Для каго была большая пагроза?

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Для каго была большая пагроза?

Татара-мангольскае нашэсце і нямецкая агрэсія ў навуковых даследаваннях паказваюцца як фактары, што нібыта паспрыялі захопу беларускіх земляў Літвой: «Барацьба Русі з татара-мангольскімі заваёўнікамі значна аблегчыла літоўскім князям ажыццяўленне іх захопніцкай палітыкі ў адносінах да рускіх земляў. Ва ўмовах татара-мангольскай няволі некаторыя феадалы Русі ў асобе Літоўскай дзяржавы бачылі сілу, якая не толькі можа даць адпор татарскім і нямецкім захопнікам, але і разам з тым будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню іх панавання над сялянскімі масамі». Прыблізна тое ж самае сказана і ў другім даследаванні: «Феадалы, якія прыйшлі да ўлады ў Аўкштайціі, пайшлі на змову з феадаламі значна больш развітой Беларусі, напалоханымі Ардой і Ордэнам. Падзяліўшыся рэнтай з літоўскімі пануючымі класамі, беларускія феадалы ўвайшлі ў яго склад». Але ж гэта не што іншае, як перапеў казак XVI ст. Аўтарам такіх сцверджанняў добра вядома, што Беларусь, за выключэннем яе крайніх паўднёвых мясцін, не ведала татара-мангольскага нашэсця. Значыць, феадалам Беларусі не было ніякай патрэбы шукаць абароны ў Літоўскай дзяржавы ад татараў. Больш таго, паводле сведчання летапісаў, літоўскія князі ніколі не атрымлівалі ніякіх перамог над татара-манголамі.

Праўда, у вядомай «Хроніцы Быхаўца» апавядаецца пра дзве бітвы, у якіх нібыта былі разгромлены літоўскімі войскамі татары, — пад Магільнам і пад Койданавам. Аднак шэраг акалічнасцей прымушае сумнявацца ў тым, што яны ў сапраўднасці былі.

Вось што гаворыцца пра Магільнянскую бітву. Пасля таго як літоўскі князь Рынгальт немалы час пракняжыў у Новагародку, рускія князі Святаслаў Кіеўскі, Леў Уладзімірскі і Дзмітрый Друцкі рашылі выгнаць яго з Новагародка. Узяўшы сабе на дапамогу ад цара заволжскага некалькі тысяч татараў, яны рушылі на Новагародак. I вось Рынгальт сустрэў іх на Нёмане, ля Магільна (цяпер на тэрыторыі Уздзенскага р-на Менскай вобл., перайменавана ў Нёман), і ў лютым баі, які працягваўся цэлы дзень, разбіў сваіх праціўнікаў, атрымаў вялікую перамогу і з багатай здабычай вярнуўся ў Новагародак. У «Хроніцы Быхаўца» не ўказана, калі адбылася гэта падзея. У ранейшай гістарычнай літаратуры яна адносілася да 1235 г. Але прыняць гэтую дату нельга, бо тут упамінаюцца татары, якія з’явіліся на Русі толькі ў канцы 30-х гадоў XIII ст. Апроч таго, Рынгальт не мог княжыць у 1235 г. у Новагародку, бо ў гэты час тут княжыў Ізяслаў, як сведчыць Іпацьеўскі летапіс. Сярод князёў, што ішлі на Рынгальта, упамінаецца Леў Уладзімірскі. Гэта магло б дапамагчы ўстанавіць найбольш верагодную дату падзеі, калі б яна сапраўды была. У Іпацьеўскім летапісе пад 1274 г. сказана, што шэраг рускіх князёў, сярод якіх быў і галіцкі (а не ўладзімірскі) князь Леў, разам з татарамі ішлі на Новагародак, які ў той час быў сталіцай ВКЛ. Паколькі рускія князі і татары рухаліся на Новагародак ад Слуцка, то іх шлях мог праходзіць і праз Магільна. Аднак летапіс, які падрабязна асвятляе гэты паход рускіх князёў і татараў, нічога не гаворыць пра бітву пад Магільнам. Як мы ведаем, у «Хроніцы Быхаўца» сказана, што гэта бітва была вялікай і што рускія і татары пацярпелі страшэннае паражэнне, і яны, вядома, пасля такой няўдачы не маглі б ісці далей да Новагародка. А між тым летапіс гаворыць, што яны, перайшоўшы р. Сэрвеч, падышлі да Новагародка і ўзялі яго вакольны горад. Выдуманым з’яўляецца і сам князь Рынгальт, бо нідзе ў іншых крыніцах ён не ўпамінаецца. Апроч таго, «Хроніка Быхаўца» называе яго вялікім князем, але ў 1274 г. ён не мог быць такім, бо ў гэты час у Новагародку княжыў Трайдзень. Не мог быць ён і бацькам Міндоўга, бо апошні загінуў у 1263 г., а ў «Хроніцы Быхаўца» сказана, што Міндоўг стаў княжыць пасля смерці Рынгальта. Усё сказанае не пацвярджае таго, што была бітва пад Магільнам, у прыватнасці, у 1274 г., найбольш верагодным дпя яе, асабліва калі ўлічыць, што ў «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» яна значыцца пад 1284 г. (у гэтай крыніцы многія падзеі зрушаны на 10–15 гадоў наперад). Тым не менш усё гэта не выключае таго, што гэтая бітва была. Магчыма, яна была калі-небудзь, але яе апісанне ў «Хроніцы Быхаўца» з’яўляецца скажоным да непазнавальнасці, як гэта адбылося і з бітвай пад Гарадцом у 1161 г., аб чым мы гаварылі раней. Не выключана, што і бітва пад Магільнам адбылася таксама ў полацкія часы, а пасля была прыпісана літоўскім князям.

