НАСТУП КАТАЛІЦТВА, ПАДРЫХТОЎКА I ПРАВЯДЗЕННЕ БЕРАСЦЕЙСКАЙ ЦАРКОЎНАЙ УНІІ

НАСТУП КАТАЛІЦТВА, ПАДРЫХТОЎКА I ПРАВЯДЗЕННЕ БЕРАСЦЕЙСКАЙ ЦАРКОЎНАЙ УНІІ

3 дзейнасцю С. Баторыя шчыльна звязаны і іншыя бакі жыцця Беларусі. I найперш духоўна-рэлігійныя. Люблінская унія была выяўленнем канчатковага падначалення ВКЛ уладзе Польшчы. Але велікакняжацкія вярхі добра разумелі, што ад фармальнай улады да фактычнай яшчэ вельмі далёка. Асабліва выразна адрозніваліся Польшча і ВКЛ у рэлігіі. Першая была каталіцкай, другая — пераважна праваслаўная. Вядома ж, такі падзел не мог садзейнічаць трываламу аб’яднанню дзвюх дзяржаў у адну. А каб дасягнуць трываласці, патрэбна было дабівацца і рэлігійнага адзінства. Зразумела, паколькі Польшча займала пануючае месца, то яна была зацікаўлена ў пашырэнні каталіцкай веры. Мы ведаем, што яшчэ з заключэннем Крэўскай уніі пачалося пашырэнне каталіцтва ў ВКЛ. Ужо Ягайла даў большыя прывілеі тым баярам, якія пераходзілі ў каталіцтва. Аднак гэта палітыка не была заўсёды паспяховай. Супраціўленне праваслаўнага насельніцтва каталіцызму неаднойчы прыводзіла да ўраўнавання правоў праваслаўных з католікамі. Гэтаму садзейнічала і тое, што Масковія выкарыстоўвала ў сваіх захопніцкіх мэтах прыніжэнне праваслаўных пад выглядам абароны іх ад каталіцкага гвалту. Але зараз пасля канчатковага злучэння Польшчы і ВКЛ у адзіную Рэч Паспалітую справа пашырэння каталіцтва, што цягнула за сабой і паланізацыю, набыла больш шырокі і трывалы характар. I гэтаму асабліва садзейнічала прыбыццё ў Вільню езуітаў, якія дзякуючы сваёй энергіі і апантанасці ў дасягненні пастаўленай мэты сталі галоўнай ударнай сілай у пашырэнні каталіцтва ў BKЛ.

На глебе адданасці каталіцызму адбылося і збліжэнне С. Баторыя з езуітамі, некаторыя з якіх, як П. Скарга i А. Пасевін, сталі яго бліжэйшымі дарадцамі. Езуіты асабліва добра разумелі значэнне асветы ў справе іх галоўнай мэты — пашырэння каталіцтва. Вось чаму па іх пачыне С. Баторый пераўтварыў Віленскі езуіцкі калегіум у акадэмію, якая фактычна стала першым універсітэтам у BKЛ. Ніколькі не адмаўляючы добра распрацаванай для таго часу сістэмы навучання, якая дазваляла навучэнцам авалодаць ведамі па філасофіі, багаслоўі, рыторыцы, паэтыцы і інш., трэба таксама бачыць і адмоўнае значэнне езуіцкіх навучальных устаноў, асабліва для Беларусі. У свой час Ядвігін Ш. у «Лістах з дарогі» вельмі добра заўважыў, што «…да нас разам са святлом ішла і цемра». Вось менавіта так. Хоць у гэтай акадэміі і калегіумах і даваліся веды, але тут адначасова зацямнялася нацыянальная свядомасць навучэнцаў, якія не толькі паступова адвучваліся ад роднай мовы і культуры, але ім прывіваліся адмоўныя адносіны да ўсяго свайго. Польскія вярхі таму і запрасілі езуітаў, добра разумеючы ваяўнічасць іх у пашырэнні каталіцтва, якое і стала адным з галоўных шляхоў польскай экспансіі ў ВКЛ.

