Літоўскія набегі i славянская каланізацыя

Літоўскія набегі i славянская каланізацыя

«Літоўскія набегі» гістарычная навука разглядае як фактар, які нібыта падрыхтаваў заваяванне літоўскімі феадаламі беларускіх земляў. Даследчыкі звычайна спасылаюцца для пацвярджэння гэтага на «Слова аб палку Ігаравым». Так зрабіў і У. Пашута. Зазначыўшы, што гэты твор паведамляе пра страту полацкімі князямі былых пазіцый у Літве і Падзвінні, ён прыводзіць у якасці пацвярджэння наступныя радкі: «И Двина болотом течет оным грозным полочаном под клинки поганых. Един же Нзяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовськыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрьлёными щиты на кроваве траве притрепан литовськими мечи… Не бысть ту брата Брячислава, ни другаго Всеслава…» Як вядома, «Слова» не летапіс, а мастацкі твор. Таму перад даследчыкам стаіць задача высветліць, якія гістарычныя падзеі знайшлі адлюстраванне ў гэтым творы. Хутчэй за ўсё аўтар яго, гаворачы пра з’яўленне «паганых» на Дзвіне, меў на ўвазе падзеі 1167 г., калі вядомы нам менскі князь Валадар Глебавіч пайшоў са сваім войскам, у складзе якога, як і ў 1162 г., магла быць і літва, на Полацк, захапіў яго і пайшоў далей уздоўж Дзвіны на Віцебск, дзе яго напаткала няўдача. Выкарыстанне полацкімі князямі літвы і ліваў як вайсковай сілы ў паходзе на Друцк мела месца і ў 1180 г. незадоўга да напісання «Слова». Вось гэтыя і ім падобныя факты і далі падставу аўтару «Слова» гаварыць пра з’яўленне «паганых» на Дзвіне. Але гэтыя факты сведчаць, што не сама літва прыйшла на Полаччыну, як звычайна сцвярджаецца, а была прыведзена полацкімі князямі для барацьбы паміж сабой. Такія дзеянні былі характэрны не толькі для полацкіх князёў. Кіеўскія князі ў міжусобнай барацьбе часта выкарыстоўвалі полаўцаў. За гэта аўтар «Слова» асуджае і кіеўскіх, і полацкіх князёў: «Ярославли (г. зн. кіеўскія князі) и вси внуци Всеславли (г. зн. полацкія князі)... Вы бо своими крамолами начасте наводити поганыя полкы на землю Рускую, на жизнь Всеславлю…» Вось гэтых слоў і не прыводзяць даследчыкі, а ў іх якраз і паказана праўдзівая прычына з’яўлення «паганых» на Дзвіне.

Што датычыць князя Ізяслава Васількавіча, які загінуў у барацьбе з літоўцамі, то трэба найперш адзначыць, што гэта адзіны герой у «Слове», якога не ведаюць летапісы, і таму цяжка сказаць, дзе ён княжыў. Выраз «трубяць трубы гарадзенскія» яшчэ не дае падставы гаварыць, што ён быў князем у Гарадзені (сучаснае Гродна), бо ў той час гарадоў з такой мазвай было шмат. Але, як паказвае «Слова», полацкі і віцебскі князі Брачыслаў і Усяслаў Васількавічы не падтрымалі свайго брата Ізяслава ў барацьбе з літоўцамі. Гэтым яно таксама пацвердзіла, што полацкія князі не былі ў варожых адносінах з Літвой нават і тады, калі з ёю ваяваў іх брат. Такім чынам, «Слова» дае праўдзівую гістарычную карціну адносін паміж Полацкам і Літвой. I таму не маюць рацыі тыя даследчыкі, якія вырываюць з тэксту «Слова» паасобныя месцы, каб пацвердзіць штучную канцэпцыю пра падначаленне Літве беларускіх земляў.

I ўсё ж у першыя тры дзесяцігоддзі XIII ст. у розных крыніцах зарэгістраваны тры літоўска-полацкія канфлікты, на якіх завастраецца асаблівая ўвага ў даследаваннях. Таму яны патрабуюць уважлівага разгляду, каб высветліць іх характар.

Першы з іх знайшоў адлюстраванне ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1201 г. Тут сказана, што летоны, пасля таго, як, прыйшоўшы ў Рыгу, заключылі мір з хрысціянамі, «наступнай зімой, спусціўшыся ўніз па Дзвіне, з вялікім войскам накіраваліся ў Семігалію. Пачуўшы, аднак, яшчэ да ўступлення туды, што кароль полацкі прыйшоў з войскам у Літву (Летонію), яны кінулі семігалаў і паспешліва адышлі назад». Найперш узнікае сумненне, ці былі гэта літоўцы з тэрыторыі сучаснай Літвы, як гэта прынята лічыць, бо ім у такім выпадку не было сэнсу плысці па Дзвіне ў Семігалію, паколькі апошняя знаходзілася на левабярэжжы Дзвіны і на поўдзень ад яе была Літва ў сучасным разуменні і таму да семігалаў прасцей і бліжэй было дабрацца па сушы. Калі ж гэта былі сапраўды літоўцы, то яны жылі не на тэрыторыі сучаснай Літвы, а дзесьці далей на ўсход, побач з Полацкай зямлёй, ім у такім разе зручней было дабірацца да семігалаў па Дзвіне. Незразумела, чаму В. Данілевіч сцвярджаў, што вынікі гэтага паходу полацкага князя ў Літву невядомыя і што, маўляў, такія адзінкавыя спробы ўціхамірыць Літву мала прыносілі карысці для Полацка. Як мы ўжо ведаем з вышэйпрыведзенай вытрымкі, летоны, даведаўшыся, што полацкі князь пайшоў у іх зямлю, адмовіліся ісці ў Семігалію, бо менавіта за намер напасці на апошнюю як на яго ўладанне і помсціў Полацк паходам на Летонію. Такім чынам, тут яўна выявілася сіла Полацка і бяссілле Летоніі. Звяртаем увагу і на тое, што «Хроніка Лівоніі» засведчыла прыналежнасць Семігаліі Полацку.

Паводле Я. Длугаша, у 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і сталі рабаваць іх. Яны нібыта былі разгромлены і выгнаны смаленскім князем Мсціславам Давыдавічам. Такую магчымасць нельга адмаўляць. Якія б дружалюбныя адносіны паміж суседнімі землямі ні былі, яны тым не менш не перашкаджалі спробе пажывіцца пры нагодзе за кошт суседа. А такая нагода ў 1216 г. магла з’явіцца. Полацкі князь у гэты год сабраў войска, каб ісці на Рыгу, але раптоўна памёр. Таму літоўскія дружыны, якія былі ў складзе полацкага войска, маглі выкарыстаць замяшанне ў Полацку і пачаць рабаваць пры адыходзе менавіта яго ваколіцы. Можна таксама дапусціць, што з-за часовай адсутнасці князя ў Полацку палачане звярнуліся да смаленскага князя, які мог быць удзельнікам паходу на Рыгу і таму прысутнічаў тады ў Полацку, каб расправіцца з літоўцамі. I ўсё ж такога не было. Па-першае, наяўнасць літвы ў войску Уладзіміра гаворыць аб цесным саюзе Полацка з ёю ў гэты час. Па-другое, смаленскім князем быў тады не Мсціслаў Давыдавіч, а Уладзімір Рурыкавіч, які княжыў тут у 1214–1219 гг. Па-трэцяе, гэты апошні таксама не мог бы прыйсці на дапамогу Полацку, бо ў той час удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Суздаль. Усё гэта адмаўляе факт нападу на Полацк і разгром яго Мсціславам Давыдавічам у 1216 г.

Адзначаецца і яшчэ адзін факт, калі ў 1225 г. літва напала на Полацкую, Наўгародскую і Смаленскую землі. Сапраўды, у Лаўрэнцьеўскім летапісе чытаем: «Тою же зимы воеваша Литва Новгородскую волость, и поимаша множество много христиан и много зла сотворише, воюя около Новгорода, и около Торопца и Смоленска, и до Полотьска, бе бо рать велика ака же не было от начала миру». Аднак у тым жа летапісе, паводле Акадэмічнага спіса, гаворыцца аб нашэсці літвы ў раён Тарапца і Таржка, а Полацк не называецца. І гэты запіс больш праўдзівы, бо ён супадае з адпаведным запісам Наўгародскага I летапісу. Як бачым, усе тры факты, якімі аперыруюць даследчыкі Наўгародскага I летапісу ў пацвярджэнне нападаў Літвы на Полацк, з’яўляюцца малаверагоднымі. А каму, як не наўгародцам, лепш было ведаць, на каго ў гэтым выпадку нападала Літва. I сапраўды, як і ў XII, так і ў XIII ст. Літва з’яўлялася зброяй у руках Полацка для барацьбы з суседнімі землямі. Больш за тое, каб кампенсаваць свае страты ў Ніжнім Падзвінні, якім завалодалі крыжакі, Полацк усё больш умацоўваў сувязь з Літвой і свой уплыў на яе. Аб гэтым і сведчыць усё большая колькасць набегаў літвы на Пскоўскую, Наўгародскую і Смаленскую землі. Вось іх пералік паводле Пскоўскага, Наўгародскага і Суздальскага летапісаў:

1200 г. — на Ловаць,

1210 г. — на Хаданічы,

1213 г. — на Пскоў,

1217 г. — на Шэлонь,

1223 г. — наТарапец,

1224 г. — на Русу,

1225 г. — на Таржок і Тарапец,

1229 г. — на Любну, Марэву і Селігер,

1234 г. — на Русу,

1238 г. — на Пскоў,

1245 г. — на Таржок і Бежыцу,

1247 г. — на Пскоў,

1248 г. — на Зубцоў.

Дарэчы, заўважым, што А. Сабалеўскі на падставе гэтых звестак зрабіў вывад, што Літва ў той час не была ля Вільні і Трокаў, а ў раёне Усвятаў, між Віцебскай і Смаленскай землямі. Але ён не ўлічыў, што Усвяты, далей якіх не гналіся за літвой наўгародцы ў 1223,1225 і 1245 гг., былі крайнім полацкім уладаннем, дзе яна і знаходзіла сабе надзейнае прыстанішча. Апроч таго, ён не ўзяў пад увагу, што ўказаныя ім словы літоўскага паходжання, як «твань», «нетра» і іншыя, сустракаюцца не толькі ва ўказаным ім месцы Смаленшчыны, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсюды там, дзе ў далёкія часы жылі балцкія плямёны.

Аднак вернемся да разгляду так званых літоўскіх нападаў. Найперш зробім заўвагу, што не заўсёды летапісцы адрознівалі літву ад суседніх народаў. Так, у Пскоўскім летапісе пад 1213 г. чытаем «Изгнаша от себя псковичи литовьского князя Владимира Торопецкого». Такім чынам, нават князь з Тарапца, сын вядомага Мсціслава Удалога, называецца літоўскім. На жаль, даследчыкі не звяртаюць увагі на такія дэталі. Калі ў той час у разрад літоўскіх залічваўся князь з Тарапца, то гэта яшчэ ў большай меры магло рабіцца ў адносінах полацкіх князёў. У свой час гісторык I. Бяляеў зазначыў, што ў летапісах літва і палачане прымаліся за адно і пад імем літоўскіх набегаў разумеліся полацкія.I хаця літва і палачане не заўсёды прымаліся за адно, аб чым сведчаць запісы ў Наўгародскім І летапісе пад 1191, 1198, 1258 і 1262 гг., аднак у выснове I. Бяляева ёсць вялікая доля праўды. Усе гэтыя набегі былі перш за ўсё зброяй полацкай палітыкі незалежна ад таго, хто ў іх прымаў большы ўдзел — палачане ці літва. Як паказваюць летапісы, у пераважнай большасці выпадкаў літва складала галоўны кантынгент полацкага войска і таму гэтыя набегі ў летапісах і называліся набегамі літвы. Нельга згадзіцца з думкай, што яны прыносілі ўзбагачэнне князям Літвы, мэтай якіх было рабаванне, захоп палонных, жывёлы, што з’яўлялася адной з крыніц назапашвання багацця класа феадалаў, які ў той час там фарміраваўся. Бясспрэчна, што ўдзел у гэтых набегах не мог быць бескарыслівым. Аднак у цэлым яны не толькі не ўзбагачалі і не ўзмацнялі Літву, але яшчэ больш яе знясільвалі, бо, як правіла, пераважная большасць з іх заканчвалася паражэннем, стратай палонных і нарабаванага, вялікай колькасцю забітых. На жаль, усё гэта замоўчваецца ў даследаваннях ва ўгоду штучнай схеме: Літва мацнела, Полацк слабеў. Такі сумны зыход мелі набегі 1200, 1210, 1225, 1229, 1234,1245,1248,1253 гг., і толькі рэдкія з іх, як у 1217 і 1223 гг., заканчваліся больш-менш шчасліва. Некаторыя паражэнні насілі яўна катастрафічны характар. Так, у 1225 г. загінула 2 тыс. літвы з агульнай колькасці 7 тыс., а ў 1245 г. Аляксандр Неўскі пад Тарапцом знішчыў больш 8 князёў, а пад Жыжцом і ўсіх астатніх. А колькі ж тады загінула простых воінаў? Пры такім стане рэчаў будзе няправільна гаварыць, што гэтыя набегі прыносілі карысць Літве. Не, гэта магло быць толькі ў інтарэсах полацкіх феадалаў. У. Пашута лічыў, што пра падначаленае становішча палачан сведчыць Наўгародскі I летапіс, які пад 1258 г. паведамляе пра напад ужо не «полочан с литвой», як раней, а «литвы с полочаны» на Смаленск. А крыху вышэй у сваёй кнізе гэты даследчык папракае той самы летапіс за тое, што ў ім пры паведамленні пра паход 1240 г. на Вендэн на першае месца ставіцца літва, тады як галоўную ролю там адыгралі немцы. Гэтым самым аспрэчыў і свой уласны довад наконт адносін Полацка і Літвы. Не меў рацыі У. Пашута і тады, калі сцвярджаў, што гэты паход на Смаленск быў «справай рук Таўцівіла», які княжыў у той час у Полацку. Вядома, што яшчэ задоўга да Таўцівіла палачане хадзілі на Смаленск, а цяпер прымусілі хадзіць і яго. Што набегі літвы на Ноўгарад залежалі ад полацкай палітыкі, сведчыць і такі факт. Як толькі Полацк і Ноўгарад у 1262 г. заключылі мір, літва не толькі спыніла набегі на наўгародскія землі, але і разам з палачанамі стала дапамагаць наўгародцам, як, напрыклад, пры паходзе на Юр’еў супраць немцаў у 1262.

Літву выкарыстоўвалі для аслаблення Галіцка-Валынскай зямлі і турава-пінскія князі. У канцы 20-х гадоў XIII ст. адносіны паміж Валынню і Пінскам настолькі абвастрыліся, што ўзнік канфлікт. Піняне ў 1227 г. захапілі г. Чартарыйск. У наступным годзе Даніла Галіцкі вярнуў яго назад. Пасля гэтага пінскі князь Расціслаў арганізаваў супраць яго кааліцыю князёў, у якой сярод іншых удзельнічалі тураўцы і новагародцы. Але яны пацярпелі паражэнне, і Пінск падпаў пад уплыў Валыні, князі якой прымушалі ваяваць пінянаў з суседняй Літвой. Са свайго боку пінскія князі неаднаразова прапускалі літву праз свае землі для нападу на Галіцка-Валынскае княства. Пра сувязь пінскіх князёў з літвой сведчыць Іпацьеўскі летапіс пад 1247 г., калі апісвае набег літвы на Валынь пры садзейнічанні пінскага князя Міхаіла.

Як бачым, у навуцы непамерна перабольшана значэнне так званых літоўскіх набегаў. У даследаваннях скрупулёзна падлічваецца іх колькасць ды яшчэ без уліку іх вынікаў. I на падставе гэтага робяцца высновы пра літоўскае наступленне на славянскіх суседзяў. I ў той жа час замоўчваецца славянская, перш за ўсё крывіцкая і дрыгавіцкая, каланізацыя балцка-літоўскіх земляў. Што да літоўскіх набегаў на славянскія землі, то, калі яны і былі, усё адно не маглі спыніць шырокую плынь крывіцкай і дрыгавіцкай каланізацыі ў балцка-літоўскія землі.

Як паказваюць матэрыялы археалогіі, гідраніміі,тапанімікі, лінгвістыкі, балцкія плямёны (латыгола, лотва, літва, яцвягі і інш.) засялялі амаль усю тэрыторыю Беларусі да прыходу сюды славян на мяжы VI–VII стст. н. э. Славянскае засяленне ішло з некалькіх бакоў. Калі дрыгавічы рухаліся з поўдня на поўнач (ад Прыпяці да Дзвіны), то крывічы — па Бугска-Нёманскім міжрэччы з захаду на ўсход і на паўночны ўсход. 3 захаду, як сведчыць летапіс, прыйшлі і радзімічы. Трэба зазначыць, што апроч гэтых галоўных славянскіх насельнікаў Беларусі тут аселі і часткі іншых плямёнаў, дарогі якіх ішлі праз Беларусь, — севяран, славенаў, дулебаў. Усё гэта спрыяла больш інтэнсіўнай славянскай каланізацыі і асіміляцыі ранейшага насельніцтва. Працэс гэты, пачаўшыся, ужо не мог спыніцца і ішоў на працягу стагоддзяў. Хаця не выключана, што напачатку (і гэта заканамерна) славянская каланізацыя сустракалася з варожасцю карэннага насельніцтва, аб чым могуць сведчыць разбураныя і пагарэлыя балцкія гарадзішчы. Аднак у далейшым сужыццё славян і балтаў працякала мірна. Але славянская каланізацыя (і асіміляцыя) не ўсюды адбывалася раўнамерна. Як ужо гаварылася вышэй, асобныя астравы балцкага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі заставаліся аж да канца XIV ст. Вось гэта акалічнасць і дала ў апошні час Е. Ахманьскаму ў яго працы аб літоўскай этнічнай мяжы на ўсходзе падставу прапанаваць новую канцэпцыю ўтварэння BKЛ. Паводле яе, цэнтральная Літва (усход сучаснай), абапіраючыся на гэтыя астравы балцкага насельніцтва, заваявала заходнерускія землі. Неабгрунтаванасць гэтага сцверджання відавочная. Па-першае, незразумела, чаму цэнтральная Літва не магла гэтага зрабіць значна раней, калі славянскае насельніцтва было астраўным у моры балцкага. Па-другое, адрэзаныя вялізнай адлегласцю і сотнямі гадоў адзін ад аднаго наўрад ці захавалі гэтыя балцкія рэшткі пачуццё адзінства паміж сабой, асабліва калі ўлічыць, што ва ўсходняй, паўночнай і цэнтральнай частках Беларусі былі балцка-латышскія плямёны, да якіх балцка-літоўскія плямёны не мелі асаблівай сімпатыі. Па-трэцяе, незразумела, чаму гэтыя літоўскія плямёны, як лічыў Е. Ахманьскі, стварылі славянскую дзяржаву, за пяць стагоддзяў існавання якой у афіцыйным жыцці не прагучала ніводнага літоўскага слова. I апошняе (можа, самае галоўнае), крыніцы ні разу не пацвярджаюць факта якой-небудзь падтрымкі цэнтральнай Літвы з боку якіх-небудзь балцкіх астравоў, як і наогул якога-небудзь заваявання ёю беларускіх земляў.

Найбольшым з балцкіх астравоў у Беларусі, відаць, і была Старажытная Літва. I хаця яна была акружана балотамі і пушчамі, аднак і яе не абмінула славянская каланізацыя (яна тут пачалася пазней і працякала павольней). Калі гэты працэс пачаўся, дакладна сказаць немагчыма, можна выказаць толькі некаторыя меркаванні. Вядома, што паўднёвая частка летапіснай Літвы была заваявана Яраславам Мудрым у 1040–1044 гг., у выніку чаго і быў заснаваны Новагародак. I з гэтага часу, верагодней за ўсё, пачалася славянская каланізацыя левабярэжнай Літвы. Аднак у правябярэжнай, можна думаць, яна пачалася раней.

Густынскі летапіс пад 1128 г. адзначыў, што кіеўскі князь Мсціслаў паслаў свае войскі ў Літву да Ізяслаўля. Такім чынам, гэты горад, які знаходзіцца ад Менска за 18 км на паўночны захад, быў зафіксаваны летапісцам на літоўскай тэрыторыі. 3 летапісу таксама вядома, што Ізяслаўль (Заслаўе) узнік у канцы X ст., што пацверджана і археалогіяй. Значыць, да гэтага часу крывічы і дрыгавічы, каланізаваўшы іншыя балцкія плямёны, назвы якіх засталіся невядомымі, падышлі да чарговага балцкага племя — літвы, усходняя мяжа рассялення якога, як мы высветлілі, праходзіла на захад ад Менска. Відаць, Ізяслаўль і быў адным з першых цэнтраў крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі Літвы. Можна меркаваць, што з канца X ст. пачынаецца сумеснае жыццё беларускіх плямёнаў з літвой.

Крывічы былі самымі блізкімі суседзямі балцка-літоўскіх плямёнаў, з якімі больш за ўсё сустракаліся, што знайшло сваё адлюстраванне ў называнні латышамі ўсяго славянскага імем сваіх спрадвечных суседзяў крывічоў — крэвамі (крээвс). Крээвс — рускі, Крээвссэме — руская зямля. Усё гэта сведчыць пра шматвяковыя сувязі балтаў і крывічоў.

Першапачатковы старажытнарускі летапіс называе літву ў ліку народаў, якія давалі даніну Русі. I як паказана Л. Аляксеевым, даніна літвы ішла Полацкаму княству, з’яўляючыся адной з асноў яго эканамічнай магутнасці. Але гэта адносіцца толькі да правабярэжнай Літвы, бо левабярэжная была пад уладай Кіева.

Літва паступова стала адной з крыніц ваеннай магутнасці полацкіх князёў. Гісторык I. Бяляеў лічыў, што Усяславу Брачыслававічу ўдалося ў 1071 г. вярнуць сабе полацкі пасад з дапамогай Літвы. Але асабліва цесныя сувязі з ёй трымала Менскае княства, якое было ў непасрэдным суседстве з ёй. Глеб Менскі ў 1104 г. адбіў кааліцыю паўднёварускіх князёў таму, што выкарыстаў, відаць, літву. Саюз з ёй і быў асновай шырокіх палітычных планаў Глеба. Можна з упэўненасцю сказаць, што, прынамсі, з пачатку XII ст. летапісная Літва з’яўлялася пастаянным ваенным саюзнікам полацкіх князёў. Вось чаму пасля пераможнага паходу кіеўскіх князёў на Полаччыну ў 1128 г. і высылкі яе князёў у Візантыю ў 1129 г. адбыліся іх паходы на Літву (1130,1132). А Густынскі летапіс паход кіеўскіх князёў у 1128 г. называе паходам на Літву да Ізяслаўля і тым самым разрывае дужкі гэтай «Літвы». Магчыма, што і паходы 1130 i 1132 гг., якія ў рускіх летапісах паказваюцца як паходы на Літву, таксама былі паходамі на Ізяслаўль, які ў той час заняў месца Менска, далучанага часова да кіеўскіх уладанняў. Ізяслаўль, відаць, і абараняла войска, набранае з літвы, якая і жыла вакол гэтага горада.

Іпацьеўскі летапіс, гаворачы пра падзеі 50–60-х гг. XII ст., паказвае, адкуль менскія князі чэрпалі дадатковыя сілы для барацьбы з полацкімі князямі. Адзін з самых непакорных — Валадар Глебавіч — у 1159 г., адмовіўшыся мірыцца з полацкім князем Рагвалодам, «ходяше по литвою в лесах», г. зн. збіраў там сілы для барацьбы са сваім праціўнікам, а ў 1162 г. з літвою нанёс цяжкае паражэнне палачанам.

Але калі да 70-х гадоў XII ст. літва выкарыстоўваецца галоўным чынам менскімі князямі ў барацьбе з Полацкам, дык пачынаючы з 80-х гадоў яна служыць інтарэсам усёй Полацкай зямлі. Характэрна, што ў 1180 г. прывялі літву пад Друцк не суседнія з ёю менскі і ізяслаўскі князі, а палачане. Гэта і сведчыць пра ўмацаванне сувязі з Літвой усёй Полацкай зямлі, а не асобных яе ўдзелаў, як гэта было раней. Ноўгарад добра бачыў, што вайсковая сіла Полацка знаходзіцца ў Літве, і таму імкнуўся пасварыць іх паміж сабой. Спроба гэта была зроблена яшчэ ў 1191 г. Тады наўгародцы вырашылі навязаць палачанам паход на Літву. Праўда, У. Пашута зазначыў, быццам гэта палачане хацелі ў асобе наўгародцаў знайсці сабе саюзнікаў супраць літвы і нават эстаў. Памылковасць гэтага меркавання відавочная: палачанам ніколі не было патрэбы ваяваць з літвой і тым больш з эстамі, якія былі суседзямі наўгародцаў, а не палачан. Апошнія разумелі, што ісці на Літву — усё адно, што секчы сук, на якім сядзіш. I таму не толькі адмовіліся ад паходу на яе, але ў 1198 г., як паведамляе Наўгародскі I летапіс, прыйшлі з ёю ваяваць Вялікія Лукі.

У сувязі са славянскай каланізацыяй балцка-літоўскіх земляў стаіць пытанне з’яўлення агульных полацка-літоўскіх князёў. Непасрэднае суседства, працяглае гістарычнае сумеснае жыццё беларускіх і балцка-літоўскіх плямёнаў не маглі не прывесці да сваяцкіх адносін паміж полацкімі князямі і літоўскімі кунігасамі. I. Бяляеў на падставе летапіснага паведамлення, якое сведчыла, быццам пры нараджэнні славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея прысутнічалі «валхвы», рабіў вывад, што маці гэтага князя была ліцвінкай і сам Усяслаў быў напаўліцвінам. Аднак справа не толькі ў сваяцкіх адносінах. Полацкія князі, якія ў адрозненне ад князёў іншых старажытнарускіх земляў маглі княжыць толькі ў Полацкай зямлі, страціўшы з той ці іншай прычыны свой пасад, уцякалі ў балцка-літоўскія землі. Вядома, што ў 1129 г. не ўсе полацкія князі былі ўзяты ў палон і адпраўлены ў Візантыю. Некаторыя з іх пазбеглі гэтага і, можна думаць, знайшлі сабе прыстанішча ў Літве. Відаць, адным з іх быў Васілька Святаславіч, які ў 1132 г. пасля выгнання з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка адразу стаў тут князем. За такі кароткі час ён, вядома, не мог прыехаць з Візантыі. Полацка-літоўскім князем быў і Гердзень — сын полацкага князя Давіда Расціслававіча, чаго не адмаўляе сучасная навука. Такім чынам, перш чым стаць «літоўскім» князем у Полацку каля 1265 г., Гердзень быў полацкім князем Нальшчанаў. Беларускія гісторыкі XIXст. М. Без-Карніловіч i А. Кіркор даводзілі, што Гердзень быў бацькам вялікіх князёў Віценя і Гедзіміна.

3 паходжаннем апошніх звязана пытанне ўтварэння Віленскага ўдзела Полацкага княства, што адбылося, відаць, на пачатку XII ст. Васкрасенскі летапіс паведамляе, што пасля 1129 г. «вильняне взяша ис Царяграда князя полотского Ростислава Рогволодовнча детей: Давила князя, да брата его Мовколда князя». Давіл (магчыма, Давід) і быў першым віленскім князем, ад яго ў далейшым, як сведчыць гэты летапіс, паходзяць Гердзень (Ердзень), Віцень і Гедзімін. Гэта тым болей верагодна, што, як гаварылася вышэй, крывічы ішлі з захаду па Нёмане і Вільня магла быць адным з першых буйных крывіцкіх паселішчаў на новым месцы. Нездарма ж нямецкі храніст П. Дузбург у пачатку XIV ст. упамінаў Крывіцію, якая, на думку П. Шафарыка, знаходзілася на поўнач ад Новагародка, дзе ў значнай колькасці маюцца тапонімы накшталт «Крэва» і «Крывічы». Не выключана, што гэтыя крывічы былі язычнікамі. Сапраўды, у «Жыцці трох вялікіх мучанікаў» гаворыцца пра трох знатных ліцвінаў, якія ў першай палове XIV ст. паплаціліся жыццём за прыняцце праваслаўя. Але прозвішчы іх: Круглец, Кумец і Няжыла — чыста славянскія.

Мы лічым, што зусім неправамерна ставіць Васкрасенскі летапіс у адзін шэраг з гісторыка-публіцыстычнымі творамі XVI ст., у якіх тэндэнцыйна скажалася гісторыя BKЛ. Вядома, як і кожная крыніца, запіс аб першых віленскіх князях патрабуе крытычнага падыходу, аднак, на нашу думку, у ім шмат праўдзівага. У. Пашута лічыў вартым увагі сведчанне гэтага летапісу пра сына Гердзеня цвярскога біскупа Андрэя і тым самым прызнаў праўдзівасць яго. Навошта ж тады адмаўляць іншыя звесткі гэтага летапісу, якія не супярэчаць даным сучаснай гістарычнай навукі? Хіба ж не мог узнікнуць Віленскі ўдзел Полацкага княства і хіба не маглі вільняне ўзяць сабе полацкіх князёў, калі вядома, што Вільня заснавана крывічамі, існавала доўгі час як Крывы Горад, ці Крывічград, прынамсі, ужо ў XI ст., магчыма, была адной са сталіц крывічоў? Чаму не маглі паходзіць вялікія літоўскія князі Віцень і Гедзімін ад віленскіх князёў? Чамусьці не звяртаецца ўвагі на тое, што браты Гедзіміна насілі славянскія імёны — Віцень і Воін. Таксама няма падстаў лічыць імя Гедзіміна літоўскім. У свой час В. Юргевіч назваў кур’ёзам паходжанне імёнаў літоўскіх князёў Ягайлы, Кейстута, Гедзіміна, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Войшалка, Вітаўта і іншых шукаць у літоўскай мове. Ён шляхам філалагічнага аналізу паказаў славянскае паходжанне імёнаў літоўскіх князёў. Нельга, як гэта назіраецца ў працах некаторых даследчыкаў, паказваць як першасныя імёны Міндаўгас, Войшвілкас, Гедзімінас і інш. У крыніцах існуе шмат формаў імёнаў літоўскіх князёў, за выключэннем гэтакіх. Яны з’явіліся ў працах гісторыкаў толькі ў XX ст.

Полацкія князі, апынуўшыся на балцка-літоўскіх землях, у паганскім асяроддзі, з палітычных меркаванняў прыкідваліся язычнікамі, пра што ў свой час слушна заўважыў А. Кіркор. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі тое, што ў пераліку балцка-літоўскіх князёў у дагаворы 1219 г. самы першы і самы старэйшы з іх носіць славянскае імя Жывінбуд. Гэтак жа сама і літоўскія князі (Міндоўг, Войшалк, Даўмонт, Таўцівіл і інш.), апынуўшыся на княскіх пасадах у суседніх славян, прымалі праваслаўе. Відаць, ні полацкія, ні літоўскія князі не вызначаліся рэлігійным фанатызмам і таму па некалькі разоў мянялі сваю веру дзеля палітычных інтарэсаў (Міндоўг, Таўцівіл). Тое, што Воін стаў полацкім князем, таксама сведчыць пра ягоную прыналежнасць да роду полацкіх князёў (полацкае веча не прымала князёў чужых дынастый). А гэта ў сваю чаргу з’яўляецца пацвярджэннем таго, што яго браты Віцень і Гедзімін таксама паходзяць з роду полацкіх князёў. Такім чынам, можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што з канца XIII ст. у ВКЛ запанавала полацкая княская дынастыя.

Гаворачы пра ўзаемаадносіны хрысціянства і язычніцтва, трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях было далёка не мірным працэсам. Яно суправаджалася ўзмацненнем феадальнй эксплуатацыі. А гэта не магло не выклікаць супраціўлення шырокіх мас сялянства, што часам набывала форму барацьбы з хрысціянствам. Трэба думаць, што нямала было сялян, якія, ратуючыся ад феадальнага прыгнёту і звязанага з ім хрысціянства, уцякалі ў балцка-літоўскія землі і там доўгі час заставаліся язычнікамі. Таму пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях некаторым чынам спрыяла славянскай каланізацыі ў балцка-літоўскіх землях. Доўгі час заставаліся язычнікамі і асіміляваныя балты. Усё гэта дае падставу меркаваць, што прыналежнасць да язычніцтва не была выключнай адзнакай балтаў не толькі ў XI–XII, але і ў XIII–XIV стст. і нават на пачатку XV ст. Гэтым, відаць, і тлумачыцца тое, што ў асяроддзі беларусаў аж да XX ст. у значна большай ступені, чым у іншых славянскіх народаў, захаваліся перажыткі паганства.

Полацкая каланізацыя, якая ішла галоўным чынам па р. Віліі ў глыб балцка-літоўскіх земляў, садзейнічала далейшаму росту Крывога Горада — Вільні, што ўзвышала значэнне віленскіх князёў. Новагародак мог быць цэнтрам BKЛ да таго часу, пакуль яно не выходзіла за межы Нёманскага басейна. Па меры пашырэння дзяржавы ўсё больш акрэслівалася яго нявыгаднае становішча — ізаляванасць ад іншых земляў, асабліва тых, што ляжалі ў Дзвінскім басейне.

У гэтых адносінах Вільня была ў лепшым становішчы. Размешчаная на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў, у тым ліку і на Віліі, якая злучала яе з Полацкай зямлёй, яна ўсё больш набывала цэнтральнае значэнне ў дзяржаве. «Яшчэ да часу княжання Гедзіміна Крывы Горад развіўся ў такое значнае паселішча, што Гедзімін палічыў патрэбным перанесці ў яго сталіцу ВКЛ». Няма падставы сцвярджаць, што адной з прычын перанясення сталіцы ў Вільню з’яўлялася тое, што яна была размешчана «ў цэнтры карэннай літоўскай зямлі, цэнтры народнасці». Па-першае, што разумець пад карэннай літоўскай зямлёй? Ёю была найперш зямля летапіснай Літвы, якая, як мы бачылі, знаходзілася ў Верхнім Панямонні, у акружэнні славянскіх земляў. Па-другое, Аўкштайція і Нальшчаны ўжо даўно былі аб’ектам крывіцкай каланізацыі, вынікам чаго і было ўзнікненне Крывога Горада — Вільні, які, паводле даных археалогіі, «быў заснаваны крывічамі ў час пашырэння тэрыторыі Полацкага княства ў раннюю феадальную эпоху на захад». Таму становішча Вільні вызначалася не тым, што яна была цэнтрам «карэннай літоўскай зямлі», а тым, што гэта быў адзін з даўніх і буйнейшых цэнтраў крывіцкай каланізацыі балцка-літоўскіх земляў. Праўда, там жыло разам з крывіцкім і карэннае насельніцтва, стаяла свяцілішча паганскага бога Пяркунаса, аднак усё гэта ўжо не было вырашальным фактарам. Тут, як і паўсюдна на балцка-літоўскай тэрыторыі, куды пранікла крывіцка-дрыгавіцкая каланізацыя, працягваўся інтэнсіўны працэс асіміляцыі. Наколькі ён быцў моцны, сведчыць і тое, што ў летапісе, дзе апавядаецца аб заснаванні Гедзімінам Вільні (як мог літовец даць ёй славянскую назву?), Вілія ўжо не называецца па-літоўску Нярысам. А. Качубінскі памыляўся, калі лічыў, што беларуская мова пашыралася на захад ад Вільні толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст., бо ўжо ў кнізе, выдадзенай у 1861 г. гаворыцца, што ў прасторы паміж Вільняй і Трокамі просты народ, г. зн. карэннае насельніцтва, гаворыць па-беларуску. Але А. Качубінскі зусім слушна адзначаў, што Віленская губерня ўваходзіць у тэрыторыю беларускага племя і сама Вільня ўжо за рубяжом літоўскім. У свой час У. І. Ленін адзначаў, што ў Віленскай губерні літоўскім з’яўляецца толькі Троцкі павет. Такі вынік быў прадвызначаны яшчэ ў XI–XIII стст. заснаваннем тут Вільні і іншых крывіцкіх калоній у Нальшчанах і Аўкштайціі.

Такім чынам, перанясенне сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Крывы Горад — Вільню было вынікам далейшай крывіцка дрыгавіцкай каланізацыі ў глыб балцка-літоўскіх земляў. Яно сведчыла таксама, што на першае месца ў гэтай дзяржаве выходзіла Полаччына. А гэта выклікала змену новагародскай дынастыі на полацкую. У святле прыведзеных фактаў нельга пагадзіцца са сцверджаннем пра «паступовае пранікненне» і «наступленне Літвы на Русь». Фактычна было паступовае адступленне літвы пад націскам славянскай каланізацыі. Прычым утварэнне BKЛ не толькі не спыніла, а, наадварот, яшчэ больш паскорыла асіміляцыю балцка-літоўскага насельніцтва. Ф. Д. Гурэвіч лічыць, што прасоўванне межаў беларускай мовы ў зону пашырэння літоўскіх археалагічных помнікаў, відаць, адносіцца да XIV ст., г. зн. да таго часу, калі ўжо ўтварылася BKЛ. I ў гэтым нічога дзіўнага няма, бо ў новаўтворанай дзяржаве беларуская культура была пануючай, а беларуская мова — дзяржаўнай. На падставе гэтага нельга пагадзіцца з думкай, што Беларусь у BKЛ была падначаленай і займала ў ім нераўнапраўнае становішча. У такім выпадку становіцца незразумелым, чаму падначаленая, эксплуатуемая і нераўнапраўная краіна ўвесь час пашырала сваю тэрыторыю, а пануючая, якой лічыцца Літва, траціла сваю тзрыторыю і насельніцтва. Усё гэта гаворыць за тое, што беларускі народ у складзе ВКЛ прадаўжаў тварыць сваю гісторыю, развіваў культуру, а не рабіў толькі ўклад у чужую гісторыю.

Тое, што ўтварэнне ВКЛ паспрыяла славянскай каланізацыі балцка-літоўскіх земляў і асіміляцыі іх насельніцтва і што пануючай культурай у ім стала беларуская культура і дзяржаўнай мовай беларуская, характарызуе гэту дзяржаву найперш як беларускую. Такім чынам, не так званыя літоўскія набегі на заходнерускія землі, а славянская каланізацыя балцка-літоўскіх земляў была значным фактарам ва ўтварэнні ВКЛ.