Рагвалод і Рагнеда
Рагвалод і Рагнеда
Бацька гарадоў беларускіх
Узрост старажытных гарадоў лічаць з таго года, калі пра горад упершыню паведамляе летапіс.
Летапіс — гэта кніга, у якую адукаваныя людзі запісвалі галоўныя падзеі: калі пачалася вайна, калі здарыўся вялікі пажар, калі быў добры ўраджай, а калі — голад... Гэтых адукаваных людзей звалі летапісцамі. Не думайце, быццам яны пісалі толькі пра тое, што здарылася ўлетку. Словам “лета” тады называлі цэлы год.
Дзякуючы летапісцам, мы ведаем, што Полацак у 862 годзе ўжо быў пабудаваны. Значыцца, яму амаль 1150 гадоў. А вучоныя-археолагі, зрабіўшы ў Полацку раскопкі, высветлілі, што ў сапраўднасці ён значна старажытнейшы. Людзі тут жылі яшчэ тады, калі не было летапісаў. Сваім узростам з Полацкам можа параўнацца хіба што Смаленск.
Уявіце, што на чароўнай машыне часу мы з вамі перанесліся на тысячу гадоў назад.
На месцы сённяшняга Полацка з ягонымі шматпавярховымі будынкамі, шырокімі вуліцамі і плошчамі мы ўбачым на беразе Палаты невялікі параўнальна з сучасным горад. Ён абнесены моцнымі драўлянымі сценамі, абкружаны земляным валам і глыбокім ровам.
Але гэта нам тагачасны Полацак здаецца невялікім. А ў ім жыло ўжо пяць тысяч жыхароў, і ён лічыўся адным з найбуйнейшых гарадоў на славянскіх землях.
Простыя людзі сяліліся вакол гарадскіх умацаванняў, а за моцнымі сценамі жыў князь са сваімі ваярамі — дружыннікамі. Полацкія дружыны хадзілі ў ваенныя паходы вельмі далёка, ажно на Царгорад. Так у той час называўся горад Канстанцінопаль, які цяпер знаходзіцца ў Турцыі. З летапісаў вядома, што пасля ўдалых паходаў Царгорад плаціў палачанам даніну. Сілу Полацка так паважалі, што аднаму замежнаму падарожніку нават здалося, быццам сцены вакол горада не драўляныя, а каменныя.
Наша першая дзяржава
Найстаражытнейшы беларускі горад хацеў жыць вольна і незалежна. Ён стаяў на рацэ Дзвіне, па якой на караблях плылі з Чорнага мора ў Балтыйскае купцы. Яны вялі ў горадзе гандаль рознымі таварамі. Гэта дапамагала Полацку хутка багацець і рабіцца яшчэ мацнейшым. Нездарма тады казалі, што дно ў Дзвіны залатое, а берагі срэбныя.
За тысячу гадоў да нас у Полацку ўладарыў князь Рагвалод. Ягонае імя некаторыя вучоныя тлумачаць як валадар рога. Відаць, бацькі назвалі яго так, марачы, каб сын быў храбрым воінам і спрытным паляўнічым. У тыя часы сігналы на паляванне падавалі з рога.
Уладу князя Рагвалода прызналі навакольныя землі крывічоў.
Гэта значыць, што тады ўжо ўтварылася першая беларуская дзяржава — Полацкае княства.
З падуладных Полацку земляў у сталіцу ішла даніна — мяса і збожжа, мёд і воск, футры звяроў. Калі пагражалі напасці ворагі, сюды адусюль збіраліся ваяры.
Апрача Полацкага княства існавалі таксама Кіеўскае і Ноўгарадскае. У Кіеве кіраваў князь Яраполк, а ў Ноўгарадзе — Уладзімір. Абодва яны імкнуліся сябраваць з моцным Полацкам, а таму кожны хацеў, каб ягонай жонкаю стала дачка полацкага князя — прыгажуня Рагнеда.
Над Палатой магло шумець вяселле з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і клятвамі на ўзаемную вернасць. Але атрымалася іначай, і тое вяселле людзі назвалі крывавым.
Крывавае вяселле
Спачатку ў Полацак прыехалі сваты з Кіева. Рагвалод паразважаў і вырашыў, што выгадней будзе парадніцца з кіеўскім князем Яраполкам. Рагнедзе споўнілася толькі дванаццаць гадоў, але ў такім узросце князёўна ўжо лічылася нявестай. Выконваючы бацькаву волю, яна пачала рыхтавацца да вяселля і ад’езду ў Кіеў.
І тут у Полацак нечакана заявіліся сваты з Ноўгарада. Князь Рагвалод паклікаў дачку і перад гасцямі запытаўся, ці хоча яна пайсці за Уладзіміра. Ганарлівая Рагнеда адмовілася, ды яшчэ і дадала, што Уладзімір — сын рабыні, а такі жаніх ёй не патрэбны.
Даведаўшыся пра гэта, Уладзімір страшэнна ўгневаўся і з вялікім войскам рушыў на Полацак. Ён збіраўся адпомсціць за крыўду і захапіць крывіцкія землі.
Ворагі напалі раптоўна, і князь Рагвалод не паспеў сабраць сваё войска. У жорсткай сечы нашыя продкі былі разбітыя. Чужынцы спалілі Полацак, забілі Рагвалода і ўсю ягоную сям’ю. Рагнеду князь Уладзімір пад прымусам зрабіў сваёй жонкаю.