Малаверагодная бітва пад Койданавам, бо звесткі пра яе яшчэ больш супярэчлівыя. У «Хроніцы Быхаўца» сказана, што заволжскі татарскі цар Балаклай сабраў вялікую раць і пайшоў на Русь. А вялікі князь Скірмант, сабраўшы сваё войска ў Койданаве, перамог усю раць татарскую і самога цара забіў. У літаратуры гэта падзея адносілася да 1241 г. Апроч таго, указваецца яшчэ адна бітва пад Койданавам, у якой нібыта Міндоўг у 1240 г. разбіў татараў, якіх узначальваў Кайдан, і яго саюзнікаў галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васілька. Прычым сцвярджаецца, што Кайдан загінуў тут, і таму пайшла назва «Койданаў», які да гэтага называўся Крутагор’ем. Гэта найбольш пашыраная версія, і яна нават увайшла ў сучасныя падручнікі па гісторыі Беларусі. У «Запісках Кацярыны II» прыведзены звесткі аб бітве пад Койданавам у 1276 г., якія нагадваюць падзеі бойкі 1241 г.

Паколькі ўсе гэтыя бітвы звязаны з татарамі, то яны не маглі адбыцца ні ў 1241, ні ў 1249 гг., бо, як паказваюць даследаванні, першае ўварванне татараў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў 1258 г. Бітву 1241 г. мы наогул павінны адкінуць як выдуманую, бо ніколі не было ні вялікага літоўскага князя Скірманта, ні татарскага хана Балаклая. Нешта ёсць падобнае ў падзеях 1249 і 1258 гг. Сапраўды, князем літоўскім тады быў Міндоўг, разам з татарамі ішоў валынскі князь Васілька. Але татараў узначальваў не Кайдан, а Бурундай, і, што самае важнае, ніякай перамогі Міндоўг не атрымліваў: татары на чале з Бурундаем без супраціўлення занялі землі Літоўскую і Нальшчанскую. Гэта пацвярджае і Наўгародскі I летапіс, у якім сказана, што татары ўзялі ўсю зямлю Літоўскую, а саміх пабілі.

