Крывавае стагоддзе
Крывавае стагоддзе
Беларусь не паспела загаіць цяжкія раны, пакінутыя вайной з маскоўскім царом Iванам Грозным, як на нашую зямлю зноў абрынулася ваеннае ліхалецце. У войнах прайшло ўсё семнаццатае стагоддзе.
За гэта яго і называюць крывавым.
Такой цяжкай пары ў гісторыі нашай дзяржавы яшчэ не было.
Ворагі знішчалі гарады і вёскі, не шкадавалі ні старых, ні малых.
Але беларусы не здаваліся. Яны мужна баранілі сваю зямлю і яе незалежнасць.
Царскім ваяводам і гэтым разам не ўдалося паняволіць наш народ.
Змаганне за Смаленск
Расейскія валадары не пакідалі мары захапіць Беларусь. Самым блізкім да Масковіі быў наш старажытны Смаленск. На яго няраз нападалі царскія ваяводы. Смаленск пераходзіў з рук у рукі. Але на пачатку семнаццатага стагоддзя, пасля доўгай вайны з Масковіяй, Смаленшчына была вернутая ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Разам з ёю да нашай дзяржавы адышла Чарнігаўшчына ды іншыя землі з 30 гарадамі.
Аднак мір з усходнімі суседзямі працягваўся, як заўсёды, нядоўга.
У 1632 годзе цар паслаў у наступ на Смаленск 40-тысячнае войска свайго баярына Шэйна. Ворагі ўзялі горад у аблогу і пайшлі далей. Яны захапілі Полацак, Асвею, Друю ды іншыя беларускія гарады. Але жыхары Смаленска мужна бараніліся і не збіраліся здавацца.
На дапамогу смаленцам кароль і вялікі князь Уладзіслаў выслаў моцнае 25-тысячнае войска. Яно абкружыла маскоўскія палкі і прымусіла іх здацца. Пераможцы адпусцілі палонных дадому, пакінуўшы сабе толькі гарматы.
Цар так угневаўся, што загадаў адсекчы баярыну Шэйну галаву.
Новая вайна
Праз дваццаць гадоў цар Аляксей Міхайлавіч зноў адправіў сваё войска на Беларусь. Ён абяцаў беларусам вызваліць іх ад польскага ўціску, а ў сапраўднасці хацеў зусім іншага. Нашыя прадзеды вельмі хутка зразумелі цану царскіх абяцанак.
У межы Вялікага Княства ўварваліся тры велізарныя варожыя арміі. 100-тысячная вайсковая сіла захопнікаў пакідала за сабой спустошаную і абрабаваную зямлю.
Расейскія стральцы спалілі Бабруйск, Глуск, Чавусы, Копысь... Разам з вялікакнязеўскімі жаўнерамі гераічна баранілі свой горад жыхары Амсціслава. За гэта царскі ваявода Трубяцкой аддаў сваім стральцам загад перабіць усіх амсціслаўцаў — ад старых да дзяцей, якія яшчэ не ўмелі хадзіць. У горадзе засталіся толькі здзічэлыя сабакі.
Былі захопленыя Віцебск, Ворша, Дуброўна, Крычаў, Гомель, Рэчыца, Шклоў. Калі горад адмаўляўся здавацца, цар загадваў разбураць яго. Жыхароў, як і ў Амсціславе, забівалі або вялі ў палон.
Калі маскоўскае войска наблізілася да Полацка, большасць яго насельніцтва на чаўнах і наўплаў пераправілася цераз Дзвіну і ратавалася хто як мог. Манахі везлі з сабою абразы і дамавіны з мошчамі святых, бо захопнікі не шкадавалі ні храмаў, ні магілаў.
