Гісторыя пытання

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Гісторыя пытання

Часцей за ўсё тэндэнцыйна скажаецца пачатковая гісторыя той ці іншай дзяржавы. Так здарылася і з гісторыяй BKЛ, першыя старонкі якой да непазнавальнасці зацемнены міфам аб літоўскім заваяванні Беларусі. Ён мае даўнюю гісторыю. Яго ўзнікненне адносіцца да XVI ст., калі ішла абвостраная барацьба Маскоўскай дзяржавы за беларускія і ўкраінскія землі, якія знаходзіліся ў той час у складзе BKЛ. Тады была выкарыстана не толькі вайсковая сіла, але і ідэалагічныя сродкі барацьбы. Патрэбна было абгрунтаваць законныя правы Рускай дзяржавы на Беларусь і Украіну. Гэта і было адной з мэт літаратурна-публіцыстычнага твора «Сказание о князьях владимирских», які з’явіўся ў першай трэці XVI ст. Дзеля гэтага ў яго і быў уключаны раздзел «Родословие литовских князей», змест якога коратка зводзіцца да наступнага.

Ратуючыся ад татарскага пагрому Батыя, нейкі Віцянец, які нібыта быў родам са смаленскіх князёў, уцёк у Жамойць (так тут называецца Літва), пасяліўся там і ажаніўся з дачкой бортніка. Праз трыццаць гадоў ён быў забіты перуном. Пасля гэтага жонку Віцянца забраў ягоны раб конюх Гегіменік. I вось у хуткім часе маскоўскі князь Юрый Данілавіч паслаў гэтага Гегіменіка «на Волоскую землю и на Киевьскую (г. зн. на Украіну) и на обь сю страну Меньска (г. зн. Беларусь)» браць з іх царскія даніны. Гегіменік, «мужь храбр зело и велика разума», беручы даніну, назбіраў шмат багацця, пачаў валодаць многімі землямі і, дзякуючы нязгодам і міжусобіцам паміж рускімі князямі, стаў першым вялікім літоўскім князем. Палітычная мэта гэтай выдуманай гісторыі пра літоўскіх князёў Віценя і Гедзіміна была ясная: літоўскія князі, выкарыстаўшы цяжкі для Русі час, самаўпраўна прысвоілі сабе беларускія і ўкраінскія землі і цяпер павінны вярнуць іх законным гаспадарам — маскоўскім князям.

Зразумела, што ў BKЛ усё гэта не магло застацца без адказу. Тым больш, што ў 1561 г. гэта дзяржава ўступіла ў Лівонскую вайну, і пагроза страты беларускіх земляў стала рэальнасцю: у пачатку 1563 г. войскі Івана Грознага занялі Полацк. У гэты крытычны момант і з’явіліся летапісы, якія ў сучаснай навуцы прынята называць беларуска-літоўскімі, бо ў іх, як лічыў М. М. Улашчык, выкладаецца гісторыя ВКЛ і напісаны яны на беларускай мове. Менавіта яны і пазней створаная ў значнай меры на іх аснове «Хроніка» польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага побач з іншым павінны былі даказаць гістарычныя правы BKЛ на беларускія землі, у тым ліку і на Полацк, заняты ў той час рускімі войскамі. Захоп літоўскімі князямі беларускіх земляў гэтыя летапісы і «Хроніка» Стрыйкоўскага, як і «Сказание о князьях владимирских», таксама адносяць да часу нашэсця Батыя, толькі прыпісваюць гэта іншым асобам, а менавіта жамойцкім князям. Чаму гэта так, стане зразумелым, калі прыгадаць, што апошнія ў той час апынуліся ў больш выгадным становішчы. У выніку Грунвальдскай перамогі (1410) спыніліся напады нямецкіх крыжакоў на Жамойць (заходняя частка сучаснай Літвы). У той жа час шматлікія войны, якія вяліся ў XV–XVI стст. паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, адбываліся на беларускіх землях, што аслабляла ў дзяржаве пазіцыі іх феадалаў. Жамойцкія магнаты, адчуўшы сваю сілу, сталі прэтэндаваць на першынство ў дзяржаве і таму імкнуліся прыпісаць сабе і заслугу ў яе стварэнні. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы «Хронікі» Стрыйкоўскага адыграў біскуп Гедройц — ідэолаг жамойцкай нацыянальнай партыі ў другой палове XVI ст. Ён забяспечыў Стрыйкоўскага шматлікімі і, відаць, тэндэнцыйна адрэдагаванымі ім летапісамі. Гедройц і фінансаваў выданне «Хронікі» ў Кёнігсбергу ў 1582 г.

