ІЗЯСЛАЎ I АДНАУЛЕННЕ ПОЛАЦКАЙ ДЫНАСТЫІ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ІЗЯСЛАЎ I АДНАУЛЕННЕ ПОЛАЦКАЙ ДЫНАСТЫІ

Першым і найболын важным станоўчым вынікам прыняцця хрысціянства з’явілася ўвядзенне і пашырэнне пісьменства, а разам з ім і развіццё асветы і культуры. Не толькі дзяржаўным дзеячам, але і першаасветнікам Полаччыны быў князь Ізяслаў. Вобраз яго таксама ўвабраў у сябе нямала легендарнага, што знайшло сваё выяўленне ў вельмі супярэчлівых летапісных звестках пра яго. Запіс 1128 г. гаворыць, што ён пасля свайго заступніцтва за маці быў разам з ёю адасланы ў Полаччыну ў збудаваны для іх горад Ізяслаўль (сучаснае Заслаўе, недалёка ад Мінска). А ў «Аповесці мінулых гадоў», як мы ведаем, сказана, што ён пасля хрышчэння быў адасланы ў Полацк у 988 г. без указания на тое, адзін ці з маці. 3 другога боку, паводле Цвярскога і Густынскага летапісаў, разам з Рагнедай быў не Ізяслаў, а Яраслаў (праўда, тут не названа месца, дзе яны жылі і куды пасылаў Уладзімір сваіх паслоў). Але наколькі б ні былі заблытаныя летапісныя звесткі, усё ж адно, і гэта галоўнае, бясспрэчна: Ізяслаў быў князем у Полацку.

У апавяданні 1128 г. сказана, што Уладзімір на параду сваіх баяраў вырашыў аднавіць айчыну Рагнеды і паслаць яе туды разам з сынам Ізяславам. Вядома, што гэта легендарнае тлумачэнне бясспрэчнага факта аднаўлення Полаччыны, якое магло быць вынікам добрай волі Уладзіміра і яго баяраў. Яны не маглі не бачыць, што разбурэнне Полаччыны не спыніла яе эканамічнага і палітычнага развіцця і што толькі сілай яе нельга было ўтрымаць. Апроч таго, Уладзімір не мог не бачыць варожасці Ноўгарада да Кіева. Вось чаму была важная для яго прыхільнасць Полацка і прымірэнне з ім. Даючы Полацку ў князі старэйшага сына Рагнеды 1зяслава, ён як бы ўзнаўляў род полацкіх князёў, а гэтым самым і княства.

I. Бяляеў лічыў, што Уладзімір заснаваў Ізяслаўль для таго, каб вызваліць полацкага князя ад усемагутнага ўплыву полацкага веча233. Тым самым ён, па сутдасці, меў намер перанесці сталіцу зямлі, што не выключана, бо ў такім выпадку кіеўскаму князю лягчэй было б трымаць полацкага князя пад сваім наглядам. Але трэба думаць, што ўзнікненне Ізяслаўля дыктавалася найперш эканамічнымі прычынамі, паколькі горад быў збудаваны ў вярхоўі Свіслачы, дзе сутыкаліся Дняпроўскі і Нёманскі басейны. Магчыма, гэта і было першай спробай асваення важнага гандлёвага шляху і замацавання на ім. Новазбудаваны Ізяслаўль хутчэй за ўсё стаў уладаннем Рагнеды (некаторыя даследчыкі лічаць яго першым феадальным уладаннем ва Усходняй Еўропе234). Калі паданне пра тое, што тут Рагнеда, стаўшы манашкай Анастасіяй, заснавала манастыр, мае нейкую падставу, то тады Ізяслаўль трэба лічыць адным з першых, а то і першым важным асяродкам хрысціянства, а разам з гэтым і асветы на Беларусі.

