Вітаўт пачынае барацьбу i перамагае

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Вітаўт пачынае барацьбу i перамагае

Аднак мірнае жыццё ў BKЛ пасля задушэння полацкага паўстання цягнулася нядоўга, што і зразумела. Крэўская унія, прынятая вузкім колам вярхоў дзяржавы, выклікала незадаволенасць ва ўсіх слаях насельніцтва. Усё гэта ўлічыў Вітаўт, калі пачаў сваю барацьбу з Ягайлам і Скіргайлам. Вядома ж, у гэтых адносінах нельга адмаўляць асабістыя амбіцыі князя. Найперш ён быў незадаволены тым, што Ягайла сваім намеснікам у BKЛ паставіў не яго, на што ён разлічваў і таму прымаў такі актыўны ўдзел у заключэнні Крэўскай уніі, а Скіргайлу. Па-другое, як і раней, перад Крэўскай уніяй, Ягайла не аддаў Вітаўту Троцкага княства, якое апошні лічыў уласнай спадчынай пасля смерці свайго бацькі Кейстута. Гэта, як мы ведаем, было адной з прычын яго ранейшай барацьбы з Ягайлам. Цяпер Вітаўту было вельмі крыўдна і балюча бачыць тое, чаго не было раней, каб чужыя людзі валодалі BKЛ. Таму ён і распачаў барацьбу як за свае асабістыя інтарэсы, так і за адваяванне дзяржаўнай самастойнасці BKЛ, якую фактычна закрэсліла Крэўская унія.

Сваё часовае знаходжанне ў Луцку, які належаў яму, ён і прысвяціў падрыхтоўцы да рашучага змагання. Тое, што ён тут заручыў сына Дзмітрыя Данскога Васіля, які прабіраўся з Залатой Арды ў Маскву, са сваёй дачкой Сафіяй, можа сведчыць аб тым, што Вітаўт шукаў падтрымку з боку Маскоўскай дзяржавы. Вось гэта менавіта і выклікала падазронасць і неспакой польскіх вярхоў. I хаця Вітаўт запэўніваў пасланцаў з Кракава, што яго сустрэча з Васілём насіла выключна асабісты характар, яму не паверылі, а пасланага Вітаўтам у Кракаў баярына Кучку там закатавалі. Усё гэта яўна паказвала на дасведчанасць у Кракаве аб намерах Вітаўта, і ён, не трацячы часу, прыступіў да рашучых дзеянняў. Найперш ён абапёрся на Берасцейскую і Гарадзенскую землі, якія яму належалі і ў якіх ён пакінуў моцныя атрады. Ён таксама ўвайшоў у зносіны з жыхарамі Вільні, якія былі асабліва незадаволены канцлерам-палякам Кліментам. Аднак спроба Вітаўта ўвесці ўзброены атрад у выглядзе вазоў з правіянтам у Вільню была раскрыта, і ён вымушаны быў уцякаць з BKЛ. Не знайшоўшы падтрымкі ў мазавецкіх князёў Януша і Земавіта, якія былі яго сваякамі, ён накіроўваецца ў Прускі ордэн. Загадзя аб гэтым ён паведаміў праз Андрэя Полацкага і брата Івана, якіх паслаў туды. Усё гэта можа сведчыць аб падтрымцы Андрэем Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам.

Як бачым, нягледзячы на тое, што крыжакі былі заклятымі ворагамі BKЛ, тым не менш, дзеячы гэтай дзяржавы ва ўзаемнай барацьбе звярталіся па дапамогу да Ордэна, які заўсёды з ахвотай адгукаўся на іх звароты, бо гэта давала крыжакам магчымасць умешвацца ва ўнутраныя справы BKЛ і тым самым рабаваць яго зямлю.

Мы ўжо ведаем, што ў час ранейшай барацьбы з Ягайлам у 1384 г. Вітаўт, апынуўшыся тут, пасля здрадзіў Ордэну, каб памірыцца з вялікім князем. Таму крыжакі, памятаючы пра тое, каб не паўтарылася ранейшае, узялі ў якасці закладнікаў яго жонку Ганну, двух малалетніх сыноў, шэраг іншых сваякоў і многіх баяр, размясціўшы іх па розных месцах. Апроч таго, Вітаўт павінен быў тут і ахрысціцца, і яго хроснымі бацькамі былі комтур Вігунд і жонка войта Тапіева. На гэты факт патрабуецца асаблівая ўвага. Сапраўды, навошта было зноў ахрышчвацца Вітаўту ў каталіцтва, калі ён пераходзіў у гэту веру ў час яшчэ першага знаходжання ў Ордэне і ў выніку Крэўскай уніі. I пэўна ж, аб гэтым і зараз было вядома ў Ордэне. 3 такога вельмі яскравага факта можна зрабіць вывад, што ў той час ад кожнага, хто прыбываў у іншую дзяржаву, патрабавалася відавочнае сведчанне яго прыналежнасці да прынятай там веры. I гэта, відаць, адносілася і да праваслаўнай веры. I таму хрышчэнне таго ці іншага так званага літоўскага князя (Міндоўга ў Новагародку, Таўцівіла ў Полацку, Даўмонта ў Пскове) магло быць іх перахрышчэннем, як і Вітаўта ў Ордэне.

