34. Плян

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

34. Плян

Толькі мала дасьведчаныя інтэлектуальна людзі лічаць гісторыю як нейкі склад ужо непатрэбных, бо даўніх, фактаў. У сапраўднасьці мінулае вызначае сёньняшні дзень і будучыню.

У гады станаўленьня даваеннай Польшчы Юзэф Пілсудскі — як яе першаначальнік — наважыўся ажыцьцявіць канцэпцыю фэдэрацыйнага ладу, гэта значыць, і аднаўленьня колішніх Украіны й Літвы ў прыблізных межах першай Рэчы Паспалітай, вядома, з вышэйшай роляй Варшавы. Заняўшы Вільню ў 1919 годзе, абвесьціў гэтак званую, адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага. Украінскі фрагмэнт задуманай ім фэдэрацыі спрабаваў рэалізаваць паходам на Кіеў, каб канчаткова ўмацаваць уладу атамана Сымона Пятлюры, што закончылася разгромным адступленьнем улетку 1920 году.

Рэканструкцыю Вялікага Княства Літоўскага ўяўляў Пілсудскі як зьвязаную з Польшчай дзяржаву летувісаў, беларусаў і палякаў, падзеленую на тры кантоны: Жамойцкую Літву, Сярэднюю Літву, Беларускую Літву. У адпаведнасьці з гэтым кожная зь іх мела б свае цэнтры, а менавіта: Каўнас, Вільню, Менск. Самой жа Вільні прыдаваў ён дадатковае значэньне яшчэ й як сталіцы цэлай Літвы. Вось так, з большага, павінна было быць. І хоць польскі маршалак карыстаўся славаю, супрацівіліся ягонай канцэпцыі перш за ўсё самі палякі, якія палічылі, што няма патрэбы зь некім дзяліцца ўсходнімі тэрыторыямі. Катэгарычна адкінулі гэтую прапанову таксама ў Каўнасе, памятаючы пра палянізацыйныя вынікі Люблінскай вуніі. Адны беларусы былі схільныя йсьці на перамовы, але варшаўскія палітыкі пастараліся суцішыць іх: у час перамоваў з саветамі ў Рызе амаль сілком пазбыліся яны Менску, што выклікала зьдзіўленьне нават у самога Адольфа Ёфэ, бальшавіцкага камісара па замежных справах.

Гэтая падзея, так бы мовіць, агаляе карані шумных польска-беларускіх канфліктаў у пэрыяд гітлераўскай акупацыі. Сытуацыя на нашых землях пасьля 1941 году аказалася цалкам непадобнай да тае з 1919-1920 гадоў. Трэба памятаць пры тым, што вырасла новае пакаленьне палякаў, якім і ў галаву не прыходзіла думка, што можна адрачыся й аддаць Беларусі такія гарады, як: Наваградак, Лунінец, Пінск, Берасьце, Ліда, Баранавічы, Слонім, Горадня. Калі б хто зь іх такое сказаў, быў бы ўспрыняты чорным здраднікам Айчыны!

Гэта яшчэ адна прычына таго, што беларускія палітыкі тыпу Вацлава Іваноўскага мусілі прапасьці. Яны ціснуліся паміж дзьвюх сцэнаў — польскай і расейскай, хоць і намагаліся аперціся на першую зь іх. Іхны час прыйшоў праз паўвеку; тады яны зарана зьявіліся. Забілі ў акупацыйнай Вільні й Францішка Аляхновіча, нягледзячы на тое, што меў ён на сабе арэол вязьня салавецкіх лягераў, якога польскі бок — у пачатку трыццатых гадоў — пераняў у выніку абмену за камунізуючага Браніслава Тарашкевіча. Дасьледнікі паказваюць пальцамі на забойцу з асяродзьдзя Арміі Краёвай, злучаючы гэты замах з апублікаваньнем Аляхновічам у сваёй газэце сьпісаў беларускіх нацыянальных дзеячаў зь Лідчыны, якіх масава расстрэльвалі ня немцы ды не саветы... Якраз у тым павеце структуры АК глыбока ўкараніліся. Такія пасрэдныя доказы злачынства. А быў жа зьліквідаваны не абы-хто, але выдатны драматург, адна з самых папулярных постацяў у беларускай культуры.

Ня хто іншы як Тадэвуш Канвіцкі менавіта, пісьменьнік родам зь Віленшчыны, дакладна, хоць, магчыма, не зусім сьвядома, прыкмеціў у сваёй творчасьці і ў публіцыстыцы новы этап у польска-беларускіх зносінах, вельмі нядобры, пачатак якога ў самай сярэдзіне нямецкай акупацыі. Гістарычна спозьненыя дамаганьні беларусаў мець сваю дзяржаву выклікалі крымінальныя дзеяньні супраць іх як з боку Варшавы, гэтак і Масквы. Незалежніцкі рух кваліфікаваўся ў катэгорыю дзяржаўнай здрады, што ва ўмовах фронту раўнялася быць пастаўленым да сьцяны. Ад гэтага моманту пачаўся рост колькасьці польскіх злачынстваў, ня кажучы ўжо пра расейскія, якія дасягнулі астранамічных лічбаў у народазабойстве.

Нацыяналізм ды шавінізм аказаліся непазьбежнымі. У беларускага няма такіх жахлівых рахункаў не таму, што — як некаторыя кажуць — выяўляў ён сябе ў болей чалавечым абліччы, але таму, што меў, звычайна, значна слабейшую апору ў грамадзтве, нацыянальна нясьпелым ды матэрыяльна аслабленым доўгім каляніялізмам. Можна сказаць і так: фашызм — як ідэалёгія галоты — мог шырока прыняцца ў зьбяднелай Беларусі, гэтаксама як і камунізм, які вырас на камітэтах вясковай галечы. Час аднак не дазваляў адумацца: Чырвоная Армія наступала, акупанты зьвярэлі, і не было калі разважаць пра мэтадычную індактрынацыю народу.

Адыход немцаў ды прыход саветаў адбываўся ў настроі стомленасьці вайною. Людзі кепска ўспрымалі польскія партызанскія групы, бачачы ў іх пагрозу рабункаў і поўную бяссэнсіцу іхнай упартасьці. Калі ў 1920 годзе стаялі насупраць сябе дзьве рэгулярныя арміі, адна зь якіх была польская, то ў 1944 ішлі баі не з палякамі, але зь немцамі. Іх ход вырашаў усё — у першай чарговасьці — набліжэньне міру.

Камандзіры Арміі Краёвай не пісалі адозваў накшталт адозвы Юзэфа Пілсудскага; яны змагаліся не за нейкую фэдэрацыю, але за ўтрыманьне польскіх межаў пад Менскам; за Польшчу й толькі за Польшчу. Які ж беларускі палітык быў бы ў стане салідарызавацца зь імі? Такога не знайшлося, і не магло знайсьціся. Вось у чым сутнасьць згаданага новага этапу ў польска-беларускіх узаемінах: быць беларусам значыла цяпер выступаць супраць Польшчы, хочаш — ня хочаш.