І хрысціянства, i язычніцтва

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

І хрысціянства, i язычніцтва

У гістарычнай літаратуры пануе думка, што BKЛ да Крэўскай уніі было язычніцкай дзяржавай і што, натуральна, яе ўзначальвалі вялікія князі-язычнікі. Аднак такое сцверджанне, як і шэраг іншых, што датычыць гісторыі гэтай дзяржавы, з’яўляецца вынікам тэндэнцыйнасці даследчыкаў, якія наўмысна не ўлічвалі відавочныя гістарычныя факты.

Як можна гаварыць аб BKЛ як язычніцкай дзяржаве, прынамсі, да Крэўскай уніі, калі ўжо першай яе сталіцаю стаў праваслаўна-хрысціянскі Новагародак, а яе першы вялікі князь Міндоўг, перш чым заняць свой пасад, павінен быў у 1246 г. разам са сваімі баярамі прыняць «веру Христову от Востока» (г. зн. праваслаўе). У 1252 г. ён з палітычных мэт прымае каталіцкую веру і каралеўскую карону ад рымскага папы. Другі вялікі князь Войшалк — сын Міндоўга — быў, як вядома, настолькі адданы праваслаўю, што прыняў манаскі чын і заснаваў манастыр. Свой велікакняскі пасад Войшалк перадаў праваслаўнаму Шварну — сыну Данілы Галіцкага. Не мог быць язычнікам і наступны вялікі князь Трайдзень, хаця ён такім і характарызуецца ў Галіцка-Валынскім летапісе, а адсюль і ў гістарычнай літаратуры. Як мы ўжо зазначалі, ён не мог быць язычнікам і тым больш літоўцам, бо меў славянскае імя, як, дарэчы, і яго чатыры браты, што, паводле таго ж Галіцка-Валынскага летапісу, з’яўляліся хрысціянамі. У той час існавала завядзёнка называць бязбожнікамі, паганымі, язычнікамі ўсіх сваіх ворагаў незалежна ад веравызнання. Яскравы прыклад — Трайдзень, які зацята ваяваў з галіцка-валынскімі князямі і атрымаў ад іхняга летапісца адпаведную характарыстыку. Ды зноў-такі праваслаўны Новагародак, асабліва калі ўлічыць, што перад гэтым тут княжыў надзвычай шчыры праваслаўны Войшалк, не пацярпеў бы на сваім пасадзе язычніка. А ці мог Віцень, будучы язычнікам, увесці дзяржаўны герб — «Пагоню», дзе на шчыце «збройнага» рыцара была выява крыжа? Невыпадкова таксама ж тое, што полацкі епіскап Якаў называў Віценя «сынам сваім».

Пасля прыведзеных відавочных фактаў наўрад ці можна гаварыць, што Гедзімін быў язычнікам і што ён быў «першым з літоўскіх вялікіх князёў, якія зразумелі неабходнасць прыняцця хрысціянства». Аднак менавіта ў сувязі з Гедзімінам і найбольш сцвярджаецца аб перавазе язычніцтва ў BKЛ. Што ж з’явілася падставай для такога погляду? Гэтаму садзейнічала некалькі акалічнасцяў. Найперш успрыняцце Княства як краіны, дзе дамінавала язычніцтва, што ішло з Ордэна і Рыгі, паколькі яны межаваліся з Жамойціяй, якая сапраўды была язычніцкай. Дзякуючы гэтаму і стваралася ўражанне, нібыта язычніцтва пануе ва ўсім BKЛ, а Гедзімін — кароль язычнікаў, што і знайшло адбіццё ў нямецкіх хроніках.

Аднак гэта зусім не адпавядае сапраўднасці. Жамойція і іншыя балцка-літоўскія землі складалі ў дзяржаве значна меншую частку абшару ў параўнанні з беларускімі, якія дамінавалі ў ёй і насельніцтва ў якіх было ў цэлым хрысціянска-праваслаўным. I таму паўстае пытанне: ці магло яно падначальвацца вялікаму князю-язычніку?

