37. Глуш
37. Глуш
Польская апазыцыя ў часы „Салідарнасьці” ня мела палітычнай праграмы адносінаў да заходнесавецкіх рэспублікаў. Зрэшты, сам гэты рух з выразнай клерыкальна-каталіцкай афарбоўкай насьцярожваў нават летувісаў, зь якімі, здавалася б, павінна было атрымацца цалкам добрае ўзаемаразуменьне з увагі на супольнае веравызнаньне. У дачыненьнях зь Беларусяй справа наогул не існавала; там не было з кім гаварыць. Гэты арэал, практычна, уяўляў сабою белую пляму ў тыповай сьвядомасьці паляка, які ведаў пра Ўкраіну й Летувы, але думаў, што ў Берасьці й Горадні стаіць Расея — у прасьцюткім працягу ад Масквы й Смаленска, безь ніякага рэспубліканскага фіктыўнага пасярэдніцтва.
Апублікаваньне ў часопісах Варшавы ці Кракава энцыкляпэдычна банальнай інфармацыі пра беларускі народ выклікала сэнсацыю, быццам бы здарылася адкрыцьцё нейкага невядомага індзейскага племя ў Амазоніі. Асаблівае зьдзіўленьне праяўляла маладое пакаленьне; старэйшае, памятаючы даваенныя часы, крыху наслухалася было пра заходнебеларусаў і таму мела сякое-такое паняцьце.
Надалей дзейнічаў стэрэатып: беларус — камуніст, беларус — вораг Польшчы, беларус — бальшавік з выскаленымі зубелямі! Да гэтага люду няма чаго й набліжацца, бо ўкусіць, схопіць за горла... У канцы васьмідзесятых гадоў толькі ў адной Беларусі ня чулася нават нясьмелага піску супроць савецкага рэжыму; нешта даходзіла сюды, у Польшчу, пра Ларысу Геніюш, але настолькі няясна ды няпэўна, што аж ня верылася ў яе сапраўднае існаваньне.
У 1987 годзе ў Варшаве была афіцыйна выдадзеная кніжка Беларусь, Беларусь, якая расказвала перш за ўсё пра гісторыю польска-беларускага сужыцьця на працягу многіх стагодзьдзяў. І хаця асьвечаны чытач нічога новага ў ёй не знаходзіў, публіка нарабіла шуму. Можна сказаць, што ў Польшчы выбухнула беларускае пытаньне. Адны занялі прыхільны яму бок, іншыя — рашуча варожы. У той момант не было вельмі важным тое, колькі было прыхільнікаў, а колькі праціўнікаў. Сутнасьцю палітычнага, у прынцыпе, скандалу сталася прышэсьце Беларусі быццам бы з таго сьвету.
Ажывіліся літаратурныя кантакты. Саюз Польскіх Літаратараў адрганізоўваў прыезд шэрагу творчых дэлегацыяў зь Менску. Асабліва арозьнівалася тут Лодзь, у якой усталявалася найбольшае ў Польшчы інтэлектуальнае асяродзьдзе, зьвязанае менавіта пачуцьцямі сымпатыі зь беларускай старонкай як краіны сваіх народзінаў і маладосьці. Лодзінскае выдавецтва вырашыла спэцыялізавацца ў пашырэньні беларускай літаратуры й выпусьціла каштоўныя кнігі, а на сам пачатак — анталёгіі паэзіі й прозы. Нямала было зроблена ў гэтым напрамку й варшаўскімі выдавецтвамі.
На жаль, намаганьні перадавых палякаў не сустракаліся з належным водгукам з боку культурнай Беларусі. Трэба сказаць мацней: Менск маўчаў, і толькі некаторыя асобы ў ім давалі прыватны сыгнал, скажам, дружбы й любові. З чаго гэта вынікала? Прычына, як заўсёды, і ў гэты раз аказалася надзвычай простай: Масква цярпець не магла якога-колечы росквіту беларускай культуры. Даходзіла да дыпляматычных умяшаньняў наконт нібыта залішняй цікавасьці польскіх творцаў беларускімі. Трэба на плюс палічыць тагачасным уладам у Варшаве, што не прыдавалі яны значэньня ўсім дэмаршам крамлёўскіх шавіністаў. Не было б такога яшчэ ў шасьцідзесятыя альбо і ў палове сямідзесятых гадоў. У васьмідзесятыя ж камунізм памалу сыпаўся, бы тая старая тынкоўка, і, пакуль што нябачна простаму чалавеку, хіліўся да ўпадку. Таталітарызм мае дзівосную візуальную ўласьцівасьць, а менавіта — абвальваецца раптоўна, бы той высокі бераг, які ўчора здаваўся непарушным, а сёньня, бачыш, устаўшы раніцою, што ўжо няма яго, панесла з бурлівай вадою.
Кнігі аднак чытае далёка ня кожны чалавек. Часьцей людзі бяруць у рукі часопісы. А ў іх жа, гэтых воблаках пагоды, надта рэдка зьяўлялася нейкае слова пра Беларусь. І гэтак жа нечакана часта пачало яно гасьцяваць на іхных старонках у той сьмяротны скрыпат у падрубах Савецкай Імпэрыі, у гарбачоўскую „перабудову”. У польскіх умовах чырвоны фашызм раней страціў манаполію на друкаванае слова; разраслася цэлая вялізная сетка непадцэнзурных, падпольных выданьняў; заснавалася адзінаццаць выдавецкіх фірмаў і каля некалькіх сотняў усякіх часопісаў, газэт і газэтак, бюлетэняў і іншай журналісцкай драбніцы (адны хутка падалі, уступаючы месца іншым; другія трымаліся, выстаяўшы выпрабаваньне кансьпірацыяй). У саракамільённай краіне, спазнаўшай смак свабоды, рэпрэсіўны апарат з адных палякаў ня мог быць эфэктыўным, тым болей, што ён сам пераставаў верыць у слушнасьць сваіх дзеяньняў.
Беларусь непасрэдна не пакарысталася гэтым. Усё адбывалася на лініі Варшава — Масква, якія паслалі на пэнсію вартаўнікоў існуючага ладу, а новых не прыслалі, і Менск аднойчы не паверыў сваім вачам, што ўжо быццам і ніхто над ім не стаіць зь бізуном...