У змаганні з удзельнымі князямі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

У змаганні з удзельнымі князямі

Адной з асаблівасцей дзяржаўнага ладу BKЛ была адсутнасць у ім моцнай цэнтралізаванай улады. Фактычна краіна дзялілася на шэраг удзелаў, якія мелі свае інтарэсы, што далёка не толькі не супадалі з агульнымі дзяржаўнымі, але і супярэчылі ім. Гэтым і тлумачацца і неаднаразовыя выступленні паасобных удзельных князёў супроць цэнтральнай улады. Тое ж адразу і адбылося пасля ўсталявання Вітаўта на велікакняжацкай пасадзе, калі ён вымушаны быў выступіць супроць дзеянняў удзельных князёў: Дзмітрыя Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы Альгердавіча.

У крыніцах не сказана, дзе ў гэты час княжыў першы з іх. Але паколькі ён раней княжыў у Ноўгарадзе-Северскім, то і зараз называецца шэрагам даследчыкаў князем Северскім, што вельмі праблематычна. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб Карыбут, праявіўшы непаслушэнства Вітаўту і сабраўшы вялікае войска, ішоў з ім бесперашкодна ад Северскай зямлі да в. Дакудава (зараз Лідскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе і быў разбіты. Карыбут таму і ішоў у кірунку Ліды, каб вярнуць сабе гэты горад, адабраны ад яго Вітаўтам. Пасля паражэння Карыбут з жонкай і дзецьмі ўцякае ў Новагародак. Вось гэта акалічнасць і прымушае меркаваць, што менавіта ў гэтым Новагародку, а не ў Ноўгарадзе-Северскім у гэты час і княжыў Карыбут і адсюль пайшоў на Вітаўта. Аднак апошні захапіў і Новагародак, і Карыбут разам з сям’ёй папаўся ў палон. Па некаторых звестках Вітаўт адправіў Карыбута да Ягайлы (свайго роднага брата), ад якога праз пэўны час атрымаў некалькі гарадоў на Валыні. Што ж штурхнула Карыбута на барацьбу з Вітаўтам? Вядома ж, мела значэнне тут і адабранне Ліды, але гэта магло быць вынікам найперш таго, што Карыбут праявіў «непаслушэнства» ў адносінах да Вітаўта. Але трэба браць пад увагу тое, што Новагародак быў адным з цэнтраў праваслаўя ў дзяржаве і яшчэ добра памятаў аб сваім нядаўнім сталічным значэнні. I таму зараз, калі на чале дзяржавы католік Вітаўт замяніў праваслаўнага Скіргайлу (а на яго баку ў барацьбе са Смаленскам быў Карыбут), Новагародская зямля найперш адчула вялікую пагрозу для свайго ўплывовага значэння ў BKЛ і таму штурхнула Карыбута на рашучыя дзеянні.

Выступіў супроць Вітаўта і падольскі князь Фёдар Карыятавіч. Ідучы на Падолле, Вітаўт загадаў ісці разам з ім і кіеўскаму князю Уладзіміру Альгердавічу, але той «не захацеў пакарыцца і ўдарыць чалом вялікаму князю». Як бачым, у апазіцыі да Вітаўта знаходзіўся і гэты князь, за што і быў выведзены з Кіева і пасланы ў Капыль. Апошняе дае падставу меркаваць, што ў той час існавала ўдзельнае Капыльскае княства. Кіеў жа быў аддадзены Скіргайлу, які адначасова атрымаў і тытул «вялікага рускага князя». Гэта яшчэ раз сведчыць, што ў той час пад назвай «рускія» разумеліся найперш украінскія землі. Аднак Скіргайла нядоўга княжыў у Кіеве. Праз тры гады ён памёр, атручаны адным манахам. Праўда, хадзілі чуткі, што гэта было зроблена па даручэнні самога Вітаўта, што магло і быць, бо, нягледзячы на прымірэнне між імі, Вітаўт мог бачыць у Скіргайлу моцнага патэнцыяльнага праціўніка.

Гэтак жа як і з Карыбутам, Вітаўт расправіўся і з Фёдарам Карыятавічам. Захапіўшы яго ў палон, таксама адправіў яго да Ягайлы. На жаль, у крыніцах не ўказана прычына канфлікту паміж Фёдарам Карыятавічам і Вітаўтам. Не выключана, што гэта мела сувязь з дзеяннямі Дзмітрыя Карыбута. Як мы ведаем, у свой час Алыерд заваяваў Падолле галоўным чынам сіламі Новагародка і таму аддаў яго новагародскім князям, у тым ліку і Фёдару Карыятавічу, які мог мець і зараз з Новагародкам шчыльную сувязь, жыць яго інтарэсамі. I таму, калі ўбачыў разгром Дзмітрыя Карыбута, і вырашыў выступіць супраць Вітаўта.

Вымушаны быў выступіць Вітаўт і супроць Свідрыгайлы, але ўжо па ініцыятыве Ягайлы, а не сваёй. Рэч у тым, што, калі Ягайла стаў каралём, яго маці Юльяна разам са сваім малодшым сынам Свідрыгайлам пераехала жыць у Віцебск, які быў у свой час ва ўладанні яе мужа вялікага князя Альгерда. Аднак праз некаторы час яна стала манашкай, паехала ў Кіеў, дзе ў 1393 г. памерла і дзе была пахавана. Даведаўшыся пра гэта, Ягайла аддаў Віцебск свайму сакольнічаму Фёдару Весне, што не магло не прывесці ў абурэнне Свідрыгайлу, які лічыў Віцебск сваім законным уладаннем на той падставе, што і яго маці Юльяна. Не змогшы сцярпець гэтай крыўды, ён забівае Фёдара Весну і Віцебск вяртае сабе. Вось пасля гэтага Ягайла пасылае грамату Вітаўту, у якой просіць яго адпомсціць Свідрыгайлу. Узяўшы з сабою Скіргайлу і сабраўшы вялікае войска, Вітаўт спачатку пайшоў да Друцка, які адразу здаўся яму. Аднак Орша, да якой накіраваўся Вітаўт і Скіргайла, здалася толькі пасля двухдзённага жорсткага бою. Гэтак жа моцна абараняўся і Віцебск, да якога на дапамогу Вітаўту з вялікім войскам прыйшоў смаленскі князь Юрый Святаславіч. Свідрыгайла вымушаны быў здацца і пакарыцца Вітаўту, які адправіў яго да Ягайлы ў Кракаў, адкуль ён неўзабаве ўцёк у Венгрыю. Аднак ад барацьбы з Вітаўтам ён на гэтым не адмовіўся.