Дзе мірна, а дзе пад прымусам
Дзе мірна, а дзе пад прымусам
Як у адносінах да асобы Гедзіміна, так і ў адносінах да яго дзяржаўнай дзейнасці маецца шэраг цёмных месцаў. Яшчэ В. Антановіч у свой час слушна заўважыў, што з прычыны няяснасці датаў уваходжання паасобных земляў у склад ВКЛ многае з гэтага адносілася да часоў Гедзіміна. Таму ў гістарычнай навуцы пануе думка, што і тады ішло далейшае падначаленне нібыта аслабелых і таму безабаронных беларускіх земляў узмацнелай літоўскай дзяржаве. Аднак як і раней, так і за часамі Гедзіміна нічога гэтага не было, а ішло далейшае эканамічнае, палітычнае і культурна-этнічнае збліжэнне і аб’яднанне беларускіх земляў.
Паколькі Беларусь не ведала татарскага нашэсця і яе эканамічныя і культурныя цэнтры не былі разбураны, адзначаны працэс тут адбываўся хутчэй, чым у рускіх і ўкраінскіх землях, дзе ён быў перарваны татарскаю навалай. Вось чаму пашырэнне тэрыторыі BKЛ ішло шляхам аб’яднання беларускіх земляў, якое адбывалася мірна. I таму мы не можам указаць дакладна, якая з іх і калі стала часткаю BKЛ. Можна толькі меркаваць, што ў час уладарання Гедзіміна ў склад дзяржавы ўвайшла Менская зямля, паколькі яе князь у 1326 г. разам з полацкім князем быў у складзе пасольства, якое ездзіла ў Ноўгарад. Па ўсім відаць, што да ВКЛ у гэты час далучылася і Пінская зямля, бо ў летапісе сказана, што сын Гедзіміна Нарымонт-Глеб быў тут князем. Але гэта вельмі праблематычна, бо ў іншых летапісах пра гэтага князя гаворыцца зусім іншае. Трэба таксама памятаць аб тым, што Пінск адыграў важную ролю ва ўтварэнні BKЛ: яго войска ў 1268 г. удзельнічала ў заваяванні Войшалкам Літвы.
Можна больш-менш упэўнена гаварыць, што межы беларускіх земляў, якія аб’ядналіся ў ВКЛ, у гэты час цягнуліся ад Дняпра на ўсходзе да Буга на захадзе, ад межаў Пскоўскага княства на поўначы да межаў Валынскага і Кіеўскага княстваў на поўдні. Праўда, у «Хроніцы Быхаўца» пад 1321 г. змешчана вельмі дэталёвае апавяданне аб паходзе Гедзіміна на гэтыя землі і далучэнні іх да сваіх уладанняў. Але гэта даволі пераканаўча абвергнуў В. Антановіч.
Такое становішча беларускіх земляў, у прыватнасці іх больш ранняе злучэнне ў параўнанні з іншым усходнеславянскім абшарам, дало ім значныя перавагі. Найперш гэта забяспечыла ім дамінуючае значэнне ў ВКЛ. Менавіта беларускія землі вызначылі яго ўнутраную і знешнюю палітыку, што яскрава і выявілася ў дзяржаўнай дзейнасці Гедзіміна. Ужо тое, што ён перанёс сталіцу ў Вільню, якая з’яўлялася пераважна крывіцкім горадам, яскрава падкрэслівала, чыімі інтарэсамі ён будзе кіравацца найперш у сваёй дзейнасці.
Калі аб’яднанне беларускіх земляў адбывалася мірна, то ўваходжанне ў склад дзяржавы балцка-літоўскіх земляў па-ранейшаму праходзіла шляхам іх гвалтоўнага далучэння. Як у свой час Міндоўг выгнаў літоўскіх князёў, калі ён «зане Литву», як Войшалк, які пагалоўна знішчаў сваіх ворагаў пры заваяванні Літвы, Дзяволтвы і Нальшчанаў, як Трайдзень распраўляўся з нальшчанскімі феадаламі, як Віцень вёў барацьбу з жамойцкай знаццю, якая не прызнавала яго ўлады, схіляючыся да саюзу з Ордэнам, так і Гедзімін фактычна пачаў сваю дзейнасць з барацьбы з тымі ж самымі жамойтамі, што па-ранейшаму супраціўляліся велікакняскай уладзе і знаходзілі падтрымку ў крыжакоў.
Гедзімін, як і ўсе яго папярэднікі на велікакняскім пасадзе, таксама заваёўваў балцкія землі. Таму зразумела, чаму, як яшчэ зазначаў В. Антановіч, літоўцы (у сучасным значэнні гэтага слова) так варожа адносіліся да велікакняскай дынастыі. Прычына ў тым, што дынастыя гэта была ім чужой.
На фоне такіх фактаў вельмі непераканаўча гучаць сцверджанні аб BKЛ як літоўскай дзяржаве, што ўтварылася ў выніку заваявання літоўскімі князямі беларускіх і іншых славянскіх земляў. Усё, як мы бачылі, адбывалася наадварот. Таму не можа быць гаворкі ні аб BKЛ як літоўскай дзяржаве (таксама ў сучасным значэнні гэтага слова), ні аб тым, што вялікія літоўскія князі былі выразнікамі інтарэсаў літоўскіх феадалаў, бо апошнія ўвесь час супраціўляліся ўтварэнню Вялікага княства і з’яўляліся ворагамі гэтага гістарычнага працэсу.
Але, хаця ўваходжанне беларускіх земляў у склад BKЛ і было мірным, яго нельга ўяўляць ідылічным. Гэтыя землі не столькі падначальваліся вярхоўнай уладзе, колькі навязвалі патрэбную ім палітыку. Гэта і давала ім у межах дзяржавы шырокую аўтаномію, а таксама магчымасць ажыццяўлення ранейшых мэт, якіх яны не маглі б дасягнуць, калі б былі раз’яднанымі. Сказанае найперш адносіцца да найбольш буйной і развітой складовай часткі ВКЛ — Полацкай зямлі.