3 ВЯЗНЯЎ У ВЯЛІКІЯ КНЯЗІ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

3 ВЯЗНЯЎ У ВЯЛІКІЯ КНЯЗІ

Крыніцы таксама нічога не гавораць пра жыццё палоннага вязня Усяслава, якое цягнулася да 15 верасня 1068 г. Аднак падзеі гэтага гістарычнага дня паказваюць, што Усяслаў, прабыўшы больш года «ў порубе», выйшаў адтуль не з цярновым вянком мучаніка, а ў яркім арэоле славутага князя, таленавітага палкаводца і народнага героя.

Кіеўскае паўстанне 1068 г. было выклікана паражэннем Яраславічаў на р. Альце ад полаўцаў, якія ўпершыню напалі на Русь і, скарыстаўшы сваю перамогу, пачалі рабаваць зямлю. Ізяслаў, вярнуўшыся пасля паражэння ў Кіеў, адмовіўся даць кіяўлянам зброю, якую яны патрабавалі для барацьбы з полаўцамі. Гэта і выклікала незадаволенасць, якая перарасла ў паўстанне. Л. Аляксеевым выказана думка, што ў гэтым народным руху прынялі вялікі ўдзел полацкія купцы, дзякуючы якім, маўляў, кіяўляне арганізаваліся, і барацьба за вызваленне Усяслава набыла ў паўстанні цэнтральнае месца 338. Аднак гэтае меркаванне трымаецца на вельмі хісткім грунце, а менавіта на тлумачэнні ўпомненага ў летаnice «двара Брачыслаўля» як прыстанішча полацкіх купцоў. Мы ўжо вышэй пры разглядзе княжання Брачыслава паказалі яго негрунтоўнасць. Нам здаецца больш слушнай думка Б. Рыбакова, які мяркуе, што пад «нашай дружынай», якую найперш вызвалілі паўстанцы, трэба разумець не дружыну Усяслава, што, паводле Л. Аляксеева, была, захоплена разам з князем і пасаджана «ў поруб», а прыхільнікаў Усяслава з боку кіяўлянаў, якія былі абураны вераломным захопам полацкага князя (нездарма ж летапісец тлумачыў напад полаўцаў карай боскай за клятваадступніцтва Ізяслава) і выказалі сваю незадаволенасць гэтым, і, магчыма у карысць яго вызвалення, за што і былі часова зняволены33. Калі ўжо такі чалавек, як Антоній Пячэрскі, сімпатызаваў Усяславу, за што пазней павінен быў уцякаць ад гневу Ізяслава ў Чарнігаў, то, вядома, сумнявацца ў наяўнасці многіх прыхільнікаў палоннага полацкага князя не прыходзіцца. Пэўным пацверджаннем гэтага могуць быць і звесткі М. Стрыйкоўскага, паводле якіх, баярства кіеўскае і полацкае шмат разоў прасіла Ізяслава вызваліць Усяслава, але ён ім адмаўляў у гэтым, у выніку чаго баяры і ўзбунтаваліся340. Як мы ўжо ведаем, прычынай паўстання было не гэта, але ўсё ж і яно магло адыграць некаторую ролю ў выбуху яго. Паўсталымі кіяўлянамі Усяслаў быў высаджаны з поруба, а пасля таго як Ізяслаў уцёк з Кіева, быў абвешчаны і вялікім князем. Важна адзначыць, што ў ліку людзей, якія патрабавалі вызвалення Усяслава, было больш «подлых»341 (так у той час называлі людзей, што стаялі на самай нізкай ступені сацыяльнай лесвіцы), г. зн. бедных. Гэта можа сведчыць пра тое, пгго Усяслаў, апроч іншага, карыстаўся славай заступніка за ўсіх прыгнечаных і абнядоленых.

Факт знаходжання полацкага князя на кіеўскім пасадзе, калі ўлічыць узаемную варожасць гэтых дзвюх княскіх дынастый, цяжка зразумець. Аднак трэба ўлічваць той канкрэтны момант, калі гэта адбылося. Гнеў народа галоўным чынам быў накіраваны супроць ваяводы Каснячка за яго бязладнае кіраванне рускім войскам у бойцы з полаўцамі, што і прывяло да паражэння. I тут жа адразу кіяўляне сталі патрабаваць вызвалення Усяслава, «яко искусного в войне», і супроць непрыяцеля адправіць342. Такім чынам, тут яскравае пацверджанне таленту палкаводца, уласцівага полацкаму князю. Цікава, што сведчанні аб падтрымцы Усяслава «подлымі» людзьмі і аб патрабаванні вызваліць яго як адмысловага палкаводца не захаваліся ў «Аповесці мінулых гадоў» і данесены да нас толькі тацішчаўскімі матэрыяламі. Відаць, кіеўскія летапісцы і рэдактары пастараліся паболей замаўчаць станоўчага пра Усяслава. Трэба думаць, што законнасць права Усяслава на кіеўскі пасад кіяўляне бачылі і ў тым, што яго бацька Брачыслаў быў у свой час кіеўскім князем.

