НЕШЧАСЛІВЫ ЧАС АЛЯКСАНДРА

НЕШЧАСЛІВЫ ЧАС АЛЯКСАНДРА

Ужо адзначалася, што Масква ў параўнанні з ВКЛ запазнілася ў справе аб’яднання вакол сябе ўсходнеславянскіх земляў. Калі ў час княжання Івана Каліты (1325–1340) яна толькі пачала ўзвышацца і праяўляць сябе як аб’яднаўчы цэнтр велікарускіх земляў, то беларускія землі к гэтаму часу, прынамсі ад Буга да Дняпра, былі ўжо аб’яднаныя, што стала грунтам для далейшага пашырэння ВКЛ на ўсход. А гэта прывяло да зусім блізкай адлегласці ад Маскоўскага княства, што не магло не трывожыць яго. Выношваліся планы захопу ўсходніх земляў ВКЛ і чакаўся зручны момант для ажыццяўлення іх. I ён наступіў у сувязі са смерцю Казіміра.

Казімір Ягайлавіч памёр у маі 1492 г. у Гародні, якую ён вельмі любіў і куды загадаў прывезці яго незадоўга да смерці. Тут ён завяшчаў панам рады ВКЛ выбраць сваім вялікім князем яго сярэдняга сына Аляксандра, а польскім каралём яго старэйшага сына Яна-Альбрэхта, што і было выканана. I вось зімою таго ж года маскоўскі князь, парушыўшы дагавор, заключаны з Казімірам, сваім войскам захапіў гарады Хлепень, Мяшчэрск, Любуцк, Мцэнск, Сярпейск. Рашучыя дзеянні з боку Масквы не маглі не прывесці ў замяшанне Аляксандра і яго акружэнне. Паколькі BKЛ не гатова было распачаць вайсковыя дзеянні, то вырашана было пайсці на прымірэнне з Масквой шляхам жаніцьбы Аляксандра з дачкой Івана III Аленай. I вось 17 студзеня 1494 г. у Маскву прыбыло пасольства з Вільні «аб міры і аб любві».

Аднак Іван III адмовіўся заключаць мір і выдаць дачку за Аляксандра, пакуль паслы BKЛ не прызнаюць адыходу да Масквы захопленых гарадоў і валасцей. На гэта не згаджалася пасольства, і перамовы зацягнуліся, што зноў такі выкарыстаў Іван III і заваяваў яшчэ некалькі гарадоў, у тым ліку Вязьму і Дарагабуж. Гэта прымусіла Аляксандра паскорыць перамовы і пайсці на ўступкі Маскве, уступіўшы шэраг захопленых ёю гарадоў. I вось Іван III, паслаўшы ў Вільню дагаворную грамату, да свайго ранейшага тытула «вялікі князь маскоўскі» дадаў «і ўсёй Русі», а ў тытуле Аляксандра пакінуў толькі тытул вялікага князя літоўскага. I гэта насцярожыла Аляксандра, бо ён зразумеў, што новы тытул Івана III дае яму падставу прэтэндаваць і на рускія землі ў складзе BKЛ.

Вось з гэтага часу і пачало складвацца ўяўленне аб характары BKЛ, як дзяржаве, у якой так званыя рускія землі былі пад уладай Літвы, што іх яна, маўляў, заваявала і таму на іх валоданне мае права толькі Масква, як адзіная законная ўладарка «всея Руси». Некалькі пазней у «Сказании о князьях Владимирских» была прыдумана гісторыя аб тым, што да татарскага нашэсця беларускія і ўкраінскія землі належалі маскоўскаму князю Юрыю Данілавічу (такой прыналежнасці не было і, вядома, не магло быць) і іх прысвоіў літоўскі князь Гегімінік, пад якім разумеўся Гедзімін. Вось так пачаў складвацца ў Маскве і ў яе карысць міф аб літоўскім заваяванні заходнерускіх (г. зн. беларускіх) земляў.

