Тураўская зямля
Тураўская зямля
Князь Тур
Дагэтуль мы з вамі вялі гаворку пра тое, што адбывалася ў Полацкім і Смаленскім княствах. Але на абшары сучаснай Беларусі існавала яшчэ адно княства, праўда, ужо не такое буйное і магутнае, — Тураўскае.
Яно ўзнікла на землях, дзе пасялілася славянскае племя дрыгавічоў. Першым вядомым нам князем тут быў брат полацкага ўладара Рагвалода. Яго звалі Тур.
“Адкуль узялося такое імя?” — можаце запытацца вы.
У тым часе ў беларускіх лясах яшчэ вадзіліся туры — вялізныя дзікія быкі з чорнай поўсцю і доўгімі, загнутымі наперад рагамі. Тур лічыўся самым дужым зверам, царом пушчаў. Таму продкі назвалі Турам аднаго са сваіх старажытных багоў, што кіраваў жыццём лясных жыхароў і дапамагаў паляўнічым вяртацца дадому са здабычаю.
На беразе ракі Прыпяці, што цячэ на поўдні Беларусі, дрыгавічы пабудавалі сабе сталіцу. На імя князя яна стала звацца Туравам.
Упершыню летапіс кажа пра яго пад 980 годам. Гэта значыць, што Тураў — адзін з найстаражытнейшых гарадоў на беларускай зямлі. Яму, таксама як Полацку, Смаленску, Віцебску і Заслаўю, ужо болей за тысячу гадоў.
Дрыгавіцкая краіна
Цяперашні Тураў — невялікі ціхі пасёлак, а некалі на ягоным месцы шумеў багаты і прыгожы горад. У глыбокай старажытнасці там ужо былі мураваныя цэрквы і манастыры. Там перапісвалі кнігі, малявалі абразы для храмаў, адчынялі школы.
Па адукаванасці і культуры сваіх жыхароў горад на Прыпяці супернічаў з Кіевам. Самая даўняя з вядомых сёння беларускіх рукапісных кніг створаная ў Тураве.
На землях Тураўскага княства выраслі беларускія гарады: Берасце, Пінск, Слуцак, Клецак, Рагачоў, Мазыр, Капыль...
Прыпяць упадае ў Дняпро, і з Турава можна было лёгка трапіць у Кіеў. Прытокі Прыпяці адкрывалі купцам шлях у Полацкае княства, у Польшчу і Прыбалтыку.
Жыхары дрыгавіцкай дзяржавы добра ведалі розныя складаныя рамёствы. Археолагі знаходзяць тут на раскопках пярсцёнкі і бранзалеты, наканечнікі стрэлаў і дзідаў, жалезныя замкі і шахматныя фігуркі, шкляны посуд і алавяныя абразкі з выявамі хрысціянскіх святых.
Багатая Тураўская зямля ляжала зусім блізка ад Кіеўскага княства. Адзін з ягоных валадароў, князь Яраслаў Мудры, пазбавіў дрыгавіцкую дзяржаву незалежнасці і болей чым на сто гадоў далучыў да сваіх уладанняў.
Але тураўцы не скарыліся. Яны змагаліся за тое, каб самім гаспадарыць на сваёй зямлі, а не падпарадкоўвацца чужынцам. Гусляры складалі і спявалі песні пра вольнае жыццё.
Калі валадарыць у Тураве стаў мудры і мужны князь Юры Яраславіч, дрыгавічы вярнулі сабе незалежнасць.
Беларускі Залатаслоў
Тады, калі ў Полацку пачала служыць народу асветніца Еўфрасіння, у Тураве з’явіўся на свет яшчэ адзін наш выдатны зямляк — Кірыла.
Хлопчык нарадзіўся ў сям’і багатых гараджанаў. Бацькі паклапаціліся, каб ён атрымаў добрую адукацыю. У той час жонкаю тураўскага князя была грэцкая царэўна. З радзімы яна прывезла шмат вучоных прыдворных. Яны сталі настаўнікамі кемлівага хлопчыка.
Кірыла вельмі шчыра верыў у Бога. З самага дзяцінства ён марыў служыць Ісусу Хрысту і славіць ягонае імя ў сваіх кнігах. Дзеля гэтага ён ужо ў юначыя гады пайшоў у манастыр.
Каб нічога не замінала яму чытаць царкоўныя кнігі і пісаць уласныя творы, малады манах загадаў замураваць сябе ў манастырскай вежы.
Тут ягонымі суразмоўнікамі заставаліся толькі кнігі, зоркі на небе і птушкі, што прыляталі на вузкае вакенца. Яно было адзіным шляхам, што звязваў Кірылу з чалавечым светам. Праз вакенца яму перадавалі сціплую ежу, а таксама пергамен, гусіныя пёры і чарніла для пісьменніцкай працы.
Такім ахвярным жыццём Кірыла заслужыў у гараджанаў і ў самога князя глыбокую пашану. Землякі папрасілі манаха выйсці з вежы і адзінадушна абралі яго епіскапам — галоўным святаром Тураўскай зямлі.
Кірыла быў таленавіты чалавек і не шкадаваў часу і сілаў, каб раскрыць свой талент як мага паўней. Ягоная юначая мара здзейснілася: ён стаў знакамітым пісьменнікам і прамоўцам.
Найбольш уражвалі чытачоў і слухачоў Кірылавы творы, напісаныя ў гонар Вялікадня ды іншых хрысціянскіх святаў. У гэтых творах, якія называліся «Словамі», Кірыла Тураўскі шчыра і натхнёна ўслаўляў хараство чалавека і прыроды, вучыў жыць праўдзіва, з чыстай душой ды любасцю да Бога і людзей.
Калісьці ў Візантыі жыў пісьменнік і прапаведнік Іаан, якому за незвычайны пісьменніцкі талент і красамоўства далі імя Залатаслоў.
Асветніка з Турава сучаснікі называлі другім Залатасловам, а пасля смерці абвясцілі святым.
Кірыла Тураўскі разам з Еўфрасінняй Полацкай, Клімам Смаляцічам і Аўрамам Смаленскім — нашы першыя пісьменнікі. Кірылавы творы перапісвалі і друкавалі
на працягу некалькіх стагоддзяў. Іх і цяпер вывучаюць беларускія школьнікі і студэнты.
Пытанні і заданні
1. Як звалі першага вядомага нам дрыгавіцкага князя? Адкуль пайшло такое імя?
2. Колькі гадоў Тураву?
3. Якія яшчэ гарады Тураўскага княства ты ведаеш?
4. Раскажы пра жыццё Кірылы Тураўскага.
5. Чаму яго назвалі другім Залатасловам?
6. За што Кірылу Тураўскага абвясцілі святым?