Летапісы нічога не сказалі пра сямімесячную дзейнасць Усяслава на кіеўскім пасадзе, што таксама, відаць, з’яўляецца вынікам таго, што па іх прайшлася рука пазнейшых рэдактараў, якія пастараліся выкрасліць вельмі непрыемную для кіеўскіх князёў старонку гісторыі. Праўда, Б. Рыбакоў зрабіў спробу на над ставе таго месца «Слова аб палку 1 гаравым», дзе гаворыцца пра Усяслава, аднавіць гэтую страчаную старонку гісторыі. На яго думку, словы «Всеслав князь людям судяше, князем грады радяше» адносяцца да кіеўскага перыяду дзейнасці полацкага Чарадзея і характарызуюць яго як справядлівага і му драга князя, якому нялёгка было рабіць указаную справу, улічваючы бясконцыя сваркі рускіх князёў за свае ўладанні. Далей гэты даследчык выказвае меркаванне (зноўтакі на пад ставе «Слова…»), што Усяслаў зрабіў імклівы паход у далёкую Тмутаракань з мэтай знайсці сабе саюзніка і прыдбаць коней, якіх так не хапала для паспяховай барацьбы з полаўцамі. Далей Б. Рыбакоў гаворыць аб магчымасці таго, што Усяелаў, а не толькі Святаслаў узначальваў разгром полаўцаў у канцы 1068 г.343. Усе гэтыя сцверджанні не выходзяць за межы магчымага, хоць іх можна і аспрэчваць.

