АПОШНЯЯ ТРЭЦЬ XVII СТАГОДДЗЯ

АПОШНЯЯ ТРЭЦЬ XVII СТАГОДДЗЯ

Гэты час для Беларусі быў адносна спакойным. Хоць войны, як убачым, тады і вяліся, аднак яны ў цэлым не закраналі яе тэрыторыю, як было перад гэтым. Але вынікі руска-польскай вайны 1654–1667 гг. былі настолькі катастрафічнымі, што пераадоленне іх асабліва абцяжарыла жыццё народа ў гэты перыяд. У адным дакуменце Сойма так характарызаваўся стан паасобных рэгіёнаў Беларусі пасля вайны. Адны з іх паказаныя як «ператвораныя ў руіны і пераважна спаленыя», другія як «ушчэнт разбураныя», трэція як «амаль датла спаленыя», чацвёртыя як «у многіх месцах пагарэлыя», пятыя як «дашчэнту спаленыя», шостыя як «у большай частцы ператвораныя ў папялішчы» і т. п.. Да таго ж, і гэта самы страшны вынік вайны, Беларусь страціла больш паловы свайго насельніцтва. Калі ў 1650 г. у ёй было 2,9 мільёна жыхароў, то ў 1673 г. у ёй засталося не больш 1,4 млн. I за трэць стагоддзя, да 1700 г. узровень насельніцтва дасягнуў толькі 2,2 млн. жыхароў. Гэта лічба вельмі добра паказвае, наколькі пакутлівым быў працэс аднаўлення разбуранага і вынішчанага вайной. Многія паселішчы так і засталіся маланаселенымі, што ў сваю чаргу адмоўна адбілася на развіцці сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю.

У хуткім часе пасля заключэння Андрусаўскага перамір’я адбылася змена на каралеўскім пасадзе Рэчы Паспалітай. У 1669 г. Ян Казімір, які быў каралём з 1648 г., добраахвотна адрокся ад свайго пасада. Такі вельмі рэдкі факт у біяграфіях уладных асоб быў выкліканы здароўем Яна Казіміра. I яно сапраўды шмат цярпела ад жорсткіх патрабаванняў часу яго каралявання, на які цалкам прыпадае барацьба з ім Б. Хмяльніцкага і вайна з Масквой і Швецыяй. Яну Казіміру нельга адмовіць у рэалістычным бачанні ім непрыгляднага ўнутранага становішча сваёй дзяржавы, абумоўленага перш за ўсё магнацкім свавольствам. Менавіта ў яго час увайшоў звычай аднагалосся на соймах, калі які-небудзь яго дэпутат адхіляў пастанову вокрыкам «не пазволям». Аб глыбокім прадбачанні Яна Казіміра канчатковага лёсу Рэчы Паспалітай добра сведчыць яго развітальная прамова на сойме, у якой ён прадказаў соймавым дэпутатам аб непазбежным падзеле ў будучым іх дзяржавы паміж Масквой, Прусіяй і Аўстрыяй, што ў далейшым дакладна і адбылося праз стагоддзе з лішкам. Адрокшыся ад пасада, Ян Казімір выехаў у Францыю, дзе і жыў у манастыры і дзе ў канцы 1672 г. памёр. Цела яго як караля было прывезена ў Польшчу і пахавана ў Кракаве.

Адразу пасля адрачэння Яна Казіміра адбыліся выбары новага караля. Як і раней, у такіх выпадках выстаўляўся і прадстаўнік маскоўскага царскага роду, гэтым разам сын Аляксея Міхайлавіча — Фёдар. Але, як і ў папярэднія разы, ён таксама не прайшоў. На каралеўскі пасад нечакана для яго і ў адсутнасць яго быў абраны Міхал Карыбут Вішнявецкі. Аднак яго караляванне было зусім непрацяглым ды і прыпадала зноў такі на цяжкі час. Як і перад гэтым, на сойме панаваў хаос у выніку ўзаемных прэтэнзій дэпутатаў. Супроць караля нават рыхтавалася змова яго шляхецкімі праціўнікамі. Але асабліва цяжкім ударам для Рэчы Паспалітай была вайна з Турцыяй, якая адбылася ў 1672 г. і якую справакаваў казацкі гетман Дарашэнка. У выніку яе Турцыя захапіла Правабярэжную Украіну. Такая страта для дзяржавы была невыноснай, і таму Рэч Паспалітая ў 1673 г. пачала вайну з туркамі. Ёю кіраваў каронны гетман Ян Сабескі, і яна была паспяховай. У ёй асабіста прыняў удзел і кароль, аднак у паходзе цяжка захварэў і ў лістападзе 1673 г. у 35-гадовым узросце памёр.

