Альгерд становіцца на чале дзяржавы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Альгерд становіцца на чале дзяржавы

У ранейшай гістарычнай літаратуры адзначалася, што галоўнай прычынай падзей 1345 г., звязаных з заняццем Альгердам велікакняскага пасада, была пагроза крыжацкай агрэсіі супроць ВКЛ. Сапраўды, самымі небяспечнымі воргамі дзяржавы заставаліся крыжакі. Нягледзячы на заключанае перамір’е, яны рыхтаваліся да рашучага наступу. Дзеля таго, каб расправіцца з Княствам, крыжакі ўвайшлі ў мірныя адносіны з іншымі суседзямі. Так, у 1341 г. яны закончылі сваю спрэчку з дацкім каралём за Эстонію, купіўшы ў яго гэтую зямлю. Асабліва важна для іх было пазбавіцца варожых адносін з Польшчай. Карыстаючыся яе барацьбой з Вялікім княствам за Валынь і Галіцыю, крыжакі заключылі з Польшчай у 1343 г. мір за кошт уступкі ім Памераніі і некаторых іншых земляў. Пасля гэтага Ордэн пачаў узнаўляць старыя і будаваць новыя ўмацаванні на мяжы з Вялікім княствам. Апроч таго, з Еўропы былі запрошаны новыя атрады рацараў, адзін з якіх на чале з герцагам Вільгельмам зрабіў паход на Жамойць. Асабліва ўражваў прыезд у Прусію гасцей вельмі высокага рангу, такіх, як Ян Чэшскі, Людовік Венгерскі, герцаг Карл Люксембургскі (будучы імператар Карл IV) і інш. Зразумела, што гэта было ажыццяўленне буйнога вайсковага плана.

I ўсё ж крыжацкая пагроза, якая вісела над ВКЛ, не была адзінай і нават галоўнай прычынай захадаў па ўмацаванні велікакняскай улады. Рэч у тым, што князь Альгерд хоць і стаў вялікім князем, аднак адзінаўладдзе ў краіне не ўсталявалася, а ўтварыўся, па сутнасці, дуумвірат, калі побач з Альгердам высілася і постаць Кейстута, якога, як і Альгерда, лічылі вялікім князем. Для таго часу гэта было невыпадкова.

Ужо пры Гедзіміне яскрава выявілася ўскладненне знешняга становішча дзяржавы. Да ранейшай пагрозы, якая ішла з захаду з боку Ордэна і Польшчы, далучылася маскоўская пагроза з усходу. Небяспека патрабавала адзінства ўсіх земляў пад адзінай уладаю, чаго тады не было. Кожны з сыноў Гедзіміна дзейнічаў паасобку. Толькі Кейстут, карыстаючыся мірам з Ордэнам, прыходзіў, як мы бачылі, на дапамогу то Любарту ў яго барацьбе за Валынь, то Альгерду ў яго пскоўскіх справах. Аднак пагаджацца з раз’яднанасцю далей было нельга, трэба было браць уладу ў моцныя рукі. Вядома ж, у такіх абставінах аднаму вялікаму князю даводзілася цяжка. Гэтым і можна вытлумачыць пэўную хаатычнасць знешняй палітыкі Гедзіміна. Не маючы поспеху ў барацьбе з Масквой за ўплыў у Пскове і Ноўгарадзе, ён заключае саюз з Польшчай для барацьбы з Ордэнам і вядзе змаганне галоўным чынам з яе ворагамі, не заўважаючы пагрозы ад Ордэна ўласнай дзяржаве, што і прывяло да катастрафічных вынікаў. Далейшае ўскладненне знешнепалітычных адносін настойліва патрабавала іншых умоў кіравання.

Не менш складаным для Гедзіміна былі і ўнутраныя праблемы. Найперш — неаднароднасць насельніцтва дзяржавы (большасць праваслаўных, але і вялікая колькасць язычнікаў), што прымушала праваслаўнага Гедзіміна ў тактычных мэтах перад язычнікамі называць сябе іхнім адзінаверцам. Гэта ў заходнім свеце і стварыла ўяўленне аб Вялікім княстве як язычніцкай дзяржаве. Аднак па меры ўсё большага ўмацавання Жамойці расце і яе ўсведамленне сваёй значнасці для ўсяго гаспадарства. Менавіта з гэтага часу, а не з часоў Міндоўга пачалося паступовае ўзвышэнне Літвы (у сучасным значэнні гэтага слова), што і прывяло да прызначэння ёй свайго, асобнага князя Кейстута.