Але як у тытуле «вялікі князь маскоўскі і ўсёй Русі» паняцце «маскоўскі» не азначае, што ён не рускі, гэтак жа сама і ў тытуле «вялікі князь літоўскі, рускі (а пазней і жамойцкі)» паняцце «літоўскі» таксама не азначае, што ён быў не рускім. У сувязі з гэтым трэба адзначыць аднатыпнасць назваў «Літва» і «Масква». Як адна, так і другая — балцкага паходжання. Калі першая азначае «дажджлівае месца», то другая — «топкае месца». Гэтак жа як ядром BKЛ была летапісная Літва, размешчаная ў беларускім Панямонні, так і Масква стала ядром утварэння рускай дзяржавы. Як беларуская дзяржава ў пачатку сваёй гісторыі называлася па ядры свайго ўтварэння Вялікім княствам Літоўскім, так і руская дзяржава ў пачатку сваёй гісторыі таксама па ядры свайго ўтварэння называлася Вялікім княствам Маскоўскім. Як першае, так і другое былі ўсходнеславянскімі дзяржавамі, хоць назвы іх не былі славянскага, а балцкага паходжання. Аднак калі другая з іх прызнаецца такой, то першая прызнаецца літоўскай у сучасным значэнні гэтага слова, г. зн. балцкай, што абсалютна не адпавядае сапраўднасці, паколькі яе тэрыторыя і насельніцтва былі пераважна славянскімі, што садзейнічала ўсё большай асіміляцыі балцкага насельніцтва. На жаль, у гістарычнай навуцы не ўлічваліся ўказаныя акалічнасці, што і прывяло да выключна неаб’ектыўнага ўяўлення аб ВКЛ. У апошні час выказана думка, што ВКЛ трэба лічыць беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай. Аднак і гэта таксама бессэнсоўна, бо было б раўназначна таму, калі б мы Вялікае княства Маскоўскае называлі маскоўска-рускай дзяржавай ці наадварот, бо ў той час, як Вялікае княства Маскоўскае азначала рускую дзяржаву, так і Вялікае княства Літоўскае азначала беларускую дзяржаву. Аднак вернемся да разгляду далейшых падзей, якія паследавалі за граматай Івана III у Вільню.

Нягледзячы на пярэчанні ў BKЛ супроць прапановы Івана III, апошні катэгарычна заявіў, што непрыняцце яго новага тытула пацягне за сабою новыя вайсковыя дзеянні супроць BKЛ. I гэта прымусіла Аляксандра адправіць у канцы 1494 г. новае пасольства, якое і падпісала мір на ўмовах Івана III, які атрымаў усе заваяваныя ім гарады і воласці і пасведчанне яго новага тытула. I толькі пасля гэтага Іван III згадзіўся аддаць сваю дачку за Аляксандра.

Мы ўжо ведаем нямала выпадкаў у гісторыі, калі заключэнне міру падмацоўвалася шлюбнымі адносінамі, што, аднак, не мела істотнага значэння для развіцця далейшых міждзяржаўных адносін. Аднак у самым горшым варыянце падзейнічаў на адносіны BKЛ і Масквы шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, што ўжо адразу выявілася пасля прыезду апошняй у Вільню. Вядома ж, Іван III, аддаючы дачку за Аляксандра, меў на мэце перш за ўсё палітычныя выгады для сваёй дзяржавы. Фактычна Алена стала адным з інструментаў правядзення яго палітыкі ў адносінах BKЛ. Гэтак жа і Аляксандр, беручы за жонку Алену Іванаўну, найперш спадзяваўся на паляпшэнне адносін з Масквой, што яна спыніць свой наступ на дзяржаву. Аднак усё атрымалася наадварот.