Таму не дзіўна, што, паводле некаторых летапісаў і «Хронікі» Стрыйкоўскага, менавіта вялікі князь жамойцкі Мантвіл, убачыўшы, што ў выніку нашэсця Батыя рускія землі спустошаны і князі рускія разагнаны, даў войска свайму сыну Ердзвілу, і той, перайшоўшы Вяллю, а пасля і Нёман, знайшоў гару прыгожую і заснаваў на ёй горад, назваўшы яго Новагародкам і зрабіўшы яго сваёй сталіцаю (ужо адно тое, што жамойцкі князь даў створанаму ім гораду славянскую назву, сведчыць аб выдуманасці гэтай падзеі). Пасля гэтак жа сама ўзнавіў іншыя гарады, разбураныя Батыем.

Аўтары летапісаў і Стрыйкоўскі да непазнавальнасці заблыталі гісторыю, паперастаўлялі падзеі, перайменавалі гістарычных асоб, а то і проста рабілі падлог. У гэтых адносінах характэрная перадача падзей, якія нібыта прывялі да заваявання Літвой Полацка. Тут засталіся некаторыя дэталі, якія даюць магчымасць аднавіць гістарычную праўду. У Іпацьеўскім летапісе пад 1162 i 1167 гг. апавядаецца пра міжусобную барацьбу полацкіх і менскіх князёў. У 1162 г. полацкі князь Рагвалод пайшоў на аднаго з менскіх князёў Валадара Глебавіча. Апошні,ухіліўшыся ад бою днём, ноччу наступіў са сваім войскам, набраным з «літвы», на палачан і разбіў іх пад Гарадком. Паражэнне было страшэнным, і Рагвалод пабаяўся варочацца назад у Полацк. Палачане ўзялі сабе новога князя Усяслава Васількавіча. У 1167 г. ужо сам Валадар Глебавіч пайшоў на Полацк і перамог палачан. Усяслаў Васількавіч уцёк з Полацка ў Віцебск, а Валадар Глебавіч стаў на кароткі час полацкім князем, пакуль не быў разбіты на Дзвіне.

Для аўтараў летапісаў гэтыя падзеі і з’явіліся вельмі зручнымі для апрацоўкі іх у патрэбным кірунку. У іх падзеі 1162 і 1167 гг. аб’яднаны ў адно, Валадар Глебавіч названы Мінгайлам — сынам жамойцкага князя Ердзвіла, які быццам бы княжыў у Новагародку. Дык вось нібыта пасля смерці бацькі Мінгайла, разбіўшы палачан пад Гарадком, захапіў Полацк і стаў адначасова вялікім князем полацкім і новагародскім. Пасля яго смерці засталіся два сыны, адзін з якіх, Гінгвіл, стаў быццам бы княжыць у Полацку. Ён, ажаніўшыся з цвярской князёўнай Марыяй, прыняў хрысціянства. Пасля яго смерці ў Полацку княжыў яго сын Барыс, які заснаваў горад Барысаў і пабудаваў у Полацку царкву святой Сафіі. Каб зрабіць гэтыя звесткі яшчэ больш пераканаўчымі, Стрыйкоўскі ў сваёй «Хроніцы» сцвярджаў, што на свае вочы бачыў недалёка ад Полацка Барысаў камень, на якім было напісана: «Помоги Господи рабу твоему Борису, сыну Гингвилову». Няма чаго казаць, што ўсё гэта выдумка. Барысавага каменя з такім надпісам ніколі не існавала і не магло існаваць, бо полацкі князь Барыс быў сынам славутага Усяслава Чарадзея. I наогул, полацкія князі не маглі паходзіць ад жамойцкіх, бо княжылі задоўга да апошніх. Гаворка тут можа ісці пра адваротнае — пра паходжанне князёў Літвы ад полацкіх, што мае пад сабой, як мы ўбачым далей, рэальныя падставы.

Пра тое, як фальсіфікаваў Стрыйкоўскі гісторыю ў кірунку перабольшвання літоўскай сілы і небяспекі, яскрава сведчыць такі факт, прыведзены ў свой час М. Дашкевічам. Рускі летапіс пад 1089 i 1103 гг. паведамляў, што на рускую зямлю напалі «прузи», г. зн. саранча. Пад пяром польскага храніста XV ст. Я. Длугаша «прузи» ператварыліся ў прусаў, адно з балцкіх плямёнаў. Стрыйкоўскі ж, беручы гэта месца ў Длугаша, да прусаў дадаў яшчэ літоўцаў і яцвягаў. Так былі ўнесены ў «Хроніку» прыдуманыя напады прусаў, літоўцаў і яцвягаў на рускую зямлю.