Ужо тое, што ў ліку прэтэндэнтаў на такі хутка апусцелы каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай было звыш дзесяці чалавек, сведчыць, наколькі прывабнай была гэта высокая пасада. У ліку іх зноў быў сын Аляксея Міхайлавіча Фёдар. Яго кандыдатуру падалі прадстаўнікі BKЛ, сярод якіх быў вялікі гетман Міхал Казімір Пац, што на першы погляд некалькі можа здзіўляць, бо ўся баявая вайсковая дзейнасць яго была звязана з барацьбой супроць Масквы. Але менавіта ў гэтым кірунку ішло імкненне выбраць на каралеўскі пасад Фёдара Аляксеевіча, паколькі перад ім у выпадку яго абрання, апроч іншага (прыняцця каталіцтва, жаніцьба з удавой Міхала Вішнявецкага), ставілася і ўмова вярнуць BKЛ усё раней заваяванае ў яго маскоўскімі царамі. Вядома ж, гэта апошняе было асабліва непрымальным для Фёдара, і таму ён не даў згоды на яго абранне. I каралём Рэчы Паспалітай 8 мая 1674 г. быў абраны Ян Сабескі, які ўжо ў вайне з Турцыяй паказаў сябе як выдатны вайсковы дзеяч.

Стаўшы каралём, ён і ў далейшым удзяляў вялікую ўвагу барацьбе з Турцыяй. Ачысціўшы ад яе войскаў Правабярэжную Украіну і атрымаўшы бліскучую перамогу над ёй пад Венай, 12 верасня 1686 г. быў заключаны «вечны мір», які фактычна пацвярджаў умовы Андрусаўскага перамір’я і такім чынам канчаткова замацоўваў за Масквой Левабярэжную Украіну з Кіевам і Смаленшчыну. Аднак вайсковая падтрымка Я. Сабескаму з боку іншых дзяржаў была недастатковай, каб ажыццявіць сваю мэту. Хаця вайна з Турцыяй у 1699 г. і закончылася перамогай над ёй, аднак выціснуць з Еўропы Турцыю не ўдалося.

Усё больш станавілася відавочнай няроўнасць BKЛ у саюзе з Польшчай. Здавалася б, што агульныя соймы Рэчы Паспалітай павінны былі адбывацца пачаргова ў Польшчы i BKЛ. Аднак у 1673 г. была прынята пастанова, паводле якой у BKЛ (у Гародні) праводзіўся толькі кожны трэці сойм.

Беларусь заўсёды была месцам, дзе праходзілі і скрыжоўваліся міждзяржаўныя шляхі. Вось адразу пасля заканчэння вайны ў 1667 г. паміж Вільняй і Масквой быў пракладзены дзяржаўны паштовы маршрут, які праходзіў па тэрыторыі Беларусі, што было для яе важным, прагрэсіўным набыццём.

Урад Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. прымаў далейшыя меры па ўмацаванні царкоўнай уніі, па прыцягненні ў яе праваслаўных. Яшчэ пры Яну Казіміру была прынята пастанова, паводле якой праваслаўныя святары, якія прынялі унію, вызваляліся ад вайсковых павіннасцяў (пастояў, выдачы правіянту, падводаў і т. п.), што, вядома, не магло не заахвочваць да пераходу ў унію. Ян Казімір таксама патрабаваў, каб на магістрацкія пасады ў гарадах выбіраліся толькі католікі і уніяты. У час Яна Сабескага гэта палітыка была прадоўжана, што і зразумела. Прыгадаем, што на Віленскіх перамовах 1656 г. маскоўскія паслы настойвалі на ліквідацыі царкоўнай уніі, каб гэтым самым і надалей пад выглядам абароны праваслаўных ажыццяўляць свой наступ на Рэч Паспалітую. Вядома ж, урад апошняй таксама гэта добра бачыў і таму прымаў меры на аслабленне праваслаўя і тым самым на пашырэнне уніі. Так, праваслаўным брацтвам было забаронена зносіцца з усходнімі патрыярхамі па справах веры, што пазбаўляла іх маральнай падтрымкі, якую яны мелі раней адтуль. А ў 1677 г. праваслаўным наогул было забаронена выязджаць за мяжу, парушэнне чаго ім пагражала смяротнай карай і канфіскацыяй маёмасці. Універсалам Віцебскага ваяводы Храпавіцкага ў 1672 г. забаранялася праваслаўным вернікам наведваць свае набажэнствы. Адлучэннем ад уніяцкай царквы і пазбаўленнем духоўных і грамадзянскіх правоў караліся тыя, хто з уніяцтва вяргаўся ў праваслаўе, як гэта было ў адносінах да святара Хадыкі. Зразумела, што праваслаўныя не заўсёды мірыліся з наступленнем уніяцтва, пра што сведчыць выступленне ў 1681 г. праваслаўных жыхароў Полацка супроць уніяцкага мітрапаліта Жахоўскага, які вызначаўся асаблівай настойлівасцю ў пашырэнні уніі. Аднак усе гэтыя гвалтоўныя меры па ўцягненні ў унію насельніцтва толькі ўмацоўвалі уніяцкую царкву і рабілі яе больш самастойнай. Як вядома, царкоўная унія была задумана як пераходны этап да пераходу ў каталіцтва. Але ў яго з уніяцтва ніхто не пераходзіў. Толькі ўжо пасля захопу Беларусі ў склад Расійскай імперыі, калі ў 1839 г. царом была ліквідавана унія, многія яе вернікі, не жадаючы пераходзіць у праваслаўе, пераходзілі ў каталіцтва.

У дзяржаўным жыцці Рэчы Паспалітай вялікую ролю адыгрывала царква, якая была адной з магутнейшых апор дзяржавы. Вось чаму ў ёй усялякае адступленне ад рэлігіі, ад веры ў Бога каралася як найцяжэйшае злачынства. Вось чаму ў 1689 г. сойм прысудзіў да пакарання смерцю берасцейскага падсудка Казіміра Лышчынскага, абвінавачанага ў атэізме.

Не абышлося на Беларусі і без «палявання на ведзьмаў». Так, у 1677 г. узводзілася судовая справа ў адносінах дзісненскай мяшчанкі Кумцэвічавай, якая абвінавачвалася ў чарадзействе.

Раней ужо гаварылася аб шырокім бытаванні «беларускага пісьма» ў ВКЛ яшчэ ў 2-й палове XVII ст. На ім па даўняй традыцыі пісаліся дзяржаўныя дакументы, ім карысталіся ў перапісцы, нават маскоўскі ўрад патрабаваў ад урада Рэчы Паспалітай, каб ён прысылаў паперы не на польскай мове, а выкананыя «беларускім пісьмом». Усё гэта вельмі непакоіла польскія вярхі, дзеля якіх такое шырокае ўжыванне «беларускага пісьма» было галоўнай перашкодай у паланізацыі насельніцтва ВКЛ. I таму з іх боку сталі прадпрымацца ўсе захады, каб абмежаваць ужыванне беларускай мовы. Асабліва гэта справа набыла моц пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 г., па якому амаль уся Беларусь засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, што па-ранейшаму жывіла беларускасць у дзяржаве.

Адным з важнейшых сродкаў заглушэння адной мовы другой з’яўляецца асвета. Вось чаму так паскорана адчыняліся ў беларускіх гарадах езуіцкія калегіумы, у якіх выкладанне вялося па-польску і па-латыні. I гэтым самым навучэнцы іх забывалі родную мову, якую іх вучылі не паважаць, як простую і грубую. Так з году ў год папаўняліся і пашыраліся шэрагі тых, хто ганьбіў нашу мову, адначасова ўкараняючы ў нас польскую.