Накіроўваючы на нашу зямлю ўсё новыя і новыя войскі, цар наказваў ваяводам на сваім шляху ўсё паліць і разбураць, а каб болей панішчыць — назад ісці іншымі мясцінамі. Захаваліся пісаныя ў Маскву граматы ваяводы Трубяцкога, дзе ён паведамляў цару: “Вокруг Слуцка велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села, и деревни, и хлеб, и сено по обе стороны жгли и людей побивали, и разоряли совсем без остатку, а в Клецке в городе людей побили всех”. Сваімі рабункамі ворагі давялі народ да страшнага голаду.
На захопленай зямлі беларусы ўсё часцей браліся за зброю. Яны стваралі партызанскія аддзелы і не давалі захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўначы. Асабліва ўдала народныя мсціўцы дзейнічалі на Амсціслаўшчыне. Аднаго разу на расейцаў напала цэлае сялянскае войска з трох тысяч змагароў.
Магілеўскае паўстанне
Калі царскія ваяводы падышлі да Магілева, яго жыхары вырашылі ўратаваць свой горад ад разбурэння і таму добраахвотна адчынілі перад маскоўцамі браму. Гараджане спадзяваліся, што стральцы, якія былі адной з імі веры, не будуць чыніць ім ніякай крыўды.
Але магілеўцы моцна памыліліся. Чужынцы абыходзіліся з імі, як з палоннымі. Яны нахабна адбіралі ў гараджанаў грошы і зброю, коней і хлеб, забіралі нават кухонны посуд.
У Магілеве жыло шмат габраяў. Захопнікі абвясцілі, што пастанавілі адправіць іх усіх у Польшчу. Ім загадалі ўзяць самыя каштоўныя рэчы і выйсці з горада. У полі ў габраяў забралі грошы, упрыгожанні ды іншае багацце і амаль усіх перарэзалі.
Магілеўцы рыхтаваліся адпомсціць крывадушным ворагам.
Царскія стральцы аднойчы абрабавалі на рынку жанчын, што прадавалі хлеб. Пасля гэтага цярпенне ў жыхароў скончылася. Загадам гарадскіх уладаў магілеўцы, у чыіх дамах жылі заваёўнікі, выкруцілі з іхніх стрэльбаў крэмні. Такія стрэльбы былі ўжо нікуды не вартыя.
Мужчыны даставалі прыхаваную зброю. У шматтысячным горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, і ворагі да апошняй хвіліны нічога не ведалі.
1 лютага 1661 года магілеўскі жыхар Язэп Левановіч, які кіраваў падрыхтоўкай паўстання, з крыкам “Парђ!” выхапіў шаблю і кінуўся на стральцоў. Над вуліцамі паплыў набатны звон.
Паўстанцам дапамагалі вызваленыя з палону жаўнеры нашага войска. За некалькі гадзін ад шабляў і куляў палеглі тысячы захопнікаў.
Паданне кажа, быццам жывы застаўся толькі адзін-аднюткі стралец, які схаваўся на печы. Яго адпусцілі дадому, наказаўшы перадаць цару і ягоным ваяводам, што беларусы не даруюць падману і здрады і ўмеюць бараніць свой гонар.
У царскім палоне
Вайна прынесла яшчэ адно страшнае гора. Цар пастанавіў перасяліць у Масковію трыста тысяч беларусаў (але ў сапраўднасці гэтых перасяленцаў было значна болей).
Шмат нашых продкаў сталі прыгоннымі сялянамі расейскіх памешчыкаў. У Астрахані ды іншых паўднёвых гарадах царскія стральцы гандлявалі палоннымі з-пад Полацка, Віцебска, Воршы і Амсціслава. Іх прадавалі персам і туркам у вечнае рабства па тры рублі за чалавека.
Вялікую частку палону цар пасяліў у сваёй сталіцы. Жыхары цёмнай, амаль цалкам непісьменнай Масквы вельмі здзіўляліся, што ледзь не палова перасяленцаў з Беларусі ўмела чытаць і пісаць. Нашыя землякі адчынялі там школы.
