Князь Астрожскі — гетман

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Князь Астрожскі — гетман

Затое налета К. Астрожскі квітам паквітаўся з татарамі. Ажно тройчы наляталі тыя на землі Ўкраіны і Беларусі. І ўсе тры разы князь Канстанцін пераможна разганяў іхныя загоны[10] — пад Мазыром, каля Палоннага на рацэ Ўша і пад Ачакавам, дзе супольная экспедыцыя Аляксандра граміла войскі Махмет-Гірэя, а князь Астрожскі нават захапіў на які час у палон самога хана.

Пасля гэтага стары гетман Вялікага Княства Пётра Белы, адчуваючы хуткую смерць, раіў Аляксандру Казіміравічу аддаць гетманства менавіта Канстанціну Астрожскаму. «Князь Астрожскі, Канстанцін, можа замяніць мяне для Айчыны, маючы рэдкія вартасці», — сказаў ён гаспадару. І ў верасні 1497 года К. Астрожскі атрымаў чын галоўнага начальніка над войскамі дзяржавы — гетмана найвышэйшага, а праз год — пасаду намесніка брацлаўскага, звенігародскага і вінніцкага. Ніхто яшчэ не атрымліваў гэтакага чыну і дзяржаўнай пасады ва ўзросце 37 гадоў!