17. Фундамэнт
17. Фундамэнт
Значэньне Студзеньскага паўстаньня ў гістарычным лёсе Беларусі й яе культуры мала дасьледванае. Завіравала яно каля ста сарака гадоў таму нагад. З пэрспэктывы часу відаць плюсы й мінусы тае векапомнае падзеі. Трэба сказаць, што зь ёю скончыўся халопскі пэрыяд у жыцьці нашага люду. Разьняволеньне вёскі і выйсьце яе на грамадзянскую арэну азначала канец двара й пана. Але адбылося гэта ня ў выніку ўсенароднага пераможнага бунту, а з ласкі ўлады, якая даўно разумела, што неабходна ліквідаваць рабства, пачаць новы этап у разьвіцьці вытворчых сілаў дзяржавы, не дапусьціць яе эканамічнага, затым і палітычнага ўпадку. Катастрафічная для Расеі крымская вайна, сьмерць Мікалая І і ўзыход на царскі пасад Аляксандра ІІ выклікалі зьмены — дайшлі да голасу лібэралы. Гэта й называецца зваротным момантам, калі насьпелі час і пара. Чым адрозьніваўся беларускі рух ад польскага? У першую чаргу — грамадзкай базай. Шляхта ў нас як нацыянальная кляса перастала існаваць, далучыўшыся да культуры й сьвядомасьці палякаў. Таму натуральна, што пераход тут ад фэадалізму да капіталізму ня мог закончыцца ўзьнікненьнем нацыянальнай беларускай буржуазіі (у клясычным разуменьні тэрміну). Безь яе — ідэі самастойнасьці прабіваліся на паверхню вялікай палітыкі доўга й марудна, знаходзячы істотную падтрымку толькі сярод багатага сялянства, увабраўшага ў сябе абмужычэлую частку засьцянковай гербавай галоты. Коратка кажучы: упаўшы пасьля паншчыны двор і новасьпечаны ў саюзе зь ім фабрыкант цьвёрда стаялі за аднаўленьне Польшчы як гаранта пэрспэктываў польскага разьвіцьця ім, якія няўхільна курчыліся ва ўмовах хуткага росту расейскай прамысловасьці ў самым цэнтры імпэрыі, ейнае экспансіі на далёкаўсходнія рынкі. Цалкам ідэнтычны, хоць не ў такіх глябальных маштабах, мэханізм інтарэсаў назіраўся таксама ў рэагаваньні вясковай эліты, якая — наадварот — бачыла пагрозу сваім участковым гаспадаркам ня столькі ў перавазе пецярбурска-маскоўскай індустрыі, колькі ў экспансіі ў Беларусь таньнейшых сельскіх пладоў з боку аграрна разьвітага Польскага Каралеўства. Канкурэнцыю вырашалі жывыя грошы, абароты капіталамі, якія толькі ў мізэрнай сваёй колькасьці траплялі ў спрацаваныя рукі нашага земляроба, ня робячы зь яго важнага кліента ў гандлі. Асноўная маса мясцовых тавараў знаходзіла збыт аднак у грашавіцейшых польскіх і расейскіх гарадох, на якія арыентаваліся таксама й дваровыя фальваркі. Пазбаўленая ўласнай дзяржаўнасьці Польшча ня сталася эканамічнай пэрыфэрыяй Расейскай Імпэрыі, утрымала сваё матэрыяльнае партнэрства зь ёю. Іначай здарылася зь Вялікім Княствам Літоўскім: цяпер за эксплюатацыю ягонага арэалу змагаўся яшчэ й маскоўскі гешэфтны прэтэндэнт. Маем дачыненьне ў тагачаснай Беларусі з сытуацыяй тыповай калёніі, разрыванай супрацьстаўнымі сабе тэндэнцыямі, а ў сфэры духа — усходняй і заходняй канцэпцыямі, што знакаміта апісаў Янка Купала ў п’есе Тутэйшыя.
