Інспірацыі Боны
Інспірацыі Боны
Паводле задумы каралевы Боны, манархам Вялікага Княства Літоўскага меўся стаць ейны сын Жыгімонт Аўгуст. І ў 1522 годзе вальны сойм у Вільні прызначыў яго намінальным пераемнікам бацькі на пасадзе вялікага князя літоўскага (у 1529 годзе Жыгімонта Аўгуста ўзвядуць на вялікае княжанне «вольным абраннем»). Ужо гэтым замацоўвалася дзяржаўная асобнасць Княства. А праз чатыры гады віленскія паслы, упаўнаважаныя ад паноў-рады, прасілі караля ў Варшаве вывесці Вялікае Княства Літоўскае ў становішча каралеўства! Мажнаўладцы казалі, што, «калі Вялікае Княства будзе мець сваю карону, тады няможна будзе далучыць яго да Кароны Польскай… Тады панам палякам нельга будзе дамагацца, каб гэтую нашу дзяржаву прынізіць і далучыць да іх, але будзе роўнае братэрства і згода заадно супраць кожнага непрыяцеля». Карона, даводзілі яны, аберагала б Княства ад шкоды патаемных маскоўска-рымскіх зносінаў, гарантавала б дзяржаве пэўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, урэшце, умацавала б пазіцыі Ягайлавічаў ды прынесла б шмат іншых перавагаў краіне. Гэтыя захады інспіраваліся таксама Бонаю. Толькі пасіўнасць Жыгімонта Старога звяла іх намарна.
Канстанцін Астрожскі ўваходзіў у кола блізкіх да Боны асобаў. Яшчэ ў 1518 годзе, калі паны-рада накіравалі яго з пасольствам у Карону разбіраць справу Я. Зарэмбы (той абвінаваціў Княства ў сепаратызме, у развале палітычнага і вайсковага хаўрусу з Польшчай), Астрожскі затрымаўся там надаўжэй і вітаў у Маравіцы Бону, якая ехала ў Карону, затым прысутнічаў пры яе ўездзе ў Кракаў, браў удзел у шлюбных ды каранацыйных урачыстасцях.
Сам Жыгімонт настолькі сімпатызаваў гэтаму незвычайнаму чалавеку, што, жадаючы аддзячыць гетману за гераізм і адданасць, быў гатовы пайсці нават на вынятак з правілаў. Яшчэ 25 сакавіка 1522 года ён падпісаў у Горадні на вальным сойме грамату, якою надаваў князю Астрожскаму годнасць троцкага ваяводы. Парушаючы прывілей Ягайлы, насуперак дзевятаму артыкулу акта Гарадзельскай вуніі, які надзяляў правам займаць найвышэйшыя ўрадавыя пасады толькі каталікоў. Кароль і вялікі князь адзначыў, што дагэтуль ваяводства Троцкае ён не мог даць аніводнаму схізматыку (праваслаўнаму), але цяпер саступае яго князю Канстанціну Астрожскаму. На якой падставе? Жыгімонт тлумачыў: за «такія верныя яго заслугі супраць непрыяцеляў нашых, Масквы і татараў», а таксама «па просьбах і довадах паноў-радных». Стаўшы троцкім ваяводам, шасцідзесяцідвухгадовы князь вызваляўся ад пасадаў старасты луцкага і маршалка валынскага, але застаўся старастам брацлаўскім і вінніцкім.
Гэтак па волі Жыгімонта Канстанцін Іванавіч займаў цяпер месца на пярэдняй лаве ў сенаце, уваходзячы ў эліту свецкіх «дастойнікаў». І ніхто з паноў-рады не пратэставаў супраць парушэння ранейшых парадкаў. Наадварот, Астрожскі меў сімпатыі ў найбуйнейшых магнатаў і палітыкаў. Паміж Гаштаўтамі і Радзівіламі, якія варагавалі, ён займаў нейтральную пазіцыю. Спрабуючы прымірыць супернікаў ды спыніць іх канфрантацыю, якая перарастала ў сапраўдную грамадзянскую вайну, аслабляла дзяржаву, гетман умеў захоўваць найлепшыя дачыненні з Альбрэхтам Гаштаўтам і сябраваць з сынамі Мікалая Радзівіла.
Не без захадаў уплывовага ваяводы троцкага ў тым жа 1522 годзе Тураўская і Пінская дыяцэзіі атрымалі ад Жыгімонта прывілей (гэтакі ж даваўся ў 1511 годзе з Берасця) аб незалежнасці царкоўнага судаводства для праваслаўных вернікаў. Гэтаксама ўласнымі стараннямі Астрожскага ён з моманту смерці мітрапаліта Язэпа ІІ Солтана (1511 год) па прызначэнні Жыгімонта быў апекуном земляў усёй Кіеўскай мітраполіі да абрання новага мітрапаліта. Новы ж мітрапаліт у 1528 годзе папрасіў на выпадак ягонай смерці пакінуць Астрожскага апекуном земляў мітраполіі і надалей. Ягоны аўтарытэт ды актыўнасць фактычна вызначылі юрыдычнае становішча грэцкай царквы ў Княстве таго часу.
А 17 жніўня 1522 года князь Астрожскі быў ізноў узнагароджаны Жыгімонтам: атрымаў дазвол «воскам чарлёным усякія лісты свае пячатаваць» — права, якім карысталіся найбліжэйшыя да манарха асобы. У гаспадарскай грамаце так адзначаліся ваенныя заслугі і мужнасць гетмана: «Бачачы высокія заслугі ў славутых бітвах вяльможнага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, ваяводы Троцкага, гетмана нашага найвышшага, старасты Брацлаўскага і Вінніцкага, ня толькі за нас, але і за панаванне слаўнае памяці Бацькі нашага Казіміра і за брата нашага Аляксандра, каралёў іх міласці, што яго міласць ня толькі накладаў сваіх вялікіх да службы іх міласці налажыці не шкадаваў (што ж звык чыніці ніколі не перастаючы і да цяперашняга часу, і за наша панаванне), але ў такіх службах горла свайго страціці не літаваў, і раны ў бітвах вялікія і пакуты цяжкія ад непрыяцеля ахвотна прыймаў»{21}.
За які месяц да таго заўдавелы гетман (першая жонка Тацяна Гальшанская памерла ў ліпені 1522 года, пакінуўшы Астрожскаму адзінага сына Іллю) заручыўся з дачкою слуцкае княгіні Анастасі. У лісце аб заручынах ён пісаў Анастасі, што «ў яе міласці дом уступіць, і яе міласці кроўным і вечным прыяцелем стане, і яе міласці княгіні Слуцкай Анастасі… дачку князёўну Аляксандру сабе ў жонкі возьме, а яе міласці князёўны Аляксандры мужам будзе…» Шлюб яны бралі ў 1523 годзе. Аляксандра, дачка вядомага слуцкага князя Сымона Алелькавіча, нарадзіла Канстанціну Астрожскаму яшчэ сына Кастуся (Васіля) і дачку Зосю (дзяўчынка памерла дзіцём) ды заставалася з ім да апошніх дзён гетмана.