Сыны Гедзіміна i ix удзелы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Сыны Гедзіміна i ix удзелы

Незалежна ад таго, ці Гедзімін загінуў у баі, ці быў атручаны, смерць яго была раптоўнай і таму заўчаснай, што спарадзіла шэраг праблем у жыцці дзяржавы.

Гедзімін — першы вялікі князь пасля Міндоўга, аб дзецях якога мы маем пэўныя звесткі. Сапраўды, мы нічога не ведаем пра нашчадкаў Трайдзеня — кім яму даводзіліся Будзікід, Будзівід і Лютувер. Праўда, у некаторых пазнейшых летапісах сынам Трайдзеня называецца Пялюза, ад якога нібыта велікакняскі пасад адабраў Віцень. Хаця ў П. Дузбурга і сказана, што бацька Віценя быў Лютувер, аднак мы маем справу з адзіным сведчаннем, праўдзівасць якога можа выклікаць вялікія сумненні. Няма таксама пэўнасці, кім быў Гедзіміну Віцень: братам ці сынам? Што да нашчадкаў Гедзіміна, дык тут поўная яснасць: ён меў сем сыноў і пяць дачок. Магчыма, тое, што князь пакінуў пасля сябе такі шматлікі род, трэба лічыць адной з найбольшых яго заслуг у гісторыі сваёй дзяржавы.

Многія даследчыкі ставілі ў заслугу Гедзіміну тое, што ён ажыццяўляў шлюбы сваіх сыноў і дачок дзеля дасягнення дзяржаўных мэт. Як намі ўжо адзначалася, так рабілі ўсе гаспадары дзяржаў, і Гедзімін не быў выключэннем. Аднак гэтыя шлюбы мелі значэнне толькі ўпачатку, калі імі падмацоўваўся заключаны палітычны саюз, а ў далейшым яны трацілі сваё значэнне і зусім не стрымлівалі развалу міждзяржаўных пагадненняў. Для прыкладу ўспомнім, што шлюб Гедзімінавай дачкі Ганны хоць і садзейнічаў збліжэнню Польшчы і Вялікага княства, але не спыніў яго развалу. Шлюб другой Гедзімінавай дачкі з Давыдам Гарадзенскім меў значэнне не таму, што ён уводзіў у кола велікакняскай сям’і найбольш выдатнага прадстаўніка рускай (чытай — беларускай) народнасці (з яе прадстаўнікоў складаўся тады велікакняскі двор, уключаючы і самога ўладара), а таму, што ён у найбольшай ступені садзейнічаў умацаванню сілы ўсёй дзяржавы, якая тады асабліва цярпела ад крыжацкіх нападаў. Мы ўжо не гаворым аб шлюбе Гедзімінавай дачкі Анастасіі з вялікім князем маскоўскім Сімяонам Іванавічам, бо гэта ніколькі не садзейнічала збліжэнню дзвюх дзяржаў. Што да выхаду Марыі Гедзімінаўны замуж за цвярскога князя Дзмітрыя Міхайлавіча, то не столькі шлюб садзейнічаў збліжэнню гэтай зямлі з Вялікім княствам, колькі яе варожасць да Масквы, што і прымусіла Дзмітрыя Міхайлавіча шукаць дапамогі ў Гедзіміна.

Аднак для нас большае значэнне маюць сыны Гедзіміна, іх лёс, іх месца ў дзяржаўным жыцці. Летапісы назвалі іх імёны і месцы іх княжання. Праўда, гэтыя крыніцы пазнейшага часу і таму звесткі іх не пазбаўлены блытаніны. Так, у адносінах да старэйшага сына Монвіда сказана, што яму былі аддадзеныя Карачаў і Слонім. У той час Карачаў, які знаходзіўся ў вярхоўях Акі, не ўваходзіў у склад Вялікага княства. Некаторыя даследчыкі замяняюць яго Кернавам, што болей верагодна. Наступны сын Нарымонт, як ужо адзначалася, быў пасаджаны ў Пінску. Зноў такі застаецца невядомым — калі: да таго, як ён паехаў у Наўгародскую зямлю, ці пасля, калі адтуль вярнуўся. Найверагодней, што да гэтага, бо пад 1338 г. у Полацку княжыў Глеб. Гэта імя насіў і Нарымонт. Былая сталіца дзяржавы Новагародак дастаўся Карыяту. Альгерду таксама пашчасціла стаць князем у двух удзелах. Маючы Крэва, ён у 1318 г. жэніцца з віцебскай князёўнаю Марыяй і пасля смерці яе бацькі Яраслава Васільевіча ў 1320 г. становіцца адначасова і віцебскім князем. Увесь заходні край дзяржавы з Жамойцю, Берасцем і Гарадзенам быў адданы Кейстуту. Любарт, які перасяліўся на Валынь, у 1325 г. стаў князем у Луцку. А самы малодшы Гедзімінаў сын Яўнут застаўся ў сталіцы — Вільні.