Напэўна, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў закапаў вялікі скарб са срэбных манетаў. Ужо нашым часам яго знайшлі, гуляючы на ўзараным полі, полацкія хлапчукі. У скарбе было болей за сем з паловаю тысяч манетаў.
Ці ведаеце вы, што Беларусь па знойдзеных у зямлі старажытных скарбах займае першае месца ў Еўропе, а можа, і ва ўсім свеце? Вось толькі прычына ў гэтага рэкорду сумная. Хаваць сваё багацце людзей прымушалі войны, якія з часоў Уладзіміра і Рагнеды прыходзілі на беларускую зямлю вельмі часта.
Вяртанне на радзіму
Неўзабаве пасля перамогі над палачанамі жорсткі Уладзімір забіў свайго суперніка Яраполка і зрабіўся кіеўскім князем. Рагнеду ён пасяліў у вёсачцы каля Кіева і доўгімі месяцамі не пераведваў ні яе, ні малога сына Ізяслава.
Рагнеда кожны дзень думала пра захопленую ворагамі родную зямлю. Яна ўспамінала, як гарэў Полацак, як плакалі жанчыны і дзеці, якіх гналі ў палон. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, яна ўзяла меч, каб адпомсціць за сваіх бацькоў і братоў. Але князь прачнуўся і перахапіў руку з мечам. Ён хацеў расправіцца з Рагнедай, аднак яе абараніў сын Ізяслаў, хоць яму і было ўсяго сем гадоў.
Багатыя людзі — баяры параілі князю не забіваць Рагнеду, а адправіць яе з Ізяславам назад, на бацькаўшчыну. Летапісцы паведамілі, што для полацкай князёўны і яе сына на загад Уладзіміра пабудавалі горад Ізяслаў. Цяпер ён называецца Заслаўе і знаходзіцца недалёка ад Менска. Заслаўю, як Полацку і Смаленску, болей за тысячу гадоў.
Там і прайшло астатняе жыццё мужнай і непакорлівай Рагнеды. Праз сённяшняе Заслаўе цячэ маленькая рачулка з цікавай назваю — Княгінька. Гэта памяць пра полацкую князёўну.
Пра незвычайнае жыццё Рагнеды напісана шмат вершаў, апавяданняў і нават кніжак. Беларускія мастакі малююць яе партрэты і ствараюць скульптуры. Палачане мараць пра помнік гэтай славутай дачцэ Беларусі, якая ўратавала ад пагібелі полацкі князёўскі род.
Новая вера
У тыя часы, калі жыла Рагнеда, на зямлю нашых продкаў прыйшла новая вера — хрысціянства. Людзі адмаўляліся ад ранейшых багоў і пачыналі маліцца Ісусу Хрысту. Яны верылі, што гэта быў пасланы з нябёсаў сын Божы, якога нарадзіла зямная жанчына Марыя. Ісус Хрыстос вучыў праўдзе і дабрыні.
Вучоныя хрысціянскія святары, якіх запрасілі князі, прывезлі з сабою шмат кніг. На славянскіх землях будаваліся цэрквы. Часта іх узводзілі на тых месцах, дзе калісьці маліліся былым багам. Але нашыя прашчуры яшчэ доўга не маглі забыць іх і спраўлялі свае старажытныя святы. Некалькі стагоддзяў даўнейшая вера існавала побач з новай. Старых багоў не забывалі нават князі.
Прыняцце новай веры прынесла старажытным беларусам павагу суседніх еўрапейскіх народаў, якія ўжо былі хрысціянамі. Болей стала пісьменных людзей. Пры цэрквах адчыняліся школы, дзе дзяцей вучылі чытанню, пісьму і ліку, а таксама спевам.
Побач з цэрквамі будавалі манастыры. Там жылі манахі і манашкі — людзі, якія адмовіліся ад зямных клопатаў, каб служыць Богу. Але яны не толькі маліліся. Пры манастырах былі школы. Манахі і манашкі збіралі і перапісвалі кнігі, лекавалі хворых.
Першаю манашкай на Беларусі стала Рагнеда. Калі чалавек ішоў у манастыр, яму давалі новае імя. Рагнеду назвалі Настассяй.
А што здарылася з яе сынам Ізяславам, які некалі выратаваў маці ад смерці?
Пра гэта пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.
Пытанні і заданні
1. Што такое летапіс?
2. Чаму Полацак называюць бацькам беларускіх гарадоў? Які іншы горад можа параўнацца з ім сваім узростам?
3. Паспрабуй намаляваць старажытны Полацак.
4. Чаму нашыя продкі казалі, што дно ў Дзвіны залатое, а берагі срэбныя?
5. Як называлася першая беларуская дзяржава? Як звалі яе першага князя?
6. Чаму вяселле Уладзіміра і Рагнеды людзі назвалі крывавым?
7. Раскажы, як Рагнеда з сынам вярнуліся на радзіму.
8. У якім горадзе жыла Рагнеда пасля вяртання з Кіева? Дзе знаходзіцца гэты горад?
9. Як называлася новая вера нашых продкаў? Што яна прынесла старажытным беларусам?
10. Што такое манастыр? Раскажы, як жылі манахі і манашкі.
11. Чаму ў Рагнеды з’явілася новае імя?