Падначаленне Смаленска i Ноўгарада

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Падначаленне Смаленска i Ноўгарада

Калі перамога Вітаўта над Карыбутам, Фёдарам Карыятавічам, Уладзімірам і Свідрыгайлам Альгердавічамі садзейнічала ў значнай ступені аслабленню ўдзельнай сістэмы ў дзяржаве і тым самым спрыяла яе ўнутранаму ўмацаванню, то чарговыя перамогі над Смаленскам і Ноўгарадам пашыралі тэрыторыю ВКЛ на ўсход і поўнач. Як Гедзімін і Альгерд, так і Вітаўт працягваў ранейшую полацкую палітыку ў адносінах гэтых гарадоў і іх земляў. Мы ўжо ведаем аб даўнім саперніцтве і варожасці паміж Полацкам і Смаленскам. Абедзве землі, будучы пераважна крывіцкімі па характары сваёй заселенасці, імкнуліся ўзяць верх адна над другой, чаго яны не змаглі дамагчыся. Але тое, што не ўдалося здзейсніць аднаму Полацку ў авалоданні Смаленскам, стала рэальным пасля аб’яднання беларускіх земляў у адной дзяржаве. Яшчэ пры Альгерду Смаленская зямля, застаючыся фармальна самастойнай, была ўцягнута ў арбіту палітычнага прыцягнення BKЛ. Аднак і зараз Смаленск выкарыстоўваў кожны зручны момант у сваіх інтарэсах. Як мы бачылі, у час барацьбы Андрэя Полацкага з Ягайлам Святаслаў Смаленскі імкнуўся вярнуць сабе Мсціслаўль. I вось зараз наступіў для Смаленска рашаючы момант для існавання яго як самастойнага княства.

Найперш Вітаўтам для канчатковага падначалення сваёй уладзе Смаленска была выкарыстана міжусобіца яго князёў, што сталі варагаваць паміж сабой за валоданне падобнымі ўдзеламі. Сабраўшы вялікае войска, Вітаўт у 1395 г. пайшоў на Смаленск, але распусціў чутку, што ідзе ваяваць супроць татарскага хана Тамерлана. Ён вельмі ласкава прыняў смаленскага князя Глеба, які выехаў яму насустрач і якому параіў перадаць усім смаленскім князям, каб яны прыехалі да яго для прымірэння паміж сабою. Аднак калі яны, паверыўшы гэтым словам, з’явіліся да Вітаўта, ён усіх іх захапіў у палон і толькі аднаму Глебу даў невялікі горад Палоннае (зараз у Хмяльніцкай вобл. на Украіне). Не меў поспеху і смаленскі князь Юрый Святаславіч, які ў гэты час паехаў да свайго цесця Алега Разанскага па дапамогу для барацьбы з Глебам і іншымі смаленскімі князямі. (Менавіта гэты ад’езд Юрыя і выкарыстаў Вітаўт для захопу Смаленска.) Але пачуўшы пра тое, што здарылася, Юрый разам з Алегам Разанскім сабралі вялікае войска і выступілі супроць Вітаўта, аднак пацярпелі паражэнне, што дало магчымасць апошняму захапіць вялікі палон і багатую здабычу. Так Смаленск канчаткова страціў сваю незалежнасць і ўвайшоў у склад ВКЛ. Вітаўтам тут былі пасаджаны яго намеснікі князь Ямант і Васіль Барэйкавіч.