У гэты час пазіцыя беларускай мовы была яшчэ даволі моцнай, яна ўжывалася ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Ужо тое, што прыняты ў 1588 г. Трэці статут Вялікага княства Літоўскага быў створаны на беларускай мове і лічыў яе абавязковай для справаводства, з’яўляецца найбольш яскравым сведчаннем гэтага. I таму езуіты, якія найперш служылі велікапольскім, г. зн. шавіністычным, інтарэсам, ставілі адной з важнейшых сваіх задач усяляк прыніжаць беларускую мову, паступова яе выводзіць найперш з дзяржаўнага і грамадскага ўжытку, замяняючы яе польскай мовай.

Паколькі каталіцкая вера на Беларусь ішла з Польшчы, то яе святары ўнушалі кожнаму, хто стаў католікам, што ён стаў адначасова і палякам. Менавіта галоўнай небяспекай пашырэння каталіцтва і было тое, што яно несла з сабою паланізацыю, і таму многія тыя, хто прынялі каталіцкую веру, называлі сябе палякамі (дарэчы, гэта так у многіх выпадках і цяпер).

Але лягчэй было навязаць іншую веру і нацыянальнасць, чым адвучыць ад роднай мовы. Менавіта тыя, хто прынялі каталіцтва і называлі сябе палякамі, прадаўжалі гаварыць па-беларуску. I вось тады для прыніжэння беларускай мовы пачалі называць яе «простай», «хлопскай», г. зн. «мужыцкай», якую можна ўжываць дома, але з якой сорамна паказвацца на людзях, напрыклад у касцёле. Вось тады гаворка па-беларуску і пачала называцца гаворкай «па-просту», што і замацавалася на доўгі час. I цяпер нярэдка можна сустрэць асоб (асабліва на Віленшчыне), якія называюць сябе палякамі, але, як яны кажуць, гавораць «па-просту», «па-тутэйшаму».

Вядома ж, цяжкія вынікі дзейнасці езуітаў не маглі не прадбачыць лепшыя людзі Беларусі, абаронцы яе нацыянальных інтарэсаў. Адным з іх і быў Васіль Цяпінскі. Ён нарадзіўся на Полаччыне дзесьці ў сярэдзіне 30-х гадоў XVI ст., паходзіў з баярскага роду. Яго сапраўднае прозвішча Амельяновіч. Быў удзельнікам Лівонскай вайны, знаходзіўся на дзяржаўнай службе, прымаў актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці разам з пратэстантамі. Цяпінскі быў з тых, хто добра разумеў значэнне кнігадрукавання як аднаго з важнейшых сродкаў у развіцці культуры, і таму ён побач з С. Будным, з якім быў добра знаёмы асабіста, з’явіўся адным з выдатнейшых паслядоўнікаў справы Ф. Скарыны. Дзесьці каля 1580 г. ён у сваім маёнтку Цяпіне (адсюль і яго літаратурнае прозвішча, зараз Чашніцкі раён) заснаваў друкарню, дзе і пачаў друкаваць побач з царкоўнаславянскім тэкстам перакладзенае ім на беларускую мову Евангелле. Праўда, поўнасцю яго Цяпінскі надрукаваць не змог. Засталася ненадрукаванай і яго «Прадмова» да выдання (яна дайшла да нас у рукапісным варыянце). Менавіта яна і раскрывае погляды Цяпінскага на тагачасную рэчаіснасць, на матывы і мэты яго дзейнасці. Найперш ён падкрэсліваў сваю адданасць радзіме, бо ўзяўся за цяжкую і дарагую справу, нягледзячы на сваю «убогую маетнасць», «як русін сваёй Русі ўслугуючы». В. Цяпінскі добра разумеў. што нацыянальнаму занядбанню, паланізацыі паддаюцца найперш верхнія саслоўі. I ён заклікае тых «…вялікіх княжат, паноў значных, іх дзетак нявінных, мужоў з жонамі» не выракацца «свайго дасціпнага вучонага народу». Ён нагадвае пра немінучую жорсткую Божую кару за вялікі грэх адступніцтва ад свайго народа. В. Цяпінскага асабліва абуралі паводзіны праваслаўнага духавенства, якое павінна было ў першую чаргу змагацца супроць акаталічвання і паланізацыі, а яно, па сутнасці, дапамагала гэтаму, лічачы, што мова іх народа грубая для царкоўнага ўжытку. Больш за тое — праваслаўныя царкоўнікі нават аддавалі сваіх дзяцей вучыцца ў езуіцкія школы, што асабліва абурала В. Цяпінскага.