Апошняя акалічнасць і дала падставу некаторым даследчыкам лічыць, што Яўнут быў прызначаны самім Гедзімінам як пераемнік яго велікакняскай улады. Аднак такому меркаванню супярэчаць некаторыя факты. Рэч у тым, што Гедзімін саджаў сваіх сыноў у тых ці іншых удзелах па меры дасягнення імі паўналецця. Так, вядома, што, беручы шлюб з віцебскай князёўнаю Марыяй у 1318 г., Альгерд ужо валодаў Крэвам. Засталося і сведчанне, што Карыят у 1329 г. стаў князем у Новагародку, дзе нават быў каранаваны. Ужо гэтых фактаў дастаткова, каб упэўніцца, што сыны Гедзіміна атрымлівалі ўдзелы ад бацькі пры яго жыцці. Што да Яўнута, то ён быў самы малодшы і непаўналетні, таму і жыў пры бацьку ў Вільні. Паколькі смерць Гедзіміна была раптоўнаю, ён не змог прызначыць свайго пераемніка на велікакняскі пасад, і ім з прычыны такой выпадковасці стаў Яўнут, што, як убачым далей, і прывяло да пазбаўлення яго велікакняскага пасада.

Але, як мы ўжо ведаем, у апошні час на падставе новых крыніц сцвярджаецца аб існаванні яшчэ аднаго сына Гедзіміна — Вітаўта, які, будучы троцкім князем, і загінуў у 1341 г. пад Байербургам. I ўсё ж у праўдзівасці гэтага ёсць вялікія сумненні. Па-першае, вядома, што троцкім князем быў Кейстут. Зразумела, ён мог узысці на свой пасад пасля смерці Вітаўта. Але ж гэта магло адбіцца ў летапісах BKЛ, якія між тым Вітаўта не ўпамінаюць. Праўда, у крыніцах згадваецца сын Вітаўтаў Юрый. Сапраўды, у Пскоўскім I летапісе пад 1339 г. (у Пскоўскім II — пад 1341 г.) гаворыцца пра Юрыя (у адным месцы ён названы Георгіем) Вітаўтавіча, які быў ваяводам у Альгерда (у той час віцебскага князя) і дапамагаў пскоўцам у барацьбе з крыжакамі. Звычайна ваяводамі былі людзі спрактыкаваныя ў вайсковай справе. Такім чалавекам наўрад ці мог быць Юрый Вітаўтавіч, калі прыгадаць, што Гедзімін нарадзіўся, як лічаць некаторыя даследчыкі, каля 1275 г. 3 гэтага можна вывесці, што ягонаму ўнуку да 1339 г. магло быць 20–25 гадоў, а то і меней. Усё гэта робіць сцверджанне аб Вітаўце як сыне Гедзіміна і яго ўнуку праблематычным.

Аднак пяройдзем да разгляду падзей гпасля Гедзімінавай смерці. Як вядома, князь загінуў у самы разгар барацьбы з Ордэнам, які наступаў на Жамойць. Даведаўшыся пра гібель Гедзіміна, крыжакі яшчэ з большай рашучасцю сталі пранікаць у глыб зямлі і ўварваліся ў кернаўскія ўладанні Монвіда. Гэта і прымусіла яго зрабіць паход супроць Прускага ордэна. Крыжакі ў некалькіх сутычках былі разбітыя, а іх прымежная паласа — спустошаная, а магістр Людольф Кент вымушаны быў заключыць мір, у падпісанні якога ўдзельнічалі Альгерд і Кейстут, але не ўдзельнічаў Яўнут. Гэта ў ліку іншага сведчыць, што Яўнут тады вялікім князем не быў.

У сваю чаргу Любарт пачаў барацьбу з польскім каралём Казімірам за Валынскую зямлю, у выніку чаго яму ўдалося завалодаць Уладзімірам-Валынскім, Крамянцом і Белзам. Адначасова Кейстут і Альгерд арганізавалі набегі сваіх атрадаў на Мазовію, што ў значнай ступені дапамагло Любарту.