ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ: ЯЕ ПАДРЫХТОЎКА, ПРАВЯДЗЕННЕ I ВЫНІКІ

ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ: ЯЕ ПАДРЫХТОЎКА, ПРАВЯДЗЕННЕ I ВЫНІКІ

Як вядома, Крэўская унія была навязана польскімі вярхамі ВКЛ у час яго цяжкіх унутраных і знешніх абставін. Праўда, адразу пасля яе заключэння Польшчы не ўдалося падначаліць сабе ВКЛ. I тады яе магнаты перайшлі да тактыкі паступовага падначалення сабе ВКЛ шляхам перыядычнага перазаключэння уній. Для гэтага зноў такі выбіраліся неспрыяльныя моманты ў жыцці ВКЛ, як, напрыклад, паражэнне Вітаўта ў 1399 г. на рацэ Ворскле, што прывяло да заключэння Віленскай уніі 1401 г. I ў далейшым практыка абрання таго ці іншага вялікага князя ВКЛ адначасова і польскім каралём несумненна садзейнічала ўсё большаму падначаленню ВКЛ Польшчы. Менавіта гэта паўтаравяковая традыцыя і дала падставу польскім вярхам здзейсніць канчатковую унію, якая б задаволіла эканамічныя і рэлігійныя інтарэсы польскіх магнатаў. Ім ужо было цесна ў межах самой Польшчы, і яны праглі набыць у ВКЛ новыя землі для сваіх маёнткаў, новых пасадаў, адчыніць там новыя касцёлы і кляштары для большага пашырэння каталіцтва. Нездарма ж у сярэдзіне XVI ст. маюць месца шматлікія набегі польскіх і мазавецкіх феадалаў з іх войскамі на заходнія землі ВКЛ з мэтай іх абрабавання.

Вось чаму пытанне аб канчатковым аб’яднанні ВКЛ з Польшчай усё больш набывала сваю злабадзённасць для апошняй. Гэта яскрава было бачна ўжо на Петракоўскім сойме 1550 г., дзе гаварылася аб неабходнасці заключэння уніі і правядзення агульных соймаў. Хоць гэта прагучала толькі дэкларацыйнай заявай, аднак чым далей, тым гучней і больш настойліва гучалі не толькі гэтыя, але і новыя патрабаванні. Так, у 1551 г. на сойме ў Вільні польскія паслы ўжо высоўвалі патрабаванні далучэння да Польшчы Падляшша, Валыні, Кіева і Северскай зямлі. Вось гэта і з’яўлялася галоўным, дзеля чаго патрэбна было заключэнне уніі. Пра тое ж самае, але яшчэ з большым імпэтам гаварылася і на Кракаўскім сойме 1553 г. Пытанне аб уніі, якое навязвалася польскім бокам, непакоіла шырокія слаі грамадства, яно стала прадметам вострай палемікі сярод публіцыстаў Польшчы i ВКЛ. Калі першыя, напрыклад, сцвярджалі, што ВКЛ з’яўляецца ўладаннем Польшчы, падораным ёй у свой час Ягайлам, то другія, адстойваючы незалежнасць сваёй дзяржавы, паказвалі небяспечнасць аб’яднання з суседняй краінай, дзе пануюць свавольства і распушчанасць нораваў.

Калі да Лівонскай вайны ішлі толькі размовы аб уніі, якія насілі дэкларацыйны характар, як прапагандысцкая акцыя польскіх вярхоў і каталіцкага духавенства, то пасля страты BKЛ значнай тэрыторыі, захопленай рускім царом, пытанне аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў набывае ўжо афіцыйны характар. Гэта ўпершыню выявілася на Варшаўскім сойме 1563 г., дзе фактычна польскімі пасламі было пастаўлена патрабаванне поўнага зліцця BKЛ з Польшчай. Насуперак гэтаму паслы BKЛ, якіх узначальваў Мікалай Радзівіл Чорны, разумеючы немагчымасць барацьбы ў адзіночку з усходнім суседам, згаджаліся толькі на саюз з Польшчай пад уладай аднаго гаспадара, што, вядома, не магло задаволіць польскі бок.

Для заахвочвання да уніі былі пушчаны ў ход розныя абяцанні. Так, дробная шляхта магла разлічваць на ўраўнаванне яе ва ўсіх правах з магнатамі. А ў 1563 г. быў нават выдадзены прывілей, які даваў праваслаўнай шляхце тыя ж самыя правы, што мела ўжо каталіцкая шляхта. Зразумела, што гэта павінна было перацягнуць на бок прыхільнікаў уніі і праваслаўную шляхту.

