ПАШЫРЭННЕ ХРЫСЦІЯНСТВА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ПАШЫРЭННЕ ХРЫСЦІЯНСТВА

Рагнеда, як мы ўжо бачылі, прычынілася і да пашырэння хрысціянства ў Полаччыне. Прыняцце новай веры было адной з найважнейшых падзей у нашай гісторыі. Хоць і бясспрэчна, што хрысціянства як масавая з’ява ішло да нас з Кіева, аднак яно зусім новым фактам для насельніцтва Беларусі не магло быць. Нельга забывацца, што ўпомнены намі вышэй Ансгарый у 30-я гады IX ст. рабіў пэўныя спробы пашырэння хрысціянства ў славенаў і крывічоў. ГІаколькі полацкія воіны ўдзельнічалі ў паходах на Візантыю і некаторыя з іх маглі прыняць новую веру яшчэ да масавага хрышчэння, не выключана ранейшае існаванне ў Полацку хрысціянскай абшчыны, як гэта было ў Кіеве.

Афіцыйна хрысціянства прынята Кіевам у 988 г. па ініцыятыве вялікага князя Уладзіміра, які за гэта атрымаў тытул Святога. Хрышчэнне ўсходнеславянскага насельніцтва, было гвалтоўным актам. У Ноўгарадзе, напрыклад, як сведчыць прыказка, хрысцілі «мячом і агнём»222. Народ нялёгка адракаецца ад сваіх ранейшых поглядаў, вераванняў і звычаяў.

Навукай устаноўлена, што прынятае хрысціянства доўгі час было толькі знешняй фармальнасцю, што новая вера павінна была ўжывацца з старой верай і прыстасоўвацца да яе. У выніку гэтага ўтварылася своеасаблівае двухвер’е. Каб зразумець прычыну жывучасці язычніцтва, трэба нагадаць тое, што хрысціянства спачатку пашыралася толькі сярод славянскага насельніцтва, у той час як неславянскае пакідалася ў старой веры223. Трэба думаць, што доўгі час на тэрыторыі Беларусі заставаліся астравы балцкага насельніцтва, якія таксама жывілі сабою язычніцкія перажыткі ў славянскага насельніцтва. Магчыма, гэтым і трэба тлумачыць позняе хрышчэнне радзімічаў224, на тэрыторыі якіх, як лічаць даследчыкі, было досыць густое балцкае насельніцтва, позна аславяненае225. Пра тое, што неславянскае насельніцтва доўгі час не падпадала хрысціянізацыі, ніяк нельга забывацца. Гэта акалічнасць давала сябе знаць яшчэ ў сярэдзіне XIII ст., нават у канцы XIV ст. і растлумачвае некаторыя незразумелыя на першы погляд факты нашай гісторыі, пра што мы будзем гаварыць пазней.

Паводле летапісу, Уладзімір, хрысціўшыся сам, ахрысціў і сваіх сыноў, якіх пасля разаслаў па гарадах, у тым ліку Ізяслава ў Полацк, а Святаполка ў Тураў. Даследчыкі ўжо даўно ўсумніліся ў магчымасці таго, што ўсе сыны Уладзіміра ў 988 г. маглі быць разасланы па гарадах, бо многія з іх былі зусім малалетнія, а некаторыя, магчыма, яшчэ не нарадзіліся227. Таму зразу мела, што гэты запіс можа толькі праўдзіва сведчыць, куды быў пасланы той ці іншы сын Уладзіміра, а не дату гэтых падзей. Як мы бачылі, аб разасланні сыноў Уладзіміра гаворыцца непасрэдна ўслед за паведамленнем пра іх хрышчэнне. Відаць, гэтым падкрэслівалася, што хоць разам з імі пасылаліся епіскапы, на іх таксама ўскладаліся і абавязкі па пашырэнні хрысціянства ў іх абласцях. Нягледзячы на адсутнасць непасрэдных сведчанняў, даследчыкі ўсё ж з вялікай доляй упэўненасці мяркуюць, што епіскапствы ў Полацку і Тураве былі ўтвораны аднымі з першых, недзе ў 991–992 гг.

Пра падзеі, звязаныя з увядзеннем хрысціянства ў Тураве, захаваліся некаторыя паданні, якія адначасова могуць праліць святло і на далейшы лёс Тура. Ці сядзеў ён у Тураве пасля забойства Рагвалода? Нам здаецца, што Тур знаходзіўся ў Тураве, прынамсі, да таго часу, пакуль туды не быу пасланы пасля прыняцця хрысціянства сын Уладзіміра — Святаполк. Падставай для такога меркавання з’яўляецца паданне, паводле якога Тураў аказаў супраціўленне прыняццю хрысціянства229. На крывавыя падзеі, звязаныя з хрышчэннем тураўцаў, указвае і паданне пра каменныя крыжы (яны ёсць і цяпер у Тураве), якія нібыта самі некалі прыплылі з Кіева па вадзе да горада, і рака пачырванела ад крыві231. Відаць, у тэты час і быў знішчаны Тур, і расправа з ім была не менш жорсткай, чым з Рагвалодам, а яго месца заняў Святаполк, які пазней за сваю жорсткасць атрымаў ганебны тытул Акаяннага. Ускосна гэта можа пацвердзіць паданне, якое гаворыць, што пасля Тура ў Тураве стаў князем Уладыка 232. Як вядома, апошняе — тытул епіскапа. Як бачым, легенда дакладна перадае сутнасць справы. Тура ў Тураве не стала пасля насаджэння хрысціянства і з’яўлення там епіскапа («уладыкі»), Уяўленне народа аб уладыку як тураўскім князю магло скласціся і таму, што Святаполк быў яшчэ малалетні (10–12 гадоў) і ім мог апекавацца епіскап — уладыка.