УСТУПНАЕ СЛОВА

УСТУПНАЕ СЛОВА

Вядома, загаловак гэтай кнігі не можа не выклікаць пэўнага здзіўлення ў чытачоў. I сапраўды, дзяржава беларуская, а назву мае літоўскую. Тым больш, што ў гістарычнай навуцы ўмацавалася сцверджанне, шпю Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) было літоўскай дзяржавай у сучасным значэнні гэтага слова, што яго ўтварэнне пачалося з заваявання літоўскім князем Міндоўгам у сярэдзіне XIII ст. шэрагу беларускіх земляў, і ў першую чаргу так званай Чорнай Русі з гарадамі Наваградкам, Ваўкавыскам, Слонімам, Гародняй і інш. Здавалася б, што такое рэдкае ў навуцы адзінадушша трымаецца на бясспрэчных гістарычных сведчаннях. Але яшчэ ў свой час было зазначана, што «у верагодных крыніцах не дайшло да нас ніякіх звестак аб пакарэнні Літвой гэтага ўчастка». 3 таго часу прайшло звыш 100 гадоў, але ў даследчыкаў не з’явілася ніводнай крыніцы, якая б пацвярджала літоўскае заваяванне якой-небудзь беларускай зямлі.

Нават У. Пашута ў сваёй вялізнай працы аб утварэнні Літоўскай дзяржавы, дзе можна было б чакаць дэталёвага разгляду гэтага гістарычнага факта, гаворыць аб ім як бы мімаходзь: «У Чорнай Русі, якой Міндоўг авалодаў у 40-х гадах XIII ст., выкарыстаўшы для рускай зямлі вынікі мангольскага нашэсця, княжыў яго сын Войшалк». Iўсё ж… гэты даследчык, кніга якога садзейнічала яшчэ большаму ўмацаванню ў нашай гісторыяграфіі сцверджання аб літоўскім заваяванні Беларусі, відаць, не быў упэўненым у правільнасці гэтага і іншых сваіх тэзісаў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй BKЛ, калі палічыў патрэбным адзначыць: «Далейшыя поспехі нашай навукі, магчыма, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і вывадаў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тьм лепш». Так, перагляд патрэбны. Сучасная гістарычная навука не можа мірыцца з бяздоказнымі сцверджаннямі, таму пытанне аб утварэнні BKЛ і яго далейшай гісторыі павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з гістарычнымі сведчаннямі.

Мікола Ермаловіч