Крыжоваю дарогаю (да 20-х угодкаў справы БНЦ)
Крыжоваю дарогаю (да 20-х угодкаў справы БНЦ)
Сёлета ў ліпені споўніліся 20-ыя ўгодкі справы Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
Гэтая справа — адна із шмат якіх трагічных балонаў у гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага руху, як у сэньсе фізычнага вынішчэньня нацыянальнага актыву, так і ў сэньсе духовага надлому й запавальненьня поступу руху.
20-ыя гады былі найбольш плённымі ў нашым нацыянальным вызваленьні. Разбуджаны адраджэнствам нашаніўскае пары, узьняты на вышэйшую ступень Актам Незалежнасьці, вызвольны рух падняў з народных пластоў такую магутную нацыянальную сілу, якая здолела на працягу дзесяцёх год прарабіць работу стагодзьдзя. У гэтую пару на заходняй дзялянцы Краіны стотысячная народная Грамада сфармавалася ў паважную сілу, якая здольна была кіраваць усім нацыянальным жыцьцём. Ува ўсходняй дзялянцы ўсе пляцоўкі дзяржаўна-гаспадарскага й культурнага жыцьця былі ў нацыянальных руках.
Да 30-га году Беларускі Народ быў цалкам падрыхтаваны да самастойнага жыцьця. Аднак-жа, такі магутны ўздым нацыянальнага руху ня мог ня выклікаць рэакцыі з боку акупантаў. Пачаўся ўплянаваны разгром беларускае нацыі. Злучанымі сіламі маскоўскага ГПУ й польскае дэфэнзывы ў 1927-29 г.г. была разгромлена Грамада. На парадку стаяў больш выраблены нацыянальна-палітычна й мацнейшы вызвольны рух ва ўсходняй дзялянцы Беларусі. Другім этапам наступу быў разгром нацдэмаўшчыны ў 30–31 гадох. Гэты тэрарыстычны пагром быў найцяжэйшым для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі, і дзясяткі тысячаў нацыянальна-сьведамага беларускага работніцтва й сялянства брутальнаю сілаю былі выкінутыя з свае адвечнае зямлі й расьцярушаныя для вынішчэньня па дзікіх прасторах расейскае поўначы і ўсходу.
І трэцім этапам масавага вынішчэньня Беларускага Народу быў тэрарыстычны разгром, што ўвайшоў у гісторыю нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня як Справа БНЦ. Тэмаю гэтага артыкулу не зьяўляецца аналіз справы БНЦ або разгляд мэтадаў і сродкаў яе арганізацыі. Я хачу тут падаць абжектыўна, у сьціслых рысах, толькі ход справы.
10 жніўня 1933 г., паводля наказу з Масквы, былі арыштаваныя былыя дэпутаты Беларускага Народу ў польскі сойм ды іншыя грамадаўцы, якіх Масква ў 1932 г. выменяла з польскае турмы на агентаў польскага выведу. За ноч на 11 жніўня былі пасаджаныя ў лёхі ГПУ: С. Рак-Міхайлоўскі, Валынец, Баран, Мятла, Гаўрылік, Валошын, Дварчанін, Кахановіч ды іншыя — больш за 20 асобаў. Усе адзіночныя камары менскае «амэрыканкі» былі запоўненыя.
1-га верасьня пачаліся масавыя арышты. За ноч на 2-ое верасьня ў Менску было арыштавана 98 асобаў. Падобная акцыя была праведзена ва ўсіх акруговых і раённых гарадох і па вёсках Беларусі, а таксама й па-за яе межамі: у Маскве, Ленінградзе, на Каўказе, Урале. Арышты трывалі праз увесь верасень і кастрычнік. Да 1-га лістапада ў справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек. З гэтае колькасьці больш за 500 чалавек інтэлігенцыі. (Весткі далёка ня поўныя. Яны былі сабраныя ў часе шасьцігадовага перабываньня ў канцэнтрацыйных лягерох Заходняга Сібіру й Поўначы (Ухта-Пячора) ад тых удзельнікаў справы, якіх давялося спаткаць).
Да 1-га студзеня 1934 году справа БНЦ была скончанаэ.