У такім шырэйшым грамадзка-палітычным пляне трэба глядзець нам на зьяўленьне Францішка Багушэвіча, якога не без падставаў называем бацькам беларускага патрыятызму (хоць можна спрачацца наконт таго, ці не прызнаць пяршынства Яну Чачоту). Трымаю вось перад вачыма Багушэвічаву Дудку беларускую, найпершую нашу наважытную кніжку. Надрукавана яна нелегальна пры канцы XІX стагодзьдзя, у 1891 годзе. Якія думкі прыходзяць у галаву, гартаючы гэтае сьціплае выданьне? Найперш такія, што калі старажытная беларуская літаратура разьвівалася на поўны эўрапейскі фармат ды нашмат апярэдзіла тагачасную расейскую, то адроджанае пасьля нашае літаратурнае слова няма ніякага сэнсу параўноўваць зь якім-небудзь з суседніх; яго будучая веліч знаходзілася яшчэ за лясамі-гарамі. Толькі нарадзіўся быў у тым жа 1891 годзе, мала пажыўшы потым, геній беларускай паэзіі Максім Багдановіч. Каму адрасаваная тая ўнікальная кніжыца прыдуманага Мацея Бурачка, за якім схаваўся менавіта Францішак Багушэвіч? Напэўна не паном, і не плебэям нават, ці местачковым зануднікам... Каго ж заклікае ў прадмове, каб не пакідаў мовы роднай? — напісанай у стылі „Мужыцкай Праўды” Кастуся Каліноўскага, такімі простымі фразамі, што прасьцей ужо нельга, пры чым у танацыі гутаркі бацькі зь дзяцьмі, які ўсё лепш ведае й дае шчырую параду грамадцы, не зусім думаючай... І ўрэшце цалкам дарэчнае пытаньне: хто даў грошы на яе тайнае друкаваньне ў Кракаве, на кансьпіратыўны перавоз адтуль праз аўстрыйскую тады мяжу й на распаўсюджваньне (бо не прадавалі ж Дудкі беларускай у віленскіх і гарадзенскіх кнігарнях, куды мужык амаль не заходзіў і надалей амаль не заходзіць).
Адказы на пастаўленыя пытаньні насоўваюцца самі. Пачаткі сучаснай нам беларускай літаратуры мелі будзіцельскі, а не эстэтычны характар. Яе не чыталі ні ў палацах, ні ў мяшчанскіх камяніцах. Мала таго, яна была пад паліцэйскай забаронаю расейскай адміністрацыі. Інтэлігент, які асьмельваўся ў культурным таварыстве выказацца па-беларуску, рызыкаваў, што будзе высьмяяным альбо апынецца пад тайным наглядам сышчыкаў.
Дудку беларускую складваў Францішак Багушэвіч прадумана. Цэліўся ён ёю ў найважнейшае для будучыні Беларусі, у тое, каб разварушыць індывідуальнасьць і грамадзянскае сумленьне селяніна, гэтак званага тутэйшага чалавека. На пачатку зборнічка зьмешчаны верш пад знамянальным загалоўкам Дурны мужык, як варона. Да гэтага матыву вернецца пасьля й сам Янка Купала. У творы Як праўды шукаюць капітальна паказаў закінутасьць вясковага быту, але не ў чачотаўскім сэнтымэнтальным спачуваньні, а з падказам не заставацца горшым ад іншых. Бог сіроты любіць, але долі не дае, — паўтарае Багушэвіч народную прыказку й выводзіць зь яе маралітэт: наша зямля, наша праца, наш хдеб, то й наша Айчына ўся! Апублікаваў тут і Хрэсьбіны Мацюка — горкі паэтычны аповяд аб тым, як з душы беларуса выбівалі ўласную годнасьць і самасьвядомасьць, перацягваючы яго на бок Расеі альбо адштурхоўваючы ў польскі бок. Каб не быў сабою! Польская літаратура й расейская за ХІХ стагодзьдзе вырасьлі ў магутныя зьявы культуры Эўропы. Выходзіла ў іх мноства кніжак; слаўныя літаратары жылі з творчай працы. Беларуская ж ледзь з духам прарастала паміж імі да сьвятла. Францішак Багушэвіч заклаў ёй трывалы фундамэнт.