Зноў паўстае Андрэй Полацкі

Зноў паўстае Андрэй Полацкі

Па ўсім відаць, вузкае кола князёў у заключэнні Крэўскай уніі не магло ўлічыць інтарэсаў як усёй дзяржавы, так і паасобных сваіх частак. Зразумела, што гэта не магло не выклікаць незадаволенасці уніяй іншых князёў, што не прысутнічалі пры падпісанні яе або, магчыма, не пажадалі ўдзельнічаць у гэтай акцыі, каб не падтрымаць яе.

Тое самае трэба сказаць і аб прыняцці каталіцкай веры, якая станавілася дзяржаўнай у BKЛ паводле Крэўскай уніі. Як вядома, спроба Гедзіміна ў гэтым кірунку ў свой час прывяла да няўдачы, а магчыма, і да трагічнага канца гэтага князя, што і зразумела. Для дзяржавы, дзе большасць насельніцтва было праваслаўным і частка язычніцкім, такія спробы не маглі мець поспеху, бо выклікалі супраціўленне з боку большасці насельніцтва.

Вядома ж, такая рэакцыя была непазбежнай і пасля Крэўскай уніі. I яна пачалася найперш у Полацкай зямлі, што не было выпадковым. Яна, па сутнасці, з’яўлялася найбольш важнай у эканамічных і культурных адносінах вобласцю дзяржавы. Яна найбольш трывала захоўвала шматвяковую традыцыю дзяржаўнай самастойнасці і праваслаўнай веры. Таму ў заключэнні Крэўскай уніі першай адчула небяспеку для далейшага існавання дзяржавы. I рашучыя дзеянні супроць яе не прымусілі доўга чакаць з боку Полацка, і ў першую чаргу яе князя Андрэя Альгердавіча.

Ён быў адным з тых, хто не прысутнічаў пры заключэнні Крэўскай уніі і з’яўляўся даўнім праціўнікам Ягайлы, які, стаўшы вялікім князем пасля смерці Альгерда, адразу пачаў барацьбу супроць полацкага князя, у выніку чаго на некаторы час вымушаны быў пакінуць Полацк. Аднак пасля часовай перамогі Кейстута над Ягайлам Андрэй зноў вярнуўся ў Полацк і зноў апынуўся ў стане барацьбы з Ягайлам, толькі ўжо па сваёй ініцыятыве. Вядома ж, нельга і адмаўляць асабістых амбіцый Андрэя, якія штурхалі яго на змаганне, бо ён быў старэйшым сынам Альгерда і меў большае права, чым Ягайла, стаць вялікім князем, і тым больш зараз, калі Ягайла станавіўся польскім каралём. Менавіта цяпер, захапіўшы велікакняскі пасад, ён мог бы паспяхова змагацца за самастойнасць дзяр...

(у ісходніку няма адной старонкі —  Polochanin72)

...што не выключана. Трэба думаць, што дзеянні Святаслава Іванавіча былі выкліканы не столькі тым, каб дапамагчы Андрэю Полацкаму ў яго барацьбе, а каб выкарыстаць яе ў сваіх інтарэсах, а менавіта вярнуць Смаленску Мсціслаўль, які быў адабраны ад яго Альгердам. Вядома ж, гэта магло нанесці вялікую шкоду дзяржаве, вось чаму некаторыя князі (Канстанцін Чарнігаўскі, Дзмітрый Карыбут і, што зразумела, Сямён-Лунгвень Мсціслаўскі) выступілі на баку Скіргайлы і Вітаўта. Не прыйшоў на дапамогу Святаславу і Андрэй Полацкі. Зімою 1386 г. у вялікі пост са сваім войскам Святаслаў пайшоў да Мсціслаўля і аблажыў яго.

Трывожныя весткі аб гэтых падзеях дайшлі да Кракава і моцна ўстрывожылі Ягайлу. Таму 12 сакавіка 1386 г. Скіргайла і Вітаўт адправіліся ў княства. Заслугоўвае асаблівай увагі тое, што разам з імі адправіўся і польскі атрад. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што палякі ў гэтых падзеях бачылі пагрозу і для сябе і таму былі зацікаўлены ў іх ліквідацыі.

Паколькі вайсковыя сілы Андрэя былі сканцэнтраваны ў Лукомлі, то Скіргайла перш за ўсё і накіраваўся туды, узяўшы гэты горад, ён вынішчыў яго гарнізон. Захапіўшы іншыя гарады, Скіргайла з Вітаўтам накіраваліся супроць Святаслава, войскі якога знаходзіліся ля Мсціслаўля. У выніку жорсткага бою на р. Віхры смаленцы пацярпелі паражэнне. У ліку шматлікіх ахвяр аказаўся і сам Святаслаў, а два яго сыны Юрый і Глеб трапілі ў палон. Першы з іх быў цяжка паранены, яго лячыў сам Скіргайла. (Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ён быў дасведчаны ў медыцыне.) Мела значэнне ў гэтым і тое, што Юрый быў жанаты на пляменніцы Скіргайлы, а гэта ў сваю чаргу паспрыяла і таму, што Юрый у хуткім часе атрымаў княжацкі пасад у Смаленску. А Глеб 13 верасня 1386 г. даў прысягу вернасці каралю Ягайлу і абавязаўся «с Ондреем и с Полочаны миру не держать и с ним не ссылатися». 3 гэтага бачна, што Андрэй яшчэ не быў пераможаны, што ён пасля паражэння ў Лукомлі ўмацаваўся ў Полацку, і таму Глеб абавязаўся не дапамагаць яму.

Супроць Андрэя і былі скіраваны сілы Скіргайлы ў пачатку 1387 г. I хоць супраціўленне палачан было моцным, іх горад быў узяты, а Андрэй захоплены ў палон. I тое, што ён зняволены быў у польскім Хенцінскім замку, зноў такі гаворыць, што ў барацьбе полацкага князя бачыла сабе пагрозу найперш Польшча. Але, як мы убачым далей, жыццёвая дзейнасць Андрэя Полацкага на гэтым не закончылася, тым больш што праз тры гады, г. зн. каля 1390 г., па хадайніцтве Вітаўта і другіх князёў ён быў вызвалены з палону.

Апроч таго, прыхільнасць да Андрэя палачан не страцілася. Ягайла ў сваім прывілеі ад 28 красавіка 1387 г. перадаў захоплены Полацк і яго зямлю Скіргайлу. Нам ужо вядома, як раней палачане варожа адносіліся да гэтага ненавіснага ім князя, таму і зараз яны не змірыліся з яго ўладарніцтвам, і ў наступны год пачаліся іх хваляванні. Гэта зноў абудзіла ў Ягайлы, які ў гэты час быў у Вільні, вялікае абурэнне, і ён неадкладна рушыў з войскам у Полацк, дзе жорстка расправіўся з удзельнікамі хваляванняў. Толькі ў выніку шматгадовай барацьбы Скіргайла нарэшце стаў валодаць Полацкам, але ненадоўга. Полацкія падзеі былі толькі пачаткам шырокага змагання супроць вынікаў Крэўскай уніі, якое пазбавіла Скіргайлу як улады ва ўсім BKЛ, так і ў Полацку.