Трэба зазначыць, што ёсць яшчэ сумненні ў праўдзівасці існавання Кайдана. Сярод татарскіх ханаў, военачальнікаў і ваяводаў ён не значыцца. Праўда, у татарскага хана Менгу Цімура, які цараваў у Залатой Ардзе з 1266 па 1280 г. быў сын Кадан. Менавіта ў Менгу Цімура галіцкі князь Леў Данілавіч прасіў дапамогі ў паходзе на Новагародак. У 1274 г. Менгу Цімур даў татарскае войска, але яго ўзначаліў не Кадан, а ваявода Ягурчын. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, татары схадзілі на Новагародак і ў 1277 г. Таму можна меркаваць, што яны ішлі праз Койданаў. Але, па-першае, пацярпеўшы там паражэнне, яны б не пайшлі далей. Па-другое, узначальваў гэта войска татараў не Кайдан, а ваявода Мамшэй. Усё адзначанае сведчыць, што Койданаўскай бітвы не магло быць ні ў 1274, ні ў 1276, ні ў 1277 гг. Апроч таго, тапонім «Койданаў» на Беларусі не адзін: населены пункт з такой назвай быў таксама недалёка ад г. Паставы, што таксама ставіць пад сумненне паходжанне гэтай назвы ад татарскага хана.

3 вышэйсказанага вынікае, што Магільнянская і Койданаўская бітвы — гэта хутчэй за ўсё міфы, створаныя ў XVI ст. для ўзвелічэння літоўскіх князёў, якія быццам толькі адны маглі супрацьстаяць татара-мангольскім заваёўнікам, чаго ў сапраўднасці не было.

Вядома, нельга адмаўляць пагрозы татарскага нашэсця, якая вісела над беларускімі землямі, бо ўварванні татараў, як мы ўжо бачылі, сапраўды былі. Аднак і нельга справу паказваць так, нібы толькі Літва магла абараніць Беларусь ад татарскай заваёвы. Яна не магла абараніць і сваёй зямлі ад татараў, як гэта было ў 1258 г. Вось чаму беларускія феадалы не маглі бачыць у асобе літоўскіх князёў сілу, здольную абараніць іх ад татараў. Вось чаму беларускім феадалам не было патрэбы дзяліцца з літоўскімі феадаламі сваёй «рэнтай».

Тое, што Беларусь не ведала татара-мангольскага пагрому і панавання, мела для яе важнае значэнне, якое пакуль што яшчэ не ацэнена ў гістарычнай навуцы. Як вядома, мангола-татарскае панаванне перапыніла і замарудзіла працэс палітычнага аб’яднання рускіх і ўкраінскіх земляў, падарвала іх прадукцыйныя сілы. Усяго гэтага пазбегла Беларусь. Яе аб’яднанне не было спынена, а яе прадукцыйныя сілы ў выніку прытоку новага насельніцтва яшчэ больш узраслі. Усё гэта і было прычынай таго, што фарміраванне тэрыторыі Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці пайшлі хутчэй, чым аналагічныя працэсы ў іншых усходнеславянскіх землях. Так, калі ў першай палове XIV ст. пры Іване Каліце пачало толькі ўзвышацца Маскоўскае княства — ядро будучай Велікаросіі, то беларускія землі к гэтаму часу амаль усе былі сабраны і аб’яднаны ў Вялікім княстве Літоўскім. Беларускія феадалы выкарысталі ў сваіх інтарэсах выгадную для іх кан’юнктуру, у прыватнасці аслабленне рускіх і ўкраінскіх земляў у барацьбе з татарамі, і заваявалі значныя часткі іх тэрыторый.

Паколькі культурныя цэнтры Беларусі не былі разбураны, беларуская культура развівалася без перашкод, што было прычынай яе высокага ўзроўню. Таму яна і заняла пануючае месца ў ВКЛ, а беларуская мова стала ў ім дзяржаўнай.