Як бачым, В. Цяпінскаму добра былі бачны цяжкія наступствы шырокага і гвалтоўнага акаталічвання і паланізацыі на тагачаснае беларускае грамадства, што не магло яго як гарачага патрыёта не хваляваць і не заклікаць да рашучага супраціўлення гэтай навале. Дзейнасць В. Цяпінскага з’яўляецца яскравым выяўленнем таго супраціву варожай плыні, які аказвалі патрыятычныя сілы беларускага грамадства таго часу.

У 1587 г. пасля смерці С. Баторыя польскім каралём і вялікім князем BKЛ стаў Жыгімонт III, які з’яўляўся сынам шведскага караля. Як і раней, выстаўлялася кандыдатура і маскоўскага цара Фёдара Іванавіча, і за яго (ён быў у спісе пад знакам шапкі Манамаха) было пададзена больш галасоў, чым за іншых прэтэндэнтаў. Аднак маскоўскія паслы рашуча адмовіліся ад патрабаванняў прыняць Фёдарам пасля яго абрання каталіцкую веру, каранавацца ў Кракаве, у тытуле сваім ставіць на першае месца Польшчу, а таксама выплаціць 100 тысяч рублёў сойму. У выніку гэтага кандыдатура Фёдара Іванавіча адпала, і каралём быў абраны дваццацігадовы шведскі прынц. Месцам свайго пасада ён абраў Варшаву, якая з гэтага часу і стала сталіцай Рэчы Паспалітай. У адрозненне ад С. Баторыя Жыгімонт III не вызначаўся ні розумам, ні здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча. Як лічаць некаторыя гісторыкі,з яго і пачаўся заняпад Рэчы Паспалітай.

Адзінае, што не адрознівала яго ад папярэдніка, дык гэта яго адданасць каталіцтву, што выкарысталі ў сваіх мэтах езуіты. I таму адразу па ўступленні Жыгімонта III на каралеўскі пасад, ён, як і С. Баторый, быў акружаны імі і пад іх ціскам праводзіў сваю палітыку.

Пры С. Баторыю галоўная ўвага езуітаў была накіравана супроць пратэстантаў, але зараз іх рух значна аслабеў, шэраг магнатаў, для якіх пратэстанцтва, па сутнасці, было часовай модай, адракліся ад яго і сталі католікамі. Апроч таго, пратэстанцтва пачало слабець і з прычыны з’яўлення ў ім розных плыняў. Добра бачачы гэта, езуіты сваю галоўную ўвагу зараз адвялі барацьбе супроць праваслаўя. Ды з ім было непараўнальна цяжэй змагацца. Найперш таму, што яно ахоплівала вялікую масу люду. Лічы, усё насельніцтва Беларусі і Украіны было праваслаўным. I езуіты добра разумелі, што такое мноства народу нельга акаталічыць у кароткі тэрмін, што для гэтага патрэбны працяглы час. I таму яны ўхапіліся за унію, г. зн. за аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай веры, што, на іх думку, і магло прывесці ў рэшце рэшт да паступовага акаталічвання праваслаўных. Аднак, адзначаючы гэта, нельга лічыць, што толькі тады з’явілася ідэя уніі і што яе ініцыятарамі былі езуіты ў Рэчы Паспалітай. Справа аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай веры ставілася ў глабальным маштабе яшчэ на Канстанцкім (1418) і Фларэнтыйскім (1438) саборах. Упершыню на тэрыторыі BKЛ ідэю уніі падзяляў Вітаўт, які бачыў, што з прычыны пашырэння каталіцтва ўзнікае небяспека рэлігійнай барацьбы паміж ім і праваслаўем. I Вітаўт нават паслаў на Канстанцкі сабор праваслаўнага мітрапаліта Грыгорыя Цымблака з мэтай прыняцця уніі ў BKЛ, але той спазніўся, і справа уніі спынілася. 3 мэтай прыцягнення на свой бок каталіцкіх дзяржаў у барацьбе з Жыгімонтам Кейстутавічам за ідэю царкоўнай уніі ўхапіўся і Свідрыгайла, але з прычыны працягласці яе ўвядзення зрокся яе. Фактычна унія ўжо існавала на Беларусі ў 40–70-х гадах XV ст., але была спынена стараннямі маскоўскага мітрапаліта Іоны. I гэта зразумела, бо унія выбівала з рук маскоўскага цара зачэпку да ўмяшання ў справы BKЛ пад выглядам абароны адзінаверных праваслаўных.