Аднак не менш важнай умовай жыццяздольнасці мовы з’яўляецца яе функцыянаванне як дзяржаўнай. Менавіта беларуская мова, з’яўляючыся дзяржаўнай мовай BKЛ, і надавала яму побач з іншым характар беларускай дзяржавы. Таму з боку Польшчы і былі прадпрыняты рашучыя крокі для выключэння беларускай мовы з дзяржаўнага ўжытку. Вядома ж, у сваім гэтым імкненні яны абапіраліся на значныя вынікі пашырэння польскай мовы сярод магнатаў і шляхты BKЛ. Ім гэта мова была добра знаёмай, яны ёю валодалі, і таму прыняцце яе як дзяржаўнай не з’яўлялася для іх праблемай. I хаця III Статут BKЛ, прыняты ў 1588 г., і гарантаваў толькі беларускай мове значэнне дзяржаўнай, якой толькі і павінен пісар пісаць, 29 жніўня 1696 г. усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай (так называўся сойм, на якім прысутнічалі кароль, сенат і палата прадстаўнікоў) скасавала гэта патрабаванне, запісаўшы, што ў ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Дзень прыняцця гэтай пастановы з’яўляецца адной з чорных датаў у гісторыі Беларусі, з гэтага часу фактычна і пачалася ўсеагульная паланізацыя BKЛ, бо ўся дакументацыя дзяржаўных і прававых устаноў пачала весціся на польскай мове, і таму кожны, хто звяртаўся туды, павінен быў ведаць польскую мову. Так, выдаленая з дзяржаўнага ўжытку, беларуская мова стала траціць сваё ранейшае ўсеагульнае значэнне і ўжыванне. Гэтым самым быў нанесены і знішчальны ўдар па беларускаму друку і пісьменству. I тым не менш усё гэта не змагло вынішчыць беларускую мову. Яе толькі адракліся магнаты і больш заможная шляхта. А ў асяроддзі сялянства і гарадскіх нізоў яна прадаўжала жыць. Амаль поўны заняпад беларускага друку і пісьменства кампенсаваўся інтэнсіўным развіццём вуснай народнай творчасці, якая ў гэты час убірала ў сябе высокі інтэлектуальны і мастацкі патэнцыял беларускага народа. Гэтым і тлумачыцца, чаму беларускі фальклор па свайму зместу, жанрах і сюжэтах — адзін з самых багацейшых у свеце.

Для BKЛ было характэрна існаванне шэрагу найбагацейшых, а таму і магутных магнацкіх родаў. I кожны з іх імкнуўся атрымаць найбольшы ўплыў у жыцці дзяржавы. А гэта ў сваю чаргу параджала паміж імі саперніцтва, якое выклікала жорсткую барацьбу, што часамі перарастала ў грамадзянскую вайну. Часцей за ўсё гэта здаралася ў час бескаралеўя. Так адбылося і пасля смерці Я. Сабескага ў 1696 г. Гетман BKЛ Казімір Сапега, абапіраючыся на вайсковую сілу, дамогся ад сената паставіць свайго сына Юрыя жамойцкім маршалкам. Гэта і выклікала незадаволенасць з боку магнатаў Агінскіх, якія расцанілі такое з боку Сапегаў як спробу захапіць усю ўладу ў BKЛ. Супроць Сапегаў і распачалася барацьба, якую ўзначаліў Станіслаў Агінскі. Абапіраючыся на сваіх прыхільнікаў, ён сабраў войска. I хаця яно пад Берасцем вымушана было капітуляваць перад войскам Юрыя Сапегі, аднак гэта не спыніла дзеянняў С. Агінскага. Ён сабраў досыць значнае войска ў 20 тысяч чалавек, пачаў нападаць на маёнткі Сапегаў і рабаваць іх. Тое ж самае ён тварыў і ўварваўшыся ў Жамойць. Не атрымаўшы дапамогі ад караля Аўгуста II, які к гэтаму часу быў абраны на пасад Рэчы Паспалітай, Сапега ў сваю чаргу сабірае таксама 20-тысячнае войска і пачынае нападаць на маёнткі Агінскага і яго саўдзельнікаў. Як бачым, узнікла жорсткая ўнутраная вайна, якая прынесла шмат шкоды мірнаму насельніцтву, як і знешняе ўварванне. Ужо тое, што магнаты маглі сабіраць такія шматлікія войскі, гаворыць аб іх вялікіх магчымасцях уздзейнічаць на дзяржаўную палітыку ў сваіх інтарэсах.

Бачачы такое, уплывовыя асобы звярнуліся да караля з просьбай спыніць гэту недарэчную вайну. Аднак пасланае ім войска, якое складалася з саксонцаў, на сваім шляху тварыла не меншыя рабаўніцтвы і гвалты, і таму зноў такі па патрабаванні шэрагу відных асоб было адазвана, тым больш што барацьба паміж Сапегамі і Агінскімі пачала сціхаць. Аднак дзякуючы аднаму недарэчнаму выпадку, калі слугі Сапегі, не ведаючы, з кім маюць справу, паранілі князёў Вішнявецкіх, барацьба па патрабаванні апошніх зноў узнавілася з яшчэ большай сілай. Аб яе выключнай жорсткасці можа сведчыць тое, што сын Сапегі Юрый, папаўшы ў палон да Агінскіх і Вішнявецкіх, быў пасечаны на кавалкі. Гэта барацьба мела свой далейшы працяг і заканчэнне ўжо ў пачатку новага стагоддзя, у час Паўночнай вайны, якая і адкрыла нашу гісторыю ў XVIII стагоддзі.