ПА ШЛЯХУ ДАЛЕЙШАГА ЗАНЯПАДУ

ПА ШЛЯХУ ДАЛЕЙШАГА ЗАНЯПАДУ

Ужо тады, калі цяжар Паўночнай вайны пачаў паступова спадаць, і ў наступныя некалькі дзесяцігоддзяў пасля яе заканчэння бесперапынна ішоў працэс унутранага, а разам з ім і знешняга аслаблення Рэчы Паспалітай. I гэтаму перш за ўсё садзейнічалі ўзаемная барацьба паміж магутнымі магнацкімі родамі і палітыка рэлігійнай нецярпімасці.

У пачатку 1710 г. сабраўся так званы «вялікі сойм», паводле пастановы якога Аўгуст II зноў аб’яўляўся каралём Рэчы Паспалітай і была ўзноўлена яго дамова з рускім царом Пятром I аб іх вайсковым саюзе. Адначасова сойм забараніў у далейшым збіраць прыватныя ўзброеныя канфедэрацыі, улічваючы іх вялікую шкоднасць у аслабленні дзяржавы. Аднак апошняе не толькі не адышло, але яшчэ больш узмацнілася. Не могучы справіцца са сваімі ўнутранымі звадкамі, польскі ўрад вымушаны быў звярнуцца да Пятра I, каб ён дапамог ахоўваць унутраны парадак у краіне, на што ахвотна цар згадзіўся. Што і зразумела, бо гэта давала яму магчымасць павялічваць свой уплыў у Польшчы.

У 1717 г. адбыўся сойм, які ўвайшоў у гісторыю як «нямы», бо прадаўжаўся ўсяго 7 гадзін. Пацвердзіўшы пастановы сойма 1710 г., ён адначасова выказаў падзяку Пятру I за прысылку войска ў Польшчу і надзяліў яго правам быць пасрэднікам паміж каралём і яго падданымі ў час іх нязгоды. Усё гэта засведчыла выключную слабасць улады Рэчы Паспалітай, якая не магла адолець свае ўнутраныя супярэчнасці і таму фактычна добраахвотна аддала сябе пад уладу суседняй дзяржавы.

Праўда, польскія вярхі скора зразумелі, наколькі яны звязаны пастановай «нямога сойма», і таму рашылі кампенсаваць сваю немагчымасць змагацца са знешнімі «маскалямі», пад якімі лічылі Расію, сваёй барацьбой з унутранымі «маскалямі», пад якімі яны разумелі сваіх праваслаўных жыхароў. Менавіта супроць іх і накіроўваўся так званы «Праект 1718 г.», які быў абвешчаны на сойме віленскім канонікам Жаброўскім. Гэты дакумент не што іншае, як праграма канчатковага выкаранення праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Гэта і выцясненне з праваслаўя ўсіх знакамітых людзей, якія расселены па Беларусі, Украіне і Літве, гэта і пазбаўленне праваслаўных важных службовых месцаў, якія б былі для іх гонарам, гэта і абавязак для кожнага паляка-католіка на ўсялякіх зборах паказваць сваю перавагу над праваслаўнымі і ўсяляк кпіць з іх, гэта і адхіленне праваслаўных — як знакамітым, так і простых — ад адукацыі і г. д., што штурхала да стварэння атмасферы нянавісці да праваслаўя і тым самым да яго знікнення ў дзяржаве. Пэўна ж, дэпутаты сойма ўхвалілі гэты праект, бо, як паказвае наказ полацкага ваяводскага сейміка сваім паслам на гэты сойм, яны абавязаны былі садзейнічаць узмацненню барацьбы супроць праваслаўя.

Аднак ганенне на праваслаўных не доўга працягвалася, бо, як заўсёды, яны знаходзілі абарону з боку Масквы, куды пасылаліся скаргі аб здзеках над імі. Пётр I ва ўльтыматыўнай форме звярнуўся да польскага ўрада аб спыненні гвалту над праваслаўнымі, што і прымусіла Аўгуста II выдаць адпаведны дэкрэт, якім катэгарычна забаранялася адбіраць ад праваслаўных цэрквы і манастыры і іх маёнткі, а таксама чыніць праваслаўным розныя здзекі.

