Перамога, што ратавала Княства

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Перамога, што ратавала Княства

Астрожскі сярод паноў-рады. Справы свецкія і царкоўныя

Нарэшце князь Канстанцін мог адпачыць ад войнаў, заняцца ўласнымі справамі. Адладзіў гаспадарку ў сваіх уладаннях, падправіў муры ў Астрогу ды іншых замках. У 1509 годзе ажаніўся з Тацянай Гальшанскай — дачкой новагародскага ваяводы князя Сымона Гальшанскага і сястрой віленскага кашталяна князя Аляксандра Гальшанскага. А брат Таццяны стаў віленскім біскупам. Род, з якім праз шлюб парадніўся Астрожскі, быў адным з найбуйнейшых у Княстве, але тады ўжо аджываў свае зорныя часы. Князь Аляксандар Гальшанскі праз два гады памёр, і гетман найвышэйшы стаўся яшчэ і кашталянам віленскім, заняўшы шваграву пасаду.

Цяпер праваслаўны князь трывала ўваходзіў у кола ўрадавай эліты Вялікага Княства Літоўскага. Да яго віленскімі панамі, як, зрэшты, і гетманамі, былі магнаты каталіцкага веравызнання. Астрожскі ж не проста ўвайшоў у гаспадарскую раду, якая ажыццяўляла кіраванне дзяржавай, ён займаў першую лаву паноў-рады[15]. І меў вялікі ўплыў на караля і вялікага князя Жыгімонта. Яшчэ ў 1508 годзе, пад час перамоваў з Масквою, ён угаварыў манарха надзяліць зямлёй тых беларускіх князёў, што страцілі яе па вайне, а таксама адстаяў права ўдзельнікаў рокашу[16] вярнуцца з Масквы дадому — у раўнавагу да права сваякоў і прыхільнікаў М. Глінскага спакойна выязджаць да Масквы. Сярод 200 чалавек, што пераехалі на службу да Канстанціна Іванавіча з Маскоўшчыны, быў і вядомы Астап Дашкевіч, кіеўскі баярын і крычаўскі намеснік, славуты змагар з татарамі, які ад 1501 да 1508 года служыў Маскве. Больш таго, у 1511 годзе Астрожскі змог — у абыход старой Казіміравай забароны рамантаваць і будаваць каменныя праваслаўныя храмы — атрымаць дазвол на адбудову Прачысценскай саборнай царквы ў Вільні. А для праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства гэтая святыня была другой па велічы пасля кіеўскага Пячорскага манастыра. Менавіта ў ёй пахавалі і княгіню Алену Іванаўну ў студзені 1513 года.

Вільня ў тым часе, як і ўся дзяржава, была яшчэ местам пераважна традыцыйнай, старабеларускай культуры. Калі ў 1498 годзе ўрачыста закладаліся першыя камяні мураванай сцяны, над сталіцай разносіўся гул званоў 14 праваслаўных храмаў і толькі 7 каталіцкіх{11}. Гэтаксама ў 1517 годзе імператарскі пасол Ж. Гэрбэрштайн, пабачыўшы Вільню, адзначыў, што «храмаў рускіх там значна больш, чым Рымскага веравызнання». Пры Жыгімонце Казіміравічу грэцкая (праваслаўная) царква ўжо вальней адчувала сябе ў Княстве. Нездарма амаль праз стагоддзе нехта Іван Мялешка скажа пра гэтага манарха: «Салодкая памяць яго, бо Немцаў як сабак не любіў і Ляхаў з іх хітрыкамі вельмі не любіў, але нашу Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў…» Ужо ў 1507 ці 1508 годзе нейкі Хведзька Янушкевіч заклаў у Вільні храм Нараджэння Багародзіцы. Затым у Тураве ўфундаваў царкву Канстанцін Астрожскі. Мітрапаліт Язэп Солтан у 1509 годзе правёў у сталіцы сабор праваслаўнай царквы, а ў 1511 атрымаў ад Жыгімонта грамату, якая гарантавала незалежнасць грэцкага духавенства ад свецкай улады ў кіраванні і судаводстве. Усё гэта рабілася дзякуючы актыўнасці і патрыятызму ўплывовага Канстанціна Іванавіча, якога яшчэ мітрапаліт Макар называў «наймагутнейшым апекуном і дабрадзеем» грэцкае царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ды нядоўга давялося К. Астрожскаму цешыцца спакоем, займацца свецкімі і царкоўнымі справамі. Усё гэта рабілася другасным перад патрэбамі абароны краіны.