6. ПОЛЕ ГРУНВАЛЬДА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

6. ПОЛЕ ГРУНВАЛЬДА

А. Крыжакі

Сяброў з розных канцоў свету Берасцейшчына заўсёды сустракае хлебам-соллю, гасцінна адчыняе дзверы перад добрымі людзьмі. Але, на жаль, прыходзілі да нас не толькі сябры.

Пасяліліся ў Прыбалтыцы германскія рыцары. Былі яны ўмелыя воіны, грозныя ў баі. Былі ўзброены мячамі, дзідамі, лукамі са стрэламі. Рыцары насілі латы і доўгія белыя плашчы з нашытымі чорнымі крыжамі. За гэта іх называлі крыжакамі.

Рыцары-крыжакі сцвярджалі, што змагаюцца за хрысціянскую веру, але нярэдка ўзнімалі меч супраць безабаронных. Вынішчылі крыжакі племя прусаў, ставарылі сваю моцную дзяржаву ў Прусіі. Толькі імя і засталося ад вольнага прускага народа. Хутка пачаліся крыжацкія напады на Беларусь.

Пабачылі заваёўнікі, што няма міру паміж ўнукамі Гедзіміна – Ягайлам і Вітаўтам.

Ягайла – польскі кароль. Вітаўт – князь берасцейскі. Але абодва жадаюць гаспадарыць ва ўсёй Літве-Беларусі. Не саступаюць браты адзін адному, змагаюцца, прыносячы незлічоныя беды нашаму краю.

А крыжакі ўсё часцей нападалі на Камянец, Гародню, Берасце, Бельск, Драгічын. Гарэла наша зямля, запаленая варожымі паходнямі.

Трэба спыніць братазабойчую вайну!

Б. Сустрэча ў Берасці

Ішоў 1409 год. Завітаў Ягайла ў Берасце на спатканне з Вітаўтам. Іх воіны адклалі ў бок зброю, распалілі вогнішча. Пусцілі па колу вялікую чашу браціну з салодкім і гаркаватым мёдам. Нездарма чаша так завецца: усе, хто з яе вып’е, становяцца братамі і не могуць больш узняць адзін на аднаго руку!

Польскі рыцар Завіша прыгубіў мёд, шырокай далонню вусны абцёр. Усміхнуўся Завіша, перадаў браціну берасцейцу Ціту:

– Мір твайму дому, русін!

– Мір твайму дому, лях! – адказвае Ціт.

Паплыла браціна па колу. Кожны пра мір згадвае, але пра вайну трывожна думае.

Моцным хорам выгукнулі ваяры:

– Каралю Ягайлу – слава! Вітаўту-князю – слава! Хай яны замірацца, пабратаюцца. Хай ворагі дрыжаць, як лісце на асіне!

А за шырокім сталом у Берасцейскім замку сядзяць Вітаўт і Ягайла. Доўга гавораць. Ужо і месяц на неба ўзышоў. Няпростая бяседа.

– Неспакойна ў нашым краі, браце, – пачынае кароль. – Крыжакі толькі і чакаюць, калі мы загінем паасобку, каб захапіць Польшчу з Літвою.

– Згуба ўсіх чакае, калі паміж сабою не спынім барацьбу, – згаджаецца вялікі князь. – Досыць помніць благое!

Паглядзелі Вітаўт і Ягайла адзін аднаму ў вочы. Працягнулі браты рукі, крыж пацалавалі і паабяцалі ніколі больш не быць ворагамі. Дамовіліся разам пачаць вялікую вайну супраць крыжакоў.

В. У Белавежскай пушчы

Едзе ганец пад Столін, у Гарадную. Тут спрадвеку жывуць добрыя ганчары. А Іванаўшчына здавён славіцца цудоўнымі бондарамі. Да іх спяшаецца іншы ганец.

– Майстравыя людзі! Вялікі князь Вітаўт загадвае вам хутка зрабіць вялізныя гаршкі і бочкі. Не для вяселля гэта патрэбна, не для забавы – вайна з крыжакамі!

Узімку ў Белавежскую пушчу пачалі звозіць безліч вялікіх бочак і гаршкоў. Воі на чале з самім каралём Ягайлам восем дзён палявалі ў пушчанскіх дубравах. Здабылі многа дзічыны. Мяса засалілі ў вялікіх бочках, паклалі ў вялізныя гаршкі і сплавілі іх на плытах па рэках да таго месца, дзе павінны сустрэцца польскія і ліцьвінскія войскі.

Плячо да пляча становяцца жыхары ўсіх земляў, каб змагацца з ворагам.

Г. Пакрыжаваліся мячы...

Адвеку самай мірнай лічыцца праца хлебароба. Але як часта прыпынялі гэтую пачэсную працу войны! Калі вораг ідзе на Беларусь, адрываецца селянін ад сахі, бярэ ў рукі зброю – бароніць Бацькаўшчыну.

Сярэдзіна лета прыносіць вялікую спёку. Пыл курыцца да неба. Ляціць па дарозе, як вецер, вершнік. Спяшаецца, б’е каня свайго па баках. Хрыпіць конь, іржэ, пенаю пырскае. Падлятае ганец да Берасця, урываецца ў расчыненую браму.

Што ў ягоных руках? Вянок з лазы! Ведаюць гараджане, што гэты знак азначае: “Вайна! Зноў вайна ідзе!”

– З кім біцца? Хто да нас цяпер з мячом завітаў?

– Крыжакі! Крыжакі! – крычыць княскі пасланец і гоніць далей свайго каня.

Моцныя сілы трэба, каб спыніць крыжацкую навалу. На чале нашага войска – сам вялікі князь Вітаўт. Яму на дапамогу спяшаюцца ваяры з усёй Беларусі. Ёсць тут таксама берасцейскі і пінскі палкі. У іх змагаюцца нашыя землякі.

15 ліпеня 1410 года сустрэліся два вялікія войскі пад Грунвальдам (на поўначы Польшчы). Пачалася бітва крывавая ды ўпартая. Гул яе чуваць за некалькі кіламетраў. Воін ідзе на воіна. Звіняць мячы. Трышчаць і ламаюцца шчыты. Ідзе бітва не на жыццё, а на смерць...

Ужо палову дня б’юцца праціўнікі. Дрыжыць зямля. Хіліцца гарачае сонца долу. Вось не вытрымалі крыжакі ўдару. Бягуць! Кідаюць зброю. Зламаўся крыжацкі меч аб нашыя шчыты! Перамога!

Здабылі нашыя продкі на полі Грунвальда сабе славу і незалежнасць. Вяртаецца хлебароб дамоў, бо спелае збожжа чакае гаспадара. Ён для сваёй зямлі выратавальнік. Ён на ёй працаўнік, сейбіт, хлебароб.

Зразумелі крыжакі навуку, атрыманную пад Грунвальдам. Пяць стагоддзяў не ступала нага ўзброенага германскага воіна на беларускую зямлю.

Пытанні і заданні

1. Што дапамагала крыжакам заваёўваць беларускія гарады?

2. Як сустрэліся Вітаўт з Ягайлам?

3. У чым вялікаму князю дапамаглі столінцы і іванаўцы?

4. Што рабіў у пушчы Ягайла?

5. Раскажы, як нашыя продкі змагаліся з крыжакамі на Грунвальдскім полі?

6. Якую навуку атрымалі крыжакі пад Грунвальдам?