ЗНОЎ У СТАМБУЛЕ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ЗНОЎ У СТАМБУЛЕ

Пасланцы вялікага янычар-агі * Напад нагайцаў * За манастырскімі мурамі * Прыдворная лекарка султанскага гарэма * Малюнкі жыцця ў сталіцы * Падарожніца збіраецца ў Палесціну

Пра тое, што Русецкая знаходзіцца на турэцкіх землях, даведаўся камандуючы янычарскім войскам — вялікі янычар-ага. Яго пляменніца ў маладыя гады страціла зрок. Янычар-ага паслаў па акулістку сваіх людзей.

Па дарозе з Ясаў у Бухарэст Саламея і яе спадарожнікі праязджалі праз гарадок Факшаны. Стаяў ён на невялічкай рацэ, якая аддзяляла адно ад другога румынскія княствы Малдову і Валахію. У гэтым часе нагайскія татары, якія качавалі па Буджаку[50], пераправіліся цераз Прут і зрабілі набег на румынскія землі. На другі дзень раніцою, пасля таго як Саламея пераначавала ў Факшанах, слугі паведамілі ёй, што нагайцы схапілі некалькі жыхароў паблізу горада і забралі іх у рабства. Туркі, якія суправаджалі лекарку, хуценька запрэглі ў вазок коней і пагналі іх да праваслаўнага манастыра[51], які, на шчасце, быў недалёка. Яны паспелі праскочыць у двор, і брама зачынілася.

За манастырскімі мурамі тоўпіліся дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Яны голасна гаманілі, радуючыся, што ўратаваліся ад смерці. Рыкалі сагнаныя ў манастыр каровы, ржалі коні, бляялі авечкі. Туркі, верныя Саламеіны слугі, ледзь знайшлі лапік вольнага месца (і то папярэдне разагнаўшы жывёлу і паціснуўшы людзей), каб паставіць вазок.

3 вышыні манастырскіх сцен было відаць, як нагайскія коннікі ўварваліся ў мірны горад, рабавалі, бралі ў палон жанчын і дзяцей, зганялі скаціну і коней. Качэўнікі падпальвалі дамы. Едкі дым слаўся над Факшанамі…

Дзевяць дзён і начэй доўжылася аблога. 3 царквы даносіўся мерны звон, спевы манахаў, якія пасылалі малітвы ўсявышняму дзеля збавення ад бязбожных «агаран»[52]. А, па іроніі лёсу, іншыя «агаране» — туркі, разам з румынамі баранілі манастырскія муры ад качэўнікаў.

Саламея падчас аблогі сядзела ў вазку. Нарэшце туркі і румыны паслалі нагайцам выкуп: рысістага каня, золата, дарагія футры, і толькі тады атаман з войскам адступіў ад сцен манастыра. Пасля таго, як аблога скончылася, ужо знаёмаю дарогаю лекарка са сваімі спадарожнікамі рушыла на поўдзень.

У турэцкай сталіцы Русецкая хутка заваявала давер і павагу, бо надта паспяхова лячыла сваіх пацыентаў і пацыентак. Пляменніцу вялікага янычар-агі яна пазбавіла ад слепаты за сорак дзён. Лячыла таксама сёстраў султана Мустафы III Айшэ і Асму. Яе парады і дапамога былі патрэбныя і ў султанскім гарэме, куды яе часта запрашалі. Неўзабаве Русецкая стала прыдворнай лекаркай гэтага гарэма.

У 1760 годзе разам з пасольствам Рэчы Паспалітай у Стамбул прыехаў васемнадцацігадовы сын Саламеі Станіслаў, які выхоўваўся ў Камянцы-Падольскім. Маці вельмі прасіла сына застацца з ёю, але ён не паслухаўся і паехаў назад на Украіну[53].

Засмучаная адмоваю, Саламея вырашыла наведаць Палесціну і Егіпет — «святыя мясціны», каб суцешыць душу і сэрца. Ці здзейсніла яна свой намер, нам невядома.

Збіраючыся ў Палесціну, Русецкая падае надзвычай цікавыя звесткі пра жыццё краіны, апісвае звычаі хрысціян-маранітаў, якіх памылкова называе «куртамі», звычаі «гюрджыяў» (грузін), армян, «хабешаў» (абісінцаў). 3 чужых слоў расказвае аб паломніцтве мусульман у Меку, пра выкуп, які мусілі плаціць бедуінам, каб тыя іх не рабавалі.

Русецкая маляўніча апавядае пра тагачаснае жыццё ў Стамбуле. Яна расказвае пра свята ў сталіцы, наладжанае ў гонар нараджэння дачкі султана. У гэты дзень рамеснікі праносілі па вуліцах сімвалы сваіх рамёстваў. Горад быў упрыгожаны рознакаляровымі тканінамі і дыванамі. Увечары над морам зіхацелі агні феерверкаў. Увесь Стамбул быў ілюмінаваны.

Адзін з раздзелаў запісак — нібы кароткі праваднік па еўрапейскай частцы Турэцкай імперыі, зроблены Русецкай для сваіх небагатых землякоў. Яна тлумачыць чытачу, што шлях з Украіны ў Стамбул даволі бяспечны і танны. Дарога з Хоціна ў Ясы займае пяць дзён, ад Ясаў да Бухарэста — восем дзён, ад Бухарэста да Джурджу па Дунаі — адзін дзень, а адтуль да Стамбула 35–18 дзён па сушы. Па моры, на яе думку, дарога больш хуткая і танная. Саламея называе кошт на праезд паміж гарадамі імперыі і адзначае, што заможнаму чалавеку, вядома, лягчэй праехадь праз Турцыю, бо ў яго больш сродкаў.

Аглядам жыцця ў сталіцы Асманскай імперыі канчаюцца запіскі Саламеі Русецкай. Далейшы лёс гэтай адважнай і авантурнай жанчыны-падарожніцы нам невядомы.