Вяртанне абаронцы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Вяртанне абаронцы

У жніўні 1507 года Астрожскі выехаў на Севершчыну, каб нібыта пракантраляваць там пільнасць маскоўскіх залогаў. Адтуль, з татарскага памежжа, і пачаўся яго апошні кідок да волі. Далёка абыходзячы гарады, мінаючы людныя дарогі, ён безаглядна ўцякаў з краіны, якая драпежна абрынулася ды ўжо колькі гадоў паліла і нішчыла яго Айчыну. Ён уцякаў з краіны, якой не цярпеў, з якой мусіў і даўно прагнуў змагацца…

Пераапранутыя ў сялян, Астрожскі з ардынарцам супакоіліся, толькі ўбачыўшы старожу Вялікага Княства Літоўскага — вершнікаў у бліскучых шышаках, з адмысловымі тарчамі[14], даўгімі дзідамі і лёгкімі кордамі. А 25 верасня яны былі ўжо ў роднай Вільні…

«Любоў да Айчыны і нянавісць да Расеі прымусілі яго асароміць сябе ганебнай справай: ашукаць манарха, мітрапаліта, парушыць клятву, статут годнасці і сумлення…» — сурова напіша М. М. Карамзін. Аднак Айчына, любоў да яе — хіба ж гэта не найвышэйшы статут годнасці ды сумлення?

Вяртанне Канстанціна Астрожскага стала значнай для Княства падзеяй. Жыгімонт адразу вярнуў яму Брацлаўскае стараства. У дадатак князь атрымаў пасады старасты луцкага і маршалка валынскага. Ды ці не сама важным было вяртанне чына гетмана найвышэйшага, які ўжо праз месяц Жыгімонт забраў у Станіслава Кішкі і перадаў яму. Трэба было бараніць краіну. Другі таленавіты ваяр Міхал Глінскі не браў ніякага ўдзелу ў ваенных падзеях таго году. Наадварот, якраз праз яго дзяржава неўзабаве зноў апынулася ў небяспецы.