Усе арыштаваныя, за выняткам колькіх асобаў, «прызналі сваю віну». 15-га студзеня Калегія ГПУ вынесла ўсім прысуд (бяз суду). 20 асобаў былі засуджаныя на сьмерць із заменаю 10 гадамі зьняволеньня, рэшта да зьняволеньня ў канцэнтрацыйных лягерах на тэрміны ад 3-х да 10-х гадоў. 1-га лютага пачаўся вываз. Уночы на 2-га лютага быў вывезены «Штаб БНЦ» у ліку 40 асобаў. А другой гадзіне ночы 40 чалавек былі выведзеныя за турэмную брамуь там людзей акружылі 42 узброеныя да зубоў агенты ахранкі з дзясяткам сабак. Пры такой узмоцненай варце «Штаб» прывялі на запасовыя каляіны чыгункі і ўвапхнулі ў адзін таварны вагон. Нараніцу «Штаб» даставілі ў Воршу, дзе разьмясьцілі яго ў двух сталыпінскіх вагонах: адзін пайшоў на Поўнач, другі — у Сібір.
Да сярэдзіны сакавіка блізу ўсе 9700 чалавек па справе БНЦ былі раскіданыя па паўночных прасторах «адзінай і недзялімай», ад Балтыцкага мора да ракі Амуру. У турме засталіся 20 асобаў, зь якіх ведамы аўтару М. Кахановіч (былы пасол польскага сойму і былы дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі) і Коўшык (дырэктар Тэхнікуму Сувязі ў Менску). Гэтыя 20 чалавек былі «забытыя» ў турме аж да ліпеня месяца. Праз тры дні пасьля абвешчанай імі 14 ліпеня галадоўкі ўсе 20 а 2-й гадзіне ночы 18 ліпня былі ўзятыя із камараў, пасьля чаго сьлед аб іх зьнік. Ні іхныя прыяцелі, ні семжі больш ужо нічога пра іх ня чулі.
Так загарнулася чародная крывавая балона гісторыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.
Расейска-бальшавіцкая прапаганда ўзяла пад густы абстрэл чародную «контррэвалюцыю» — БНЦ. Але неўзабаве прапаганда спынілася, бо не дасягала мэты. Пры ўсёй сваёй хлусьлівасьці, яна не магла ўкрыць праўды. Падамо адзін узор такое прапаганды. На першым зьезьдзе Саюзу Савецкіх Пісьменьнікаў Беларусі на пачатку 1934 г. загадчык адзьдзелу прапаганды ЦК КП(б)Б Д. Конік азнаёміў пісьменьнікаў з матаржяламі ў справе БНЦ. Схарактарызаваўшы «сутнасьць гэтае контррэвалюцыйнае арганізацыі», азнаёміўшы з шасьцю арганізацыйнымі пуктамі праграмы, падкрэсьліўшы, што БНЦ «займаўся ня толькі арганізацыйнымі пытаньнямі», а што ён «вёў работу ў Заходняй вобласьці з мэтай аддзяленьня часткі гэтай вобласьці ад РСФСР» і што ён «меў на мэце адабраць заваёвы Кастрычніка ад рабочых і сялян Беларусі», гэты чародны партыйны Конік падышоў да зямельнага пытаньня ў праграме БНЦ:
«На паседжаньні Цэнтру была разгледжаная й зацьверджаная праграма, якая павінна была легчы ў аснову «канстытуцыі» будучай «вялікай Беларусі».
Зямельнае пытаньне разьвязвалася праграмаю наступным парадкам:
Цьвёрда ўстанаўляўся прынцып дробнай прыватнай ўласнасьці на зямлюь гранічныя нормы колькасьці зямлі ў паасобных гаспадарках не павінны былі перавышаць 100 га» э.
Як мог рэагаваць на такую праграму наш беларускі селянін, сілаю загнаны ў калгас, які толькі й лятуцеў аб звароце гэтае собскасьці на зямлю й за што аддаў бы ўсе «заваёвы Кастрычніка» разам із заваёўнікамі?
Якія-ж былі вынікі справы БНЦ? Як вышэй адзначалася, пагром БНЦ зрабіў духовы надлом у нацыянальна-вызвольным руху. Аднак-жа народ, паклаўшы такую вялікую ахвяру на алтар свабоды, ня спыніў свайго поступу. У выніку гэтага змаганьня ён глыбей пазнаў сваю сілу і ацаніў значаньне арганізаванасьці. Ён больш выразна правёў мяжу паміж сваім і чужым. Ён вырас як духова, так і палітычна.
І сяньня нацыянальны актыў у новых абставінах змаганьня ў глыбокім падзямельлі зьбірае й гартуе сілы ды чакае з глыбокай верай у сваю праўду на новы, трэйці паварот кола гісторыі, які вызначыць ягоны лёс.
Або жыць вольным, або памерці ў змаганьні!