У ранейшыя часы, асабліва пры Альгердзе, з-за Смаленска ўзнікалі канфлікты паміж BKЛ і Масквой. Аднак зараз маскоўскі князь Васіль не толькі не выказаў варожасці да Вітаўта, але і выявіў яму выключнае дружалюбства. На Вялікдзень 1396 г. ён прыехаў да Вітаўта ў Смаленск, выключна шчодра адарыў яго. Праўда, і Вітаўт не застаўся ў даўгу і аддзячыў не менш шчодрымі падарункамі. Больш таго, Вітаўт і Васіль са Смаленска паслалі патрабаванне Ноўгараду, каб той разарваў саюз з крыжакамі і падначаліўся вялікаму князю Вітаўту. I калі Ноўгарад адмовіўся гэта зрабіць, то Васіль стаў ваяваць супраць яго. Лягчэй за ўсё гэта можна растлумачыць блізкім сваяцтвам гэтых князёў: Васіль быў зяцем Вітаўта. Аднак, як пакажуць далейшыя падзеі, сваяцтва тут ні пры чым. Як адзін, так і другі былі зацікаўлены ў міры між сабой. Калі Васілю выяўлялася пагроза з боку Арды, дзе адбываліся ў гэты час бурныя падзеі, якія маглі зачапіць Маскоўскае княства, то Вітаўт цярпеў ад крыжацкай агрэсіі.

Сапраўды, Ордэн не абмежаваўся за здраду Вітаўта толькі забойствам яго маленькіх сыноў. Рыцары помсцілі сваімі набегамі, ад якіх асабліва цярпела Гарадзеншчына. У 1392 г. яны зрабілі напад на Сураж, дзе пакінулі адны разбурэнні і адкуль павялі з сабою шмат палонных. Ёсць звесткі, што гэтым набегам садзейнічаў Свідрыгайла, які ў гэты час увайшоў у саюз з Ордэнам супроць Вітаўта. У 1393 г. крыжакі напалі на самую Гародню, якую таксама разбурылі. У наступным годзе яны зноў уварваліся ў панямонскія землі, дзе прычынілі вялікія разбурэнні ў многіх месцах, у тым ліку Лідзе і Новагародку. У канцы 1395 г. крыжакі рушылі на Вільню з мэтай авалодаць ёю. I хаця ім удалося спаліць частку горада і разбурыць яго ваколіцы, аднак пасля двухмесячнай аблогі павінны былі з вялікімі стратамі адступіць. Вядома ж, Вітаўт не мог не адпомсціць крыжакам за іх пагромныя паходы на землі яго дзяржавы і ў 1396 г., закончыўшы справу з заваяваннем Смаленска, стаў рыхтавацца да паходу на крыжакоў. Аднак у хуткім часе абставіны рэзка змяніліся, і Вітаўт адмовіўся ад намеру помсціць на гэты раз крыжакам і прапанаваў ім заключыць мір. У 1397 г. і прыбыло нямецкае пасольства дзеля гэтага. Пазней Конрад Кібург, які ўзначальваў яго, пакінуў у форме дзённіка апісанне ўсяго бачанага ім у час правядзення гэтай місіі. Для нас з’яўляюцца вельмі каштоўнымі гэтыя звесткі. Вось некаторыя з іх.

Ужо ў самым пачатку свайго дзённіка Кібург адзначыў, што ў Коўне начальнікам замка быў баярын Іван Фёдаравіч, а вучэнне войска тут вёў нейкі Юрый. І гэта не можа не здзівіць.

Сапраўды, Коўна знаходзілася ў Жамойці, а абаронай яе і войскам кіравалі людзі яўна не жамойцкага паходжання. Аднак стане ўсё зразумелым, калі прыгадаць аб фактах, якія мелі месца пры Віценю і Гедзіміне, калі жамойцкія военачальнікі, як, напрыклад, Драйка, Спуда і Світрыла, здавалі свае крэпасці крыжакам. Відаць, урок гэты быў улічаны, і на чале жамойцкіх крэпасцяў і войск ставілі выхадцаў з усходняй (г. зн. беларускай) часткі дзяржавы. А гэта яшчэ раз пацвярджае, што Жамойці ў гэты час улада BKЛ з’яўлялася варожай, і таму немагчыма гаварыць аб так званым літоўскім (у сучасным значэнні гэтага слова) дамінаванні ў гэтай дзяржаве. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца і сведчанне Кібурга, што русінскае пісьменства без выключэння пануе ў BKЛ і што па-русінску гавораць і Вітаўт, і ўвесь яго двор. Вельмі каштоўным з’яўляецца і сведчанне Кібурга аб тым, што вялікі князь Альгерд не спачуваў язычнікам, бо быў праваслаўным хрысціянінам. А гэта зноў такі абвяргае шырока распаўсюджанае ў навуцы сцвярджэнне, што да Крэўскай уніі вялікія князі BKЛ былі язычнікамі.