Перад тым, як адправіць дачку ў Вільню, Іван III паставіў перад Аляксандрам шэраг умоў. Гэта: і не прымушаць Алену да прыняцця каталіцтва, і пабудаваць для яе на тэрыторыі свайго замка праваслаўную царкву, і пакінуць разам з ёй прысланую з Масквы яе праваслаўную світу. Аднак усё гэта не было выканана Аляксандрам, які знаходзіўся пад моцным ціскам каталіцкай царквы, якая не магла змірыцца з тым, што ён ажаніўся з праваслаўнай. Нездарма ж царкоўныя саноўнікі зачасцілі да Алены Іванаўны з мэтай пераканаць яе прыняць каталіцтва. Не была пабудавана для яе і царква, паколькі, маўляў, была такая зусім недалёка, у якую Алена магла хадзіць маліцца. Была адаслана з Вільні ў Маскву і значная частка світы Алены Іванаўны. Да таго ж у гэгы час узмацняецца у BKЛ ганенне на праваслаўе, у выніку чаго з’явіліся ўцёкі людзей гэтай веры ў Маскоўскую дзяржаву, асабліва мясцовых князёў, такіх, як Сямён Бельскі, Сямён Мажайскі і інш., якія, перайшоўшы са сваімі землямі пад уладу Івана III, прасілі яго заступніцтва за праваслаўных у ВКЛ, што толькі яму і патрэбна было. Усё гэта яшчэ раз паказвае, што Крэўская унія і асабліва прыняцце ў выніку яе каталіцтва як дзяржаўнай веры BKЛ, было найперш на карысць Маскве, паколькі гэта давала ёй магчымасць умешвацца ў справы суседняй дзяржавы, як заступніцы адзінавернага ёй насельніцтва, чаго і на гэты раз чакаць доўга не прыйшлося.

Пачатак новага XVI ст. быў азмрочаны нападам маскоўскіх войскаў на BKЛ, у выніку чаго быў захоплены зноў шэраг гарадоў, у тым ліку Бранск і Пуціўль. Абвяшчэнне ўслед за гэтым Іванам III вайны Аляксандру таксама выклікала ў BKЛ замяшанне і трывогу. Сабранае войска, якое ўзначаліў князь Канстанцін Астрожскі, накіравалася пад Дарагабуж, дзе ў гэты час знаходзілася маскоўскае войска і дзе 14 ліпеня 1500 г. на беразе ракі Ведраш адбылася паміж імі жорсткая крывавая бітва. I хоць войска К. Астрожскага змагалася гераічна і самаахвярна, аднак яно пацярпела паражэнне, страціўшы каля 8 тысяч забітых, а таксама увесь абоз і зброю. У ліку палонных аказаўся і сам К. Астрожскі. Ён нават па просьбе Івана III згадзіўся служыць у маскоўскім войску. Аднак гэта не было здрадай радзіме, а спосабам вяртання на яе, што і здзейснілася, калі ён, пасланы ў Волагду, уцёк адтуль.

Праз некалькі месяцаў пасля паражэння на Ведрашы, войска BKЛ церпіць такую ж няўдачу і каля Мсціслаўля. Апроч таго, па нагаворы Івана III на BKЛ нападаюць татарскі хан Менглі-Гірэй і малдаўскі гаспадар Стэфан. Усё адзначанае ставіла BKЛ на мяжу дзяржаўнай катастрофы. У гэты крытычны момант Аляксандр звярнуўся па дапамогу да сваіх братоў: польскага караля Яна-Альбрэхта і чэшска-венгерскага — Уладзіслава. I вось ліст Аляксандра, напісаны ім з гэтай нагоды братам, вельмі добра раскрывае палітычную падаплёку рэлігійнай барацьбы, якой прыкрываліся і Аляксандр, і Іван III. Так, Аляксандр просіць дапамагчы не столькі для выратавання дзяржавы, а больш для падтрымкі святой каталіцкай веры. Ён прызнаецца, што некаторых праваслаўных баяр і князёў прымусіў да прыняцця каталіцкай веры, а некаторых пакараў смерцю. I таму, адзначаў далей Аляксандр, маскоўскі князь, даведаўшыся пра гэта, пайшоў вайной на яго разам з тымі князямі, што збеглі ў Маскву. Гэта зноў такі яскравае сведчанне таго, як ўзмацненне каталіцкага ўціску ў ВКЛ было адначасова ў інтарэсах Польшчы і Масквы і толькі на шкоду ВКЛ.