Асекшыся на ганенні праваслаўных, польскі ўрад і каталіцкая царква рашылі заняцца уніяцкай царквой, што было больш бяспечна, паколькі за яе не мог заступіцца Пётр I, які, як ужо нам вядома, таксама быў самым заклятым яе праціўнікам. Але чым не задавальняла уніяцкая царква польска-каталіцкія колы, якія ў свой час стварылі яе? Рэч у тым, што яна па іх задуме павінна была стаць пераходным этапам ад праваслаўнай веры да каталіцкай, і таму ўсё рабілася, каб чым найболей загнаць у яе вернікаў. Але яны ў гэтым перастараліся. Зрабіўшыся самай шматлікай па колькасці прыходаў і вернікаў, уніяцкая царква стала самастойнай. Хоць прайшло ўжо звыш ста гадоў пасля яе стварэння, ніхто з яе вернікаў не перайшоў і не жадаў пераходзіць у каталіцкую веру, і таму зразумела, што для польска-каталіцкіх колаў яна стала такой жа перашкодай, як і праваслаўная царква. Вось чаму яны, адчуўшы сваю няўдачу ў барацьбе з праваслаўем, тэрмінова ўзяліся за уніяцтва. Дзеля гэтага ў 1720 г. у г. Замосце (у Люблінскім ваяводстве) быў скліканы уніяцкі сабор. Старшынёй яго з’яўляўся папскі нунцый. Цікава, што сярод уніяцкіх епіскапаў, якія прысутнічалі на саборы, быў і смаленскі уніяцкі епіскап, хаця, як вядома, Смаленск у гэты час ужо не быў у складзе Рэчы Паспалітай.

Аднак за час знаходжання Смаленшчыны ў складзе BKЛ у ёй, як і ва ўсёй Беларусі, значна пашыралася уніяцтва, што нават у складзе Расіі яно трымала шчыльную сувязь з усёй уніяцкай царквой, пра што яскрава і сведчыць прысутнасць смаленскага епіскапа на гэтым саборы.

Зразумела, што такую масавую веру, якой была уніяцкая, ліквідаваць за кароткі час было немагчыма. Гэтаму найперш перашкодзіла б і шматлікае уніяцкае духавенства. I таму галоўнай задачай ініцыятараў склікання гэтага сінода і было: не ліквідуючы уніяцкай царквы, прыдаць ёй найбольшае падабенства да каталіцкай царквы. Гэтаму і садзейнічалі прынятыя саборам новыя дагматы і абрады уніяцкай царквы. 3 іх галоўнымі былі: прызнаваць непагрэшнасць рымскага папы і маліцца за яго здароўе, верыць у наяўнасць не толькі пекла і раю, але і чысцілішча, адзначаць пакутніцкую смерць Іасафата Кунцэвіча, пасвячаць у святары толькі бязжэнных асобаў, апранацца уніяцкім святарам гэтак жа, як і каталіцкія ксяндзы і інш. Былі таксама ўнесены змены ва ўнутраным выглядзе уніяцкіх храмаў накшталт каталіцкіх касцёлаў.

