Захоп Беларусі Расеяй
Захоп Беларусі Расеяй
Доўгі час у школьных падручніках і ў іншых кніжках па гісторыі гаварылася, нібыта беларусы на працягу стагоддзяў імкнуліся ўз’яднацца з братнім расейскім народам і жыць з ім у адной дзяржаве. Гэта няпраўда.
Беларусы паважалі суседні народ, дапамагалі тым, хто перасяляўся з Масковіі ў Вялікае Княства Літоўскае, але жыць пад уладаю расейскіх цароў нашыя продкі ніколі не хацелі.
Яны вельмі добра памяталі, як забіваў і гнаў у няволю палачанаў цар Iван Жахлівы. Памяталі, як праз сто гадоў пасля гэтага расейскія ваяводы загадалі перарэзаць усіх жыхароў беларускага горада Амсціслава. Народ не мог забыць, як царскія захопнікі ў розныя стагоддзі рабавалі і выпальвалі нашу зямлю, як прадавалі палонных у рабства туркам і персам. Назаўсёды ў памяці беларусаў засталося і тое, што салдаты цара Пятра I ўзарвалі галоўны храм нашай зямлі — полацкі Сафійскі сабор.
Парадкі ў суседняй краіне
Весткі, што даходзілі да Беларусі з Расеі, ніякай ахвоты “ўз’ядноўвацца” таксама не выклікалі. Дачка Пятра I імператрыца Лізавета, напрыклад, загадала вырываць язык таму, хто скажа пра яе непачцівае слова.
А хваліць царыцу не было за што. Вакол самой Масквы лютавалі разбойнікі. У краіне не хапала солі, але вельмі часта простыя людзі не мелі чаго і пасаліць, бо і хлеба было, як той казаў, на адшчык.
У расейскім войску панавала палачная дысцыпліна. За якую-небудзь дробную правіну салдат мог атрымаць дзве-тры тысячы ўдараў палкай і памерці на месцы.
Расейскія ўлады вялі сапраўдную вайну са стараверамі — людзьмі, якія хацелі захаваць у праваслаўных цэрквах старыя малітоўныя кнігі і абрады. Старавераў палілі, выкопвалі з магілаў і кідалі сабакам.
Памешчыкі ў Расеі мелі бязмежную ўладу над сваімі сялянамі. Сялянаў называлі рабамі. Іх ды іхніх дзяцей было забаронена вучыць грамаце. Гаспадары мелі права высылаць іх у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, назаўсёды разлучаючы мужа з жонкаю, маці з дзецьмі. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі аб’явы аб продажы, дзе людзі стаялі ў адным пераліку з пародзістымі сабакамі.
Ад царскага беззаконня, ад голаду і здзекаў у Вялікае Княства Літоўскае штогод уцякалі тысячы людзей. Цэлымі вёскамі на беларускія землі перасяляліся стараверы.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя расейскі ўрад патрабаваў ад Рэчы Паспалітай вярнуць мільён уцекачоў.
Чаму слабела наша дзяржава
Законы аб’яднанай дзяржавы Рэчы Паспалітай, куды, як мы памятаем, уваходзілі Польшча і Вялікае Княства Літоўскае, давалі чалавеку значна болей правоў і свабоды, чым у Расеі. Аднак правы гэтыя мелі пераважна толькі паны — шляхта. Праўда, шляхты ў Вялікім Княстве было шмат. Часам на шэсць-сем сялянаў прыпадаў адзін шляхціч. Шмат хто з такіх “паноў” адрозніваўся ад сялянаў толькі тым, што насіў шаблю ды ганарыўся сваім гербам. Тым не менш гэта былі незалежныя людзі. Яны вырашалі мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, засядаючы на соймах. Соймам называўся з’езд шляхецкіх дэпутатаў.
У нашай дзяржаве, як і раней, мірна жылі побач людзі рознай веры — вуніяты, праваслаўныя, каталікі, юдэі, мусульмане. Тут па-ранейшаму дзейнічаў Статут Вялікага Княства Літоўскага, пра які вы ўжо даведаліся з гэтай кнігі.
Але ладу і спакою не было і на нашай зямлі.
На сваіх землях багатыя і вяльможныя людзі — магнаты трымалі ўласныя войскі
і нярэдка вялі з асабістымі ворагамі сапраўдныя войны, ад чаго пакутаваў найперш просты народ.
На соймах абмяркоўвалі шмат карысных пастановаў, аднак зацвердзіць іх было вельмі цяжка. Існавала недарэчнае правіла, згодна з якім сойм мог прыняць пастанову толькі тады, калі за яе прагаласуюць усе дэпутаты. Які-небудзь падкуплены шляхціч мог крыкнуць са свайго месца “Забараняю!”, і патрэбны дзяржаве закон не праходзіў.
Нярэдка на соймах разгараліся такія спрэчкі, што шляхціцы хапаліся за шаблі і маглі проста ў зале пасяджэнняў адправіць праціўніка на той свет.
Усё гэта падрывала магутнасць нашай дзяржавы. Рэч Паспалітая слабела, а суседнія краіны набіралі сілу і ўмешваліся ў яе справы.
Падзелы Рэчы Паспалітай
Ужо з часоў Пятра I расейскія войскі вельмі часта без усялякага дазволу ўрываліся на беларускія землі. З дапамогаю сваіх салдатаў цары садзілі на трон нашай дзяржавы патрэбных ім людзей і рыхтаваліся да захопу Беларусі.