Гаворачы пра абсягі ўладанняў Усяслава на кіеўскім пасадзе, Б. Рыбакоў з пафасам адзначыў: «Каму яшчэ з рускіх князёў удавалася кіраваць з Кіева ў адзін бок Тмутара канню, а ў другі — Полацкам?»344 Сапраўды, у гісторыі «Імперыі Рурыкавічаў» наступіў быў унікальны момант, калі ў яе склад уваходзіў і непакорны Полацк. Але гэта адбылося зноўтакі толькі дзякуючы унікальнаму выпадку, калі на кіеўскі пасад трапіў поладкі князь. Аднак Б. Рыбакоў памыляецца, калі мяркуе, што Усяслаў у час свайго вялікага князявання распараджаўся і Ноўгарадам345. Менавіта ха рактар узаемаадносін з апошнім і вызначыў у многім далейшы лёс Усяслава як кіеўскага князя. Трэба толькі пашкадаваць, што Б. Рыбакоў, як і яго папярэднікі, не заўважыў вельмі важнага сведчання тацішчаўскіх крыніц, праўдзівасць якіх паказаў сам жа даследчык346. Паколькі яно з’яўляецца малавядомым, прывядзём яго поўнасцю ў арыгінале: «Всеслав, седя в Киеве, посла к новгородцам по дань. Новгородцы же реша: «Княже, мы есмя племени Ярославля и ко Полоцку дани отцы и деды не давали и тебе не хотим, а бери со своея волости»347. Сведчанне гэта вельмі паказальнае. Мы бачым, што паранейшаму не адзін Кіеў меў рашаючае значэнне ў вырашэнні важнейшых дзяржаўных спраў, у прыватнасці ў абранні князя. Кіеў прызнаваў Усяслава сваім князем, а Ноўгарад адмовіўся гэта зрабіць, прадаўжаючы лічыць яго толькі полацкім князем, г. зн. прадстаўніком іншай княскай дынастыі, які павінен браць даніну толькі з Полацка. Наўгародская апазіцыя да Усяслава, у якой выявілася даўняя варожасць Ноўгарада да Полацка, хутчэй за ўсё дала сябе знаць адразу пасля абрання Усяслава вялікім князем і з самага пачатку паказала яго нетрываласць на кіеўскім пасадзе. У далейшым, відаць, Усяслаў убачыў і ўсё большую варожасць да яго і кіяўлянаў. Б. Рыбакоў, які вельмі скрупулёзна прааналізаваў кожны выраз «Слова аб палку Ігаравым», што адносіўся да Усяслава, не растлумачыў, чаму гэты любімы герой кіяўлянаў, як яго характарызуе даследчык, урэшце «скочи от них лютым зверем». Гэтыя словы, хоць і працытаваныя Б. Рыбаковым348, засталіся без каментарыя, а яны ж у вялікай ступені зноўтакі прасвятляюць даволі зацемненае для нас велікакняскае становішча Усяслава. Сапраўды, што магло прывесці Усяслава да крайняй варожасці к кіяўлянам, якія з такім энтузіязмам сем месяцаў таму назад абралі яго сваім князем? Папершае, тут варта прыгадаць, што важную ролю ў вызваленні Усяслава і абранні яго вялікім князем адыгралі т. зв. «подлыя» людзі. Цалкам магчыма, што ён, добра ведаючы гэта, нешта рабіў для паляпшэння іх жыцця, што не магло не выклікаць незадаволенасці ім з боку маёмасных класаў гараджан. I ўсё ж, відаць, вырашальную ролю ў гэтым мелі яго адносіны да Полацка. Найперш тут узнікае пытанне: «Ці мог велікакняскі пасад засланіць Усяславу яго родную Полаччыну?» Мы лічым, што не. I гэта добра пацвердзіла «Слова аб палку Ігаравым», у якім чытаем: «Тому в Полотске позвониша заутреню рано у Святыя Софеи колоколы, а он (Усяслаў) в Киеве звон слыша». Наўрад ці можна знайсці больш яркую мастацкую дэталь, як гэтая, каб паказаць непарыўную духоўную сувязь Усяслава з сваёй радзімай у час яго знаходжання на кіеўскім пасадзе. У сё гэта змушала дбаць яго пра інтарэсы Полацка, выдзяляць яго з ліку іншых земляў у прадмет асобых клопатаў. Што ж мог для Полацка зрабіць Усяслаў у становішчы вялікага князя? Папершае, ён мог выдаліць з Полацка стаўленіка Ізяслава, магчыма, сына яго, Мсціслава, і паслаць туды свайго намесніка, магчыма, аднаго з сваіх сыноў, якія былі разам з ім у «порубе». Падругое, ён мог вывесці з паўднёвай (дрыгавіцкай) часткі Полаччыны паўднёварускія войскі, якія яе рабавалі, і вярнуць яе зноў пад уладу Полацка. Нарэшце, ён мог зрабіць і новыя тэрытарыяльныя прырашчэнні да Полацкага княства за кошт іншых земляў, напрыклад, далучыць да яго Тураўскую зямлю або частку Смаленскай, карыстаючыся тым, што іх ранейшы гаспадар Ізяслаў Яраславіч уцёк у Полынчу. Вядома, усё гэта меркаванні, якія нельга пацвердзіць крыніцамі. Але ж яны лагічна выцякаюць з таго, што Усяслаў «лютым зверам» скочыў з Кіева. Сапраўды, на велікакняскім пасадзе ён быў болын полацкім, чым кіеўскім князем, што не магло не выклікаць варожасці да яго з боку кіеўскага баярства. У такіх умовах Усяслаў не мог не ўпэўніцца, наколькі чужыя для яго былі інтарэсы кіяўлянаў, і таму разрыў з імі быў для Усяслава пытаннем часу. I зручны момант наступіў. Выгнаны кіяўлянамі рагГейшы князь Ізяслаў з войскам! польскага караля Баляслава Храбрага ішоў у Кіеў адваёўваць сабе пасад. Усяслаў з войскам прыйшоў да Белгарада, каб перагарадзіць дарогу варожаму войску. Невядома, адкуль Б. Рыбакоў узяў, што ў 1069 г. усе (?) кіяўляне выйшлі да Белгарада абараняць свайго, імі выбранага князя Усяслава і што, маўляў, гэта сведчыла пра дастаткова трывалыя сімпатыі іх да гэтага князя349. Калі і сапраўды ўсе кіяўляне прыйшлі к Белгараду (ніводная крыніца пра гэта не гаворыць, і, прынамсі, аўтар на іх не спасылаецца), то не з прычыны сваіх вялікіх сімпатый да Усяслава, а хутчэй за ўсё каб пільна сачыць за ім, паколькі ён ужо страціў іх давер. Гэта добра адчуваў Усяслаў і пастараўся падмануць іх пільнасць, што яму і ўдалося зрабіць. Выбраўшы зручны момант, апоўначы, таемна ад кіяўлянаў ён уцякае ў Полацк. I прычынай гэтаму быў не страх перад Ізяславам і палякамі, а тое, што Усяслаў найперш не верыў кіяўлянам, як сведчаць тацішчаўскія крыніцы 350.

Вяртанне Усяслава ў Полацк з’явілася важным момантам у развіцці палітычнай свядомасці полацкіх князёў. Хоць яны добра разумелі асобнасць сваёй дзяржавы ад Кіева і свайго роду ад Рурыкавічаў, але ўсё ж яшчэ канчаткова не вызваліліся ад родавых перажыткаў і ў глыбіні душы хавалі надзею на атрыманне кіеўскага пасада. Невыпадкова ж і Брачыслаў і Усяслаў пабывалі на ім. Але калі Брачыслаў, відаць, быў выгнаны, як мы мяркуем, з Кіева, то Усяслаў, асабліва яскрава ўбачыўшы ўсю марнасць дамаганняў на кіеўскі насад для полацкіх князёў і не стаўшы чакаць, калі яго прагоняць адтуль, сам пакінуў Кіеў. Гэтым сваім прыкладам ён ясна паказаў, што для полацкіх князёў ёсць адно толькі поле дзейнасці — Полацкае княства. Такі быў галоўны гістарычны ўрок, які выцякаў з факта князявання Усяслава ў Кіеве.