Пацярпеўшы няўдачу ў пачатку 20-х гадоў XVIII ст. у ганенні праваслаўя дзякуючы заступніцтву за яго Пятра I, польска-каталіцкія колы пасля заканчэння Паўночнай вайны і асабліва пасля смерці Пятра I зноў пачалі гэту перарваную справу. Тым больш што ў гэты час для іх склаліся спрыяльныя абставіны. Рэч у тым, што зараз на расійскім пасадзе пры імператрыцы Анне Іванаўне вялікі ўплыў атрымаў немец Бірон, які дружалюбна адносіўся да Польшчы і таму не мог, як Пётр I, перашкодзіць яе вярхам праводзіць дыскрымінацыйную палітыку супроць праваслаўя. У гэтых адносінах асабліва вызначыўся сойм, які быў скліканы ў 1732 г. у Варшаве. Дарэчы ён, як і папярэднія, не абыходзіўся без сварак і боек паміж дэпутатамі. I спрэчкі на гэтым сойме найперш узніклі паміж дэпутатамі BKЛ і Польшчы, паколькі сойм быў скліканы ў Варшаве, а не ў Гародні, дзе яму трэба было адбыцца па чарговасці. Дык вось гэтым соймам і была ўтворана так званая «Генеральная канфедэрацыя», абавязкам якой з’яўляўся перагляд усіх прывілеяў, якія мела праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай. Паводле яе рэкамендацый было забаронена выбіраць праваслаўных у соймы і розныя трыбуналы, склікаць якія-небудзь з’езды і сходы, прымаць праваслаўных на працу ў ваяводствах, гарадах і замках. Апроч таго, і што самае агіднае, праваслаўным святарам нельга было праводзіць хрэсьбіны, шлюбы і пахаванні без дазволу ксяндзоў і без унясення ўстаноўленай імі аплаты. Дайшло да таго, што пахаванні адбываліся толькі ноччу. Пашырэнню каталіцтва садзейнічала і патрабаванне, каб дзеці ў выніку змешаных шлюбаў запісваліся католікамі. Усё гэта яшчэ раз засведчыла, што каталіцызм быў галоўнай дарогай польскай экспансіі на Беларусі, паколькі пашырэнне яго тут цягнула за сабою ўсё шырэйшую паланізацыю.

Гэты працэс не спыніўся і пры наступным каралі Аўгусце III, які ўступіў на каралеўскі пасад пасля смерці свайго бацькі Аўгуста II ў 1733 г. Паколькі уніяцкая царква ў выніку Замосцкага сабору была ў вялікай меры акаталічана, то зараз зноў набыў масавы характар перавод праваслаўных манастыроў і цэркваў ва уніяцкія. Толькі з 1732 па 1743 г. па Беларускай і Тураўскай епархіях такому пераводу падвергліся 128 манастыроў і цэркваў. Прычым усё гэта суправаджалася гвалтамі над насельніцтвам, забойствамі тых, хто супраціўляўся гэтаму.

Такое наступленне на праваслаўе не магло не выклікаць супраціўлення з боку паасобных дзеячаў царквы. Адным з іх і быў Г. Каніскі, дзейнасць якога была звязана з Беларуссю, калі ён узначаліў у 1755 г. Беларускую епархію (яе цэнтр быў у Магілёве). Ен арганізаваў у Магілёве духоўную семінарыю, чым значна павысіў адукацыю праваслаўнага духавенства, якое вельмі адстала ў гэтых адносінах. Г. Каніскі арганізаваў архіў царкоўных дакументаў, што дало магчымасць выратаваць шэраг манастыроў і цэркваў ад перадачы іх уніятам, паколькі гэта часта рабілася пад выглядам адсутнасці дакументаў на валоданне землямі пад гэтымі манастырамі і цэрквамі. Але як раней праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай, так і Г. Каніскі ў справе абароны яе найперш арыентаваўся на дапамогу Расіі, і таму заўсёды паведамляў у Пецярбург аб усіх ганеннях на праваслаўе з боку каталіцтва і уніяцтва і прасіў аб заступніцтве, у чым яму не адмаўлялі, што толькі ратавала праваслаўе ад канчатковай пагібелі ў Рэчы Паспалітай.

Важнай і, магчыма, выключнай асаблівасцю часу караля Аўгуста III было тое, што з 1736 па 1763 г. Рэч Паспалітая абышлася без войнаў. Здавалася б, што ўсё гэта будзе выкарыстана для ўнутранага ўмацавання дзяржавы, чаго не толькі не атрымалася, але ў гэтым кірунку яшчэ больш пагоршылася. Перастаўшы быць полем бітваў, Рэч Пспалітая стала прахадным дваром для чужаземных армій. Асабліва ў гэтых адносінах цярпела Беларусь. Менавіта перш за ўсё праз яе тэрыторыю рухаліся расійскія войскі, якія ішлі на вайну з іншымі дзяржавамі.