Як бачым, пытанне пра царкоўную унію ў Рэчы Паспалітай было далёка не новым, яно мела амаль 200-гадовую даўнасць. Таму не дзіўна, што езуіты ўхапіліся за яе. Але для іх унія была не новай царквой, а толькі пераходным этапам ад праваслаўя да каталіцтва. I таму яны разгарнулі энергічную дзейнасць для яе заключэння. Найперш імі было выкарыстана дадзенае яшчэ ў 1548 г. на Варшаўскім сойме права каралю прызначаць вышэйшых духоўных асоб праваслаўнай царквы. У выніку гэтага на царкоўных пасадах епіскапаў, ігуменаў, архімандрытаў і інш. апынуліся патрэбныя людзі, якія цалкам разумелі сваю поўную залежнасць ад свецкай улады і таму згодныя падначаліцца яе волі. Добрай апорай для езуітаў былі акаталічаныя і апалячаныя магнаты, баяры і шляхта. Атрымаўшы за гэта важныя правы, яны ўсё рабілі, каб пашкодзіць дзейнасці праваслаўных цэркваў і манастыроў, каб прынізіць іх святароў і манахаў.

Аднак нельга думаць, што дзейнасць каталіцка-езуіцкай партыі была бесперашкоднай. Менавіта ў гэты час актывізавалі сваю дзейнасць праваслаўныя брацтвы. Яны ўзніклі яшчэ раней, і іх дзейнасць абмяжоўвалася спачатку дабрачыннымі і асветніцкімі мэтамі. Аднак у сувязі з каталіцка-езуіцкім наступам яны сталі на шлях рашучага супраціўлення яму, баронячы сваю царкву, а з ёй і сваю народнасць і мову. Калі ў пачатку брацтвы існавалі толькі ў Львове і Вільні, то пазней яны ўзнікаюць і ў іншых гарадах Беларусі, дзе таксама разгарнулася антыкаталіцкая барацьба. А гэта ў сваю чаргу прымусіла прыхільнікаў уніі ў 1591 г. спешна сабрацца ў Берасці, каб абгаварыць справу падначалення царквы на Украіне і Беларусі рымскаму папу. Асабліва ў змаганні за праваслаўе вызначыўся князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі. Праваслаўе не перашкаджала яму актыўна ўдзельнічаць у Лівонскай вайне супроць адзінавернай Масквы. Як бачым, ён, як і яго бацька Канстанцін Астрожскі, не блытаў адзінаверства з адзінадзяржаўем. Бачачы вялікі аўтарытэт гэтага чалавека сярод праваслаўных, прыхільнікі уніі зрабілі спробу прыцягнуць яго на свой бок, але атрымалі рашучы адказ, што прымусіла іх прыспешыць з прыняццем царкоўнай уніі. 3 гэтай мэтай шэраг вышэйшых асоб праваслаўнай царквы, прыхільнікаў уніі (сярод іх мітрапаліт Рагоза, епіскапы Тарлецкі, Пацей, Балабан, Збіруйскі, Пальчыцкі і інш.), у чэрвені 1595 г. падпісалі акт аб прыняцці уніі.

Адначасова было даручана Тарлецкаму і Пацею ехаць да рымскага папы, які ў канцы гэтага ж года і зацвердзіў аб’яднанне праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай з каталіцкай царквой пад вяршэнствам рымскага папы. Аднак у далейшым выйшла замінка ў гэтай справе. Рэч у тым, што папа Клімент VIII у сваёй буле, высланай мітрапаліту Рагозу адразу пасля выбыцця з Рыма Тарлецкага і Пацея, сярод іншага патрабаваў і ўвядзення ва уніяцкую царкву каталіцкага набажэнства. Аднак мітрапаліт Рагоза і епіскапы, азнаёміўшыся з гэтым паграбаваннем Клімента, незгадзіліся з ім, бо прадбачылі непазбежнасць абурэння праваслаўных з прычыны прымусіць іх прыняць каталіцкае набажэнства. Таму Рагоза і епіскапы зноў звярнуліся да Клімента, каб ён адмяніў гэта патрабаванне, што і было зроблена ім. Яму прыйшлося задаволіцца толькі падначаленнем праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай яго ўладзе.

Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на гэты ўчынак мітрапаліта і епіскапаў, бо ён можа характарызаваць іх не як стаўленікаў езуітаў, як яны звычайна падаюцца ў літаратуры, а як тых царкоўных дзеячоў, якія, прадбачачы непазбежнасць жорсткай рэлігійнай барацьбы з прычыны езуіцка-каталіцкага наступу, рашылі пайсці на разумны кампраміс, дапусціўшы толькі падначаленне праваслаўнай царквы Ватыкану, але поўнасцю захаваўшы непарушнасць яе абрадаў, што ў далейшым і адбылося. Менавіта з прычыны пераадолення рэлігійнай барацьбы паміж католікамі і праваслаўнымі ў ВКЛ і ўзнікла ідэя пра царкоўную унію яшчэ ў пачатку XV ст. і з таго часу не знікала з жыцця дзяржавы.

Пасля атрымання ад Ватыкана згоды на правядзенне уніі і ў адпаведнасці з універсалам Жыгімонта III у Берасці ў пачатку кастрычніка 1596 г. і сабраўся сабор, мэтай якога і было абвясціць царкоўную унію. Адначасова тут па ініцыятыве К. Астрожскага сабраўся і праваслаўны сабор, які пракляў усіх тых, хто прысутнічаў на уніяцкім саборы і пазбавіў свяшчэннага сану мітрапаліта і епіскапаў, якія арганізавалі і праводзілі яго. У сваю чаргу уніяцкі сабор зрабіў тое ж самае ў адносінах удзельнікаў праваслаўнага сабора. 9 кастрычніка 1596 г. пасля ўрачыстай працэсіі ў час набажэнства і была абвешчана царкоўная унія, якая па месцы свайго абвяшчэння і ўвайшла ў гісторыю як Берасцейская унія. У ацэнцы характару і значэнні яе ў нашай гісторыі трэба ўхіляцца ад адназначнасці. Усё залежала ад таго, мэтай чаго яна была для пэўных грамадска-рэлігійных колаў. Зразумела, што для польска-каталіцкіх колаў яна была сродкам паступовага акаталічвання і апалячвання шырокіх мас праваслаўнага насельніцтва. Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца ліст Жыгімонта III ад 18 лютага 1595 г. да Іпація Пацея, у якім адабраецца і заахвочваецца дзейнасць апошняга «…ко злученью и зьедноченью костёла божьего грецкого з повшехным з Римским». (Як бачым, яшчэ і Жыгімонт III вымушаны быў лічыцца з шырокім ужываннем тагачаснай беларускай мовы, і таму на ёй пісаўся яго ліст.) А ў жніўні таго ж года, калі яшчэ афіцыйна не была абвешчана унія, ён выдае жалаваную грамату аб перавагах і прывілеях тых, хто яе прымае.

Падрыхтоўка, прыняцце і далейшае ўкараненне уніі выклікалі абвостраную барацьбу, што парадзіла ў нас багатую палемічную літаратуру. Калі адны (П. Скарга, I. Пацей, В. Руцкі, I. Кунцэвіч і інш.) выступалі ў абарону уніі, то іншыя (М. Сматрыцкі, А. Карповіч, С. Зізаній, А. Філіповіч, І. Барэцкі і інш.) гнеўна асуджалі яе. У канцы XVI — першай палове XVII ст. палемічныя творы сталі фактычна галоўным жанрам беларускай і ўкраінскай літаратур, што паглынула сабой значныя інтэлектуальныя сілы тагачаснага нашага грамадства, якое ў выніку рэлігійнай барацьбы было фактычна адкінута назад у сярэднявечча. I гэта зноў такі, на маю думку, адзін з адмоўных вынікаў увядзення царкоўнай уніі.