Як і раней, так і цяпер, заключаючы мір з Ордэнам, Вітаўт уступае яму Жамойць. Ен таксама абавязваецца пашыраць у сваіх уладаннях каталіцкую веру. Па адной з умоў Вітаўт абавязваўся не прапускаць праз сваю тэрыторыю ніякіх войск, якія маглі ісці на Ордэн. I вось гэта асабліва ўгнявіла польскія вярхі, бо менавіта праз тэрыторыю BKЛ на Ордэн маглі ісці іх войскі.

I таму яны ўспрынялі гэта як выхад з-пад улады BKЛ. Падбухтораная імі Ядвіга напісала ліст Вітаўту, што яго ўладанні, як падначаленыя Польшчы, павінны плаціць ёй даніну. Гэта ў сваю чаргу раззлавала Вітаўта, які сабраў спецыяльны сойм, удзельнікі якога аднагалосна заявілі, што іх продкі ніколі не былі даннікамі і таму яны таксама не будуць імі. У такім духу Вітаўт даў адказ Ядвізе. Гэта прывяло яе ў гнеў, што адмоўна ўздзейнічала на яе здароўе, і ў хуткім часе яна памерла. Як бачым, гэта гісторыя зноў такі выявіла выключна адмоўныя адносіны грамадства BKЛ да Крэўскай уніі, да падначалення Польшчы.

Бачачы варожасць Польшчы да сябе, Вітаўт рашыў яшчэ больш замацаваць свой саюз з Ордэнам. 13 кастрычніка 1398 г. іх пасольствы сустрэліся на в. Салін (р. Дубіса). Цікава звярнуць увагу на тых асоб, якія тут суправаджалі Вітаўта. Гэта князі: Уладзімір, Юрый Пінскі, Міхаіл Заслаўскі, Аляксандр Старадубскі, Іван Гальшанскі і Іван Друцкі. Як бачым, гэта ўсё былі беларускія князі і ніводнага літоўскага, што гаворыць аб тым, хто быў апорай Вітаўта, хто яму радзіў і каго ён слухаў.

Па адной з умоў з крыжакамі Вітаўт павінен быў дапамагчы заваяваць ім Пскоў, а яны яму за гэта дапамогуць заваяваць Вялікі Ноўгарад. I вось, памірыўшыся з Ордэнам і не чакаючы ад яго варожых дзеянняў супроць сябе, Вітаўт рушыў да авалодання гэтым горадам і яго зямлёю, што зноў такі адбылося вельмі лёгка і нават лягчэй, як заваяванне Смаленска. Ведаючы, што ні крыжакі, ні Масква не прыйдуць на дапамогу Ноўгараду, Вітаўт накіраваў туды сваіх паслоў, каб яны аб’явілі наўгародцам вайну, і, паколькі тыя два гады назад адмовіліся падначаліцца Вітаўту на яго патрабаванне, падтрыманае і маскоўскім князем Васілём I, цяпер павінны прызнаць яго ўладу. Пазбаўленыя саюзнікаў і аслабленыя вайной з маскоўскім князем за дзвінскія землі, наўгародцы вымушаны былі прызнаць сваю залежнасць ад Вітаўта.

Здавалася, што падначаленне Смаленска і Ноўгарада (а гэта было мэтай Полацкага княства на ўсім працягу яго гісторыі) нарэшце ажыццявілася так бліскуча і так лёгка Вітаўтам. Аднак, як пакажуць далейшыя падзеі, усё гэта было вынікам кароткачасовай і спрыяльнай палітычнай кан’юнктуры. Але для Вітаўта гэтыя перамогі, якія значна павялічылі прастору і сілу яго дзяржавы, сталі грунтам для больш грандыёзнай яго мэты, ажыццявіць якую ён вырашыў у 1399 г.