Аднак браты Аляксандра нічым не маглі дапамагчы, і ён вымушаны адпраўляць у Маскву паслоў з мэтай заключэння міру, і Іван III паабяцаў гэта, але толькі па сваёй волі. Аднак заключэнне міру затрымалася ў сувязі з новай важнай падзеяй. 17 чэрвеня 1501 г. памёр польскі кароль Ян-Альбрэхт, і ў Петракове быў сабраны сойм для выбрання новага караля, паколькі памёршы быў бяздзетны. На польскі каралеўскі пасад рэкамендаваліся браты Яна-Альбрэхта — Уладзіслаў і Жыгімонт. Аднак перамагла кандыдатура Аляксандра. Ён спецыяльна прыслаў на сойм дэлегацыю, якая і выклала яго жаданне быць адначасова і вялікім князем і польскім каралём, што і вырашыла справу ў яго карысць. Зацікаўленасць Аляксандра ў атрыманні каралеўскай кароны была абумоўлена тым цяжкім становішчам, у якім апынулася BKЛ. Як у 1401 г. Вітаўт пасля паражэння на Ворскле павінен быў згадзіцца на ўмовы Віленскай уніі, каб атрымаць падтрымку Польшчы, так роўна праз 100 гадоў і Аляксандр павінен быў згадзіцца на ўмовы Петракоўскай уніі, каб з дапамогай Польшчы супрацьстаяць Маскве.

Умовы новага саюзу фактычна паўтаралі ўмовы ранейшых. Гэта: і аб’яднанне Польшчы з BKЛ на вечныя часы пад каронай аднаго караля, і абранне караля абедзвюма дзяржавамі на агульным сойме, і карыстанне аднолькавымі правамі і прывілеямі польскай шляхты і літоўскіх баяр каталіцкага веравызнання (зазначым, што праваслаўныя баяры, як і на ранейшыя аналагічныя соймы, запрошаны не былі), і агульнасць законаў (апроч судовых) для адной і другой дзяржаў. Усё гэта, як і раней, было найперш на карысць Польшчы, а для BKЛ істотнай дапамогі не прыносіла, асабліва ў адносінах з Масквой.

Аляксандр, стаўшы адначасова вялікім князем і польскім каралём і адчуўшы пры гэтым большую моц, рашыў працягваць барацьбу са сваім цесцем Іванам III. Ён нават дзеля гэтага знайшоў сабе двух саюзнікаў: хана Залатой Арды шаха Ахмата і лівонскага магістра Платэнберга. Аднак гэта не дало ніякіх станоўчых вынікаў. Праўда, апошні звярнуўся да рымскага папы Аляксандра VI, каб той прымірыў Аляксандра з Іванам III, зяця з цесцем. Цікава, што ў сваім лісце ён глядзеў на Польшчу як на аплот каталіцызму і таму прасіў дапамагчы яе каралю. Рымскі папа ў адказ на гэту просьбу ў сваю чаргу звярнуўся з лістом да Івана III з заклікам да прымірэння са сваім зяцем у імя адзінства хрысціянаў. Маскоўскі князь з гэтым пагадзіўся, але ўсю віну варожасці з зяцем усклаў на апошняга, паколькі ён, маўляў, валодае многімі рускімі землямі, якія павінны належаць яму, а Аляксандру толькі Літва. І ўсёж ён згадзіўся весці перамовы аб міры, і 15 сакавіка 1503 г. было заключана перамір’е толькі на шэсць гадоў, хоць паслы ВКЛ настойвалі на заключэнні вечнага міру, на што не пагадзіўся Іван III. Паводле гэтага перамір’я, Аляксандр абавязваўся не нападаць на Маскоўскую, Наўгародскую, Пскоўскую і Разанскую землі.

Умовы перамір’я не толькі спынялі аб’яднаўчую палітыку ВКЛ на поўначы і ўсходзе, але і зафіксавалі яго вялікае адступленне на ўсходзе, паколькі яно павінна было ўступіць Маскве 19 гарадоў, сярод якіх такія, як Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Гомель, Бранск, Тарапец. Праўда, Іван III паабяцаў некаторыя з гэтых гарадоў вярнуць назад. Але калі яму пасля нагадалі аб гэтым, то ён наадрэз адмовіўся ад гэтага абяцання, дадаўшы, што ў Літве яшчэ знаходзяцца Смаленск, Кіеў і іншыя рускія гарады, якія патрэбна будзе вярнуць Маскве. Нездарма ж пры заключэнні перамір’я ён зноў настаяў на прызнанні яго новага тытула вялікага князя маскоўскага і ўсёй Русі.

