супрацьстаяць ёй. Маскоўскі ізаляцыянізм, выкліканы аб’ектыўнымі й суб’ектыўнымі прычынамі, лёг на пасьлейшую Расею страшэнным ценем адсталасьці, зь якое ня выйшла яна й па сёньняшні дзень. Беларусь апынулася ў неблагой сытуацыі самага крайняга рубяжа культурнай Эўропы, аж да пярэдадня ўзьнікненьня ў ёй індустрыяльнай цывілізацыі.

Да згаданага сужыцьця даходзіць не па інстынкце закаханасьці, як назіраем гэта паміж людзьмі, але пад ціскам вонкавых акалічнасьцяў. Іначай кажучы: адзін аднаго ратуе, каб выратавацца абодвум. У беларускім — і ня толькі — выпадку адразу прыгадваюцца нам назвы-сымбалі для ілюстрацыі такіх словаў: будзь гэта Грунвальд, які для заходнеэўрапейскай гістарычнай памяці ня болей значыць, як ледзь прыкметны эпізод усяго, але для нас — зваротны момант у выжываньні; ці будзь гэта Полацак, у якім у 1563 годзе засеў Іван Грозны і, каб не Люблінская вунія, расстрос бы ўшчэнт Вялікае Княства Літоўскае, нашую Праайчыну.

Абодва народы йшлі крок у крок. Аднак заўсёды адзін зь іх спатыкаўся й пачынаў падаць. Ад таго, як падхопліваў яго другі, можна меркаваць пра шчырасьць суадносінаў. Беларусы ўспамагалі мячом ды пагоняю палякаў. Палякі не пакідалі ў бядзе нас. Можна сказаць, усе мелі ў тым інтэрас. І добра. І так павінна быць. Калі той інтэрас прапаў, напрыклад, у 1920 годзе, дык гісторыя тыцнула нам пад нос Рыскі трактат і падзел Беларусі.

За ўсё трэба плаціць. Каштуе дабро, але яшчэ большай цаною трэба пакрываць зло. Пра гэта ведаюць інтэлігентныя палітыкі. Вельмі рэдка разумее гэта, на жаль, просты чалавек.

Саюз моцнага са слабым падвойна рызыкоўны таму другому. Атрымоўваючы апору, ён ніколі ня можа быць упэўненым у тым, што не закончыцца яна ўдушлівым заціскам. Ставіць сябе, такім чынам, у залежнасьць, але выратавальную ў дадзеную гістарычную хвілю. Хоць цяжка пазбыцца яе ў будучым. А што адбываецца са слабейшым бокам, калі валіцца мацнейшы? Вядома, руйнуюцца абодва. Вяласьць саксонскай Польшчы пахіліла да самюткае зямлі Літву. Сумна канстатаваць тое, але адначасна трэба не забываць, што Масква даўно глынула б з патрахамі Белую Русь, калі б ня польскае плячо. Несумненна, рацыю мецьме й той, хто адкажа, што няўстойка Літвы пагражала самым крывавым чынам інтарэсам той жа Польшчы. Усё зьвязана, нішто не адбываецца ў вакууме.

І ўрэшце, адраджэньне наважытнае Беларусі. Ці пачалося б яно без захаваньня пачуцьця адрознасьці ў дачыненьнях з прышлым сюды расейцам? Рытарычнае пытаньне. Ёсьць арэалы аднае мовы, на якіх бачым па некалькі нацыяў ды дзяржаваў: Швэйцарыя, Нямеччына, Аўстрыя; Францыя й Бэльгія; Англія, Шатляндыя, Уэльс ды Ірляндыя, ня кажучы ўжо пра Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канаду, Аўстралію і іншыя. Аб чым гэта сьведчыць? Нацыянальную сьвядомасьць будуе перш за ўсё ўласны гістарычны лёс, асобная мінуўшчына. Такою зьявілася, невідочная на першы погляд, прычына палянізацыі: прагрэс у працэсе жыцьцёвага яднаньня з палякамі. Але ж гэтая прычына прадвырашыла сфармаваньне беларусаў у народ. Наўрад, ці вырасьлі б мы ў поўны рост, падпаўшы пад кулак цароў і каратаючы свой быт у якасьці імпэрскай правінцыі... Як быццам экспэрымэнтальна пераканаліся ў гэтым зусім сьвежым часам. Што засталося б, менавіта, ад беларусаў, калі б савецкая імпэрскасьць пасядзела ў іх душах яшчэ адно-два пакаленьні?

Гісторыя, можа быць, як рэдка якому іншаму народу, дала нам усе магчымыя адказы на якія хочаш варыянты свайго лёсу. Маем цяпер усе шанцы не памыліцца ў асноўным для нас. І нельга дапусьціць таго, што мы іх не зразумеем. Хай ня маюць рацыі тыя, хто цьвердзіць, што мінулае ня вучыць.