V Ноўгарад і Кіеў як два галоўныя цэнтры дзяржавы Рурыкавічаў.— Полацк — беларускі цэнтр.— Задзіночваньне беларускіх земляў.— Рагвалод і Рагнеда.— Змаганьне Рурыкавічаў з Полацкам.— Прычыны змаганьня.— Прыймо хрысьціянства.— Ізяслаў і Брачыслаў.

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

V

Ноўгарад і Кіеў як два галоўныя цэнтры дзяржавы Рурыкавічаў.— Полацк — беларускі цэнтр.— Задзіночваньне беларускіх земляў.— Рагвалод і Рагнеда.— Змаганьне Рурыкавічаў з Полацкам.— Прычыны змаганьня.— Прыймо хрысьціянства.— Ізяслаў і Брачыслаў.

Дзяржава Рурыкавічаў была вялікая і магутная. Як Рурык, так і ягоныя наступнікі Алег і Ігар мелі вялікія апэтыты на багацьце і вялі частыя войны. Алег не задаволіўся тым, што падпарадкаваў сабе ўсіх усходніх славянаў, але ваяваў з Бізантыйскай імпэрыяй і нават у 907 годзе дайшоў да Царграду і прымусіў грэкаў плаціць яму даніну. Але дарма, што дзяржава Рурыкавічаў была магутнаю, яна распалася. Прычынай гэтага распаду была сварка між сынамі кіеўскага князя Сьвятаслава — Уладзімірам, які княжыў у Ноўгарадзе, і Яраполкам, які княжыў у Кіеве.

Кіеў і Ноўгарад былі галоўнымі цэнтрамі дзяржавы Рурыкавічаў і пачалі змагацца між сабою дзеля таго, што Уладзімір хацеў адабраць дзяржаву ў свайго брата.

У гэным часе ў XI стагодзьдзі на ўсходзе Эўропы разьвіваўся яшчэ адзін палітычны цэнтр — у Полацку. Гэта быў цэнтр беларускі. Княжыў там, як падае летапіс, Рагвалод. Ён ня быў першым полацкім князем, бо Полаччына мела сваіх князеў яшчэ перад вараскім надыходам, толькі, на жаль, іменьняў іхных летапіс не падае. Межы Полацкага княства сягалі на поўначы пад Ноўгарад, на ўсходзе пад Смаленск, на паўдні даходзілі пад Кіеў, а на захадзе да паселішчаў яцьвягаў, аўкштотцаў і жмудзінаў (сучасных летувісаў). Полацкае княства разьвівала свае ўплывы на княствы Смаленскае, Чарнігаўскае і Турава-Пінскае, дзе княжыў князь Тур, падпарадкаваны Рагвалоду. Такім чынам адбывалася задзіночваньне беларускіх земляў. Але вось да Рагвалодавае дачкі Рагнеды пачалі сватацца князі — Яраполк і Уладзімір. Рагвалод дакляраваў тады выдаць замуж Рагнеду кіеўскаму князю — Яраполку. Гэта яшчэ больш узбурыла Уладзіміра супроць Яраполка, і ён, паводле летапісу, у 980 годзе пайшоў вайной ня толькі супроць Яраполка, але і Полаччыны, хочучы такім спосабам задаволіць свае асабістыя і дынастычныя імкненьні ды адначасна зьдзейсьніць эканамічныя пляны, бо, падпарадкаваўшы Полаччыну і Кіеў, Уладзімір здабываў пад сваю ўладу слаўны камунікацыйны гандлёвы шлях «з Вараг у Грэкі". У вайне гэтай Уладзіміру ўдалося перамагчы Рагвалода, заняць Полацк і Рагнеду зрабіць сваёй жонкай, а таксама разьбіць Яраполка і падпарадкаваць сабе Кіеў і Турава-Пінскае княства, і нават яцьвягаў.

Княжыў Уладзімір у Кіеве ад 980 году да 1015. У 988 годзе Уладзімір прыняў хрысьціянства і пашыраў яго на ўсіх заваёваных землях. Маючы 12 сыноў, па-дзяліў сваё валадарства між імі, і ў Полацк, яшчэ пры жыцьці сваім, пасадзіў свайго сына Ізяслава, народжанага Рагнедай, а ў Тураў — Сьвятаполка. Разам з сынам Ізяславам з Кіева выехала ў Полацкае княства Рагнеда, якая асялілася ў мясцовасьці, названай на чэсьць яе сына Ізяслаўем (цяперашняе Заслаўе каля Менску). Тут яна прыняла хрысьціянскую веру і, пайшоўшы ў манастыр, зьмяніла сваё імя на Анастасія. Памёрла Рагнеда ў 1000 годзе.

Па сьмерці Уладзіміра між ягонымі сынамі паўстала змаганьне за Кіеўскі пасад. Спачатку захапіў яго тураўскі князь Сьвятаполк і перабіў пры гэтым сваіх братоў: Барыса, Глеба і Сьвятаслава. За сьмерць братоў памсьціўся Яраслаў, празваны Мудрым, які кіраваў Ноўгарадзкім княствам. Ён разьбіў у 1019 годзе Сьвятаполка і заняў кіеўскі пасад. Полацкае княства пад кіраўніцтвам Ізяслава і ягонага сына Брачыслава, які княжыў ад 1003 да 1044 году, захавала сваю самастойнасьць і нават пашырала свае ўплывы на Ноўгарад. Калі-ж гэтага не ўдавалася зрабіць мірным спосабам, дык у 1021 годзе Брачыслаў пачаў вайну супроць кіеўскага князя Яраслава і падпарадкаванага яму Ноўгараду. Захапіўшы Ноўгарад, Брачыслаў узяў вялікія багацьці і шмат палонных, аднак выйграць і ўтрымаць даўжэй Ноўгарад Брачыславу не ўдалося, бо сілы Яраслававы былі большыя і Брачыслаў мусіў з ім пагадзіцца, абмяжоўваючы сваю ўладу Полацкім княствам.