Як і ў 1384 г., так і зараз Вітаўт дае абавязацельства ў выпадку сваёй перамогі аддаць Ордэну Жамойць. Пасля гэтага вялікае рыцарскае войска рушыла на Вільню. Аднак паход быў няўдалым, сталіца не была захоплена. Не быў удалы і другі паход на Вільню. Варта адзначыць, што ў Я. Длугаша і ў «Хроніцы Быхаўца» пры апісанні гэтых падзей упамінаюцца Крывы Горад і Крывы Замак у Вільні. А гэта азначае, што яшчэ ў той час памяталася тое месца, адкуль пачыналася Вільня, заснаваная крывічамі, чаму яна і называлася спачатку Крывічгорадам, або пазней Крывым Горадам, а замак тут — Крывым Замкам. Менавіта ў гэты час войскам Вітаўта і быў знішчаны Крывы Замак, і таму памяць аб ім у далейшым забылася.

Апроч рыцарскіх паходаў на Вільню, вялікую трывогу Ягайлу прыносіла тая міжусобная барацьба, якая разгарэлася ў ВКЛ паміж прыхільнікамі Ягайлы і прыхільнікамі Вітаўта. Усё гэта магло прывесці да катастрафічнага выніку, і таму Ягайла як і ў 1384 г., так і зараз вырашыў ісці на кампраміс з Вітаўтам. Ён пасылае да яго давераную асобу з прапановаю разарваць саюз з Ордэнам і прыбыць у Вільню для перамоў аб міры. Гэтак жа як і ў 1384 г., так і ў 1392 г. павёў сябе і Вітаўт: ён разрывае саюз з Ордэнам, знішчае некаторыя яго замкі і прыбывае ў Вільню. Праўда, зараз гэта было Вітаўту жорстка адплачана. Рыцары, даведаўшыся аб здрадзе ім Вітаўта, атруцілі яго двух малалетніх сыноў, а брата Жыгімонта, які таксама з’яўляўся закладнікам, закавалі ў ланцугі і кінулі ў цямніцу. Пэўна ж, Вітаўт прадбачыў такія сумныя вынікі яго разрыву з Ордэнам, аднак яго гэта не стрымала ад рашучых дзеянняў. Усё гэта можа характарызаваць Вітаўта як чалавека, які ў імя дзяржаўных інтарэсаў мог ісці на вялікія асабістыя ахвяры.

4 жніўня 1392 г. паміж Ягайлам, які спецыяльна дзеля гэтага прыехаў разам з Ядвігаю, і Вітаўтам была падпісана дамова, паводле якой апошні атрымліваў велікакняжацкую годнасць самастойнага гаспадара сваёй дзяржавы. Відаць, пры ўдзеле Ягайлы адбылося прымірэнне Вітаўта са Скіргайлам. Трэба зазначыць, што звесткі аб выніках другога паходу Вітаўта супярэчлівыя. Некаторыя крыніцы гавораць, што Вітаўт, узяўшы Вільню, захапіў Скіргайлу ў палон і пасадзіў яго ў турму. Калі сапраўды так было, то Ягайла, пэўна ж, заступіўся за Скіргайлу, які і быў вызвалены. I ў далейшым ён знаходзіўся ў згодзе з Вітаўтам, пра што і будуць сведчыць наступныя падзеі.

I хаця Вітаўт абавязваўся дапамагаць Польшчы ў выпадку нападу на яе, аднак заключаная дамова азначала правал польскіх вярхоў у адзін прыём падначаліць сабе BKЛ. Але гэта іх няўдача не прымусіла наогул адмовіцца ад першапачатковага намеру. Навучаныя горкім вопытам няўдачы першай спробы, яны рашылі, як пакажуць далейшыя падзеі, перайсці да тактыкі паступовага падначалення сабе BKЛ, што і выявіцца ў шматразовых перазаключэннях уніі. Усё гэта ішло па шляху пашырэння каталіцызму, трывалым грунтам чаго была грамата Ягайлы аб прывілеях баяр-католікаў. Безумоўна, што такія абставіны не маглі не ўздзейнічаць на характар княжання Вітаўта, не маглі не абмяжоўваць самастойнасць дзяржаўнай дзейнасці. А гэта ўрэшце і закладвала асновы для рэзкага дзяржаўнага ўпадку BKЛ пасля смерці Вітаўта.