Як бачым, новая унія з Польшчай не выратавала ВКЛ у галоўным: у захаванні цэльнасці сваёй тэрыторыі. Менавіта час Аляксандра найперш і вызначаецца пачаткам паступовай страты тэрыторыі BKЛ. Заключанае перамір’е было нетрывалае, яно б магло ў хуткім часе закончыцца, каб не смерць Івана III 27 кастрычніка 1505 г.

Мала перажыў яго і Аляксандр, які памёр 19 жніўня 1506 г. Аднак гэты час быў не менш цяжкім для ВКЛ, чым ва ўсе ранейшыя гады княжання Аляксандра. У 1505 г. на ВКЛ напалі татары, ад чаго асабліва пацярпелі беларускія землі ў раёне Слуцка, Новагародка і Менска, адкуль было вывезена каля 100 тысяч палонных. Услед за гэтым адбыўся напад крымскага хана Менглі-Гірэя на паўднёва-заходнія землі ВКЛ, якім таксама былі прычынены вялікія беды.

Да гэтых знешніх неспрыяльных абставін дадаліся яшчэ і ўнутраныя звадкі, якія звязаны з узвышэннем пры Аляксандры буйнога магната князя Міхаіла Глінскага. Род Глінскіх паводле падання паходзіў ад аднаго татарскага князя, які перайшоў у BKЛ пры Вітаўце. Міхаіл Глінскі спачатку служыў германскаму імператару Максіміліяну I, дзе паказаў сябе ўмелым военачальнікам. Потым перайшоў на службу да Аляксандра, які за розум і энергію прыблізіў яго да сябе. Яго шырокія намеры, якія ўключалі ў сябе нават стварэнне асобнай дзяржавы на землях BKЛ для сябе і свайго роду, выклікалі незадаволенасць і варожасць іншых буйных магнатаў, што асабліва выявілася на Радамскім сойме ў 1506 г. Менавіта тут Аляксандр павінен быў выслухаць вельмі суровыя і гнеўныя папрокі за яго паслухмянасць Глінскаму, і гэта адмоўна адбілася на здароўі караля, і ён цяжка захварэў.

А ў гэты час татары Менглі-Гірэя зноў напалі на BKЛ, спустошыўшы землі вакол Слоніма, Ваўкавыска і Ліды, а пасля накіраваліся да Вільні. На чале войска, якое павінна было процістаяць татарам, быў прызначаны Міхаіл Глінскі. Але гэтага войска было недастаткова, апроч таго, яно патрабавала і прысутнасці з ім караля, які, нягледзячы на цяжкі стан свайго здароўя, згадзіўся на гэта. Войска было значна павялічана, і яго па-ранейшаму ўзначальваў Глінскі (кароль зусім занядужаў і застаўся ў Лідзе). Ён з войскам падышоў пад Клецк да ракі Лань, недалёка ад возера Красны Стан, на другім беразе якой былі бачны татарскія палкі, што стаялі гатовымі да бою. I ён адбыўся 6 жніўня 1506 г. Спачатку біліся праз раку, а пасля, зрабіўшы дзве гаці, правы фланг войска Глінскага перайшоў раку, аднак трапіў пад абстрэл татараў, і над ім навісла пагроза знішчэння. Тады Глінскі сваім левым флангам спешна пайшоў на ўсе палкі татарскія, раздзяліў іх напалам і пачаў знішчаць з двух бакоў. Татары ў беспарадку, трацячы шмат забітых, пачалі адступаць у бок ракі Цэпры (прыток Лані), дзе многія з іх разам з коньмі ў рацэ і балоце патапіліся.

Клецкая перамога — адна з самых бліскучых падзей у нашай вайсковай гісторыі. Яна ж фактычна была адзіным светлым момантам у нешчаслівы час Аляксандра.