I ўсё ж, нягледзячы на гэта, натхніцелі, арганізатары і праваднікі Берасцейскай уніі жорстка пралічыліся. Для іх унія была толькі пераходным звяном ад праваслаўя да каталіцтва. Аднак яна стала самастойнай царквой і вядучай па колькасці яе прыхільнікаў, а разам з тым было болей і парафій у параўнанні з каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. Вось паказальныя ў гэтых адносінах лічбы. Так, калі ў першай палове XVIII ст. на Беларусі было 283 каталіцкія і 143 праваслаўныя парафіі, то уніяцкіх было 1199. У чым прычына гэтага? Найбольш у тым, што уніяцкая вера стала па сутнасці сялянскай верай. Ні феадалы-католікі, ні феадалы-праваслаўныя ў унію не пераходзілі. У яе найбольш гвалтоўна заганяліся сяляне, якія і складалі ў той час галоўную частку беларусаў. I уніяцкія святары, бачачы, што сяляне не разумеюць ні польскай, ні стараславянскай моваў, вымушаны былі ў набажэнстве міжволі пераходзіць на беларускую мову. Вось чаму уніяцкая вера і па сваёй масавасці і па мове свайго набажэнства неўзабаве стала па сутнасці нацыянальнай верай беларусаў. I таму зразумела, што ў XVIII ст. яна падвяргаецца нападам як з боку каталіцтва, так і з боку праваслаўя, якія лічылі яе непаўнацэннай верай. Тым не менш для каталіцкага касцёла яна, хоць фармальна і падначальвалася рымскаму папу, не прывяла сваіх вернікаў да жаданых мэт.

Унія не толькі не садзейнічала акаталічванню і паланізацыі уніятаў, але яшчэ больш выявіла іх нацыянальную адметнасць. Для праваслаўнай царквы, якая з’яўлялася правадніком інтарэсаў Масковіі ў Беларусі, унія была непрымальнай, бо пазбаўляла расійскі царызм права ўмешвацца ў справы ВКЛ пад выглядам абароны праваслаўных, бо уніяты хоць і захоўвалі абрады па-праваслаўнаму, але былі падначалены рымскаму папу, а не Маскоўскаму мітрапаліту. Вось чаму расійскі царызм, бачачы ва ўніяцтве адну з адметнейшых асаблівасцей беларусаў, адразу пасля захопу Беларусі ў канцы XVIII ст. прыступіў да яе ліквідацыі. Значная частка уніятаў была пераведзена ў праваслаўе пры Паўле I, а ў 1839 г. унія была канчаткова ліквідавана.

Як бачна, Берасцейская царкоўная унія была важным і складаным фактам у нашай гісторыі. Нягледзячы на гвалтоўнасць яе ўвядзення (дарэчы, усе рэлігіі ўводзіліся гвалтоўна, у тым ліку і праваслаўе, у якое насельніцтва заганялася, як сведчыць летапіс, «мячом і агнём»), унія адыграла станоўчую ролю, бо, стаўшы фактычна нацыянальнай царквой, яна тым самым садзейнічала захаванню і далейшаму развіццю этнічнай адметнасці нашага народа.

Заключэнне Берасцейскай царкоўнай уніі з’явілася апошняй нашай важнай падзеяй у XVI ст., якое вызначылася сваім багатым зместам як у станоўчым, так і ў адмоўным значэнні ў гісторыі Беларусі. 3 аднаго боку, гэта стагоддзе вызначаецца вышэйшым развіццём нашай дзяржаўнасці, што яскрава падкрэсліваюць Статуты 1526,1566 і 1588 гг., якія фактычна былі канстытуцыямі, да ўсяго аднымі з самых дасканалых у тагачаснай Еўропе. У гэты ж час дасягнула свайго найбольшага развіцця і наша старажытная культура, пісьменства і мова, што знайшло сваё ўвасабленне ў дзейнасці Ф. Скарыны, С. Буднаra, В. Цяпінскага, у сотнях тамоў дзяржаўных дакументаў. Усё гэта ёсць тое, чым трэба нам ганарыцца.

3 другога боку, трэба прызнацца, у гэтым жа стагоддзі быў закладзены грунт для паступовага спаду гэтых дасягненняў. Змарнаваная шматлікімі войнамі, арэнай якіх яна была, наша дзяржава вымушана была пайсці на канчатковае аб’яднанне з Польшчай, пануючыя вярхі якой сталі праводзіць палітыку паглынання нашай дзяржаўнасці, прыніжэння нашага народа, ахайвання яго культуры, выцяснення яго мовы з дзяржаўнага ўжытку. У гэты ж час была сфабрыкавана грубейшая фальсіфікацыя ў пытанні ўтварэння BKЛ, якая да непазнавальнасці сказіла, збядніла і прынізіла гісторыю Беларусі перыяду XIII–XVIII стст. Усё гэта адмоўнае і вызначала працэс далейшага паступовага палітычнага і культурнага заняпаду Беларусі ў XVII–XVIII стст.