Таемны ліст Васіля ІІІ. Тры смаленскія кампаніі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Таемны ліст Васіля ІІІ. Тры смаленскія кампаніі

Прыкладна тады ж была перахопленая перапіска маскоўскага манарха Васіля ІІІ з нямецкім Ордэнам, з якой стала вядома, што тыя даўно рыхтуюцца да вайны з Княствам. Выкрыты Васіль ІІІ увосень 1512 года накіраваў да Жыгімонта свайго пасла з «разметными грамотами», у якіх і абвяшчаў вайну. Мэтаю агрэсіі было авалодаць Смаленскам. Ужо 14 кастрычніка з усходу на Смаленск рушылі палкі І.Рэпніна-Абаленскага ды І.Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў павялі войска В. Адоеўскі з С. Курбскім. Яны мусілі толькі спаліць пасады Смаленска і, злучыўшыся, ісці на Воршу, Друцак. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём ІІІ ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, І.Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны трымалі горад у аблозе, абстрэльвалі яго з гарматаў, штурмавалі, а раць І.Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула блізу 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль ІІІ адвёў свае войскі назад.

Але налета пачалася новая кампанія. Хаўруснік Масквы Максімільян І прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі райтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа. Хоць смаленскі намеснік і разбіў раць І.Рэпніна, ваяводы зноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль ІІІ ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся з спусташальнага рэйду па Полаччыне. Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч войска, якое мела да дзвюх тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцы, аднак абаронцы цёмначы аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з невялікай вайсковай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. І ў лістападзе Васіль ІІІ мусіў чарговы раз зняць безвыніковую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія захапілі «палону безліч, а горада не ўзялі ніводнага». А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынятае рашэнне пра трэці смаленскі паход.

Адчуваючы, што ўсё толькі пачынаецца, гетман Астрожскі напісаў у лісце за 8 красавіка 1514 года: «Зразумела, што няма на гэтым свеце анічога больш пэўнага, чымся смерць; калі са мною з дапушчэння Спадара Бога здарыцца якая прыгода на службах гаспадарскіх альбо давядзецца сысці з гэтага свету, запісваю жонцы маёй княгіні Тацяне Сымонаўне вена 1000 коп грошай літоўскай манеты, на замку маім Тураве, і на ўсіх дварах, і на ўсіх сёлах… Будзе жонка мая княгіня Тацяна па маёй смерці на ўдовіным стальцы сядзець, дзеці нашыя ня могуць яе з таго маёнтку Турава рушыць да ейнай смерці…»{13}

Узімку да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Святой Рымскай імперыі[18]. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля ІІІ была ўтвораная ваенная кааліцыя эўрапейскіх дзяржаваў супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апрача Маскоўшчыны ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. У Маскве хаўруснікі абмеркавалі нават праект падзелу Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага: пасля перамогі Максімільян прызнаваў права Масквы на беларускія ды ўкраінскія землі, а Васіль ІІІ — права імперыі на польскую тэрыторыю{14}.

Належна падрыхтаваныя войскі выйшлі на Смаленск пад лета. З Дарагабужа іх вялі вопытныя Д. Шчэня і М. Глінскі, а з Вялікіх Лукаў — І.Марозаў і В. Шуйскі. Апошніх Васіль ІІІ накіроўваў пасля пад Воршу, на Друцкія палі, каб блакаваць магчымую дапамогу Смаленску, а сам у ліпені 1514 года прывёў туды галоўныя сілы. Ізноў сабралася 80-тысячнае войска. Пачаўся няспынны абстрэл горада з 300 гарматаў. «…Ад гарматнага і пішчальнага груку і людскога крычання і ляманту, таксама і ад гарадскіх людзей супраціўнага бою гармат і пішчаляў зямля дрыжэла, і адзін другога не бачыў, не чуў, і ўвесь горад у полымі і куродыме ледзь не ўздымаўся», — адзначаў аўтар аднаго з маскоўскіх летапісаў.

Абаронцы папрасілі спыніць абстрэл і згадзіліся на перамовы. З маскоўскага боку іх вёў М. Глінскі, які хацеў любым коштам угаварыць смалянаў капітуляваць, бо Васіль ІІІ абяцаў аддаць гэты горад яму. І Глінскі зрабіў сваю справу. 31 ліпеня Смаленск на льготных умовах капітуляваў. Намеснік Юры Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму… Яму і ягоным блізкім дазволілі выйсці з горада, а з залогі — каго паланілі і завезлі ў Маскву (камандныя чыны), каго за добрую плату ўзялі служыць сабе. Пэўна, іх меў на ўвазе імператарскі пасол, калі пісаў, што праз колькі гадоў бачыў у Маскве тысячы паўтары пяхоты з «ліцьвіноў і ўсялякай набрыдзі»{15}. А ўсіх жыхароў горада прывялі да прысягі на вернасць маскоўскаму ўладару.

Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль ІІІ спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць як мага болей тэрыторыі да таго часу, як супраціўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Амсціслаў, Крычаў, Дуброўна…

Войска Вялікага Княства было ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: блізу 15 тысяч конніцы паспалітага рушання, 14 тысяч найманых коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы такой жа пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка- і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска шпарка рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі Жыгімонта застацца ў Барысаве. Гаспадар пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі.

Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі аддзеламі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі «языкоў». Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. Ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Воршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска — каля 80 тысяч памеснай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі І.Чэлядніным і М. Булгакавым-Голіцам. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку, яны ўтваралі фронт шырынёю некалькі вёрстаў.