У абарону Буланага

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

У абарону Буланага

Буланы, судзячы па водгуках усіх ведаючых яго, — конь зусім благанадзейны, спакойны й ня брыкаецца.

Ня раз ён вазіў па раёну прадстаўнікоў раённае ўлады, уключаючы й самога старшыню, і ніхто на яго ніколі нават і пальцам не паківаў. У дыскусію ён ня ўступаў і ў тыя цяжкія хвіліны, калі члены зямельнай камісіі адзін перад адным ганялі яго па ўсім раёне. А ў апазыцыі ня быў нават і тады, калі на яго карак накладаў сядло рыкаўскі стрэлачнік.

Праўда, за ім заўважалася некаторая рэзвасьць, калі ён яшчэ быў маладняком. У тую залатую пару ён час-ад-часу падбрыкваў і выкідаў часам ня зусім прыстойнае каленца. Але гаспадарскае сэрца толькі радавалася ад гэтых выбрыкаў, і задаволены гаспадар для «поощрения» падсыпаў яму лішнюю жменьку аўса.

Зараз і гэтыя выбрыкі выветрыліся: Буланы падрос і выкіраваўся на сталага працаўніка…

І вось цяпер, калі, здавалася-б, толькі й працаваць спакойна, яго вінавацяць у разлажэньні, у нявытрыманасьці сваёй лініі. І хто вінаваціць? Сама справядлівасьць — народны сьледчы.

Справа малюецца так. Конь Буланы й народны сьледчы Каваленка ў лета ад рэвалюцыі 9-е, верасьня месяца такога-та дня пайшлі разам у вёску Вішанькі. Каваленку належала зьняць з двох сялян дапрос па вельмі важнай справе, а Буланага Рык паслаў разам з нарсьледчым. Буланы ішоў наперадзе, а Каваленка, як водзіцца, сядзеў ззаду на каламажцы, трымаючыся за портфэль, туга набіты важнымі справамі.

Дарога была вясёлая. Верасеньскае сонца, як-бы сьпяшаючыся выпусьціць хутчэй усе свае зарады, даволі шчодра ліло сьвет на голыя палі, пажоўклае лісьце й зялёна-бурыя сенажаці.

Глыбокае блакітнае неба й нудныя асеньнія краявіды настройвалі нарсьледчага на сумна-лірычны тон. Ён дэклямаваў «Несжатую полоску», сьпяваў «Вы жертвою пали» й час-ад-часу загаворваў з Буланым аб «бренности жития».

Буланы, у адзнаку сваёй згоды з нарсьледчым аб «бренности» ківаў галавой, пад дэклямацыю «Несжатой полоски» задаволена фыркаў, а калі сьледчы зацягваў «Идете, усталые, цепью гремя», махаў пару разоў хвастом і прыбаўляў шагу.

Так завязалася справа Каваленкі й Буланага. Што было далей — «сие», як кажуць расейцы, «покрыто мраком неизвестности». Ясна толькі адно, што Каваленка й Буланы ня вытрымалі лініі.

Па-першае, заехалі ня ў вёску Вішанькі, а за сем вёрст далей, у вёску Жукі.

Па-другое, вярнуліся яны ў раён не а сёмай гадзіне ўвечары, як гэта трэба было нарсьледчаму, а на другі дзень раніцою.

Па-трэцяе, ідучы назад, яны згубілі сьледчага портфэль, туга набіты важнымі справамі, і шапку. Прычына гэтых злоздарэньняў дазнаньнем яшчэ ня ўстаноўлена, хто вінаваты — ня выяўлена, але Каваленка загадзя вінаваціць Буланага.

Я ня юрысты, ня маю ніякага дачыненьня да Фэміды й дзеля гэтага не бяруся сьцьвярджаць, што няма такой стацьці, пад якую можна было-б падвесьці Буланага. Сьледчаму гэта відней. Ён можа й закатае Буланага, куды Макар цялят не ганяў. Але я, падыходзячы да справы не як законьнік, а як грамадзянін, асьмелюся ўголас заявіць: Буланы не вінаваты! І вось чаму.

У тым, што зайшлі ў вёску Жукі, віна цалкам кладзецца на сьледчага. Бо, як вышэй сказана, Буланы меў пуцёўку толькі ў Вішанькі.

Другое, вярнуліся ня вечарам, а на другі дзень раніцою. Хто тут вінаваты?

Сьледчы, т. Каваленка, які застанавіўся на адпачынак у Жуках, піў там і закусваў.

Буланы, як устаноўлена, і ня піў, і не закусваў.

Адзіным спрэчным пунктам можна яшчэ лічыць страту сльедчага шапкі й яго-ж портфэлю, туга набітага важнымі справамі. Але й то тады, калі глядзець на справу павярхоўна. Калі-ж мы прыгледзімся бліжэй да справы, мы ўбачым поўнае апраўданьне Буланаму.

Ставім пытаньне: ці мог Буланы бачыць, што ў Каваленкі зваліўся портфэль і шапка? Зразумела, ня мог, бо ён, як гаварылася, ішоў наперадзе. Нават дапусьцім, што Буланы выпадкова бачыў, як зваліўся портфэль, дык адкуль ён мог ведаць, што там важныя справы, а не падштанікі. На сваім вяку Буланы перавазіў шмат портфэляў, І ён бачыў, што не ва ўсякага начальніка таўшчыня портфэлю адпавядае яго зьместу. Вось што трэба прыняць пад увагу.

Ці можна пасьля гэтага хоць намякаць на віну Буланага?

Мы яшчэ не адзначылі тэй заслугі Буланага, што ён усё-ж ткі сам прыйшоў у Рык. А т. Каваленка? Выбачайце. Тое, што ляжала на каламажцы бяз шапкі, портфэлю й бяз голасу, нельга было назваць народным сьледчым.

Вось чаму я сьмела кажу, што Буланы не вінаваты.

Вось чаму закіды сьледчага Каваленкі супраць Буланага я лічу нічым іншым, як дэмагогіяй. І я пэвен, што калі дзе-небудзь можа й знойдзецца які-небудзь суд, што будзе разьбіраць справу сьледчага з Буланым (у жыцьці ўсякі бывае случай), калі ён прыме пад увагу мае довады, то, клянуся ўсімі артыкуламі Крымінальнага Кодэксу, Буланага гэты суд апраўдае.