Аднак трэба прызнаць, што, нягледзячы на розныя заахвочванні, ні ў магнатаў, ні ў шляхты ВКЛ не было асабістага жадання аб’ядноўвацца з Польшчай. Толькі сумныя вынікі Лівонскай вайны прымушалі іх ісці на пэўныя ўступкі. Таму польскія вярхі, бачачы гэта, перайшлі да больш жорсткіх метадаў уздзеяння. У 1564 г. Жыгімонт II Аўгуст, вядома ж, па жаданні свайго акружэння, выдаў дэкларацыю, паводле якой ён адмаўляўся ад свайго спадчыннага права на землі ВКЛ на карысць Польшчы. I гэта выклікала вялікія пярэчанні з боку дзяржаўных людзей ВКЛ, якія зусім слушна сцвярджалі, што іх краіна не з’яўляецца вотчынай вялікага князя, бо ён выбіраўся народам для служэння ёй. Не магло супакоіць грамадства ВКЛ і далейшае тлумачэнне названай дэкларацыі яктолькі адрачэнне Жыгімонта II Аўгуста ад тытула вялікага князя.

Ініцыятары уніі і непасрэдна звязанай з ёй паланізацыі не маглі не разумець той вялікай перашкоды для ажыццяўлення іх мэтаў, якой з’яўлялася беларуская мова. Добра бачачы, што яна панавала ўва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця BKЛ, польска-каталіцкія дзеячы пачалі ўсё рабіць для таго, каб пазбавіць яе такога вялікага значэння. У гэтых адносінах і тады прымянялі метады накшталт сённяшніх рэферэндумаў. Так, на адным са сходаў шляхты, якая ў сваёй масе была малапісьменнай ці наогул непісьменнай, было прынята рашэнне прасіць урад, каб усе дакументы для іх пісаліся на лацінскай ці польскай мове, але не на беларускай.

Як і ў ранейшыя аналагічныя часы, так і зараз, польскія вярхі імкнуліся не ўпусціць вельмі спрыяльных умоў для заключэння уніі, якія зараз перш за ўсё вызначаліся цяжкімі паследкамі Лівонскай вайны. Баючыся не ўпусціць такі момант, Жыгімонт II Аўгуст, выконваючы жаданне свайго акружэння, не скупіўся на абяцанні і паслам BKЛ, якія прыбудуць на агульны сойм, дзе будзе вырашана пытанне аб уніі. Гэта і запэўніванне, што іх не будуць прымушаць да уніі і што яны могуць свабодна пакінуць сойм у выпадку нязгоды на унію, і гарантаванне таго, што ў выніку прыняцця яе BKЛ будзе мець аднолькавыя правы з Польшчай пад уладай аднаго гаспадара, і згода дапамагчы ВКЛ з боку Польшчы ў Лівонскай вайне.

Паслы ВКЛ не выступалі супроць уніі, якая б была раўнапраўным саюзам дзвюх дзяржаў і прыбылі на Люблінскі сойм, які пачаўся 10 студзеня 1569 г. I ўжо ў пачатку яго яскрава выявілася імкненне польскіх феадалаў заключыць унію, у выніку якой ВКЛ перастала б існаваць як дзяржава. Гэта нібыта грунтавалася на раней заключаных уніях, з чым паслы ВКЛ выказвалі сваю нязгоду і адмовіліся падпісаць такую ўмову. Не дапамагла і заява Жыгімонта II Аўгуста, якую ён зрабіў па жаданні польскіх прадстаўнікоў да паслоў ВКЛ. У ёй кароль папярэджваў іх, што ім не будзе прапанавана нічога іншага і што яны павінны згадзіцца з тым, што ад іх ужо патрабуецца. Аднак гэта і іншы ціск не падзейнічалі на паслоў ВКЛ, і яны 1 сакавіка адмовіліся ўдзельнічаць у сойме і пакінулі Люблін.

