Зноў смаленскія i наўгародскія справы
Зноў смаленскія i наўгародскія справы
Паражэнне на р. Ворскле было вынікам шэрагу пралікаў Вітаўта. Найперш, гэта яго ўяўленне, якое, дарэчы, унушыў яму Тахтамыш, аб слабасці сіл Цімур-Кутлая. Але нават калі б была перамога Вітаўта, то наўрад ці Тахтамыш, стаўшы ханам Залатой Арды, згадзіўся б ставіць Вітаўта «над усёю Руссю», бо ў выніку гэтага стварылася б магутная дзяржава, якая наўрад ці пацярпела існаванне Залатой Арды.
Гэта катастрафічнае паражэнне Вітаўта вельмі дорага абышлося дзяржаве, выклікаўшы нанова рашэнне тых праблем, якія былі ўжо вырашаны ёю раней. Гэтай няўдачы яго чакалі ворагі з усіх бакоў. Першы, хто вырашыў пакарыстацца няўдачай Вітаўта, быў смаленскі князь Юрый Святаславіч, які рашыўся вярнуць сабе сваю вотчыну. Жывучы ў свайго цесця Алега Разанскага, ён разам з апошнім у 1401 г. рушыў на Смаленск. Трэба зазначыць, што ў гэтым горадзе, як і ў Ноўгарадзе, існавалі дзве партыі, маскоўская і так званая літоўская, кожная з якіх цягнула княства ў свой бок. У гэты час перамагла першая з іх, і Юрый Святаславіч увайшоў у Смаленск, пасля чаго тут былі забіты намеснікі Вітаўта і тыя баяры, якія выступалі супроць «свайго вотчыча». Даведаўшыся пра гэта, Вітаўт рушыў сваё войска на Смаленск. Аднак у хуткім часе ён вымушаны быў вярнуцца ў Вільню, перадаўшы войскі пад каманду Сямёну-Лунгвеню, якому і ўдалося каля сяла Любуш у 1402 г. разбіць войска Юрыя Святаславіча і Алега Разанскага і ў выніку гэтага захапіць прыгарад Смаленска — Вязьму.
Аднак чаму Вітаўт вымушаны быў кінуць войскі і вяртацца ў Вільню? Рэч у тым, што для польскіх вярхоў паражэнне Вітаўта было таксама вялікім падарункам. Скарыстаўшы гэты зручны момант, яны перайшлі да тактыкі перазаключэння уніі, г. зн. паступовага падначалення сваёй уладзе ВКЛ. Дзеля гэтага ў 1401 г. у Вільні быў скліканы з’езд, на якім прысутнічалі Ягайла, Вітаўт і іншыя прадстаўнікі вышэйшых колаў Польшчы i BKЛ. Апынуўшыся ў вельмі цяжкім становішчы і маючы патрэбу ў старонняй дапамозе, Вітаўт павінен быў пацвердзіць асобай граматай захаванне вернасці і пакорнасці польскаму каралю і кароне. Адначасова прызнавалася, што пасля смерці Вітаўта BKЛ павінна перайсці толькі каралю польскаму і яго пераемнікам. Характэрна для гэтага з’езда і тое, што на яго не былі запрошаны прадстаўнікі праваслаўнага баярства, а гэта азначала прызнанне палітычных правоў толькі за католікамі. Як бачым, карыстаючыся вялікай няўдачай Вітаўта, польскія вярхі прымусілі Вітаўта адступіць. Аднак ён, як пакажуць далейшыя падзеі, лічыў для сябе гэтыя ўступкі часовымі і выкарыстоўваў іх на карысць сабе.
У прыватнасці, гэтым разам ён атрымаў польскую вайсковую падтрымку, з якой і адправіўся пад Смаленск. Бачачы непазбежнасць здачы Смаленска пасля страты Вязьмы, Юрый Святаславіч звярнуўся па дапамогу да маскоўскага князя Васіля I. Аднак той марудзіў, і гэта забяспечыла поспех Вітаўту. Выкарыстаўшы ад’езд у Маскву князя Юрыя, у Смаленску ўзялі верх прыхільнікі Вітаўта, якія і адчынілі яму дарогу ў свой горад, што адбылося 24 чэрвеня 1404 г. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў і голад, які цярпелі смаленцы, адрэзаныя войскамі Вітаўта. Вяртанне сабе Смаленска было першым поспехам Вітаўта пасля яго паражэння на Ворскле.
Прыблізна па такім сцэнарыі, як і ў Смаленску, разгортваліся падзеі і ў Ноўгарадзе, толькі яны зацягнуліся і закончыліся без поспеху для Вітаўта. Тут таксама існавалі дзве такія ж самыя партыі, якія ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры бралі верх адна над другой. I вось, дачуўшыся аб паражэнні Вітаўта на Ворскле, маскоўская партыя, узняўшы бунт і расправіўшыся з супраціўнай партыяй, дамаглася ўлады над горадам і звярнулася да Васіля I. Са свайго боку прыхільнікі Вітаўта звярнуліся да яго, каб ён умяшаўся ў справы Ноўгарада. Аднак цяпер Вітаўт не меў магчымасці гэта зрабіць. I толькі пасля Віленскага з’езда, падмацаваўшыся дапамогай палякаў, ён гатовы быў выступіць супроць Ноўгарада. Аднак з-за таго, што маскоўскі князь Васіль I не мог умяшацца ў наўгародскія справы, зноў узялі верх прыхільнікі Вітаўта, і яму прыйшлося прымяніць сілу. Але праз чатыры гады маскоўская партыя зноў заўладарыла ў Ноўгарадзе і звярнулася да Васіля I з просьбай аб падначаленні яму. У адказ на гэта Вітаўт аб’явіў адначасова вайну і Ноўгараду і яго прыгараду — Пскову.
