КАЗАЦКІ АТРАД С. НАЛІВАЙКІ НА БЕЛАРУСІ

КАЗАЦКІ АТРАД С. НАЛІВАЙКІ НА БЕЛАРУСІ

Адной з характэрных падзей для Беларусі ў XVII ст. было масавае пранікненне на яе тэрыторыю атрадаў украінскіх казакоў. Аднак пачатак гэтаму быў закладзены яшчэ ў канцы XVI ст. атрадам Севярына Налівайкі. Калі ў дарэвалюцыйнай афіцыйнай гістарыяграфіі гэта паказвалася як барацьба ў абарону праваслаўя, то ў савецкай гістарыяграфіі гэта характарызавалася як выяўленне класавай барацьбы працоўнага народа Украіны і Беларусі супроць феадальнага і нацыяна-льнарэлігійнага прагнёту. Адмаўляць як першае, так і другое цалкам нельга. Сапраўды, пры ўсё большым запрыгоньванні сялянства не магло не адчуваць свайго ўсё большага прыгнечання і не абурацца супроць яго. Гэтак жа сама і палітыка акаталічвання і паланізацыі ўкраінскага і беларускага насельніцтва, якое было пераважна праваслаўным, таксама выклікала супраціўленне. Усё гэта мела месца і ўсё гэта магло клікаць народ на барацьбу.

Аднак, перш за ўсё асвятляючы гэта, савецкая гістарыяграфія не заўважала іншых вельмі істотных момантаў, якія адсоўвалі далёка назад фактар класавай барацьбы, а часам нават і закрэслівалі яго. Найперш не ўлічвалася тое, што ў выніку Люблінскай уніі адбылося канчатковае размежаванне паміж украінскімі і беларускімі землямі. Калі першыя выйшлі са складу BKЛ і далучыліся да «Каруны», г. зн. непасрэдна падпалі пад уладу Польшчы, то другія засталіся ў BKЛ, складаючы ў ім галоўную і вызначальную частку. I гэтае палітычнае размежаванне супала з этнічным размежаваннем. Сапраўды, калі насельніцтва Валыні і Кіеўшчыны ўваходзіла ў склад украінскага этнасу, то насельніцтва былога Турава-Пінскага княства было ўжо часткай беларускага этнасу. Супадзенне палітычнай мяжы з этнічнай і зрабіла яе выключна трывалай, і таму яна захавалася без змен на сённяшні дзень.

I хоць украінскія і беларускія землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, але яны знаходзіліся ў розных частках яе. Таму для BKЛ казацкія украінскія войскі, якія з’яўляліся на яго тэрыторыі, успрымаліся як варожыя, замежныя, што вымушала яго весці барацьбу з імі. Гэта разам з іншым, як убачым, і выявілася ўжо ў 1595 г., калі казацкае войска на чале з Севярынам Налівайкам уварвалася на поўдзень і ўсход Беларусі.

Украінскае казацтва сфарміравалася ў барацьбе з крымскімі татарамі і туркамі пад сцягам абароны праваслаўя. Цэнтрам казакоў з’яўлялася Запарожская Сеч, дзе былі сканцэнтраваны яго галоўныя баявыя сілы і куды ўцякалі тыя, хто не хацеў цярпець няволі і прыгнёту. Сярод іх была значная колькасць і выхадцаў з Беларусі. Польскі ўрад, бачачы ў казацтве важную вайсковую сілу, рашыў падначаліць яго сабе. Дзеля гэтага было прапанавана запісаць у рэестр шэсць тысяч казакоў, якім выдавалася плата, што выдзяляла іх як прывілеяваных з агульнай казацкай масы, уносячы тым самым раскол у яе.

Адзін час такім рэестравым казаком і быў С. Налівайка. Выйшаўшы з ліку рэестравых, ён некаторы час служыў у вядомага нам ужо К. К. Астрожскага — аднаго з самых выдатных абаронцаў праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, што, вядома, паўплывала і на Налівайку. Аднак на рашучую барацьбу супроць польска-каталіцкага ўціску яго штурхнула асабістая крыўда, калі ад яго бацькі была адабрана частка зямлі і ён сам быў збіты да смерці. Пасля паходу з атрадам казакоў у Малдавію і Трансільванію, Налівайка вярнуўся на радзіму, у Правабярэжную Украіну, дзе, абапёршыся на незадаволеныя масы гараджан, захапіў горад Луцк. Далейшыя дзеянні Налівайкі былі накіраваны на пагром магнацкіх маёнткаў. Убачыўшы ў гэтым для сябе вялікую пагрозу, урад Рэчы Паспалітай паслаў супроць Налівайкі сямітысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Лабадой. Такім чынам, спроба польскіх вярхоў на раскол казацкай масы дала свае першыя вынікі. Убачыўшы немагчымасць супрацьстаяць такой сіле і ратуючыся ад яе, Налівайка прымае рашэнне адступіць на тэрыторыю Беларусі, што і адбылося ў кастрычніку 1595 г. Як бачым, не імкненне прыйсці на дапамогу беларускаму народу, а суровая неабходнасць пазбегнуць разгрому прымусіла Налівайку на такі крок.