У 1772 годзе тры краіны — Расея, Аўстрыя і Прусія — дамовіліся паміж сабой падзяліць Рэч Паспалітую.
Кожная з гэтых дзяржаваў адарвала сабе частку чужой зямлі. Расея захапіла ўсходнюю Беларусь з гарадамі Віцебскам, Магілевам, Воршай, Мсціславам, Гомелем...
Новая мяжа, якая праходзіла па Дзвіне, разрэзала на дзве часткі Полацак. Сафійскі сабор апынуўся ў Расейскай імперыі, а старажытны Бельчыцкі манастыр, дзе некалі жылі полацкія князі, застаўся ў Рэчы Паспалітай.
Лепшыя людзі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы спрабавалі выратаваць сваю дзяржаву ад пагібелі. Тут было створанае першае ў свеце міністэрства народнай асветы — Адукацыйная камісія, што адчыняла школы і навучальні.
Сойм зацвердзіў першую ў Еўропе канстытуцыю — асноўны закон краіны. Канстытуцыя забараняла магнацкія ўсобіцы і ўмацоўвала ў краіне парадак.
Але час быў страчаны.
На абшары Рэчы Паспалітай зноў уварваліся расейскія войскі. У 1793 годзе Расея захапіла цэнтральную Беларусь разам з Менскам, а яшчэ праз два гады — астатнія землі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Так здзейснілася даўняя мара маскоўскіх уладароў. Наша Бацькаўшчына страціла сваю самастойнасць і надоўга трапіла ў расейскую няволю.
Пад прымусам чужынцаў
На захопленых землях царскія ўлады ўводзілі свае парадкі.
Імператрыца Кацярына II і яе сын Павел раздалі паўмільёна беларускіх сялянаў сваім памешчыкам. Прыгнёт у Расейскай імперыі быў больш цяжкі. Раней прыгонныя сяляне разлічваліся са сваімі гаспадарамі грашыма. Цяпер яны мусілі ледзь не кожны дзень ад світання да змяркання працаваць на панскім полі.
У беларускіх гарадоў адабралі ўсе даўнейшыя правы і вольнасці. Каб хутчэй сцерці памяць пра той час, калі наша Бацькаўшчына была незалежная, новая ўлада забараніла нават старадаўнія гербы.
Падаткі на беларускіх землях былі ў пяць разоў цяжэйшыя, чым на расейскіх. Маладых здаровых мужчынаў пад прымусам забіралі ў царскую армію. Родныя развітваліся з імі так, быццам праводзілі на той свет, бо салдаты павінны былі служыць цару ўсё жыццё. Потым гэты тэрмін зменшылі да дваццаці пяці гадоў, але пасля такой доўгай службы ўсё роўна амаль ніхто не вяртаўся дадому жывы.
Царскія ўлады не прызнавалі беларусаў за народ і змагаліся з нашай мовай. Вучыцца на ёй было забаронена. Нашых продкаў пазбаўлялі права нават на свае імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі перарабілі Міхасёў у “Михаилов”, Язэпаў у “Иосифов”, а Тамашоў у “Фомы”. Жукі ператварыліся ў “Жуковых”, Кавалі — у “Ковалевых”...
Новыя гаспадары ўчынілі з паняволенага народа яшчэ адзін здзек. Большасць беларусаў была тады вуніятамі, якія добра ведалі, што яны не расейцы і не палякі. Каб хутчэй ператварыць беларусаў у расейцаў, царская ўлада забараніла народную вуніяцкую веру, якая была апірышчам беларускай мовы.
Тых, хто не хацеў ісці да праваслаўных царскіх папоў, усяляк каралі і часам збівалі да смерці. У адной з тагачасных газетаў расейскі пісьменнік Аляксандр Герцэн расказаў пра выпадак, калі хлопчыку-вуніяту, які адмаўляўся прыняць чужую веру, царская паліцыя загадала даць дзвесце бізуноў.
Трапіла пад забарону не толькі беларуская мова, але і сама назва Беларусь. Адмысловым указам цар загадаў ва ўсіх дзяржаўных дакументах называць нашую Бацькаўшчыну “Северо-Западным краем”. Расейскія ўлады хацелі, каб беларусы забылі пра сваю былую незалежнасць. Каб забылі нават найменне сваёй зямлі.
Але беларусы не змірыліся з чужынскім панаваннем.
На працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі нашы вальналюбныя продкі тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў царскай імперыі.
Першым у гэтай барацьбе было паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, пра якое пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.
Пытанні і заданні
1. Чаму беларусы не хацелі жыць пад уладаю маскоўскіх цароў?
2. Раскажы пра парадкі ў Расейскай дзяржаве.
3. Чаму слабела нашая краіна?
4. Што ты ведаеш пра падзелы Рэчы Паспалітай? Чым яны скончыліся?
5. Раскажы пра жыццё ў Беларусі пад царскім прыгнётам.
6. Як захопнікі ставіліся да нашай мовы? Як яны перакручвалі беларускія імёны і прозвішчы?
7. Чаму расейскія ўлады забаранілі вуніяцкую веру?
8. Дзеля чаго цар забараніў назву Беларусь?