Ізяслаў жа жыў у Полацку, які пасля разбурэння Уладзімірам к гэтаму часу ўжо быў адбудаваны, і замест ранейшага, разбуранага таксама, дзядзінца ўзведзены новы і на новым месцы235. На жаль, пісьмовыя крыніцы нам нічога не гавораць пра Ізяслава як дзяржаўнага дзеяча. Затое ў пазнейшым Ніканаўскім летапісе дадзена высокая пахвала Ізяславу як чалавеку і хрысціяніну: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Як супярэчаць словы гэтага летапісу аб ціхім Ізяславе нашаму ўяўленню пра таго рашучага з мечам у руках малалетка 1зяслава, заступніка за сваю маці, якога так спалохаўся Уладзімір і адрокся ад свайго намеру забіць Рагнеду. Аднак гэтая супярэчнасць цалкам зразумелая. Складальнік Ніканаўскага летапісу хацеў бачыць у асобе Ізяслава ўвасабленне лепшых хрысціянскіх дабрачыннасцяў, а аўтар полацкай легенды хацеў бачыць у Ізяславе пачынальніка векавой крывавай барацьбы Полацка з Кіевам. I хоць і ў першым і ў другім выпадках Ізяслаў, бясспрэчна, ідэалізаваны, гэта ніколькі не значыць, што ўказаныя дзве крыніцы не заслугоўваюць ніякага даверу. У аснове як адной, так і другой ляжыць бясспрэчная гістарычная праўда. Ізяслаў, стаўшы полацкім князем, гэтым самым прыняў ад сваёй маці Рагнеды эстафету барацьбы, пачатую яе бацькам, і перадаў сваім нашчадкам, якія працягвалі яе. I ўжо зусім не пазбаўлены праўдзівасці Ніканаўскі летапіс, які дае падставу гаварыць пра Ізяслава як першаасветніка Полаччыны, які, бясспрэчна, увёў у ёй пісьменства. Што пры ім пісаліся ў Полацку граматы, пацвярджаецца яго пячаткай з надпісам, які з’яўляецца першым помнікам у сходнее лавян- скага пісьменства. Гэта вельмі красамоўны факт, ён гаворыць за тое, што Полаччына ішла ў авангардзе культурнага развіцця Усходняй Еўропы. I нездарма ж Ізяслаў з’явіўся першым з усходнеславянскіх князёў, ахарактарызаваных у летаnice як кніжнік. Памёр ён у 1001 г. (годам пазней за сваю маці), пражыўшы не болей 25–26 гадоў.

Пасля смерці Ізяслава ніхто з яго братоў не сеў у Полацку, і таму не адбылося чарговага перамяшчэння іх з месца на месца, як гэта, напрыклад, было пасля смерці Вышаслава ў Ноўгарадзе, калі ў гэты горад быў прысланы Яраслаў, што да таго сядзеў у Растове, а ў апошні быў пасланы Барыс237. У Полацку стаў княжыць хутчэй за ўсё сын Ізяслава Усяслаў. Праўда, у адным з тацішчаўскіх тэкстаў сказана, што па Ізяславу «наследаваў яго сын Брачыслаў». Але наўрад ці паведаміў бы летапісец пад 1003 г. пра смерць Усяслава, калі б ён не быў князем. Дарэчы, той жа тацішчаўскі тэкст прыпісвае Усяславу амаль усё тое239, што гаварыў ніканаўскі летапісец пра Ізяслава. Аднак гэта яўнае непаразуменне: Усяслаў для гэтага быў зусім малалетні. Такім жа, трэба думаць, быў і яго брат Брачыслаў, калі заняў полацкі пасад пасля Усяслава.

Усё гэта выяўляе бясспрэчны факт аднаўлення полацкай княскай дынастыі. Такім чынам, Полаччына канчаткова аформілася як самастойная. I гэта было галоўным вынікам нашага гістарычнага развіцця ў другой палове X ст. Таксама важна і тое, што ўжо ў час Тура Дрыгавіцкая зямля, стаўшы Тураўскім княствам, набыла значэнне палітычнага ўтварэння. Такой жа яна засталася і пры Святаполку.