Фактар нечаканасці прынёс напачатку яму поспех і ў Беларусі. Ён захапіў Петрыкаў, а пасля, бачачы небяспеку наступу Лабады, і Слуцк, які ў той час быў адным з буйнейшых і багацейшых гарадоў Беларусі. Замак яго быў добра ўмацаваны. Як і на Украіне, так і на Беларусі далейшыя дзеянні казакоў выяўляліся ў пагроме маёнткаў феадалаў. Аднак гэта нельга тлумачыць толькі класавай нянавісцю да прыгнятальнікаў. Казакі вызначаліся не толькі адвагай і пагардай да жыцця ў час бою, але і бесклапотнасцю, разгулам і шумнай весялосцю ў час адпачынку. А для задавальнення ўсяго гэтага найбольш падыходзячымі былі багатыя феадальныя маёнткі. Бясспрэчна, што было нямала ахвочых і з ліку мясцовых людзей, якія не хацелі прамінуць магчымасці пажывіцца ў зручны для гэтага момант. Трэба ўлічваць і тое, што ў асяроддзі казакоў было нямала і выхадцаў з Беларусі, якія цяпер, апынуўшыся на радзіме, імкнуліся помсціць за нанесеныя ім тут крыўды.

Але як і на Украіне, так і на Беларусі атрад Налівайкі не ўступаў у бой з накіраванай супроць яго вайсковай сілай. Урад BKЛ, як адзначалася вышэй, не мог інакш успрымаць знаходжанне на тэрыторыі яго дзяржавы ўкраінскіх казакоў, як уварванне замежнага войска, якое чыніла тут рабаўніцтва. I таму супроць яго было выслана войска, што канцэнтравалася ў раёне Клецка. I калі казакі Налівакі ўбачылі такую пагрозу, гэтак жа як і пагрозу з боку ўкраінскіх рэестравых казакоў, што рухаліся на Беларусь, рашылі, не прымаючы бою, 27 лістапада 1595 г. пакінуць Слуцк, захапіўшы вялікую колькасць узбраення і ўзяўшы з жыхароў горада багаты выкуп. Заслугоўвае ўвагі тое, што войска Налівайкі пасля гэтага рашыла ісці ў Расію «на государава імя». Налівайка добра ведаў, што там яго прыязна прымуць, як свайго саюзніка ў барацьбе з агульным ворагам — Рэччу Паспалітай. Адступаючы на Бабруйск і не дайшоўшы да яго, атрад Налівайкі, у якім было дзве тысячы казакоў і шмат узбраення, узятага ў Слуцку, 18 снежня 1595 г. захапіў Магілёў. Баркулабаўскі летапіс паказвае такія вынікі гэтай падзеі: «…домы, крамы, острог выжгли, домов всех яко 500, а крамов з великими скарбами 400. Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жён, детей малых побили, порубили, попоганили, скарбов теж незличеных побрали з крамов и домов». Грамілі яны і праваслаўныя храмы, хоць і лічылі сябе абаронцамі праваслаўнай веры. Наўрад ці можна ўсё гэта называць вызваленчай барацьбой народа, як гэта паказвалася ў савецкай гістарыяграфіі. Вядома, нянавісць народа да сваіх прыгнятальнікаў была, але яна выкарыстоўвалася казакамі Налівайкі ў іх інтарэсах.

Знявечыўшы і абрабаваўшы за два тыдні Магілёў, казакі пакінулі яго, бачачы пагрозу наступаўшага на іх войска. На Буйніцкім полі ім удалося пад прыкрыццём моцнага гарматнага агню адарвацца ад насядаўшага на іх войска палкоўніка Буйвіда і адступіць на поўдзень праз Быхаў, Рагачоў да Рэчыцы, адкуль пайшлі на Петрыкаў. Ім удалося захапіць значную частку поўдня Беларусі з Туравам, Давыд-Гарадком, Ляхвай, Пінскам, дзе «пачалі тварыць шкоду вялікую замкам і панам». I толькі вясной 1596 г. казакі Налівайкі пакінулі Беларусь і перайшлі на Валынь. Аднак там пад Лубнамі яны скора пацярпелі паражэнне. Налівайка і яго паплечнікі, выдадзеныя здраднікамі, былі адвезены ў Варшаву і там пасля жорсткіх катаванняў пакараны смерцю.

Як бачым, апроч шкоды тым месцам Беларусі, дзе дзейнічаў атрад Налівайкі, ён нічога не прынёс. Аднаўленне ўсяго разбуранага і абрабаванага ім лягло новым цяжарам на плечы працоўных мас. Такі характар і такія вынікі мелі і далейшыя казацкія ўварванні на Беларусь у XVII стагоддзі.