Па-ранейшаму вялікім злом для Рэчы Паспалітай была барацьба паміж магнацкімі родамі за сваё першынство ў дзяржаве. I нездарма ж у беларусаў з’явілася з выпадку гэтага прыказка: «У Польшчы кожны большы». Сапраўды, кожная магнацкая група, паказваючы сваю сілу, імкнулася аслабіць сваіх канкурэнтаў і таму, сабраўшы з падуладнай ёй шляхты і чэлядзі войска, рабіла на іх так званыя «наезды», г. зн. рабаўніцкія напады. Як дзяржаўны сойм, так і павятовыя соймікі суправаджаліся вялікімі спрэчкамі, якія вельмі часта пераходзілі ў бойкі са смяротным зыходам, як гэта было ў Менску, Лідзе і іншых гарадах, дзе па загаду К. Радзівіла былі забіты некалькі няўгодных яму дэпутатаў. Магнаты нават не грэбавалі арганізоўваць казацка-сялянскія атрады, якіх накіроўвалі на разгром маёнткаў сваіх сапернікаў.

Але не абышлося і без самастойных сялянскіх антыфеадальных выступленняў. Асабліва вызначалася па сваім размаху Крычаўскае паўстанне 1743–1744 гг. ва ўладаннях Радзівілаў. У той час многія феадалы з мэтай больш хуткага атрымання так патрэбных ім грошай на раскошнае жыццё і арганізацыю наездаў, здавалі свае маёнткі ў арэнду багатым яўрэям. Тыя, у сваю чаргу, каб пабольшыць свае прыбыткі, узмацнялі эксплуатацыю сялян, абкладалі іх рознымі паборамі, што выклікала вялікую незадаволенасць, якая і штурхала на масавыя выступленні. Менавіта гэта і адбылося ў Крычаўскім старостве. Паўстанне ўзначаліў селянін Васіль Вашчыла, які ўжо раней вызначаўся як арганізатар сялянскіх выступленняў. У канцы 1743 г. паасобныя сялянскія хваляванні перараслі ў масавае ўзброенае паўстанне з дзвюма тысячамі ўдзельнікаў. Яно было накіравана супроць феадалаў, арандатараў, купцоў, ліхвяроў. Захопліваліся маёнткі і дзялілася іх маёмасць, знішчаліся судовыя і даўгавыя кнігі, у якіх былі зарэгістраваны бязлітасныя прысуды і невыносныя падаткі. Аднак з прычыны стыхійнага характару і слабай узброенасці паўстанне пацярпела паразу. У лютым 1744 г. войска, пасланае Радзівілам, разграміла яго спачатку каля Крычава, а пасля каля в. Царкавішча. Многія яго ўдзельнікі былі пакараны смерцю. Вашчыла, трапіўшы ў турму, захварэў і скора памёр. Усё ж паўстанне, нягледзячы на паразу, мела і пэўныя станоўчыя вынікі. Радзівіл вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі, у тым ліку не даваць свае маёнткі ў арэнду.

Для Рэчы Паспалітай з гэтага часу характэрна было і ўсё большае аслабленне каралеўскай улады, якая фактычна была намінальнай. У гэтых адносінах асабліва паказальны кароль Аўгуст III. Пазбаўлены магчымасці што-небудзь рабіць у кіраванні дзяржавай, ён аказаўся ў стане беспрацоўнага і таму ўвесь час жыў у Дрэздэне, прыязджаючы ў Польшчу толькі на паляванне і на соймы. Там жа ён і памёр у 1763 г., дзе і пахаваны. Абраннем новага караля Станіслава Панятоўскага ў 1764 г. і адкрыўся час канчатковага распаду Рэчы Паспалітай і яе расцягвання суседзямі.