Такім чынам, у XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве і ў BKЛ узнікла версія пра заваяванне Беларусі Літвой. Толькі ў «Сказании о князьях владимирских» даводзілася, што літоўскі князь Гегіменік прысвоіў беларускія і ўкраінскія землі пасля даручэння яму маскоўскім князем сабраць з іх даніну для сябе, а беларуска-літоўскія летапісы і «Хроніка» Стрыйкоўскага сцвярджалі, што жамойцкія князі па сваёй ініцыятыве ўзялі пад апеку беларускія землі, спустошаныя татарамі. Кожны з гэтых варыянтаў, як мы бычылі, адпавядаў палітычным мэтам варагуючых дзяржаў. У далейшым гістарычная навука высветліла, што не існавала ніякіх ні Мантвіла, ні Ердзвіла, ні Мінгайлы, ні Гінгвіла. Аднак міф пра заваяванне Беларусі Літвой застаўся. На месца іх былі знойдзены іншыя кандыдаты на ролю заваёўнікаў, у прыватнасці Міндоўг, які па сённяшні дзень фігуруе ў гэтай ролі.

Жывучасць версіі пра літоўскае заваяванне Беларусі тлумачыцца тым, што яна была выкарыстана рускай дакастрычніцкай гістарыяграфіяй з мэтай пацвярджэння рэакцыйнага тэзіса пра выратавальнае значэнне для Расійскай імперыі самадзяржаўя. Афіцыйныя гісторыкі і сканструявалі схему, паводле якой Расія ў выніку заняпаду самадзяржаўя слабела, а Літва нібыта ў выніку зараджэння ў ёй моцнай манархічнай улады Міндоўга мацнела і таму яна стала для Рускай дзяржавы такім жа страшным ворагам з захаду, як татары з усходу

В. Тацішчаў казаў: «Тогда татары, нашед, всем обладали, литовцы бывшую под властию многую часть государства отторгнули». Тое ж самае паўтарыў i С. Салаўёў: «Русь находилась между двумя страшными врагами: татарамн с востока и Литвой с запада». Гэта сцвярджалі і іншыя гісторыкі XIX ст. Не дзіўна таму, што ў дакастрычніцкай гістарыяграфіі тэзіс пра літоўскае заваяванне стаў догмай.

I ў савецкай гістарыяграфіі пытанне ўтварэння BKЛ таксама не атрымала дэталёвага асвятлення. Таму ў падручніках і працах па гісторыі літоўскае заваяванне Беларусі прымалася безагаворачна, як нешта добра вядомае. Пра гэта сведчыць і кніга У. Пашуты «Образование Литовского государства» (1959), а таксама адпаведныя артыкулы «Советской исторической энциклопедии» і іншыя выданні. Вось характэрнае для гістрычнай навукі тлумачэнне прычын літоўскага заваявання Беларусі і ўтварэння Літоўскай дзяржавы: «Літоўскія князі са сваімі дружынамі, карыстаючыся феадальнай раздробленасцю заходніх земляў Русі і Польшчы, часта ўрываліся ў іх прасторы. Уварванне літоўцаў у заходнія землі Русі стала асабліва частым з другой паловы XII ст. У 20-х гадах XIII ст. дружыны літоўскіх князёў гаспадарылі ў Полацкай зямлі, нападаючы адсюль на паўднёвыя ўскраіны Смаленскага княства і Чарнігаўшчыну. Літоўскія князі, скарыстаўшы цяжкую барацьбу рускага народа з татара-манголамі на ўсходзе і нямецкімі агрэсарамі на захадзе, сталі падначальваць сваёй уладзе землі заходняй Русі. Адзін з літоўскіх князёў, Міндоўг, падначаліў сабе другіх князёў Літвы і захапіў землі па верхнім цячэнні Нёмана. Гэтым быў пакладзены пачатак стварэнню Літоўскай дзяржавы. Утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў, якія хацелі ўмацаваць сваё панаванне над літоўскім сялянствам і ўсталяваць сваю ўладу ў суседніх землях Русі».

Такім чынам, тут вызначаны наступныя моманты захопу літоўскімі феадаламі беларускіх земляў: раздробленасць беларускіх земляў і, як вынік гэтага, іх слабасць; частыя літоўскія набегі на беларускія і суседнія рускія землі; барацьба рускіх земляў з татара-манголамі і нямецкімі агрэсарамі як фактар, які аблегчыў заваяванне беларускіх земляў літоўскімі феадаламі; захоп Міндоўгам беларускіх земляў па верхнім Нёмане, як пачатак утварэння Літоўскай дзяржавы; утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў.