БАРСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ I ПЕРШЫ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
БАРСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ I ПЕРШЫ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
Ужо папярэдні разгляд гісторыі Рэчы Паспалітай паказаў, наколькі моцны быў уплыў Расіі ў гэтай дзяржаве. Пасля смерці Аўгуста III у 1763 г. гэта яшчэ больш узмацнілася, найперш у выніку яе застарэлай хваробы — барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за большы ўплыў у жыцці краіны. Як і заўсёды, гэта барацьба абвастралася ў час абрання новага караля. Так было і зараз. За абранне на каралеўскі пасад гэтым разам найбольш вострым было змаганне паміж Чартарыйскімі і Патоцкімі. У Расіі ў гэты час была ўжо Кацярына II. Да яе і звярнуўся Чартарыйскі з просьбай прыслаць ім на дапамогу рускае войска, у чым ім, зразумела, не адмовілі. Менавіта злучаныя сілы BKЛ і рускага атрада ў чэрвені 1764 г. атрымалі перамогу над войскам аднаго з найбольш магутных паплечнікаў Патоцкіх — Караля Радзівіла, захапіўшы яго крэпасці ў Нясвіжы і Слуцку. А сам іх уладальнік схаваўся за мяжой.
Гэта перамога і дала магчымасць Чартарыйскім 7 верасня 1764 г. правесці на каралеўскі пасад іх пляменніка — 35-гадовага Станіслава Панятоўскага. Усё гэта адбылося пры непасрэднай падтрымцы Кацярыны II, якая асабіста ведала новавыбранага караля, бо ён некаторы час жыў у Пецярбургу пры яе двары і, магчыма, нават быў яе фаварытам. Для поспеху абрання С. Панятоўскага каралём мела і тое, што ў Варшаве ў гэты час стаяла расійскае войска. Такім чынам, абранне С. Панятоўскага канчаткова замацавала рашаючы ўплыў Расіі ў Рэчы Паспалітай.
Яшчэ перад выбраннем новага караля Чартарыйскія рашылі прыняць новыя рэформы, якія б умацавалі цэнтральную ўладу дзяржавы. I хоць на адным з соймаў у 1764 г. і было абмежавана права вета і прыняты рашэнні пра ўпарадкаванне фінансавай і судовай спраў, аднак гэта выклікала супраціўленне кансерватыўных колаў грамадства, найперш магнатаў і шляхты, якім і была выгаднай слабая дзяржаўная ўлада. Спачатку гэтыя рэформы падтрымала і Расія, бо яна мела ў сваіх руках Рэч Паспалітую і ёй было выгадней бачыць яе больш умацаванай.
Па-ранейшаму для большага націску супроць Рэчы Паспалітай выкарыстоўваліся рэлігійныя справы, тым больш што ў ёй прадаўжалася палітыка пераследу некаталіцкіх канфесій. Па ініцыятыве Прусіі і Расіі быў прапанаваны праект ураўнення ў правах дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з католікамі, на што згаджаўся і сам кароль Панятоўскі, але чаго не ўхваліў сойм. А гэта, як і ў папярэднія часы, пацягнула за сабой прысылку войскаў у Рэч Паспалітую, а менавіта на тэрыторыю Беларусі, дзе ў кастрычніку 1765 г. расійскімі войскамі былі захоплены Слуцк і Нясвіж.
У мэтах абароны кожнай з гэтых канфесій пачалі ўтварацца канфедэрацыі: пратэстанцкая ў Торуне, праваслаўная ў Слуцку. Больш за тое, у Радаме была створана каталіцкая канфедэрацыя, якая ўзяла курс на саюз з Расіяй. I самае дзіўнае, што на чале яе стаў К. Радзівіл, які раней займаў процілеглую пазіцыю і ўладанні якога раней захапіла рускае войска. Відаць, гэтым самым ён і хацеў вярнуць сабе страчанае. У выніку дзейнасці гэтых канфедэратаў, якіх падтрымлівала 40-тысячнае рускае войска, сойм у 1768 г. і вымушаны быў прыняць пастанову аб ураўненні дысідэнтаў у правах з католікамі, у тым ліку — права займаць дзяржаўныя пасады. Але хоць засталіся некранутымі такія правы дзяржаўнага жыцця Рэчы Паспалітай, як ліберум вета, выбарнасць караля, недатыкальнасць шляхецкіх прывілеяў — усё, што аслабляла краіну, тым не менш рэакцыйныя, асабліва каталіцкія, колы, незадаволеныя ўраўненнем з іх правамі дысідэнтаў і саюзам з Расіяй, у тым жа 1768 г. у Бары стварылі сваю канфедэрацыю. Праўда, склад яе быў неаднолькавы. Хоць у яе ўвайшлі і сапраўдныя патрыёты, што выступалі за незалежнасць Польшчы, аднак у ёй задавалі тон кансерватыўныя элементы, для якіх найперш важна было захаваць «залатыя вольнасці» шляхты і асабліва вяршэнства каталіцкай царквы, і тым самым захаваць нацыянальна-рэлігійны прыгнёт над іншаверцамі. Тое, што Барская канфедэрацыя выступала за захаванне шляхецкіх прывілеяў, можа тлумачыць, чаму ў яе было шмат прыхільнікаў і на Беларусі, асабліва ў Берасцейскім і Мсціслаўскім ваяводствах, у Ваўкавыскім, Ашмянскім і Браслаўскім паветах. Вось чаму дзеянні барскіх канфедэратаў перакінуліся і на Беларусь. Супроць іх і былі кінуты расійскія войскі. Менавіта ў кастрычніку 1768 г. яны разбілі канфедэратаў пад Дзярэчынам і захапілі Нясвіж і Слуцк. Аднак у наступным годзе берасцейскі атрад канфедэратаў на чале з самім кіраўніком усёй канфедэрацыі Юзафам Пуласкім разбіў рускія войскі пад Берастовіцай, Слонімам і Мышшу. Дзеянні Барскай канфедэрацыі на Беларусі яшчэ больш пашырыліся ў наступныя два гады, асабліва калі на яе тэрыторыю ўступіў атрад Ш. Касакоўскага, які складаўся ў асноўным з дробнай шляхты і дзейнасць якога прасціралася ад Мядзеля да Менска. Пад уздзеяннем гэтага зноў канфедэратыўны рух перайшоў на Полаччыну, Ашмяншчыну, Браслаўшчыну і Мсціслаўшчыну.
Паколькі канфедэратыўны рух непасрэдна пагражаў Расіі, то яе ўрад прыняў усе меры, каб яго задушыць, для чаго і былі кінуты новыя войскі, што і дало першыя вынікі. Пад Новагародкам быў разбіты атрад Касакоўскага. Асабліва вызначыўся ў задушэнні Барскай канфедэрацыі славуты А. Сувораў, які ў гэты час са сваім войскам знаходзіўся ў Польшчы. Менавіта ім быў разбіты трохтысячны атрад вялікага гетмана ВКЛ М. Агінскага пад Сталовічамі ў верасні 1771 г.
Расправа з Барскай канфедэрацыяй як у ВКЛ, так і ў Польшчы канчаткова наблізіла Рэч Паспалітую да яе падзелу. Праўда, ініцыятыва гэта ішла не ад Расіі, бо яе цалкам задавальняла існаванне гэтай слабай і таму бяспечнай для яе дзяржавы, якая да таго ж знаходзілася пад непасрэдным яе ўплывам. Ініцыятыва падзелу зыходзіла ад Прусіі, якая не магла далей мірыцца з тым, што Польшча адгароджвала яе ад Усходняй Прусіі. Менавіта ад прускага караля Фрыдрыха II паступіла прапанова да Расіі, без удзелу якой не мог адбыцца падзел Рэчы Паспалітай. На гэта Кацярына II і дала згоду. У перамовы аб падзеле некалькі пазней далучылася і Аўстрыя. I вось 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу паміж гэтымі трыма дзяржавамі і была падпісана дамова аб падзеле Рэчы Паспалітай. У выніку гэтага Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя — паўднёвую яе частку і Галіцыю са Львовам, да Расіі адышлі Інфляндскае ваяводства, усход Полацкага ваяводства (па правым беразе Зах. Дзвіны), Віцебскае ваяводства (за выключэннем яго крайняй заходняй часткі), усё Мсціслаўскае ваяводства, а таксама ўсходняя частка Менскага ваяводства (з Гомелем, Рагачовам, Прапойскам і Чавусамі).
Лёс гэтых адрэзаных ад Рэчы Паспалітай частак склаўся па-рознаму. Відаць, удалым быў для Галіцыі. Менавіта знаходзячыся ў складзе Аўстрыйскай імперыі, гэта частка Украіны мела пэўныя ўмовы для свайго нацыянальнага развіцця. У Аўстрыі існавала ўласна ўкраінская курыя, якая пасылала сваіх дэпутатаў у парламент, што падкрэслівала нацыянальную асобнасць украінскага насельніцтва і тым самым спрыяла росту яго нацыянальнай свядомасці. Гэтым і тлумачыцца, чаму тут найперш і зарадзілася новая ўкраінская літаратура, а таксама тэатр і друк. Тут прадаўжала існаваць уніяцкая царква, якая была нацыянальнай украінскай. Часамі аўстрыйскі ўрад выкарыстоўваў украінскае насельніцтва ў сваіх палітычных мэтах. Так, калі ў 1846 г. аўстрыйскія палякі (а яны галоўным чынам былі памешчыкамі) паднялі паўстанне за аднаўленне Польшчы, то канцлер Аўстрыі Мэтэрніх на задушэнне гэтых памкненняў не паслаў ніводнага салдата, а натравіў на паўстанцаў галіцыйскіх сялян, скарыстаўшы іх класавую нянавісць да сваіх паноў, і яны (сяляне) за адну ноч вынішчылі паўстанцаў. У свой час А. Герцэн назваў гэта галіцыйскай пугачоўшчынай.
У сувязі з больш-менш выгадным становішчам часткі Украіны ў складзе Аўстрыі выказваецца меркаванне, што калі б частка Беларусі (захад Віленшчыны і Гарадзеншчыны) трапіла ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай пад уладу Прусіі, то ў ёй бы больш паспяхова, як у Галіцыі ў складзе Аўстрыі, ішло нацыянальнае развіццё. Але, напэўна, так не было б. Прусія са сваёй моцна цэнтралізаванай уладай далёка не была падобнай на Аўстрыю, у якой дапускаўся пэўны федэралізм, і таму наўрад ці змірылася б тут з беларускім нацыянальным рухам. Вось надзвычай яскравы прыклад. Калі ў 1918 г. адна еўрапейская дэлегацыя ў сувязі з аднаўленнем Польшчы як дзяржавы наведала Познаншчыну, г. зн. тую частку Польшчы, якая была пад Прусіяй, то была здзіўлена, што яе ўсе насельнікі, якія мелі польскія прозвішчы, гаварылі толькі па-нямецку, а не па-польску. Вось такі лёс, відаць, чакаў бы і беларусаў, калі б яны трапілі пад уладу Прусіі.
3 забраных Расіяй усходніх беларускіх тэрыторый былі ўтвораны Пскоўская губерня (некалькі пазней яна была перайменавана ў Полацкую) з правінцыямі Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай (раней Ліфляндскай), Полацкай і Віцебскай з цэнтрам у Апочцы і Магілёўская губерня з правінцыямі Магілёўскай, Аршанскай, Рагачоўскай і Віцебскай.
Адразу на ўключаных у склад Расіі землях Беларусі афіцыйнай мовай замест польскай была ўведзена расійская. І, такім чынам, Беларусь адразу трапіла з агню паланізацыі ў полымя русіфікацыі. Праўда, першая з іх не адразу знікла і нават у першую трэць XIX ст. дасягнула свайго піку дзякуючы А. Чартарыйскаму, які, стаўшы прыбліжаным расійскага цара Аляксандра I і адначасова будучы папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, у якую ўваходзіла амаль уся Беларусь, стаў адчыняць тут паўсюдна польскія школы, якія садзейнічалі далейшай паланізацыі. Менавіта гэтым і тлумачыцца, чаму А. Міцкевіч, У. Сыракомля, С. Манюшка і іншыя беларусы сталі выдатнымі дзеячамі польскай культуры. Толькі пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. паланізацыя на Беларусі была канчаткова зменена на не менш небяспечную русіфікацыю.
Разам з расійскай мовай на тэрыторыі Беларусі пачалі ўводзіцца характэрныя для Расіі ўстановы, напрыклад губернскія і правінцыйныя суды, устанаўлівацца падаткі, якія павінны былі плаціць сяляне, а таксама купцы і яўрэі.
Але асаблівая ўвага была ўдзелена царкоўным справам. Найперш пад абарону была ўзята праваслаўная царква. Былі ўтвораны Пскоўская і Магілёўская праваслаўныя епархіі.
Апошнюю, як і раней у складзе Рэчы Паспалітай, узначаліў Г. Каніскі.
Было надалей забаронена пераходзіць праваслаўным у каталіцтва і асабліва ва уніяцтва. Рэарганізацыі падверглася і уніяцкая царква. Была ліквідавана Смаленская епархія з прычыны малой колькасці ў ёй вернікаў-уніятаў, але пакінута Полацкая епархія з падначаленнем ёй уніятаў на ўсёй тэрыторыі забранай Беларусі. Уніяты не толькі заахвочваліся да пераходу ў праваслаўе, але і гвалтоўна заганяліся ў яго. Так, па Полацкай епархіі было перацягнута ў праваслаўе каля 130 тысяч уніятаў, а па Магілёўскай — каля 120 тысяч. Устанаўлівалася, што ўсе сыны ад змешаных шлюбаў павінны лічыцца праваслаўнымі.
Звернута была ўвага і на арганізацыю каталіцкай царквы, для кіравання якой у Беларусі была створана Магілёўская епархія. Поле дзейнасці ёй было прадстаўлена вельмі шырокае, паколькі ёй павінны былі падначальвацца ўсе каталіцкія каецёлы і манастыры ва ўсёй Расіі. Гэта і дало ёй магчымасць у далейшым ператварыцца спачатку ў архіепіскапію, а пасля і ў мітраполію.
3 мэтай абароны праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай была ўтворана адмысловая праваслаўная епархія, месцазнаходжаннем якой быў г. Слуцк. Епіскапам у ёй прызначылі В. Садкоўскага. Гэта менавіта ён на Слуцкім царкоўным саборы пагражаў мясцовым святарам, якія ў сваім набажэнстве ўжывалі зразумелую вернікам беларускую мову: «Я скараню, знішчу, штоб і языка не было вашага праклятага літоўскага». Зразумела, што тут пад літоўскай мовай разумелася беларуская, і гэта яшчэ раз паказвае, што ў той час паняцці «Літва» і «літоўская» адпавядалі сучасным «Беларусь» і «беларуская». Як бачым, расійскі стаўленік В. Садкоўскі адразу прыняў непрымірымую пазіцыю да беларускай мовы. Але калі праваслаўны епіскап В. Садкоўскі ўсё рабіў для таго, каб перацягнуць уніятаў у праваслаўе, то уніяцкі мітрапаліт Рэчы Паспалітай Смаргжэўскі ўсё рабіў дпя таго, каб паболей акаталічыць уніятаў.
Як ужо вядома, Замосцкі сабор 1720 г. абавязаў уніяцкую царкву прыняць шэраг каталіцкіх абрадаў. Аднак, відаць, гэта патрабаванне не асабліва выконвалася. Тым больш што былі уніяцкія іерархі, як полацкі біскуп Лісоўскі, якія супраціўляліся акаталічванню уніятаў. Вось чаму Смаргжэўскі рашуча патрабаваў ад уніяцкіх святароў прыняцця каталіцкіх абрадаў.