Што да нямецкай агрэсіі, то яна сапраўды з’явілася цяжкім ударам для Полацка. У выніку яе Полацкае княства было адсечана ад Балтыйскага мора, што істотна паўплывала на далейшую гісторыю Беларусі. Аднак, гаворачы пра гэта, нельга справу паказваць так, нібы беларускія землі знаходзіліся ў бязвыхадным становішчы і іх магла выратаваць толькі Літва. Не меншую пагрозу нямецкая агрэсія несла і народам Прыбалтыкі, якія разам з Полаччынай сталі аб’ектам нападу «псоў-рыцараў». Апошнім удалося, пакарыўшы балцкія плямёны прусаў, куршаў і земгалаў, з трох бакоў акружыць Жамойцію. Над ёй, як над іншымі балцкімі землямі, навісла смяротная пагроза. Са сказанага відаць, што нямецкай агрэсіяй былі запалоханы не толькі беларускія, але яшчэ ў большай ступені феадалы балцкіх земляў. Калі Полаччына страціла набытыя ёю ў Ніжнім Падзвінні землі, то балты трацілі свае карэнныя землі. Дык хіба маглі феадалы Літвы ў гэты час адважыцца на заваёву беларускіх земляў, хіба маглі беларускія феадалы ў іх асобе бачыць абаронцаў ад нямецкай агрэсіі?

У даследаваннях па гісторыі адзначаецца, што нямецкая агрэсія прымусіла балцка-літоўскія землі аб’яднацца і гэтым самым паскорыла працэс утварэння Літоўскай дзяржавы. Гэта, маўляў, і дало магчымасць літоўскім феадалам заваяваць беларускія землі, якія нібыта былі раз’яднаныя. Аднабаковасць гэтай схемы відавочная, бо застаецца незразумелым, чаму тая ж самая нямецкая агрэсія не прымусіла аб’яднацца беларускія землі. Мы ўжо гаварылі, што раз’яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, земляў у XIII ст. надзвычай перабольшана. На горкім вопыце пазнаўшы смяротную пагрозу нямецкай агрэсіі, Полаччына шчыльней згургавалася для адпору ворага. Трэба сказаць, што Полацк не адразу разгледзеў сапраўдную сутнасць нямецкіх рыцараў. Полацкі князь Уладзімір у 1186 г. даў нямецкаму манаху Мейнарду, відаць, угледзеўшы ў яго дзейнасці толькі місіянерскі, а не захопніцкі характар, дазвол на права хрышчэння ліваў, якія залежалі ад Полацка. Яшчэ больш легкадумна паставіліся напачатку да рыцараў у іншых краінах Усходняй Еўропы. Літоўцы (летоны) у 1202 г. заключылі дагавор з біскупам Альбертам супраць земгалаў. Мазавецкі князь Конрад у 1225 г. запрасіў тэўтонаў для барацьбы з прусамі. Не раз сумесна з рыцарамі дзейнічалі пскоўскія і наўгародскія атрады. Гэтая бесклапотнасць і была адной з прычын першых поспехаў немцаў ва Усходняй Еўропе. Для Полацка яна абярнулася стратай Ніжняга Падзвіння.

Згуртаванасць Полаччыны ў барацьбе з крыжакамі вельмі добра выяўлена ў «Хроніцы Лівоніі». Так, паводле яе, для паходу на тэўтонаў «полацкі кароль Вальдэмар (Уладзімір) сабраў войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў (удзельных князёў Полаччыны), сваіх сяброў і з вялікай храбрасцю спусціўся ўніз па Дзвіне». Хіба ж магло быць такое пры міжусобнай барацьбе?

Смяротная пагроза нямецкай агрэсіі, якая навісла як над Полацкам, так і над балцка-літоўскімі землямі, патрабавала з’яднання іх сіл. Яскравым сведчаннем гэтаму можа быць тое, што войска Уладзіміра Полацкага, з якім ён у 1216 г. сабраўся ісці на Рыгу, напалову складалася з літоўцаў. Важным фактарам у арганізацыі адпору рыцарам было ўмацаванне сувязяў Полацкай зямлі з суседнімі рускімі землямі, у першую чаргу з Наўгародскай і Пскоўскай. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца жаніцьба наўгародскага князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава ў 1239 г. Саюз Полацкай і Наўгародскай земляў быў важнай умовай перамогі над нямецкімі агрэсарамі на Чудскім возеры ў 1242 г., што ў далейшым палегчыла і абарону беларускіх земляў ад крыжакоў. Адзінства Полацкай, Наўгародскай і Пскоўскай земляў прывяло да перамогі над немцамі і ў 1262 г. пад г. Юр’евам.