З гістарычных дакументаў вядома, што адну такую школу трымаў беларус Якуб Якаўлеў, а полацкі манах Варлаам вучыў маскоўскіх дзяцей лацінскай мове. З нашых здольных юнакоў і дзяўчат быў створаны першы ў Маскве і ва ўсёй расейскай дзяржаве тэатр.
Самымі каштоўнымі для цара і ягоных баяраў палоннікамі былі беларускія майстры.
З-пад Воршы перасялілі на чужыну друкароў з іхняй друкарняю. На ўсход гналі разьбяроў, ювеліраў, кафляроў, пераплётнікаў, збройнікаў... Яны аздаблялі саборы і царскія палацы, вучылі свайму рамяству мясцовых людзей.
Калі вы будзеце ў Маскве і трапіце ў багатыя крамлёўскія музеі, памятайце, што шмат якія скарбы Залатой, Срэбнай і Майстроўнай палатаў створаныя таленавітымі рукамі нашых суайчыннікаў.
У другой палове XVII стагоддзя беларускія майстры складалі пятую частку насельніцтва Масквы. Гістарычныя дакументы кажуць, што нашы землякі мелі болей за пяцьдзесят спецыяльнасцяў. Шмат якія рамёствы, добра асвоеныя ў Беларусі, расейцам былі зусім невядомыя.
Турыстаў з розных краін у Маскве часта прыводзяць у славуты Смаленскі сабор Новадзявочага манастыра. Кожны, хто трапляе туды, захапляецца дзівоснай пазалочанай разьбою, якая ўпрыгожвае храм. На жаль, мала хто ведае, што гэтае дзіва стварыла арцель выдатных беларускіх майстроў.
Цяжкія страты
Вайна з Расейскай дзяржавай доўжылася трынаццаць гадоў — ад 1654-га да 1667-га.
Гэта была самая страшная і крывавая вайна за ўсю гісторыю Беларусі. Бітвы, голад і хваробы скарацілі насельніцтва нашай Бацькаўшчыны ў два разы.
Загінуў кожны другі, а на ўсходзе Беларусі — кожныя восемдзесят чалавек з сотні. Напрыклад, у Полацку перад вайною было болей за 1500 дамоў, а засталося толькі сто, у Віцебску з 982 дамоў у попел і ў руіны ператварыліся 926. Захопнікі вынішчылі пад корань цэлыя беларускія роды.
Беларусь страціла Смаленскую зямлю.
Ад мора пралітай крыві летапісцы назвалі тыя гады не вайною, а патопам.
Велізарнай і незваротнаю стратай сталі для Беларусі не толькі палеглыя. Сотні тысяч беларусаў вайна назаўсёды адарвала ад родных дамоў і змусіла застацца на чужыне.
Сярод іх быў і знакаміты сын нашага народа Сімяон Полацкі, якому будзе прысвечанае наступнае апавяданне.
Пытанні і заданні
1. Чаму XVII стагоддзе называюць крывавым?
2. Раскажы, як адбывалася змаганне за Смаленск.
3. За што цар пакараў смерцю свайго ваяводу Шэйна?
4. Раскажы, як паводзілі сябе на нашай зямлі расейскія войскі.
5. Навошта цар загадваў паліць і нішчыць беларускую зямлю?
6. Як беларусы змагаліся з захопнікамі?
7. Чаму магілеўцы падняліся на паўстанне супроць царскіх стральцоў?
8. Хто кіраваў паўстаннем у Магілеве? Раскажы, як яно адбывалася.
9. Колькі тысяч беларусаў цар хацеў перасяліць у сваю дзяржаву?
10. Што рабілі нашы землякі на чужыне?
11. Які славуты маскоўскі сабор упрыгожылі беларускія майстры?
12. Чаму мы называем вайну 1654—1667 гадоў самай страшнай у гісторыі Беларусі? Раскажы пра цяжкія страты нашай зямлі.