Трагедыя на Вядрошы
Трагедыя на Вядрошы
Абвастрэнне канфрантацыі
Шлюб вялікага князя Аляксандра з Іванавай дачкою мала паўплываў на ўзаемадачыненні дзвюх дзяржаваў. На ўсходзе Княства было не да спакою. Ужо адразу пасля падпісання мірнае дамовы Мцэнская воласць пацярпела ад рабаўніцкага нападу маскоўскіх служылых людзей. У 1496 годзе такі ж наезд быў зроблены на Тарапецкую воласць. Праз тры гады клубы шэрага дыму віліся над усёй Тарапецкай зямлёй і гэтак далей.
Вялікі князь Аляксандар усё ж не спадзяваўся, што ягоны «брат і цесць» гэтак хутка распачне новую вайну. Таму і замкаў памежных як след не рыхтаваў, і войска належнага не набіраў.
Затое Іван ІІІ увесь 1499 год актыўна займаўся дыпламатычнай падрыхтоўкай вайны. Вяліся перамовы з Даніяй, хадзілі паслы ў «італійскія гарады», вяртаючыся адтуль з мноствам гарматнікаў, майстроў фартыфікацыі…
Неўзабаве дайшло і да адкрытага абвастрэння канфрантацыі з Вялікім Княствам Літоўскім. На пачатку 1500 года Аляксандру здрадзіў Сымон Бельскі (брат і спадчыннік Хведара Бельскага, удзельніка вядомага замаху на караля і вялікага князя Казіміра) ды ў красавіку прыйшоў у Маскву. Іван ІІІ афіцыйна паведаміў Аляксандру, што прыняў да сябе на службу князя Бельскага. Затым на бок Масквы перакінуліся Мцэнск і Сярпейск. Стала ведама, што і князі Старадуба ды Ноўгарада-Северскага пасля таемных перамоваў з Іванам ІІІ хіляцца да здрады. Маўляў, ратуючы праўдзівую веру. На самой жа справе не веру ратавалі перабежнікі, а свае «жываты», бо ведалі ўжо ад маскоўскіх шпегаў, што вось-вось грымне новая вайна…