21. Квітненьне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

21. Квітненьне

XIX стагодзьдзе бяз рэшты ў Белай Русі працавала на тое, каб у пачатку ХХ змог выступіць арганізаваны й сьвядомы сваіх мэтаў нацыянальны рух беларусаў, як апошні сярод народаў. Узьнікненьне арганізацыяў і газэтаў на роднай мове зьявілася тым гістарычным пераломам, ад якога Беларусь ужо не жыла як паслухмяная калёнія. Даволі распаўсюджаная думка ўсё ж, што трэба гэта зьвязваць зь першай расейскай рэвалюцыяй І905 году. Аднак у сапраўднасьці ўсё адбывалася далёка ня так, хоць значэньне таго славутага закалоту ў імпэрыі, вядома, цяжка недацаніць.

Менавіта ў 1902 — нагадаю — годзе, калі царская ўлада трымалася зусім моцна й самаўпэўнена паводзіла сябе паліцыя, дайшло да стварэньня сакрэтных структураў, зь якіх неўзабаве вырасла слаўная потым Беларуская Сацыялістычная Грамада. Канчаткова аформілася яна ў тайную партыю ў месяцы сьнежні 1903 году. Варта заўважыць, што зрабіла гэта наступнае пасьля народнікаў пакаленьне, можна сказаць, дзеці заснавальнікаў „Гоману”, аўтараў праграмы будаваньня Беларускага Народу й Беларускай Дзяржавы. За той дваццацігадовы адрэзак часу выдаў свае закансьпіраваныя кніжкі Францішак Багушэвіч, бацька моўнага патрыятызму ды будзіцель народных масаў. Пусьціла карані родная літаратура, жывячыся традыцыямі вялікага мінулага і, адначасова, надзённымі справамі чалавека на гэтай занядбанай зямлі.

Аналізуючы відавочную слабасьць беларускага адраджэнскага руху, мы звычайна не бярэм пад увагу тае знамянальнае акалічнасьці, што не зьяўляўся ён тады элемэнтам міжнароднай палітыкі, а быў толькі ўнутранай зьявай у межах Расеі. У некаторай меры, талеруючы яго ўсё ж, адміністрацыя й пецярбурскі ўрад кіраваліся разьлікам на паслабленьне яшчэ значных польскіх уплываў у заходніх губэрнях. На больш не спадзяваліся, дасканала разумеючы, што радыкальнае зьнішчэньне іх было б раўназначным з вайною супраць папулярнага тут — нароўні з праваслаўем — каталіцызму й закончылася б аднымі шкодамі інтарэсам імпэрыі ў Эўропе. Словам, не калькуляваўся такі варыянт. Тыя ж царскія ўладары актыўна падтрымлівалі — маральна й матэрыяльна — мясцовыя нацыяналізмы ў Эстоніі ды ў Латвіі. Там спакон вякоў панавала нямецкая культура, пратэстантызм, арыентацыя на Захад, і таму гэты высокацывілізаваны рэгіён трэба было абавязкова павярнуць тварам да Масквы; адарваць заварожаны позірк даўняе Ліфляндыі на Нямеччыну й Швэцыю. Як гэта ўчыніць? Тэрорам ня ўдасца, дык істотным паспрыяньнем разьвіцьцю глумленых тутэйшымі немцамі нацыяў: эстонцаў, латышоў; уключна з адкрыцьцём уласных школаў, што не дадзена было беларусам. Давайце крыху працягнем урок палітычнага мысьленьня. Наўрад ці хутчэй за нас, беларусаў, нарадзілася б сучасная нацыянальнасьць летувісаў, затым і дзяржаўнасьць, калі б частка іхнай занёманскай этнічнай тэрыторыі не апынулася была ў складзе Ўсходняй Прусіі, з цэнтрам у горадзе Тыльзыт. Летувіскаму насельніцтву пад нямецкай уладаю была ўведзена свабода на карэнна-народную духоўнасьць, на друкаваньне забароненых расейцамі летувіскіх кніжак, перш за ўсё рэлігійных, кантрабандаю перапраўляных за кардон. Бэрлінскія палітыкі — ня горш за пецярбурскіх — калькулявалі па-свойму. На Ковеншчыне пашыраліся антымаскоўскія настроі. Супрацьдзеяць ім магчыма было ня йначай, як даючы свабоду, што й сталася з карысьцю для тэмпаў росту самасьвядомасьці ў тых жа летувісаў. Падобны мэханізм задзейнічаў і ў выпадку ўкраінскага адраджэньня, якое прасоўвалася на ўсход зь Львова і ўсяе Галіччыны, салідна падукраінізаванай канфліктуючай з Расеяй Аўстрыяй, незадаволенай царскім патранатам над Сэрбіяй і іншымі балканскімі славянамі. Клясычны прыклад імпэрскай нацыянальнай палітыкі назіраем у гісторыі падзеленай Польшчы, якую выкарыстоўвалі ў захопніцкіх сталіцах у плянаваньні дыпляматычных акцыяў і контракцыяў. Аднаўленьне польскасьці разам з дазволам аўстрыйскага начальства адчыніць даўні ўніверсытэт у Кракаве невыпадкова зьбеглася з русыфікацыйным ціскам пасьля Студзеньскага паўстаньня ў Каралеўстве Польскім ды пройгрышам Вены ў ваеннай канфрантацыі з Бэрлінам у 1866 годзе, стратаю Сылезіі з Лужыцамі. У Вене ўзяліся гуляць польскім козырам, і дадаткова ўкраінскім.