Але найбольш важным аргументам на карысць перавагі язычніцтва ў BKЛ з’яўляецца шэраг дакументаў 1322–1324 гг., якія нібыта сведчаць аб намеры Гедзіміна ахрысціць сваю дзяржаву ў каталіцкую веру. I сапраўды аб гэтым сведчыць пасланне Гедзіміна рымскаму папу Іаану XXII у 1322 г. Аднак дэталёвы разгляд гэтага і іншых, звязаных з ім, дакументаў наводзіць на думку, што гаворка ішла не столькі аб хрышчэнні язычнікаў, колькі аб перахрышчэнні праваслаўных у католікаў. Так, у лісце стража прускіх мінарэтаў Мікалая да вернікаў ад 25 лістапада 1323 г. гаворыцца аб Гедзіміне, што ён «жадае з усімі прыбліжанымі і з усім каралеўствам ахрысціцца». Зразумела, што ўсе «прыбліжаныя» Гедзіміна і ўсё яго каралеўства не складалася толькі з язычнікаў. Можа, гэта непраўдзівае сведчанне? Але вось у буле Іаана XXII ад 1 чэрвеня 1324 г., якая павінна была служыць інструкцыяй і адначасова пацвярджаць паўнамоцтвы легатаў, якія накіроўваліся да Гедзіміна з мэтаю хрышчэння, увесь час гаворыцца аб «схізматыках», якія павінны будуць прызнаць уладу папы рымскага, а пра літоўскіх язычнікаў у ёй прама не ўпамінаецца, і нават сам Гедзімін лічыцца, як відаць, схізматыкам. Такім чынам, папскае пасольства ехала да Гедзіміна з яснай мэтай: перавесці праваслаўнае насельніцтва (у тым ліку і самога Гедзіміна), г. зн. «схізматыкаў», у каталіцкую веру. Прычына такога намеру Гедзіміна ясная: ён хацеў тым самым пазбавіцца ад нападаў крыжакоў. Яго пасланне да папы перапоўнена скаргамі на крыжакоў і шматлікімі фактамі разбурэнняў і рабаўніцтваў, што чыніліся крыжакамі. Магчыма, прыняцце каталіцтва пазбавіла б, на ягоную думку, крыжакоў аднаго з іх заўсёдных і галоўных апраўданняў, што, маўляў, усё рабілася пад знакам пашырэння веры Хрыстовай, і менавіта — каталіцкай. Аднак рэч у тым, што, калі пасольства прыбыло ў Вільню і перайшло непасрэдна да клопатаў аб хрышчэнні, Гедзімін адмовіўся ад ранейшага намеру, сказаўшы, што ён гэтага не прасіў пісаць у сваім пасланні і што яго словы пра хрышчэнне самахоць напісаў яго сакратар манах Бертольд.

Але ўсё-такі калі меркаваць, што Гедзімін меў сапраўды намер правесці хрышчэнне ў каталіцкую веру (а гэта пацвердзіў яго перакладчык), дык што прымусіла яго адмовіцца? Адказ далі папскія легаты. Яны даведаліся, што супроць хрышчэння выступілі жамойты, але не па сваёй ініцыятыве, а па нагаворы прускіх крыжакоў, ад якіх яны атрымлівалі багатыя дары. Што ж, гэта цалкам зразумела, бо ў выпадку хросту існаванне прускага Ордэна страціла б усялякі сэнс, паколькі ён меў сваім галоўным абавязкам пашыраць хрысціянства сярод язычнікаў, у тым ліку і сярод жамойтаў.

Варта таксама падкрэсліць: хрышчэнне ў каталіцкую веру сарвалася не толькі па віне падкупленых жамойтаў, але і ў выніку пазіцыі праваслаўнага насельніцтва, што таксама адзначана ў згаданым раней дакуменце. Якраз другая прычына і была галоўнаю, бо праваслаўныя складалі ў краіне большасць. Апроч таго, сталіца дзяржавы Вільня таксама была пераважна славянскім горадам і моцным асяродкам праваслаўя. Гедзімін не мог з усім гэтым не лічыцца, што, па сутнасці, і закрэсліла захады па прыняцці каталіцтва.