Тым часам падзеі разгортваліся так. Альгерд і Кейстут вырашылі пакончыць з няпэўнасцю, якая існавала ў сферы велікакняскай улады. Варта нагадаць, што Альгерд, валодаючы Крэўскім, самым заходнім беларускім княствам, у той жа час валодаў самым усходнім, Віцебскім. Апроч таго, ён меў непасрэдны ўплыў і на Полацк, дзе сядзеў яго сын Андрэй. (Цяпер становіцца зразумелым, чаму ён павінен быў пакінуць Пскоў і перайсці сюды). Зыходзячы з гэтага, Альгерд не мог не глядзець на сябе як на самага магутнага прадстаўніка ўсёй вялізнай усходняй часткі дзяржавы. Кейстут, які валодаў Жамойцю, Гарадзенскай і Берасцейскай землямі, выступае як прадстаўнік заходняй часткі дзяржавы. I вось гэтыя два найбольш магутныя князі і ўвайшлі ў змову супроць Яўнута. Зразумела, трэба ўлічваць і асабістыя амбіцыі Альгерда як старэйшага брата, які меў законнае права на велікакняскі пасад, што таксама настройвала яго на рашучыя дзеянні. Смерць маці Яўнута Евы, якая мела вялікі ўплыў на яго палітыку, вядома, у значнай ступені аблегчыла Альгерду і Кейстуту захоп улады.

Крыніцы зусім недастаткова адлюстравалі асабістыя якасці Яўнута, якія не давалі яму права на велікакняскае становішча. Толькі ў Густынскім летапісе адзначана, што ён быў недастаткова храбры, каб трымаць стольны горад Вільню.

Вось супроць такой асобы і былі накіраваныя рашучыя дзеянні Альгерда і Кейстута. Па ўсім відаць, што яны згаварыліся дзейнічаць узгоднена, каб у адзін дзень увайсці ў Вільню і захапіць велікакняскі замак. Аднак Альгерд не прыйшоў сюды ў прызначаны тэрмін, і Кейстут вымушаны быў дзейнічаць самастойна. Рухаючыся з Трокаў хуткім маршам, ён заняў Вільню. Яўнут, убачыўшы небяспеку для сябе, уцёк, не паспеўшы апрануцца, на Тураву гару (у некаторых крыніцах — на гару Угры, аб чым мы ўжо гаварылі, адзначаючы падзеі 1129 г.). Правёўшы там ноч, ён прастудзіўся і адмарозіў ногі (падзеі адбываліся зімою, на пачатку 1345 г.). Тут Яўнут быў злоўлены і прыведзены да Кейстута, які загадаў узяць яго пад варту. Пасля гэтага Кейстут паслаў ганца да Альгерда, які ў гэты час прыйшоў з Віцебска ў Крэва. Толькі тады Альгерд спешна паехаў у Вільню, дзе Кейстут сустрэў яго і як старэйшага брата абвясціў вялікім князем, з якім ён будзе заўсёды заадно.

Як вытлумачыць гэтыя факты? Звычайна ў гістарычнай літаратуры ўзаемаадносіны Альгерда і Кейстута паказваюцца як ідылічныя, як узор братняга ўзаемаразумення. Знешне гэта так, але асабістыя адносіны дзяржаўных людзей заўсёды будуюцца на палітычных разліках. Так было і тут. Ужо тое, што Альгерд выйшаў з Віцебска, а не з Крэва, адкуль яму непараўнаўча бліжэй было б ісці ў Вільню, не было выпадковым. Калі ў час сваёй пскоўскай кампаніі ён выкарыстоўваў сілы Кейстута як дапаможныя, то цяпер усклаў на яго ўвесь цяжар захопу ўлады.

