29. Паварот
29. Паварот
Беларуска-польскія, як і беларуска-расейскія адносіны ўвайшлі ў новую фазу ў выніку ўзьнікненьня ідэі Беларускай Дзяржавы й спробы яе рэалізацыі ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў пачатку 1918 году. Пакуль тыя суадносіны адбываліса на ўзроўні міжкультурных, у першую чаргу, у сфэры літаратуры й мастацтва: мелі яны характар кантактаў паміж элітамі й даволі спарадычна даходзіла ў іх да канфліктаваньня, у грамадзкім пляне, зрэшты, малаістотнага, бо на інтэлектуальным узвышшы нашаніўскай пары выяўлялася яно ў палеміках з польскім і расейскім друкам, найбольш яскрава ў публіцыстыцы Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага ды іхных прыхільнікаў, а і ў паэзіі Янкі Купалы. Адначасна будавалася паразуменьне, з польскага боку экспанаванае Леанам Васілеўскім, Баляславам Ліманоўскім і іншымі сацыялістамі. Нямала паспрыяў гэтаму й малады Юзэф Пілсудскі напярэдадні ХХ стагодзьдзя. Падобныя эпізоды аднадумства зь некаторымі прадстаўнікамі расейскай новай палітычнай клясы гэтак жа скончыліся ў адзін гістарычны момант, з той розьніцай, што магчымае тут устанаўленьне вельмі дакладнай даты — гэта ноч зь сямнаццатага на васемнаццатага сьнежня 1917 году, калі бальшавікі разагналі ў Менску Першы Ўсебеларускі Кангрэс (дарэчы будзе зазначыць: арганізаваны зь іх жа згоды й пры іхнай фінансавай дапамозе).
Што выклікала такі паварот, ізаляванасьць далейшых імкненьняў беларусаў, якія дагэтуль карысталіся не такою й малою падтрымкай у высокакультурных асяродзьдзях Варшавы й Пецярбурга? Неабходна тут зьвярнуць увагу на факт абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, на прыняты 25 сакавіка 1918 году акт незалежнасьці Беларусі. Справа зусім ня ў тым, што была гэта дзяржава-эфэмэрыда, ініцыяваная пры талерантным маўчаньні дзесятай нямецкай арміі; ня йначай жа фармаваліся Летува, а нават Польшча, ня кажучы пра іншыя краіны Прыбалтыкі. Цуд прышэсьця вобразу Беларусі з вышыняў Парнасу да народу спарадзіў шокавы стан у грамадзкіх масах суседніх дзяржаўных утварэньняў, абсалютна непадрыхтаваных у сваёй гістарычнай сьвядомасьці да магчымай асобнасьці гэтай тэрыторыі — ад Дзьвіны да Прыпяці й ад Дняпра да Буга. Варшаўскі ўрад быў бы літаральна зьмецены з палітычнай сцэны праз пяць хвілінаў пасьля дыпляматычнага прызнаньня Менску; гэтак жа й пецярбурскі! Пры тым Польшча ясна ўсьведамляла сабе, што Расея ня згодзіцца на ейную самастойнасьць, дзеля якой патрэбная была аж ваенная катастрофа, поўны ўпадак царызму. У падрасейскім Польскім Каралеўстве сур’ёзныя палітыкі рабілі стаўку на аўтаномію, што ў Царскім Сяле прымалася як максымум пастулятаў палякаў.
Беларусы меліся значна горш. Іх не прызнавалі самастойнай нацыяй. Перанялі гэты погляд і бальшавікі, апантаныя намерам сусьветнай рэвалюцыі. Першы Ўсебеларускі Кангрэс ня ставіў сабе за мэту адарваць беларускія губэрні ад Расеі; пераважаў на ім настрой еднасьці зь ёю, але на аўтаномных правах. Здавалася б, больш сьціплыя патрабаваньні проста кампраметавалі б Кангрэс... Антыбеларускі экстрэмізм камісараў даў супрацьлеглы вынік. На жаль, гэтым урокам не пакарысталіся палякі, генэральна прытрымліваючыся традыцыйнай у іх лініі барацьбы з Масквою па?над галовамі сумежных зь імі народаў. Ці маглі яны пайсьці з духам часу? — гэта вельмі істотнае пытаньне.
Начальнік Польскай Дзяржавы Юзэф Пілсудскі, уступаючы з арміяй у верасьнёвы Менск 1919 году, атрымаў у свае рукі ўсю беларускую карту. Пасьля чырвонагвардзейскіх жахаў віталі яго там сапраўды як вызваліцеля, са званамі ў касьцёлах і ў цэрквах. І што ён з бойкім козырам зрабіў? Прайграў, быццам малавартую дзевятку... Узамен жа за надзею на моцнае плячо Польшчы, паўстаўшай да свабоды, беларускаму прадстаўніцтву не была аказана на практыцы ніякая адчувальная дапамога. Ягоны ляялізм, як пісаў Леан Васілеўскі, прыйшоўся Бэльвэдэру дарма. Даходзіла да такіх абсурдаў, што польская часовая адміністрацыя, усё роўна быццам бы насуперак сваім інтарэсам, забараняла навучаньне ў беларускіх школах, арганізоўваючы на іх месцы... расейскія, каб неўзабаве мець адназначны аргумэнт пераўтварыць іх у польскамоўныя, як не падлягаючыя адыйшоўшай імпэрыі. Знаходзіліся дзеля гэтага лёгкія, аб’ектыўна слушныя, апраўданьні: адсутнасьць адпаведных беларускіх кадраў настаўнікаў, нацыянальнай адміністрацыйнай сеткі, урэшце й важнага ў партнэрстве вайсковага патэнцыялу. Усё праўда, але змарнаваны польскім супернікам маскалёў шанец можна назваць блізарукасьцю Варшавы, якая магла ж трывала асесьці ў той старонцы, усяляк падтрымліваючы адраджэньне Беларусі. Няўжо бракавала ёй розуму і дальнабачнасьці? Не, нельга дакараць яе ў неінтэлігентнасьці. Прычына гэтага куды банальнейшая, вядомая цяпер кожнаму, і варта яе толькі сфармуляваць: тыповы паляк глядзеў на Менск, Горадню, Ліду, Слонім, Берасьце, а й на Магілёў, Віцебск і Гомель, як на забраныя царом у даўняй Рэчы Паспалітай. Ягоную непахіснасьць у гэткім перакананьні дадаткова ўзмацняла значная польская меншасьць, якая курчылася да дробных працэнтаў не бліжэй як за наваградзкай радзімай Адама Міцкевіча ці ваколіцай Убелі Станіслава Манюшкі. Лягер Пілсудскага быў пры гэтай калодзе картаў бездапаможны, калі не хацеў рызыкаваць атрыманьнем кляйма здраднікаў Прывісьлянскай Айчыны. Летувіская Рэспубліка са сталіцаю ў Коўне альбо Латвія ўтрымаліся не таму — прыгадаем для аналёгіі — што здолелі арганізаваць за нямецкія грошы ўласныя палкі й дывізіі; за імі стаяў Бэрлін у працэсе Вэрсальскага трактату. Іначай — легіёны й уланская кавалерыя ліквідавалі б малых сувэрэнаў на працягу некалькіх сутак інтэнсыўнага ўдару на Жамойць і Інфлянты (генэрал Люцыян Жалігоўскі захапіў тады Вільню за адну ноч, амаль бяз стратаў, кароткім паходам цераз прынёманскія лясы).
Трактоўка Беларусі як часткі Польшчы існавала здаўна і ў расейцаў (з чым па-свойму змагаўся Міхаіл Мураўёў-Вешальнік). Вырашыла пра гэта дамінацыя культуры палякаў ад паловы XVII стагодзьдзя. На здаровы розум беручы, аднак не павінна было гэта завяршыцца анэксіянізмам. Але, палітыка — гэта гульня матэрыяльных сілаў, а не інтэлекту.