Гэтых колькі словаў пра шырэйшую сытуацыю ў нашым закутку Эўропы неабходна запамятаць, каб добра зразумець падзеі ў Беларусі на парозе новага веку, гдыбейшыя прычыны такіх, а ня іншых, шляхоў беларускага руху. Усё зьвязана, нішто не адбываецца незалежна ад становішча ў суседзяў.

Грамадоўцы не былі сілай рэспэктабельнай на той час, бяз важных фінансавых сродкаў, безь якіх адчувальная ў грамадзтве дзейнасьць застаецца ў сфэры пастулятаў альбо мараў. Пры тым зьяўляліся імі маладыя хлопцы й дзяўчаты, у пераважнасьці студэнты й гімназісты, пра якіх цяжка думаць усур’ёз як пра аўтарытэтных асоб, а тым болей дзеячаў. Але ведайма, што ўсякія перавароты праводзяць якраз такія. Беларуская Сацыялістычная Грамада існавала ўжо тры гады, ня маючы свайго друкаванага воргану, прынамсі накшталт рэгулярнага бюлетэню, нават у год поўнага развалу ўлады пасьля няўдалае кампаніі ў Манчжурыі ды капітуляцыі Порт-Артура ў выніку разгрому японцамі расейскага флёту ў праліве Цусіма.

Чаму грамадоўцы толькі бегалі з прамовамі па мітынгах? Напрыклад, Луцкевіч — на менскае чыгуначнае дэпо, а Цётка-Пашкевічанка да віленскіх гарбароў, замест заняцца грунтоўнай працай, скажам, выдаваньнем газэты... Бракуе нам архіўных матэрыялаў з тае пары, але й бязь іх адказ на гэтае пытаньне здаецца ясным: яны ня ўмелі рабіць журналістыкі ды ня мелі грошай на друк. Адзін зь іх, Вацлаў Іваноўскі, пару гадамі назад адбіў на прымітыўным гектографе нешта падобнае да газэтнага выданьня, даўшы яму загаловак „Свабода”. Купіў ён машынку сам, за заробленую ў вакацыі марную суму. Аматарскае яго падпольніцтва выпадкам выкрыў стары бацька, паклаўшы ўсяму канец: сын мусіў закончыць інстытут, атрымаць дыплём інжынера. Да кансьпірацыі вярнуўся пасьля, стаўшы дарослым і будучы ўжо на сваім хлебе. Гэта таму першае легальнае пэрыядычнае выданьне на беларускай мове зьявілася не ў разгар рэвалюцыянізму, калі заваліўся ўсялякі кантроль, а ў ягоны спад. „Наша Доля” выйшла ў палове верасьня 1906 году ў Вільні. Суды ўжо тады ажывіліся й забаранілі газэту.