ЧАТЫРОХГАДОВЫ СОЙМ I ДРУГІ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ЧАТЫРОХГАДОВЫ СОЙМ I ДРУГІ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Аднак большая частка Беларусі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай заставалася ў складзе апошняй. Як жа развіваліся падзеі ў далейшым? Зразумела, што патрыятычныя колы Польшчы не маглі не зрабіць адпаведных вывадаў з таго, што прывяло іх дзяржаву да такога гаротнага стану. I таму былі зроблены спробы да пэўнага ўпарадкавання дзяржаўнага жыцця, вываду яго са стану магнацкай анархіі. Гэтаму ў некаторай ступені магло спрыяць утварэнне ў 1775 г. Пастаяннай рады, у склад якой уваходзілі кароль і па 18 прадстаўнікоў ад сената сойма. Больш шырокаму развіццю асветы ў краіне спрыяла ўтвораная ў 1773–1775 гг. Адукацыйная камісія. У выніку яе дзейнасці, у прыватнасці, на Беларусі было адчынена 20 акруговых і паўакруговых школ, з якіх тры былі акадэмічныя (у Берасці, Гародні і Наваградку). Але паколькі выкладанне ў іх вялося па-польску, гэта садзейнічала далейшай паланізацыі Беларусі.

Нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя ўмовы, у дзяржаве тым не менш ішло прыкметнае эканамічнае развіццё. Менавіта ў гэты час прадаўжаюць дзейнічаць і засноўваюцца на Беларусі прамысловыя аб’екты. Сярод іх Слуцкая шаўковая мануфактура, дзе вырабляліся славутыя паясы, шкляная мануфактура ва Урэччы, суконная ў Бабоўні, металургічны завод у Вішневе, што працаваў на мясцовай сыравіне, здабываючы жалеза з балотнай руды, суднабудаўнічы завод у Крычаве, будаўніцтва каналаў: Агінскага, які злучаў басейны Нёмана і Дняпра, і Днепра-Бугскага, што злучаў басейны Дняпра, Буга і Віслы.

Значныя дасягненні ў культуры Беларусі могуць характарызаваць тэатры Радзівіла ў Нясвіжы, Агінскага ў Слуцку, Тызенгаўза ў Гародні, выданне ў 1667–1776 гг. «Гродзенскай газеты» (першай у Беларусі). Для развіцця медыцыны ў Беларусі мела вялікае значэнне адкрыццё ў 1775 г. Вышэйшай медыцынскай акадэміі, а для развіцця аграноміі — закладка батанічнага саду там жа, у Гародні. Намнога ўзбагацілі архітэктуру Беларусі збудаваныя ў той час храмы ў в. Вольна (Баранавіцкі р-н), у Жарычах (Слуцкі р-н), у Будславе (Мядзельскі р-н), Каралеўскі палац у Гародні і інш.

На палітычнае жыццё тагачаснай Рэчы Паспалітай вялікі ўплыў аказалі падзеі Французскай рэвалюцыі 1789 г. Наколькі яе ідэі праніклі ў свядомасць перадавых людзей Беларусі, сведчыць гісторыя з мазырскім шляхціцам Іосіфам Яленскім. Калі ён у 1794 г. быў арыштаваны ў Пецярбургу, то ў яго знайшлі паперы, паводле якіх павінна было быць поўнасцю адменена прыгоннае права, уведзена свабода веравызнання, абвешчана роўнасць грамадзян. Быў таксама заклік да сялян і перадавых людзей сваёй дзяржавы выступіць супроць ворагаў. Калі Кацярына II азнаёмілася з гэтымі паперамі, то прыйшла ў жах ад выказанага ў іх закліку да роўнасці.

Патрыятычныя колы Рэчы Паспалітай перш за ўсё бачылі неабходнасць умацавання дзяржаўнай улады. I вось на чатырохгадовым сойме (1788–1792) у гэтым кірунку былі прыняты некаторыя рэформы. У прыватнасці, былі ўнесены некаторыя змены ў адміністрацыйны падзел дзяржавы, у выніку чаго колькасць паветаў у Беларусі ўзрасла да дваццаці. Але найважнейшым вынікам яго дзейнасці было прыняцце ім 3 мая 1791 г. Канстытуцыі, якая для таго часу ўтрымлівала ў сабе важныя прагрэсіўныя моманты. Дзеля ўмацавання дзяржавы ў ёй адмянялася выбарнасць караля. Таксама адмянялася ліберум вета і забараняліся канфедэрацыі. Выканаўчая ўлада ў дзяржаве належала каралю і радзе, якая складалася з прымаса (галоўнага кіраўніка каталіцкай царквы ў Польшчы) і пяці міністраў. Захоўваліся ранейшыя прывілеі шляхты, але адначасова адзначалася неабходнасць яе збліжэння з ніжэйшымі класамі, у прыватнасці з мяшчанствам, дзеля чаго ёй дазвалялася займацца гандлем, што раней не дазвалялася і лічылася для яе ганебнай справай. Разам з гэтым і мяшчанам дазвалялася набываць зямлю і займаць дзяржаўныя і вайсковыя пасады. У склад сойма ўводзіўся 21 прадстаўнік ад мяшчан, але толькі з дарадчым голасам.

Але, маючы ў сабе прагрэсіўныя моманты, Канстытуцыя 3 мая ў той жа час абмяжоўвала правы паасобных пластоў грамадства. Так, хоць і ўлічваліся змякчэнні ў прыгонным праве, аднак па-ранейшаму яно захоўвалася, г. зн. галоўнае, на чым трымалася эксплуатацыя сялян — гэтай большай у той час часткі народа.

