КАРОЛЬ I ВЯЛІКІ КНЯЗЬ НОВЫ, ПРАБЛЕМЫ РАНЕЙШЫЯ

КАРОЛЬ I ВЯЛІКІ КНЯЗЬ НОВЫ, ПРАБЛЕМЫ РАНЕЙШЫЯ

Знаходзячыся ў Лідзе і будучы цяжка хворым. Аляксандр напісаў завяшчанне, паводле якога абвяшчаў сваім спадкаемцам на каралеўскім і велікакняжацкім пасадзе малодшага свайго брата Жыгімонта, які ўвайшоў у гісторыю як Жыгімонт I Стары. Як вядома, паводле уніі паміж Польшчай і ВКЛ вялікі князь і кароль павінен быў выбірацца са згоды двух бакоў. Аднак Жыгімонт вялікім князем быў абвешчаны толькі са згоды вярхоў ВКЛ, што ў які ўжо раз пацвярджала іх адмоўнае стаўленне да аб’яднання з Польшчай. Вось чаму польскія вярхі ў спешным парадку абвясцілі Жыгімонта і польскім каралём. Важна адзначыць, што Васіль III, які стаў вялікім маскоўскім князем пасля смерці Івана III, імкнуўся выкарыстаць смерць бяздзетнага Аляксандра для аб’яднання ўсяго BKЛ з Маскоўскай дзяржавай пад сваёй уладай. Праз сваю сястру Алену Іванаўну, якая пасля смерці Аляксандра стала ўдавой, ён звярнуўся да вышэйшых асоб дзяржавы, каб яны пажадалі абраць яго сваім гаспадаром, абяцаў, што будзе захоўваць усе іх звычаі, у прыватнасці рымскую веру. Аднак гэта прапанова, відаць, прыйшла запознена, калі ўжо вялікім князем і каралём быў абвешчаны Жыгімонт, пра што і адказала свайму брату Алена Іванаўна.

У сваю чаргу Жыгімонт I, абапіраючыся на саюз з крымскім ханам Менглі-Гірэем, які ў гэты час па просьбе казанскага хана ўступіў у варожыя адносіны з Масквой, а таксама на абяцанне Лівонскага Ордэна падтрымаць яго, накіраваў у сакавіку 1508 г. сваіх паслоў да Васіля III з патрабаваннем, каб ён вярнуў ВКЛ гарады, воласці і воды, забраныя Іванам III, бо ў праціўным выпадку яму пагражае вайна. Аднак Васіль III, як і яго бацька ў свой час, рашуча адмовіўся ад прад’яўленых яму патрабаванняў і ў дадатак сказаў Жыгімонту, каб ён не няволіў яго сястру Алену ў рымскую веру. Такая рашучасць Васіля III тлумачыцца тым, што ў гэты час ён памірыўся з Казанню і не чакаў больш адтуль пагрозы для сябе. I таму ён, не марудзячы, ужо 29 сакавіка 1508 г. пачаў вайну з ВКЛ, тым больш, што ў ВКЛ зноў узніклі смуты, звязаныя з Міхаілам Глінскім. Хоць да яго прыязна аднёсся і Жыгімонт I, аднак ён не карыстаўся ўжо тым даверам, як было пры Аляксандры. Гэта выкарысталі шматлікія ворагі Глінскага, каб выклікаць варожасць да яго і яго роду з боку Жыгімонта, што ім і ўдалося. Убачыўшы непрыязнасць караля да сябе і свайго брата Івана, Глінскі адправіўся ў свой маёнтак і адтуль увайшоў у зносіны з Васілём III, ад якога ён і атрымаў абяцанне дапамогі супроць сваіх ворагаў. У цягу гэтых зносін Глінскі даводзіў Васілю III, што зараз склаліся вельмі спрыяльныя абставіны для яго, што княства не гатова да вайны, бо ў яго няма належнага войска, на што маскоўскі князь абяцаў неадкладна паслаць сваё войска на Літву і папрасіў, каб Глінскі падрыхтаваўся да гэтага. Як бачым, нягледзячы на многія свае выдатныя якасці, на вялікі розум, талент дзяржаўнага і вайсковага дзеяча, Глінскі валодаў такой адмоўнай рысай, як бязмежныя асабістыя амбіцыі, якія, на жаль, былі дамінуючымі ў яго, што і дало яму магчымасць пайсці на непрывабны шлях праціўніка радзімы.

Памятаючы просьбу Васіля III, ён, сабраўшы войска з 700 вершнікаў, жорстка расправіўся са сваім галоўным праціўнікам Забярэзінскім і іншымі непрыязнымі яму асобамі. Пачатае Васілём III наступленне не мела поспеху, паколькі супроць яго выступіла войска Жыгімонта I, якое, захапіўшы некалькі мястэчак, таксама было вымушана вярнуцца назад ад недахопу харчавання і з-за вялікай спёкі.

Але вайсковыя дзеянні спыніліся ненадоўга. Вясною 1508 г. яны зноў разгарэліся, і іх распачаў Глінскі. Ён падняў у 1508 г. мяцеж, у ходзе якога са сваім войскам уварваўся ў Слуцкую і Капыльскую воласці, а таксама авалодаў Туравам і Мазыром, тым самым набліжаючы наступленне маскоўскіх войскаў, бо Васіль III паведаміў, што паслаў яму сваю дапамогу. Глінскаму асабліва хацелася авалодаць Слуцкам, але маскоўскі ваявода, князь Васіль Шамячыч, які пайшоў яму на дапамогу, пажадаў, каб іх войскі прасунуліся далей на поўнач, адкуль павінна было прыйсці яшчэ адно маскоўскае войска, і яны адышлі пад Менск. Аднак праз два тыдні, не дачакаўшыся абяцанай дапамогі, рушылі пад Барысаў, адкуль Глінскі звярнуўся да Васіля III з просьбай неадкладна прыйсці яму і Шамячычу на дапамогу. У сваю чаргу той адказаў, што дапамога паслана і для хутчэйшага аб’яднання з гэтымі войскамі ім трэба ісці да Оршы, што Глінскі і Шамячыч і зрабілі, авалодаўшы па дарозе Друцкам. Каля Оршы і адбылося злучэнне войска ваяводы Шчэні, што ішло з наўгародцамі, і войска Глінскага і Шамячыча. Аднак аблога Оршы не ўдалася, і горад не быў узяты. У дадатак да гэтага прыйшла вестка, што сюды з войскам ідзе Жыгімонт I, і аб’яднаныя сілы Масквы і Глінскага рашылі адступіць за левы бераг Дняпра і пайшлі да Дуброўна, пад якім са сваім войскам знаходзіўся маскоўскі ваявода Якаў Захар’ін. Па адных звестках адзначаецца, што Жыгімонт I не адважыўся пераходзіць Дняпро, па другіх, што яго атрады адагналі маскоўцаў ад берага, але ноч развяла варожыя войскі. Хоць Глінскі ўпрошваў маскоўскіх ваявод даць бой войскам Жыгімонта I, аднак яны не згадзіліся і адступілі. I гэта зразумела. Глінскаму найперш патрэбна было паражэнне Жыгімонта I, што адмоўна адбілася б на яго становішчы і дало б магчымасць больш паспяхова змагацца з ім і ўзмацніць сваё становішча ў BKЛ. Але маскоўскіх ваявод менш за ўсё цікавілі амбіцыйныя інтарэсы Глінскага, для іх найперш важна было выкарыстаць яго варожасць да Жыгімонта I у сваіх інтарэсах. А яны заключаліся ў тым, каб маскоўскае войска замацавалася на ўсходніх рубяжах ВКЛ і ўвесь час пасля трымала іх пад сваёй пагрозай. Вось чаму маскоўскія ваяводы без увагі пакінулі настойлівую просьбу Глінскага і адышлі на ўсход.

Але Жыгімонт не адважыўся гнацца за маскоўскім войскам і пайшоў у Смаленск. Праўда, адсюль ён меў намер пачаць наступленне свайго войска, кіраванне якім было дадзена К. Астрожскаму, які незадоўга перад гэтым уцёк з маскоўскага палону. І хоць яму ўпачатку ўдалося захапіць Тарапец і Дарагабуж, аднак у хуткім часе яны былі пакінуты. Жыгімонт I не мог не бачыць імкнення Масквы ў любы падыходзячы час напасці на BKЛ, што прымушала на ўсходняй мяжы трымаць вялікае войска, сродкаў для гэтага ў дзяржаве не хапала, і таму ён рашыў пайсці на мірныя перамовы з Масквой. Падштурхоўвала яго і тое, што Глінскі, які пасля выхаду маскоўскіх войскаў за межы BKЛ, якія фактычна нічым не дапамаглі яму ў барацьбе з Жыгімонтам I, вымушаны быў з’ехаць у Маскву, дзе быў прыхільна сустрэты Васілём III, які яго за прысягу верна служыць маскоўскаму князю надзяляў розным багаццем і гарадамі Малаяраслаўцам і Мядынню. Апроч таго, яму былі паабяцаны палкі, з якімі ён будзе абараняць свае ўладанні ў BKЛ.

Вось гэта асабліва насцярожыла Жыгімонта I, для якога важна было не дапусціць гэтага шляхам заключэння міру. I ён быў падпісаны 19 верасня 1508 г. на ўмовах вечнага. Вось чаму ў яго ўмовах прадугледжвалася з мэтай пазбаўлення ад Глінскіх уключэнне іх уладанняў ва ўласнасць BKЛ. Але дзеля гэтага Жыгімонт I павінен быў згадзіцца перадаць у вечнае валоданне Масквы гарады, якія былі заваяваныя Іванам III пры каралі Аляксандры і якія лічыліся толькі часова адабранымі. Так назаўсёды была адабрана ад BKЛ вялікая частка яго тэрыторыі. Аднак на гэтым такія страты не закончыліся. Вечны мір, як можна было чакаць, аказаўся недаўгавечным.