Як бачым, ужо тут, у самым пачатку, з боку Альгерда выявілася імкненне выкарыстоўваць Кейстута ў сваіх палітычных інтарэсах. Магчыма, Кейстут у процівагу Альгерду дзейнічаў бескарысліва, па-брацку? Сапраўды, захапіўшы Вільню, ён аддае і яе, і велікакняскі пасад Альгерду як старэйшаму. Але ці толькі таму? Як пакажуць пазнейшыя падзеі, што адбыліся толькі пасля смерці Альгерда, Кейстут не быў пазбаўлены велікакняскіх амбіцый і на кароткі тэрмін ажыццявіў іх. Аднак у 1345 г. такога адбыцца не магло, бо Кейстут добра разумеў, якая сіла стаіць за Альгердам. Праўда, і за Кейстутам, які валодаў Троцкім княствам, Гарадзенскай і Берасцейскай землямі, таксама была вялікая сіла. Але калі ў Альгерда было аднароднае насельніцтва, бо Віцебскае, Крэўскае і Полацкае княствы з’яўляліся ў цэлым крывіцка-славянскімі і праваслаўнымі, то ўладанні Кейстута складаліся з дзвюх частак: Троцкае княства — балцкае і язычніцкае, Берасцейская і Гарадзенская землі ў асноўным славянскія і хрысціянскія. Наколькі моцным было праваслаўе ў гэтых землях, сведчыла і гое, што, калі пазней яны былі аддадзены сыну Кейстута Вітаўту, ён мусіў перайсці з каталіцтва ў праваслаўе. Трэба думаць, што і Кейстут у такой сітуацыі павінен быў выступаць у двух абліччах: і праваслаўным, і язычніцкім, а не толькі ў апошнім, як падаецца ў літаратуры.

Такім чынам, Кейстут, разумеючы перавагу Альгерда ў сіле і адзінстве, уступіў яму і Вільню, і велікакняскі пасад добраахвотна, бо ў адваротным выпадку ён быў бы вымушаны зрабіць тое самае пад пагрозай сілы. Як бачым, дзеянні Кейстута менш за ўсё вызначаюцца добрымі братнімі пачуццямі. Тут быў цвярозы палітычны разлік, што найперш і характарызавала яго як дзяржаўнага дзеяча. Але са свайго боку і Альгерд разумеў важнасць пазіцыі Кейстута, што валодаў заходнімі землямі дзяржавы, якія былі апораю ў барацьбе з крыжацкай агрэсіяй, што надавала князю Кейстуту важнае становішча ў дзяржаве. 3 гэтым Альгерд не мог не лічыцца, і таму пры заключэнні ўмовы з Кейстутам ставіў яго побач з сабою ў карыстанні дзяржаўнай уладаю і плёнам атрыманых перамог. Так, побач з абавязкам захоўваць паміж сабою згоду і дружбу яны абавязаліся ў выпадку набыцця новых земляў ці гарадоў дзяліць іх пароўну. Таму становіцца зразумелым, чаму ў беларускіх летапісах і Альгерд, і Кейстут называюцца вялікімі князямі.

У тагачасным грамадстве BKЛ існавала думка аб тым, што ў краіне ўсталявалася двоеўладдзе. I гэта мела пад сабою падставы, бо знешнепалітычнае становішча так ускладнілася, што адной асобе, як гэта выявілася ўжо пры Гедзіміне, цяжка было справіцца з кіраваннем дзяржавай. Таму, калі перад Кейстутам ставіўся абавязак абараняць заходнія землі, Альгерд браў у свае рукі астатні абшар і абавязваўся пашыраць межы сваёй дзяржавы. Калі Кейстут толькі бараніўся, то Альгерд наступаў. Гэтая істотная розніца ў характары дзейнасці і вызначала іх становішча ў дзяржаве, у прыватнасці становішча Альгерда. Тое, што ён стаў вялікім князем, яшчэ раз пацвердзіла дамінуючае становішча беларускіх земляў, бо яны складалі значна большую частку тэрыторыі Вялікага княства. З’яўляючыся выразнікам іх інтарэсаў, Альгерд і атрымаў права на першае месца ў дзяржаве.