Але найбольшую пагрозу Канстытуцыя 3 мая несла далейшаму існаванню BKЛ, а разам з тым і існаванню беларусаў, украінцаў і літоўцаў. Справа ў тым, што Канстытуцыя аб’яўляла Рэч Паспалітую адзінай унітарнай дзяржавай і ўсё яе насельніцтва адзіным народам. Зразумела, што гэта прывяло б да ўтварэння адзінай польскай дзяржавы, якая, абапіраючыся на далейшую ўзмоцненую паланізацыю, ператварыла б разнароднае насельніцтва ў адзін польскі народ.

Аднак не абмежаванасць Канстытуцыі 3 мая, а прагрэсіўныя яе моманты выклікалі супраціўленне ёй у першую чаргу з боку магнатаў, бо яна пагражала далейшаму існаванню іх анархічных дзеянняў. Паколькі Канстытуцыя 3 мая пазбаўляла беззямельную шляхту выбарчага права, то і яна апынулася ў адзіным лагеры з магнатамі і з’яўлялася для іх важным рэзервам у барацьбе з абвешчанымі новымі парадкамі. Добра разумеючы, што Канстытуцыя 3 мая і для расійскіх уладных колаў уяўляла яўную пагрозу, магнацкая верхавіна найперш і звярнулася да Кацярыны II па дапамогу і атрымала яе. Быў складзены ў Пецярбургу акт канфедэрацыі, які ўпершыню абвешчаны ў мястэчку Тарговічы (на Украіне) 14 мая 1792 г. У гэтым дакуменце яўна прызнавалася, што канфедэрацыя накіравана супраць Канстытуцыі 3 мая ў імя захавання ранейшых парадкаў, пры якіх па-ранейшаму было б вяршэнства каталіцкай царквы і былі б некранутымі ўсе правы і прывілеі шляхты. Былі сканцэнтраваны расійскія войскі, у тым ліку і на Беларусі, у раёнах Полацка, Талачына, Рагачова і Дзвінска, і ў хуткім часе яны рушылі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Тое ж зрабіла і Прусія. Расійскія войскі, якія рушылі з Беларусі, без асаблівага супраціўлення захапілі гарады Браслаў, Бабруйск, Нясвіж, Наваградак, Гародню. Толькі ў канцы мая 1792 г. пачалося супраціўленне заваёўнікам спачатку каля Опчы (раён Браслава), пасля пад Мірам, Зэльвай, Берасцем, дзе войскі BKЛ цярпелі паразы і пасля апошняй адступілі за Буг. Усе гэтыя перамогі расійскіх войскаў адбываліся пры актыўнай дапамозе Тарговіцкай канфедэрацыі, да якой урэшце далучыўся і кароль С. Панятоўскі, што фактычна азначала заканчэнне вайны.

Узяўшы ў свае рукі кіраванне дзяржавай, Тарговіцкая канфедэрацыя, якая з верасня 1792 г. стала называцца Найсвятлейшай канфедэрацыяй двух народаў (мелася на ўвазе народаў Польшчы i BKЛ), пачала адхіляць усё прагрэсіўнае, што прыняў чатырохгадовы сойм. Найперш была адменена Канстытуцыя 3 мая, якая гарантавала дзейнасць прынятых рэформаў.

Аднак, калі расійскімі войскамі была захоплена Вільня, Падолле і сама Варшава, то гэтым пытанне аб чарговым, другім, падзеле Рэчы Паспалітай было прадвызначана.

I ён адбыўся. Паводле яго, Расіяй была захоплена цэнтральная частка Беларусі (па лініі Друя — Нарач — Стоўбцы — Пінск) і Правабярэжная Украіна. Прусія ж захапіла Торунь і Гданьск з іх акругамі. Для надання законнасці гэтаму захопніцкаму акту быў скліканы ў Гародні сойм, які павінен быў пацвердзіць гэты падзел. Але калі ў адносінах тэрыторыі, якая адышла да Расіі, сойм не выклікаў асаблівых пярэчанняў, то ў адносінах да тэрыторыі, што адышла да Прусіі, сойм энергічна запратэставаў. I гэта зразумела, бо тут ішла гаворка аб захопе карэнных польскіх зямель. Калі дэпутаты, якія найбольш пратэставалі, былі арыштаваныя, сойм на прапанову згадзіцца на перадачу зямель Прусіі рашыў адмаўчацца. У выніку трохразовых такіх акцый і прагучала фраза, якая пасля стала славутай: «Маўчанне — знак згоды», што і вырашыла лёс згаданых польскіх зямель. Аўстрыя на гэты раз не ўдзельнічала ў падзеле.

Як пасля першага, так і пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай расійскі ўрад ва ўноў захопленых землях Беларусі пачаў заводзіць свае адміністрацыйныя парадкі. Так адразу была ўтворана Менская губерня. Гэтак жа надаецца вялікая ўвага царкоўным справам, сведчаннем чаго з’явілася ўтварэнне Менскай праваслаўнай епархіі, улада якой пашырылася і на ўкраінскія губерні — Валынскую і Падольскую. Яе ўзначаліў ужо вядомы нам В. Садкоўскі. Калі раней ён вызначаўся сваім імкненнем выкінуць беларускую мову з праваслаўнага набажэнства, то зараз, стаўшы епіскапам, а пасля і архіепіскапам, усю сваю энергію і заўзятасць прыклаў да ліквідацыі уніяцкай царквы. I хоць яму ўдалося перавесці значную колькасць уніятаў у праваслаўе, аднак многія не пажадалі пакінуць сваю веру, і яны былі падначалены полацкаму уніяцкаму архіепіскапу Лісоўскаму, які пазней быў узведзены ў мітрапаліты.