Да чытача

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Да чытача

Хто прыгадае, калі на Беларусі адзначалі хоць якую гадавіну бітвы пад Воршай? Эўрапейскія народы шануюць памяць не толькі аб перамогах, але і аб нацыянальных трагедыях. Палякі, прыкладам, памятаюць і Грунвальд, і Легніцу, французы — і Марыньяну, і Павію, шведы — і Нарву, і Палтаву, чэхі — і Віткаву Гару, і Белую… У кожнага ёсць свой гонар і свой боль, свая слава і свая ж няслава. А што мы, беларусы?

Пра дзень 8 верасня 1514 года — дзень абароны суверэнітэту краіны — ведаюць, баюся, адзінкі. І адзначаць яго пачалі, здаецца, толькі ў 1990 годзе дый то вузкім колам, калі менская ды аршанская моладзь паставіла ў дзень слаўнае перамогі вялікі шасціканцовы крыж на месцы пабаявішча. А яшчэ менш вядомы шырокай грамадскасці творца той велікапышнай перамогі — князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.

Гляньма ў энцыклапедыі, падручнікі, папулярныя кніжкі. У БелСЭ сцісла апавядаецца пра род Астрожскіх наагул, і Канстанцін Іванавіч узгадваецца там між іншых{1}. Як «военачальнік», гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, радца Рады Вялікага Княства Літоўскага, які «ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў» і перамог больш як у 60 бітвах… Большага чытач у беларускай гістарычнай літаратуры, бадай, не знойдзе.

Дзіўна, але яшчэ менш напісана пра яго ў сучасных украінскіх энцыклапедыях, прыкладам «Украинской Советской Энциклопедии» ды «Радяньскої енціклопедії історії України». Куды большая ўвага звернута на сына пераможцы Аршанскае бітвы — Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Воляй гісторыі бацьку і сына блыталі здаўна, а пасля і наагул гаварылі амаль выключна пра кіеўскага ваяводу, вядомага культурнага дзеяча Канстанціна Канстанцінавіча. Нават ягоны партрэт нярэдка ўважалі за бацькаў.

Яшчэ ў 1897 годзе ў Смаленску выйшла асобнае даследванне пра гетмана К. Астрожскага. Гісторык А. Ярушэвіч пісаў, што славутага князя несправядліва забываюць, ды, узнаўляючы далёкія падзеі, ці не ўпершыню стварыў вобраз гэтага незвычайнага чалавека{2}. Пазней у Вільні невялікую працу пра К. Астрожскага выдаў польскі даследнік В. Харкевіч{3}. У Кіеве і Петраградзе друкаваліся асобныя выданні пра род князёў Астрожскіх{4}. Толькі ў беларускай літаратуры яшчэ не было нічога, прысвечанага вялікаму абаронцу Айчыны.

Дык, можа, ён чужы Беларусі? Якраз жа не! У беларускую гісторыю славуты князь трывала ўвайшоў і паходжаннем, і справамі, і ўсім сваім жыццём. Такія постаці, як Кастусь Астрожскі, складаюць гонар кожнага народа. І яны мусяць вяртацца ў памяць нацыі — нават пасля стагоддзяў забыцця.

Нацыя жыве, пакуль у ейнай свядомасці жывуць яе героі. Без іх яна памірае.