Як вядома, у 1397 г. Вітаўт, заключаючы мір з крыжакамі, абяцаў ім дапамагчы ў авалоданні гэтым горадам. Аднак, падначаліўшы Ноўгарад, ён, відаць, адмовіўся ад свайго абяцання і стаў лічыць Пскоў разам з Ноўгарадам сваім падуладным горадам. Як галоўную прычыну свайго намеру ён выставіў тое, што Ноўгарад прыняў да сябе яго заклятага ворага Юрыя Смаленскага. Летапісец, апісваючы падзеі нападу на Пскоўскую зямлю, характарызуе Вітаўта як «паганага», «сына д’ябла» і «няверніка». Вось на гэту характарыстыку трэба звярнуць увагу. Зыходзячы з яе, Вітаўта трэба лічыць язычнікам, хоць добра вядома, што ён быў хрысціянінам. Але ў гэты час таго, хто нападаў на якую-небудзь зямлю, лічылі паганым, бязбожнікам. У свой час вялікі князь Трайдзень, які неаднаразова нападаў на Валынскую зямлю, яе летапісцам таксама называецца язычнікам, што і дало падставу шэрагу даследчыкаў лічыць яго язычнікам. Але як і Вітаўт, так і Трайдзень не былі такімі.
А дзеянні Вітаўта на Пскоўскай зямлі былі вельмі жорсткімі. Захапіўшы г. Каложу і яго акругу, ён адных «нзсече», а іншых у колькасці 11 тысяч узяў у палон. Тое ж самае адбылося і на подступах да г. Вароніча, які яму ўзяць не ўдалося. Праўда, і пскоўцы ў адказ на дзеянні Вітаўта зрабілі набег на Полацкую воласць і ледзь не заваявалі сам Полацк. І ўсё ж, не змогшы процістаяць Вітаўту, Пскоў і Ноўгарад звярнуліся зноў па дапамогу да Васіля I, які больш не пасіўнічаў, а адразу аб’явіў вайну свайму цесцю. У чэрвені 1406 г. войскі аднаго і другога сышліся на рацэ Плаха, аднак без бою было заключана перамір’е. Гэтак жа закончылася сустрэча войскаў Вітаўта і Васіля I і ў 1407 г. пад Вязьмай. У наступным 1408 г. адбылася і трэцяя сустрэча войскаў ля ракі Угры (прыток Акі ў яе вярхоўі, зараз на тэрыторыі Калужскай вобл.). Знешнім повадам для гэтага паходу быў намер патрабаваць ад Васіля I, каб ён выдаліў Свідрыгайлу, які, будучы тады князем Северскім, уцёк у Маскву. Такі ўчынак гэтага князя некалькі можа здзівіць. Нам ужо вядома, што ў час заключэння Крэўскай уніі ён, як і Вітаўт, перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, змяніўшы праваслаўнае імя Леў на каталіцкае Баляслаў. I вось зараз, калі стаў назірацца ад’езд праваслаўных князёў у Маскву як адзінаверную краіну, у ліку іх і найбольш значным з’явіўся і католік Баляслаў. Па ўсім відаць, што ён нядоўга заставаўся ў каталіцкай веры, чаму спрыялі варожыя адносіны да яго католікаў Ягайлы і Вітаўта. Ён зноў вярнуўся ў праваслаўе, збег у Маскву, у якой хацеў бачыць сваю адзінаверную саюзніцу. Трэба зазначыць, па-першае, пераход адных беларускіх князёў і баяр у каталіцтва, што служыла ў канчатковым выніку Польшчы, па-другое, пераход шэрагу беларускіх князёў і баяр, якія заставаліся праваслаўнымі і станавіліся нераўнапраўнымі з католікамі, аддаваліся пад уладу Масквы, азначаў пачатак глыбокага расколу ў беларускім грамадстве, што ў далейшым і стала адной з прычын заняпаду нашай дзяржавы.
Сустрэча на Угры таксама закончылася мірна. Васіль I згадзіўся выдаліць Свідрыгайлу, праўда, з умовай, што яму нічога дрэннага зроблена не будзе. Вітаўт, са свайго боку, адмаўляўся ад умяшання ў справы Пскова і Ноўгарада. Такім чынам, у адрозненне ад Смаленска, барацьба Вітаўта за Ноўгарад не прынесла яму поспеху. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, наўгародская праблема як для Вітаўта, так і для яго наступнікаў канчаткова не знікла.
Але асаблівай увагі патрабуе яшчэ адна ўмова гэтага міру, а менавіта тое, што мяжа паміж BKЛ і Маскоўскім княствам ўстанаўлівалася па Угры, а гэта быў самы ўсходні рубеж нашай дзяржавы. У сувязі з гэтым можа паўстаць пытанне: чаму менавіта Вітаўт ішоў сюды, на гэта месца? Дык вось, некаторыя факты могуць сведчыць пра тое, што па Угры пралягала не толькі дзяржаўная мяжа паміж ВКЛ і Масквой, але і этнічная. Рэч у тым, што сучасныя расійскія дыялектолагі (у прыватнасці, М. Высоцкі) адзначаюць, што нават зараз жыхары, якія жывуць на захад ад Угры, у сваім вымаўленні ўжываюць «ў», чаго няма ў жыхароў на ўсходзе ад гэтай рэчкі. Як вядома, «ў» з’яўляецца характэрнейшай асаблівасцю беларускай мовы. Адсюль можна зрабіць вывад, што па Угры праходзіла мяжа між двума этнасамі, што і можа тлумачыць, чаму менавіта сюды прыйшоў Вітаўт і чаму тут пралягла мяжа паміж ВКЛ і Масквой.