I вось для гэтага, па сутнасці, адбылося галоўнае, дзеля чаго склікаўся Люблінскі сойм. А менавіта 5 сакавіка таго ж года каралём было прынята рашэнне аб адняцці ад ВКЛ спачатку беларускага Падляшша, а пасля і ўкраінскіх земляў: Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Мы ўжо ведаем, што Польшча даўно прэтэндавала на гэтыя багатыя ўрадлівыя землі, з-за якіх неаднаразова ўзнікалі канфлікты паміж ёй i ВКЛ, як гэта, напрыклад, было пры Свідрыгайле. I вось цяпер, калі адрэзваліся ад BKЛ украінскія землі, у свой час далучаныя Гедзімінам і Альгердам, тэрыторыя дзяржавы змяншалася больш чым у два разы. А з гэтым траціліся вялікія багацці і вайсковая магутнасць. Менавіта апошняе асабліва было балючым для ВКЛ, калі войскі Івана Грознага авалодалі Полацкам і для барацьбы з імі былі патрэбны вялікія сілы. Нездарма ж Мікалай Радзівіл Рыжы сказаў на Люблінскім сойме: «На нашым хрыбце быў непрыяцель, калі мы ад’язджалі сюды». Цяжкія вынікі Лівонскай вайны і былі найбольш выкарыстаны Польшчай, каб прымусіць ВКЛ пайсці на падпісанне Люблінскай уніі. Апроч таго, паслы ВКЛ былі запалоханы пагрозай канфіскацыі іх маёнткаў, калі яны не вернуцца на сойм. Вядома ж, у падпісанні уніі была зацікаўлена і частка акаталічанай шляхты, якая спадзявалася на ўраўнанне яе правоў з магнатамі, як было ў Польшчы. Усё гэта і прымусіла паслоў ВКЛ 1 ліпеня 1569 г. падпісаць Люблінскую унію, якая была аформлена ў выглядзе прывілею. Паводле яго, дзве дзяржавы канчаткова зліваліся ў адзінае і непадзельнае цэлае. Адзінства яе падкрэслівалася адзінствам яе кіраўніка, які абіраўся зноў такі агульным соймам і каранаваўся толькі ў Кракаве. Гэта ўсё найперш і гарантавала дамінуючае значэнне Польшчы ў гэтай дзяржаве, якая стала называцца Рэччу Паспалітай і якая фармальна лічылася федэрацыяй, паколькі яшчэ захоўваўся тытул вялікага князя. ВКЛ мела сваю асобную казну і войска.

Так закончыўся Крэўскі перыяд, які цягнуўся амаль два стагоддзі і які быў адным з найцяжэйшых у нашай гісторыі. Калі папярэдні Віленскі перыяд характарызаваўся вялікім ростам тэрыторыі, то гэты перыяд, хоць напачатку, у час княжання Вітаўта, таксама вызначаўся гэтым, аднак у далейшым яго найбольш характарызавала змяншэнне тэрыторыі дзяржавы спачатку ў карысць Масквы, а ў самым канцы ў карысць Польшчы. Усё гэта суправаджалася шматлікімі войнамі, якія перш за ўсё наносілі велізарную шкоду Беларусі, на тэрыторыі якой яны найбольш і адбываліся.

I ўсё ж, нягледзячы на такія выключна неспрыяльныя абставіны, гэты перыяд, асабліва ў XVI ст., увайшоў у нашу гісторыю як «залаты век» нашай беларускай культуры. Яскравае сведчанне гэтаму — пануючае значэнне беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці, беларускае пісьменства і кнігадрукаванне, прадстаўленае такімі выдатнымі імёнамі, як Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяпінскі, такімі прававымі дакументамі, як Статуты 1529 і 1566 г. падобных якім у той час не было і ў Еўропе. Усё гэта паказвае, што BKЛ мела выразнае беларускае аблічча. Вось чаму польскія ўлады пасля Люблінскай уніі з мэтай ліквідацыі рэшткаў дзяржаўнасці BKЛ галоўны ўдар накіравалі супроць усяго беларускага. Асабліва ў цяжкім становішчы аказалася беларуская мова, якая пачала выцясняцца з усіх сфераў дзяржаўнага жыцця, усяляк ганьбіцца і прыніжацца. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак заўзятая беларусафобія, зневажанне ўсяго беларускага з боку польска-каталіцкага асяроддзя, што і прывяло ў 1696 г. да забароны беларускай мовы ў афіцыйнай сферы. Жорсткая паланізацыя Беларусі працягвалася і пасля падзелу Рэчы Паспалітай ужо ў складзе Расійскай імперыі. Ітолькі пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. яна замянілася царскімі ўладамі не менш небяспечнай русіфікацыяй. Аднак, нягледзячы на гэта, беларусы, будучы аб’ектам паланізацыі, русіфікацыі, пазбаўленыя сваёй дзяржаўнасці, асветы, друку і царквы, працягвалі «без шуму і гвалту», як зазначыў у канцы мінулага стагоддзя гісторык А. Качубінскі, асіміляваць балцка-літоўскае насельніцтва. Гэта яшчэ адно вельмі красамоўнае сведчанне выключнай жыццяздольнасці беларускага народа, што дало яму магчымасць у неверагодна жорсткіх умовах узрадзіцца да нацыянальнага жыцця, да аднаўлення сваёй дзяржаўнасці, якая з найбольшай выразнасцю выявілася ў часы ВКЛ.