Аднак выразны падзел дзяржаўных абавязкаў Альгерда і Кейстута не азначаў іх поўнай незацікаўленасці ў «чужых» справах. Факты сведчаць, што князі неаднаразова прыходзілі на дапамогу адзін аднаму, як раней, да ўступлення Альгерда на велікакняскі пасад, так і пасля гэтага.

Які ж лёс напаткаў Яўнута? 3-пад варты яму ўдалося збегчы, і ён уцёк спачатку ў Смаленск, а пасля — у Маскву, да вялікага князя Сімяона Іванавіча. Там як быццам быў ахрышчаны (хутчэй перахрышчаны, бо цяжка ўявіць, каб сын Евы, якая вызначалася адданасцю праваслаўю, быў нехрышчоны) і атрымаў імя Іван. Але праз два гады Яўнут вярнуўся на радзіму, памірыўся з братамі і атрымаў ва ўладанне Ізяслаўскі ўдзел.

Больш складана зразумець, чым была выкліканая незадаволенасць Нарымонта. Магчыма, тым, што Альгерд сагнаў яго з полацкага пасада, каб замяніць сваім сынам Андрэем. Нарымонт нават апынуўся ў Ардзе. Але, не атрымаўшы там дапамогі, таксама вярнуўся на радзіму, прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з крыжакамі і загінуў у 1348 г.

Ужо адзначалася, што адной з найважнейшых прычын, якія паскорылі ўсталяванне моцнай вярхоўнай улады ў BKЛ, была пагроза крыжацкай агрэсіі. I сапраўды, у пачатку 1345 г. крыжакі ўступілі на Жамойцкую зямлю. Аднак войскі Вялікага княства, зрабіўшы некалькі падманных манеўраў, змаглі нанесці сакрушальны ўдар па Лівоніі і тым самым ліквідавалі грозную небяспеку. Гэта быў першы станоўчы вынік умацавання вярхоўнай дзяржаўнай улады ў Вялікім княстве. Уся віна за вайсковую няўдачу крыжакоў была ўзвалена на магістра Людольфа Кінга, у выніку чаго ён быў адхілены ад пасады.

Вядома ж, крыжакі не маглі змірыцца з паражэннем і імкнуліся адпомсціць за яго. У 1348 г. крыжацкае войска ўварвалася ў Троцкую зямлю. Насустрач яму ішло войска Вялікага княства і яны сустрэліся на р. Стрэве, дзе і адбылася бітва. Яна была жорсткая і крывавая і закончылася паражэннем Вялікага княства (тут загінуў вядомы ўжо нам Глеб-Нарымонт). Праўда, яго страты ў нямецкіх хроніках вельмі перабольшаныя: ад 10 да 40 тысяч забітых. Перамога ў Стрэўскай бітве дорага абышлася і крыжакам — інакш яны пасля сваёй перамогі пайшлі б зноў у глыб краіны. I ўсё ж той поспех не мог закрэсліць для крыжакоў страшэнных вынікаў іх паражэння ў 1345 г. Галоўным вынікам гэтага стала карэнная змена тактыкі крыжацкага наступлення. Убачыўшы марнасць спадзяванняў на хуткую перамогу вялікай вайсковай сілай, крыжакі вырашылі перайсці да доўгатэрміновай аблогі шляхам нападу на Вялікае княства дробных крыжацкіх атрадаў. Гэтымі набегамі, ці, як яны называліся, рэйзамі, і меркавалася знясіліць і ў канчатковым выніку заваяваць Княства.

Ажыццяўленне новай тактыкі расцягнулася на дзесяцігоддзі. 3 1345 па 1377 г. было зроблена каля 100 рэйзаў прускіх і лівонскіх крыжакоў. Аднак мы разглядаць іх не будзем, паколькі яны ў зусім рэдкіх выпадках закраналі беларускія землі, а ў асноўным былі накіраваны супроць балцкіх. Скажам толькі, што змаганне з крыжацкімі рэйзамі поўнасцю паглынала сілы балцкага насельніцтва, што, зразумела, зусім не спрыяла таму, каб балты занялі ў дзяржаве дамінуючае становішча, як часам сцвярджаецца ў гістарычнай літаратуры насуперак неабвержным фактам.